Пякучая таямніца
Шрифт:
Хлопчык быў яшчэ занадта збянтэжаны і не знайшоў, што адказаць. Бо дагэтуль жа яго ніхто ведаць не хацеў, - няўжо гэты шыкоўна адзеты пан папраўдзе хоча з ім пагаварыць! Гэтая думка вызвала ў ім адначасова і нясмеласць і гордасць. Нарэшце ён набраўся духу.
– Я чытаю, і мы шмат гуляем з мамаю. Часам ездзім катацца. Мне трэба тут паправіцца, я быў вельмі хворы. Доктар сказаў, што мне трэба шмат бываць на сонцы.
Апошнія словы ён сказаў ужо даволі ўпэўнена. Дзеці заўсёды ганарацца перанесенаю хваробаю: яны ведаюць, што страх за іх робіць бацькоў яшчэ больш уважлівымі.
– Так, сонца карысна такім юнакам, як ты; табе трэба загараць. Але навошта ты сядзіш тут цэлы дзень? У тваім узросце трэба больш бегаць, дурэць і нават сваволіць крыху. Мне здаецца, ты вельмі ўжо прыстойна паводзіш сябе, сядзіш поседам у пакоі з гэтаю тоўстаю кніжкаю пад пахай. Помню, які я быў гарэза ў твае гады. Кожны вечар прыходзіў дадому ў падраных штанах. Не трэба быць дужа ціхім!
Хлопчык міжволі ўсміхнуўся, і страх яго прапаў. Ён хацеў адказаць, але словы здаліся
– Ты любіш сабак?
– спытаўся барон.
– Вельмі! У маёй бабулі ў Бадэне на віле ёсць сабака. Калі мы жывём там, сабака цэлы дзень са мною. Але гэта толькі ўлетку, калі мы там гасцюем.
– У нас, у маёнтку, іх, напэўна, дзесяткі два. Калі тут у цябе ўсё будзе добра, я падару табе аднаго. Карычневага шчанюка з белымі вушамі. Хочаш?
Хлопчык пачырванеў ад радасці.
– Хачу.
Гэтыя словы вырваліся ў яго горача і прагна. Але ён адразу дадаў з баязлівым сумненнем:
– Але мама не дазволіць. Яна кажа, што не дазволіць трымаць сабаку ў доме, з ім занадта многа клопату.
Барон усміхнуўся. Нарэшце-такі размова пайшла пра маму.
– Няўжо твая мама такая строгая?
Хлопчык падумаў, паглядзеў на барона, быццам пытаўся, ці можна даверыцца гэтаму чужому чалавеку. Адказ прагучаў асцярожна:
– Не, мама не вельмі строгая. Цяпер, пасля хваробы, яна ўсё мне дазваляе. Можа, яна нават дазволіць узяць сабаку.
– Хочаш, я папрашу яе?
– Ага, калі ласка, папрасіце, - узрадаваўся хлопчык.
– Тады мама, напэўна, дазволіць. А які ў вас сабака? У яго белыя вушы, праўда? Умее ён насіць?
– Так, ён усё ўмее.
– Барон усміхнуўся, заўважыўшы, як ад ягоных слоў у хлопчыка разгарэліся вочы. Адразу знікла сарамлівасць, і гарачнасць, якую дагэтуль стрымліваў страх, вырвалася наверх. Баязлівае, запалоханае дзіця з маланкаваю хуткасцю ператварылася ў гарэзу. «Каб у яго мацеры за стрыманасцю хавалася такая ж гарачнасць!» - міжволі падумаў барон. Але хлопчык ужо засыпаў яго пытаннямі:
– Як завуць вашага сабаку?
– Каро.
– Каро!
– захапляўся хлопчык. Ён смяяўся і радаваўся кожнаму слову, ап'янёны тым, што нехта нечакана паставіўся да яго гэтак прыязна. Барон сам здзіўляўся хуткаму поспеху і вырашыў каваць жалеза, пакуль гарачае. Ён прапанаваў хлопчыку пайсці пагуляць, і беднае дзіця, згаладалае за доўгія тыдні па чалавеку, які хацеў яго выслухаць, было ў вялікім захапленні. Яно бесклапотна выбалботвала тое, на што яго наводзіў новы сябар пры дапамозе бяскрыўдных, як бы выпадковых пытанняў. Неўзабаве барон трапнымі пытаннямі ўжо даведаўся ўсё пра яго сям'ю: што Эдгар - адзіны сын венскага адваката, які належаў, відаць, да заможнай жыдоўскай буржуазіі, што мама не ў захапленні ад Зэмерынга і скардзіцца на адсутнасць прыемнай кампаніі. З ухілістага Эдгаравага адказу на пытанне, ці вельмі мама кахае тату, ён улавіў, што тут не ўсё добра. Яму было амаль сорамна за тую лёгкасць, з якою ён выпытаў у даверлівага хлопчыка ўсе гэтыя маленькія сямейныя таямніцы. Эдгар вельмі ганарыўся, што хтосьці ўважліва слухае яго, і ледзь не навязваў новаму сябру сваю шчырасць. Яго дзіцячае сэрца перапаўняла гордасць - барон гуляў з ім, абнімаў за плечы, і Эдгар ад думкі, што ўсе могуць бачыць яго ў сяброўскай гутарцы з дарослым, паступова забыўся аб розніцы ў гадах і балбатаў лёгка і вольна, як са сваім равеснікам. Эдгар быў, мяркуючы па гаворцы, вельмі разумны, не на ўзрост развіты, як амаль усе хваравітыя дзеці, якія праводзяць больш часу з дарослымі, чым з таварышамі ў школе, і вызначаўся незвычайна абвостраным пачуццём любові і нянавісці. Ні да чаго ён не ставіўся спакойна; пра кожнага чалавека, пра кожную рэч ён гаварыў або з захапленнем, або з такою агідаю, што твар яго крывіўся і рабіўся злым і непрыгожым. У гарачнасці, з якою ён гаварыў, было нешта дзікае, парывістае; можа, у гэтым выяўляліся вынікі нядаўна перанесенай хваробы; здавалася, яго нехлямяжасць не што іншае, як з цяжкасцю заглушаны страх перад сваёю гарачнасцю.
Барон без усякіх намаганняў здабыў яго давер. Усяго паўгадзіны спатрэбілася на тое, каб авалодаць палкім, неспакойным сэрцам. Як бясконца лёгка можна падманваць дзяцей, прастадушных істот, любві якіх рэдка хто дамагаецца. Яму варта было толькі перанесціся ў мінулае - і ён так натуральна і проста ўвайшоў у тон дзіцячай балбатні, што хлопчыку здавалася, быццам ён размаўляе з роўным, і ўжо праз некалькі хвілін ад яго нясмеласці не засталося і следу. Ён быў шчаслівым, што тут, на гэтым пустэльным месцы, нечакана знайшоў сябра - і якога сябра! Забыліся венскія аднагодкі з іх тоненькімі галасамі і наіўнай балбатнёй, выкрэслены з памяці пачынаючы з гэтай знамянальнай гадзіны! Уся яго ўзнёслая сімпатыя належала цяпер новаму, даросламу сябру. Сэрца поўнілася гордасцю, калі барон, развітваючыся, прапанаваў яму заўтра раніцаю зноў пагуляць разам і ўжо здалёк яшчэ раз кіўнуў яму, як брату. Гэта была, мусіць, самая лепшая хвіліна ў яго жыцці. Нічога няма лягчэй, як падманваць дзяцей.
Барон, усміхаючыся, глядзеў услед хлопчыку, які імчаўся да ўвахода. Пасрэднік быў знойдзены. Ён ведаў, што хлопчык замучыць цяпер маці расказамі, перадасць ёй кожнае слова, - і ён з задавальненнем
прыгадаў, як трапна ўставіў у размову некалькі кампліментаў у адрас маці, нязменна называючы яе «твая прыгожая мама». Можна не сумнявацца, што гаваркі хлопчык не супакоіцца, пакуль не пазнаёміць яго з маці. Яму самому болей не трэба будзе варушыць і пальцам, каб скараціць адлегласць паміж сабою і прыгожаю незнаёмкаю; ён можа спакойна цешыцца цудоўнымі краявідамі і марыць: ён ведае, што гарачыя дзіцячыя рукі пракладваюць яму мост да яе сэрца.Трыа
Баронаў план, як высветлілася праз некалькі гадзін, аказаўся выдатным і ўдаўся на ўсе сто працэнтаў. Калі малады барон - наўмысна з некаторым спазненнем - увайшоў у сталовую, Эдгар ускочыў з крэсла, старанна прывітаўся і са шчасліваю ўсмешкаю памахаў яму рукою. Потым ён пацягнуў маці за рукаў, пачаў хутка і ўсхвалявана штосьці шаптаць ёй і ківаць на барона. Яна чырванела і саромелася, дакарала яго за празмерна шумныя паводзіны, але была вымушана ўступіць настойліваму хлопчыкаваму жаданню і зірнуць у бок барона, які адразу выкарыстаў гэта, каб пачціва пакланіцца. Знаёмства адбылося. Ёй прыйшлося адказаць на яго паклон, але потым яна нагнулася над талеркаю і праз увесь абед больш ні разу не паглядзела на барона. Іначай паводзіў сябе Эдгар, які ўвесь час паглядваў на яго і раз нават паспрабаваў загаварыць з ім цераз стол, але гэта была ўжо яўная непрыстойнасць, і маці зараз жа зрабіла яму строгае ўнушэнне. Пасля вячэры яна загадала хлопчыку ісці спаць, але ён пачаў шаптацца з ёю, відаць, горача прасіў дазволу падысці да суседняга століка, каб развітацца са сваім сябрам, і нарэшце атрымаў яго. Барон сказаў яму некалькі ласкавых слоў, ад якіх хлопчыкавы вочы зноў заззялі, і хвіліны дзве балбатаў з ім. Раптам барон устаў і, павярнуўшыся зграбным рухам да суседняга стала, павіншаваў крыху збянтэжаную маці з такім разумным, развітым сынам, упамянуў аб задавальненні, якое прынесла яму ранішняя прагулка - Эдгар стаяў тут жа, увесь чырвоны ад гордасці і шчасця, - і ў заключэнне пачаў распытваць пра яго здароўе так клапатліва і падрабязна, што яна не магла не адказваць. Непрыкметна распачалася доўгая гутарка, да якой хлопчык прыслухоўваўся неяк пачціва, ззяючы ад шчасця. Барон адрэкамендаваўся, і яму здалося, што яго прозвішча і тытул пацешылі яе самалюбства. Ва ўсякім разе, яна была вельмі ласкавая з ім, хоць і стрыманая, і нават рана развіталася, ветліва спаслаўшыся на тое, што хлопчыку пара спаць.
Эдгар запратэставаў, ён горача запэўніваў, што зусім не стаміўся і гатовы прасядзець усю ноч, але маці ўжо працягнула барону руку; той пачціва пацалаваў яе.
Хлопчык дрэнна спаў у гэтую ноч. Дзесьці ў глыбіні душы радасць пераблыталася з дзіцячаю роспаччу. Нешта новае ўвайшло сёння ў яго жыццё. Упершыню ён далучыўся да жыцця дарослых. У паўсне ён забываў свой узрост, і яму здавалася, што ён і сам ужо не хлопчык. Дагэтуль ён рос адзінокім, хваравітым дзіцём, сяброў у яго было мала. Каб задаволіць патрэбу ў ласцы, ён мог звяртацца толькі да бацькоў, якія мала ім цікавіліся, ды яшчэ да слуг. Сілу пачуцця нельга вымераць толькі яго непасрэднаю прычынаю і не браць пад увагу тую змрочную паласу тугі і адзіноты, якая папярэднічае ўсім вялікім падзеям у жыцці сэрца. Хлопчыка даўно мучыў вялізны цяжар нерастрачаных пачуццяў, і цяпер ён стрымгалоў кінуўся ў абдымкі першаму, хто здаўся яму вартым гэтага пачуцця. Эдгар ляжаў у цемры, усхваляваны, шчаслівы, яму хацелася смяяцца, але з вачэй цяклі слёзы, бо ён любіў гэтага чалавека, як ніколі не любіў ні сябра, ні таты, ні мамы, ні нават бога. Усім сваім дзіцячым, недасведчаным сэрцам ён імкнуўся да таго, чыё імя ўпершыню пачуў дзве гадзіны таму назад.
Але хлопчык ён быў разумны, і яго не збянтэжыла нечаканасць гэтага дзіўнага новага сяброўства. Мучыла яго другое: усведамленне ўласнай нікчэмнасці. «Ці варты я яго, я, дванаццацігадовы хлопчык, якому яшчэ доўга хадзіць у школу, якога раней усіх адсылаюць спаць?
– пакутліва дапытваўся ён у самога сябе.
– Кім я магу быць яму, што я магу яму даць?» Менавіта гэтае пакутліва ўспрынятае ім пачуццё непаўнацэннасці, бяссілле паказаць сваю любоў даводзіла яго да роспачы. Звычайна, калі яму падабаўся хто-небудзь з таварышаў, ён перш за ўсё дзяліўся з ім скарбамі, схаванымі ў парце: паштовымі маркамі або каменьчыкамі, але ўсе гэтыя дзіцячыя каштоўнасці, якія яшчэ ўчора здаваліся яму прывабна-неацэннымі, цяпер адразу пабляклі, пацьмянелі і страцілі сваю цікавасць у яго вачах. Ці мог ён прапанаваць іх новаму сябру, да якога нават не асмельваўся звяртацца на «ты»? Ці ёсць шлях, ці ёсць магчымасць выказаць яму свае пачуцці? Усё мацней пакутаваў ён ад усведамлення ўласнае нясталасці, усведамлення таго, што ён яшчэ толькі паўчалавека, толькі дванаццацігадовае дзіця; ніколі не праклінаў ён гэтак бурна свой дзіцячы ўзрост, ніколі не адчуваў такой прагі прачнуцца другім, такім, якім бачыў сябе ў марах: вялікім і моцным, мужчынам, такім, як і ўсе дарослыя.
У гэтыя трывожныя думкі ўпляталіся хуценька першыя светлыя мары аб новым свеце дарослага мужчыны. Эдгар нарэшце заснуў з усмешкаю на вуснах, але ўспамін аб заўтрашнім спатканні рабіў яго сон неспакойным. Ён баяўся спазніцца і ўскочыў з ложка ўжо ў сем гадзін, хуценька адзеўся, зайшоў павітацца з мамаю ў яе пакой, чаму яна вельмі здзівілася, бо звычайна ёй з цяжкасцю ўдавалася падняць яго з ложка, і, не даўшы ёй магчымасці папытацца яшчэ пра што-небудзь, пабег уніз. Да дзевяці гадзін ён сноўдаўся там, поўны нецярпення, забыўся пра снеданне; яго займала адна думка - каб толькі ён не прымусіў чакаць свайго сябра.