Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)
Шрифт:

Яна легла нiцма на зямлю перад грудком, вырвала кавалак дзiрвану, адгрэбла зямлю i сунула руку ў норку. Рука без перашкоды пранiкла ўнiз, але ўсё ж не да самай сценкi склепа. Туды рука не даставала.

Тады, жыва развязаўшы клунак, яна выцягнула адтуль шапачку, начапiла яе на палку i

паспрабавала павольна прапiхнуць яе ў норку. Хутка шапка знiкла з вачэй. Усё гэтак жа павольна i асцярожна прасоўвала яна палку далей i далей унiз. I раптам, калi палка амаль уся зайшла ў зямлю, яна адчула, як яе рэзкiм рыўком выхапiлi ў яе з рук. Праслiзнуўшы ў норку, палка знiкла.

Не выключана, што яе пацягнула ўнiз уласная вага, але дзяўчына была ўпэўнена ў тым, што палку ў яе вырвалi.

I тут яна нарэшце спалохалася. Схапiўшы рэчы, што былi ў клунку, яна засунула iх у норку, як магла прывяла ў парадак зямлю i дзiрван i кiнулася наўцёкi з усiх ног. Усю дарогу да самага Хедэбю яна нi разу не перавяла дух, а ўсё бегла i бегла.

Калi аканомка паявiлася ў маёнтку, барон з баранэсай ужо стаялi на парадным ганку. Яны паспяшалiся насустрач.

– Дзе вы былi, паненка?
– запыталiся яны ў яе.
– Мы тут стаiм i чакаем вас.

– Барон Адрыян памёр?
– запыталася ў адказ дзяўчына Спак.

– Не, не памёр, - адказаў барон, - але скажыце нам спачатку, дзе вы былi, паненка Спак?

Аканомка так запыхалася, што ледзь магла гаварыць; але ўсё ж расказала аб даручэннi, якое ёй дала Марыт, i аб тым, што па крайняй меры адну з рэчаў ёй удалося прасунуць у склеп праз норку.

– Усё гэта вельмi дзiўна, вельмi - прамовiў барон, - бо Адрыяну на самай справе лепш. Зусiм нядаўна ён ачнуўся i першыя

яго словы былi: "Цяпер Генерал атрымаў свой пярсцёнак".

– Сэрца зноў б'ецца як заўсёды, - дадала баранэса, - i ён абавязкова хоча пагаварыць з вамi, паненка. Ён кажа, што гэта вы выратавалi яму жыццё.

Яны правялi дзяўчыну Спак да Адрыяна i пакiнулi iх адных. Малады барон сядзеў на ложку i, убачыўшы яе, працягнуў да яе рукi.

– Я ведаю, я ўжо ведаю!
– усклiкнуў ён.
– Генерал атрымаў свой пярсцёнак, i гэта цалкам ваша заслуга, паненка.

Дзяўчына Спак смяялася i плакала ў ягоных абдымках, а ён пацалаваў яе ў лоб.

– Я абавязаны вам жыццём, - сказаў ён.
– Калi б не вы, паненка Спак, я быў бы ўжо ў гэты час трупам. Я ў вас у неаплатным даўгу.

Захапленне, з якiм малады чалавек сустрэў яе, пэўна, i прымусiла няшчасную дзяўчыну Спак надта доўга затрымацца ў ягоных абдымках. I Адрыян паспяшаўся дадаць:

– Не толькi я абавязаны вам, але i яшчэ адзiн чалавек.

Ён паказаў ёй медальён, якi насiў на шыi, i дзяўчына Спак невыразна ўбачыла на iм мiнiяцюрны партрэт маладой дзяўчыны.

– Вы, паненка, даведваецеся аб гэтым першая пасля бацькоў, - сказаў ён.
– Калi праз некалькi тыдняў яна прыедзе ў Хедэбю, то аддзячыць вам яшчэ лепш, чым я.

I ў аддзяку за давер дзяўчына Спак зрабiла маладому барону рэверанс. Праўда, ёй хацелася сказаць яму, што яна зусiм не мае намеру заставацца ў Хедэбю, каб сустрэць яго нявесту. Але своечасова абдумалася. Беднай дзяўчыне не прыходзiлася быць асаблiва пераборлiвай i пагарджаць такiм добрым месцам.

Поделиться с друзьями: