Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Раманiст (на белорусском языке)
Шрифт:

Я расказваю гiсторыi, расказваю iх самому сабе. Разумееце? Калi заўтра мяне пацягне ў Азiю, я напiшу "Таямнiцу ламаў" цi "Шы Мацзiн, ахвярнiк", а потым перабяруся ў Цiхi акiян, пабываю ўсюды, куды дазволiць мне забрацца Лярус, дайду ажно да вашай краiны, дзе перажыву ў сваiх уяўленнях змрочную гiсторыю "Вока Юты", а трохi пазней яшчэ адну - у стылi Ракамболя* "Чыкагскiя гангстэры"; там будуць i высачэзнейшыя гмахi, i аўтаматныя перастрэлкi.

* Ракамболь - галоўны персанаж многiх твораў французскага пiсьменнiка П.А.Пансон дзю Тэрайля (1829-1871). Былы гарсон парыжскай кавярнi, Ракамболь цаною неверагодных прыгод пракладвае

сабе шлях у вышэйшы свет.

Я вучуся расказваць i расказваю, мажлiва, няўмела - абмежаванай групе чытачоў, якая не жадае, каб парушалi яе звычкi. Кожны тыдзень новы раман, i кожны раз ён адрасаваны новаму чытачу: сёння пятнаццацiгадовым хлапчукам цi сентыментальным жанчынам, заўтра аматарам вострых адчуванняў цi экзотыкi. Так, не сыходзячы з месца, я аб'ехаў увесь свет. I клянуся вам, свет гэты быў цудоўны. Ён жа быў несапраўдны - складзены з кубiкаў, прызначаных чытачам, якiя не жадаюць расчароўвацца.

Час ад часу дзе-небудзь усярэдзiне раздзела, у дыялогу цi апiсаннi, я спрабаваў практыкавацца, для самога сябе, у больш тонкiм пiсьме, гэтаксама як iграюць гамы, i нiхто анiводнага разу не выявiў гэтых фальшывых нот у маiх народных раманах. Я вучыўся сумленна, цярплiва i адначасна пачынаў жыць.

Праз год у мяне ўжо быў аўтамабiль з шафёрам. Яшчэ праз год - яхта, i цяпер ужо прадукцыю сваёй серыйнай вытворчасцi я пасылаў лiтаратурным падрадчыкам з галандскiх, дацкiх, нарвежскiх цi гiшпанскiх портаў.

I тут мне хочацца зрабiць вам адно прызнанне. Не пакiдаючы Вагезскай плошчы, я з дапамогаю энцыклапедый i атласа аб'ездзiў увесь свет. Але аднойчы - я гэта i цяпер памятаю - я прыехаў у Марсель, каб сесцi там на карабель i адправiцца ў Афрыку. Я накiроўваўся ў той самы раён Вялiкiх вадаспадаў, якi з такiм iмпэтам апiсваў. Але калi едзеш у Афрыку, патрэбны трапiчны шлем. I вось я зайшоў у краму капялюшнiка на вулiцы Сэн-Фэрэоль. Гаспадар пачаў прымяраць мне шлемы.

Цi заўважалi вы, што найбольш недарэчна пачувае сябе мужчына (у адрозненне ад жанчыны!), калi перад цьмяным экранам люстра прымервае новы капялюш? Я стаяў у гарадскiм гарнiтуры са шлемам на галаве, а прадавец запэўнiваў мяне:

– Усё роўна якраз як для вас. Менавiта тое, што вам трэба ў Цэнтральнай Афрыцы.

Дык вось, таго дня я зразумеў, што з прыдуманымi народнымi раманамi скончана. Гледзячы на сваё вартае жалю адлюстраванне, я адчуў, што збочыў за новы мыс, можа, сама небяспечны з усiх, што назаўжды развiтаўся з мараю дзеля рэальнасцi, з юнацкай наiўнасцю дзеля трывог i страхаў дарослага мужчыны. Гэты першы мой трапiчны шлем стаў па сутнасцi маiм пашпартам, пропускам у сапраўднае жыццё. I калi б люстэркi мелi памяць, калi б iх кожны тыдзень не мылi, гэтае магло б вярнуць мне аблiчча маладога чалавека, якi да таго гуляў са светам, а цяпер нарэшце ўступаў у яго.

Выгляд у мяне быў досыць напалоханы. Я спрабаваў усмiхнуцца, i ўсмешка мая павiнна была перадаваць упэўненасць, але вусны крывiлiся ад боязi заплакаць, ад чалавечага страху перад рэальнасцю. Згадайце, што так проста i з такiм прадбачаннем казала мне Калет:

– Галоўнае, нiякай лiтаратуры!

Ну што ж! Цесныя кантакты з людзьмi, падарожжы, нават сама мая прафесiя расказчыка гiсторый, якую я пачаў асвойваць, напаўнялi мяне палкiм жаданнем памерацца нарэшце не з надуманымi драмамi, а з рэальнасцю; тады я яшчэ не смеў казаць - з Жыццём.

Змiранасць прыйшла з узростам. Мне было амаль трыццаць, i Жыццё ўяўлялася мне гэтакай свецкай паненкаю, да якой я не смеў падступiцца з налёту. Вось чаму я прыйшоў аднойчы да Феяра, выдаўца большасцi маiх народных раманаў, i сказаў:

Я вырашыў узняць планку.

– Як вас зразумець?

– Хачу пасля народных раманаў паспрабаваць раман паўлiтаратурны.

Гэты тэрмiн развесялiў яго, але ў той самы час i збянтэжыў:

– Што вы маеце на ўвазе пад "паўлiтаратураю"?

Блытаючыся, я паспрабаваў растлумачыць:

– Iснуе дзесяць, а то i дваццаць вiдаў лiтаратуры. Яны ўсё роўна як розныя аддзелы ўнiвермага. Iнакш кажучы, iснуюць толькi з маўклiвай дамовы памiж прадаўцом i пакупнiком. У кожнай з гэтых катэгорый свае правiлы, i парушаць iх забаронена з прычын камерцыйнай прыстойнасцi. Над усiм гэтым узвышаецца "чысты" раман, твор мастацтва, якi арыентуецца толькi на сябе самога i не падпарадкоўваецца анiякiм выдавецкiм правiлам. Пакуль я яшчэ не адчуваю сябе досыць сталым, каб падступiцца да яго. Раман, сапраўдны раман нельга напiсаць да сарака гадоў: ён вымагае сталасцi, а раней за сорак яе не дасягнуць. Аднак я лiчу сябе здатным адысцi ад некаторых шаблонаў i ствараць герояў, амаль падобных да жывых людзей, пры ўмове, што буду карыстацца апораю, каркасам, буду абапiрацца на павадыра, а такiм з'яўляецца дэтэктыў. I ад гэтай пары мне хацелася б пiсаць вам па дэтэктыве ў месяц.

– Чаму па адным у месяц?

– Бо паводле маiх разлiкаў гэтага вымагае мой бюджэт.

– А хто мне гарантуе, што вы зможаце вытрымаць такi тэмп?

– Вось вам шэсць раманаў, напiсаных за тры месяцы.

Феяр прачытаў iх i праз тыдзень сказаў:

– Я iх выдаю.
– Аднак адразу ж дадаў: - Толькi мы iдзём да катастрофы.

– Чаму?

– Таму што, па-першае, вашы дэтэктывы - нiякiя не дэтэктывы. Яны не навуковыя. Вы не выконваеце правiлаў гульнi.

– Далей?

– Па-другое, у iх няма кахання, хоць бы ў той меры, у якой яно дапускаецца ў дэтэктывах.

– Што яшчэ?

– Па-трэцяе, у iх няма персанажаў вiдавочна сiмпатычных i вiдавочна антыпатычных. Вашыя раманы канчаюцца нi добра, нi дрэнна. Гэта катастрафiчна.

Усё гэта праўда. У свеце не знойдзеш дэтэктываў, зробленых горш за мае. I ўсё-такi Феяр iх выдаў, дагэтуль не разумею чаму. Напэўна, усё з тае ж прычыны: кiруючыся спачуваннем, якое ўратавала мяне ад выгнання з калежа, а пазней ад звальнення з газеты, дзе я працаваў рэпарцёрам. Разумееце, гэтыя раманы былi даволi нiзкай якасцi. Яны ўяўлялi сабою этап. У багатых на ўмоўнасцi рамках я спрабаваў прымусiць людзей жыць.

Вынiк быў вельмi сцiплы. I я прызнаюся вам у гэтым без падманнай сцiпласцi. Я тады ўсё яшчэ быў на ўзроўнi гам. Iграў, як пiянiст, гамы. I ўсё ж то тут то там мог паспрабаваць перастварыць атмасферу, характар.

Я напiсаў Феяру за вызначаны дамовамi тэрмiн цi то васемнаццаць, цi то дваццаць дэтэктываў. Яны былi перакладзеныя амаль на ўсе мовы, у тым лiку iдзiш, эсперанта i японскую. I, аднак, роўна праз паўтара гады пасля падпiсання нашай дамовы я прыйшоў да Феяра, якi так нiколi i не змог зразумець майго рашэння, i аб'явiў:

– З дэтэктывамi канчаю. Хопiць з мяне Мэгрэ.

Думаю, ён палiчыў мяне вар'ятам i ўжо ва ўсякiм разе параноiкам. Добры камерсант, ён нiяк не мог уцямiць, як можна рэзаць курыцу, што нясе залатыя яйкi. Але пасля ўсяго, што я вам ужо распавёў, пасля ўсiх маiх шчырых прызнанняў, вы, спадзяюся, разумееце мяне. Я адчуваў, верыў, што цяпер я досыць моцны, каб адмовiцца ад усiх шаблонаў, каб адкiнуць мылiцы, на якiя абапiраўся.

Я наблiзiўся да чалавека - чалавека аголенага, чалавека, якi стаiць твар у твар са сваiм лёсам, а ён, мяркую, сама галоўны рухавiк рамана.

Поделиться с друзьями: