Рэвізор
Шрифт:
Гараднічы. Гэнь, куды маханулі! Яшчэ разумны чалавек! У паветавым горадзе здрада! Што ён, на ўзьмежку, ці што? Ды адсюль, хоць тры гады гані, да ніякае дзяржавы не даедзеш.
Амос Хведаравіч. Не, я самім скажу… самі ня гэта… самі ня… Начальства мае тонкія мэты: дарма, што далёка, а яно накручвае на вус.
Гараднічы. Накручвае ці не накручвае, а я вас, спадары, перасьцярог. Глядзеце! У сваёй галіне я сякія-такія распараджэньні зрабіў, раю й вам. Асабліва самім, Арцёме Піліпавічу! І ня думаць, праежджы чыноўнік захоча насамперш агледзець падначаленыя самім богугодныя ўстановы — і таму зрабеце так, каб усё было гожа: каптуры каб былі чыстыя, і хворыя не выглядалі-б на кавалёў,
Арцём Піліпавіч. Ну, гэта йшчэ дарма. Каптуры, бадай, можна надзець і чыстыя.
Гараднічы. Але. І таксама над кажным ложкам надпісаць палаціне ці іншай якой моваю… гэта ўжо саміх частка, Хрысьціяне Іванавічу, — кажную хваробу, калі хто захварэўшы, каторага дня й даты… Нядобра, што ў вас хворыя такі сіберны тытун кураць, што заўсёды разачхаешся чалавек, увайшоўшы. Дый лепш, каб іх было меней: адразу запішуць на благі догляд ці на лекарава няўмельства.
Арцём Піліпавіч. О! Што да лекарства, мы з Хрысьціянам Іванавічам ужылі свае захады: чым бліжэй да натуры, тым лепш, — лекаў дарагіх мы ня ўжываем. Чалавек просты: калі памрэ, дык і так памрэ; калі ачуняе, дык і так ачуняе. Дый Хрысьціяну Іванавічу цяжкавата было-б зь імі паразумецца — ён па-нашаму ані слоўца ня ўмее.
Гараднічы. Самім гэтак-жа раіў-бы, Амосе Хведаравічу, узяць увагу на прысудзкія ўстановы. У саміх тамака ў сходні, куды зазвычай прыходзяць із просьбамі, старажы загадавалі свойскіх гусей з маленькімі гусянятамі, што так і шныпараць пад нагамі. Яно пэўна-ж, сваёй гаспадаркай абжывацца кажнаму ўхвальна, дык чаму-ж і сторажу не абжыцца, толькі, ведаеце, у такім месцы нягожа… Я й перш хацеў самім гэта зазначыць, ды ўсё нек забываўся…
Амос Хведаравіч. А вось я іх сяньня-ж загадаю ўсіх забраць да кухні. Хочаце, прыходзьце на абед.
Гараднічы. Апрача таго, блага, што ў саміх высушваецца ў саменькім прысудзтве ўсялякая дрэнь, і над самюсенькай шафай з паперамі — паляўнічы гарапнік. Я ведаю, самі любіце паляваньне, але ўсё-ж на час лепш прыхаваць яго, а там, як праедзе рэвізор, бадай, ізноў можаце сабе павесіць. Таксама і лаўнік у саміх… ён, пэўна-ж, чалавек дазнаны, але ад яго такі пах, быццам-бы ён кагадзе выйшаўшы з бровару, — гэта таксама нядобра. Я хацеў даўно пра гэта сказаць самім, ды быў, ня памятаю чым, забаўлены. Ёсьць проці гэтага спосабы, калі ўжо гэта, запраўды, як ён кажа, у яго прыродны пах: можна параіць яму есьці цыбулю, ці часнык, ці што іншае. У гэтым разе можа дапамагчы рознымі мэдыкамэнтамі Хрысьціян Іванавіч.
Амос Хведаравіч. Не, гэтага ўжо немагчыма выжыць: ён кажа, што яго маленькім мамка адбіла, і згэнуль ад яго тхне крыху гарэлкаю.
Гараднічы. Ды я так толькі зазначыў самім… Што-ж да нутранога распараджэньня й таго, што называе ў лісьце Андрэй Іванавіч грашкамі, я нічога не магу сказаць. Ды й дзіва казаць: няма чалавека, які ня меў бы за сабою якіх грахоў. Гэта ўжо так самым Богам уладжана, і валтар’янцы дарэмна супраць гэтага кажуць.
Амос Хведаравіч. Што-ж самі маеце, Антоне Антонавічу, грашкамі? Грашкі на грашкі ня выходзяць. Я кажу ўсім прылюдна, што бяру хабары, але чым хабары? Хартовымі шчанюкамі. Гэта зусім што іншае.
Гараднічы. Ну, шчанюкамі ці чым іншым, усёдна хабары.
Амос Хведаравіч. Ну не, Антоне Антонавічу. А вось, прыкладам, калі ў каго хутра каштуе пяцьсот рублёў, ды жонцы шаль…
Гараднічы. Ну, а што з таго, што самі берацё хабары хартовымі шчанюкамі? Затое самі ў Бога не ўвяраеце, самі ў царкву аніколі ня ходзіце; а я,
прынамсі, у веры цьвярды й што нядзелькі бываю ў царкве. О, я знаю саміх, самі калі пачняцё распраўляць пра стварэньне сьвету, дык проста валасы дуба даюць.Амос Хведаравіч. Дык-жа сам сабою дайшоў, собскім розумам.
Гараднічы. Ну, іншым разам зашмат розуму горш, чымся-б яго ані ня было. Зрэшты, я так толькі ўспамянуў пра паветавы суд; а праўду кажучы, бадай ці хто калі-небудзь зазірне туды: гэта ўжо такая зайздросная мясьціна, сам Бог над ёй апякуецца. А вось самім, Лукашу Лукашовічу, як інспэктару навучальных установаў, трэба парупіцца, асабліва што да настаўнікаў. Яны людзі, пэўна-ж, вучоныя й гадаваліся па розных калегіях, але маюць вельмі дзіўныя абыходкі, натуральна, неразлучныя з вучонай годнасьцяй. Адзін зь іх, прыкладам, вунь гэты, што ў яго таўшчэнны твар… ня прыпамятаю ягонага прозьвішча, аніяк ня можа абыцца без таго, каб, узышоўшы на катэдру, ня скрывеліцца во гэтак (паказвае), і пасьля пачне рукою з-пад гальштуку прасаваць сваю бараду. Ведама, калі ён вучню зробіць такую крывелю, дык яно йшчэ дарма, можа, яно там і трэба гэтак, аб гэтым я не магу меркаваць; але памяркуйце самі, калі ён зробіць гэта гасьцю — гэта можа быць вельмі пагана: спадар рэвізор ці іншы хто можа ўзяць гэта на сябе. З гэтага ліха ведае што можа выкрывіцца.
Лукаш Лукашовіч. Што-ж мне, праўдачка, зь ім рабіць? Я ўжо колькі разоў яму казаў. Вось яшчэ надовечы, як зайшоўся быў у клясу наш маршалак, ён скроіў такую крывеліну, што я ніколі йшчэ не аглядаў. Дык-жа ён зрабіў ад добрага сэрца, а мне нагонка: навошта вальнадумныя ідэі натхняюцца моладзі.
Гараднічы. Тое-ж мушу зазначыць самім і пра настаўніка гістарычнай часткі. Ён вучоная галава — гэта знаць, і ведаў нахапаўся процьму, але толькі выкладае з гэткім запалам, што сябе ня памятае. Я аднойчы слухаў яго: ну, пакулечы распраўляў пра асырыйцаў і бабілёнцаў — яшчэ дарма, а як дабраўся да Аляксандры Македонскага, дык я не магу вам сказаць, што зь ім зрабілася. Я думаў, што пажар, далібог! Зьбег із катэдры, і, як дужы, трэсь крэслам аб памост! Яно, пэўна-ж, Аляксандра Македонскі гэрой, ды навошта-ж крэслы крышыць! Ад гэтага дзяржаве страта.
Лукаш Лукашовіч. Але-ж, ён гарачы! Я гэта яму ўжо колькі разоў зазначаў… Кажа: «Як хочаце, дзеля навукі я жыцьця не пашкадую».
Гараднічы. Але-ж, такі ўжо незьясьнёны закон лёсу: разумны чалавек — або п’яніца, альбо крывелю такую строіць, што хоць абразы вынось.
Лукаш Лукашовіч. Ня дай Божачка служыць у вучонай галіне, усяго-ўсенькага чалавека баішся! Кажны мяшаецца, кажнаму хочацца паказаць, што ён таксама разумны чалавек.
Гараднічы. Гэта-б яшчэ дарма — інконгіта проклятае! Раптам зазірне: «Га, вы тутака, галубочкі! А хто, — скажа, — тут за судзьдзю?» — «Ляпкін-Цяпкін!» — «А давайце сюды Ляпкіна-Цяпкіна! А хто за апякуна богугодных установаў?» — «Земляніка». — «А давайце сюды Земляніку!» — Вось што пагана.
Зьява ІІ
Паштмайстар. Растлумачце, спадары, што, які чыноўнік едзе?
Гараднічы. А самі хіба ня чулі?
Паштмайстар. Чуў ад Пётры Іванавіча Бобчынскага. Ён кагадзе быў у мяне ў паштовай канторы.
Гараднічы. Ну, што? Як самі думаеце на гэта?
Паштмайстар. А што думаю? Вайна з туркамі будзе.
Амос Хведаравіч. У вадно слоўца! Я сам тое самае думаў.
Гараднічы. Але-ж, абодва пальцам у неба поркнулі.
Паштмайстар. Праўда-ж, із туркамі. Гэта ўсё француз паскудзіць.