Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Салавей

Бядуля Змітрок

Шрифт:

— Баюся, паночкі, палохаюся!..

Меера паставілі ў сярэдзіне залі супроць гасцей. Ён смешна кланяўся ва ўсе бакі, махаў шапкай перад сабою, як шчытам.

Пан Вашамірскі загадаў яму спяваць «Маёфіс».

Госці смяяліся, перашэптваліся між сабою, забыліся ў гэтую хвіліну пра Салаўя.

— Гэта чыстакроўны семіт! Муй жыдэк! — хваліўся пан Вашамірскі перад гасцьмі. — Тут, шаноўныя панове, ён нам «Маёфіс» заспявае, а там, у Варшаве, нашы магнаты жыдам «Маёфіс» пяюць. Там жыдоўскія банкіры забіраюць у свае лапы нашага брата, і тыя жэняцца на банкірскіх дочках, каб такім чынам выратавацца ад

вялікіх даўгоў.

Пан Вашамірскі пры гэтых словах падняўся, зрабіў шырокі гэст правай рукою, пачціва пакланіўся і з іроніяй у голасе сказаў:

— Рэкамендую, панове вяльможныя, майго жыдка, як вашага крэўнага!

Госці кісла ўсміхнуліся і паморшчыліся.

За гэткі няўдалы жарт некаторыя з ганаровых гасцей пакрыўдзіліся на гаспадара; аднак стрымаліся, бо ведалі добра куслівы язык пана Вашамірскага; апрача таго, ён быў самым багатым панам у ваколіцы, і тое, што не выпадала іншым, дазвалялася яму.

Галоўным чынам чырванеў ад злосці адзін шляхціц, чарнявы, з доўгім носам. Але на яго ніхто ўвагі не зварочваў.

Меер як бы не чуў гэтай гутаркі. Бляск багатых пакояў і гасцей яго не здзівіў і не збіў з панталыку. Калі ён спачатку баяўся, дык гэта быў толькі «страх божы». Меер не баяўся нават найвялікшага пана, а баяўся «грэху».

Меер быў чалавек просты, ведаў толькі штодзённыя малітвы, ведаў, што над яго дзядамі і прадзедамі заўсёды здзекаваліся і здзекуюцца іншыя народы — «гоі», апрача Міхалкі і блізкіх яго суседзяў.

— На гэта ёсць «вышэйшая воля», — думаў ён. Меер спакарыўся «гэтай вышэйшай волі», і калі пан крыкнуў да яго строга «ну» і злосна тупнуў нагой, ён заспяваў «Маёфіс»…

Вочы «панскага жыдка» ў час спявання запалалі двума чорнымі агнямі. Ён утаропіў іх у гасцей. Хоць у гэты час нікога з іх не бачыў, але кожнаму здавалася, што «панскі жыдэк» пранікае яго наскрозь вачыма.

Прыкра было гасцям.

Голас у Меера быў надломаны, ад грубаватага на нізкіх тонах пераходзіў у дрыжачы піск на высокіх. Словы пераліваліся ў горле і часам булькалі, нібы ён захлёбваўся, душыўся…

«Панскі жыдэк» спяваў нейкую песню на мове Бібліі. У цішыні вялізнай залі словы песні здаваліся незразумелым праклёнам, які рваўся не то з-пад зямлі, не то з акон палацаў. У час спявання Меер рабіў шпаркія рухі рукамі, нібы пісаў у паветры таемныя знакі. Часам шчоўкаў пальцамі, круціў галавой, падымаў вочы ўгору, застываў на месцы.

Спачатку некаторыя пані ціха хіхікалі, паны ўсміхаліся; але з кожным разам яны спакайнелі і як бы падпалі пад уладу «панскага жыдка».

Яго песня была нібыта вясёлая, нейкая гопка з жыдоўскага вяселля. Толькі ў гэтай вясёласці адчувалася няшчырасць, гукавы грым вясёласці. У глыбіні ж мелодыі панаваў тысячалетні сум вандроўца-бяздомніка.

У маліцвенна-спакорлівым тоне чулася вялікая ўпартасць і пагроза.

Госці апусцілі галовы.

Пан Вашамірскі не гэтага эфекту чакаў ад інтэрмедыі-экспромта пад назваю «Муй жыдэк». Гэткі настрой гасцей не пасаваў да балю.

— Годзе! — крыкнуў пан Вашамірскі Мееру.

Меер ў экстазе малітвы-песні не чуў панскага крыку.

— Годзе!!! — крыкнуў пан яшчэ мацней.

Меер спыніўся. Ён азіраўся па баках, нібы прачнуўся толькі што з глыбокага сна.

— Га?! — здзівіўся Меер.

— Вон! — крыкнуў пан

Вашамірскі.

Да Меера падбеглі лёкаі.

Меер з горда паднятай галавой сунуўся да дзвярэй.

Панскія госці маўчалі, саромеліся глядзець адзін аднаму ў вочы, не разумеючы прычыны; ільдзяное паветра пранеслася ў пышнай панскай залі.

За заслонай стукалі малаткамі. Рабілася новая дэкарацыя. Гэта прыкра разіла вушы гасцей. Было такое ўражанне, нібы робіцца новая будыніна, а панскія палацы зараз будуць знішчаны.

Пан Вашамірскі больш за іншых страціў гумар. Ён адразу пачаў на ўсё вакольнае глядзець іншымі вачыма. Усё бачыў цяпер у новым асвятленні. Святло ад белых і жоўтых васковых свечак у кандэлябрах было дрыжучае і ажыўляла малюнкі і барэльефы на сценах. Пану здавалася, што сатыры са сцен смяюцца з яго, паглядаюць яму ў вочы; німфы на сцэнічнай заслоне ўцякаюць не ад фаўна, а ад яго ж; аркадскія пастушкі на яго са страхам пазіраюць.

Ён углядаўся ў твары гасцей. Апрача нявольнай угодлівасці да сябе, ён у іх нічога не заўважыў.

11. Дантаўскія матывы

На сцэне ішла «камедыя», у якой апавядаецца, як мужык дзеля п'янства душу сваю чорту аддаў, пана абкрадваў і Бога не баяўся.

Зноў шэпты доктара багасловіі і філасофіі пачуліся пры стале.

Ён хваліў гэту п'есу:

— «Камедтыя» Марцэвіча багатая па зместу, вфельмі багатая. Хаця мастацкі бок яе дтрохі кульгае, кульгае дтрохі.

На гэта адзін малады клерык заўважыў:

— Гэта, ойча вялебны, тое самае, што хваліць балерыну за вочкі, а ганіць за ножкі.

— Я не гханю твфор ксяндза Марцэвіча, не гханю! — апраўдваўся ксёндз Курачковіч.

— А ксяндза Марашэўскага ойча ведае? — запытаўся ў доктара багасловіі і філасофіі той самы клерык.

— Не, не вфедтаю! У чым справфа?

— А справа ў тым, — адказаў клерык, — што ксёндз Марцэвіч запазычыў сюжэт камедыі ў ксяндза Марашэўскага. Я сам быў на гэтым прадстаўленні ў Забельскай гімназіі.

— О Езсу! — спалохаўся ксёндз Курачковіч. — Ці ж праўда?!

— Праўда, праўда! — супакойлівым тонам адказаў клерык.

— Дык гхэта ж плягіядт, зсадцейства! — абурыўся ксёндз Курачковіч і выставіў здзіўленыя круглыя, як у шчупака, вочы.

— Не зладзейства, а запазычанасць, ойча вялебны, — лагодна гаварыў клерык. — Справа ў тым, што ў ксяндза Марашэўскага гэта камедыйка расцягнута на тры акты, а ксёндз Марцэвіч склеіў усё ў адзін акт. Апрача таго, гэта агульны сюжэт. Кожпы выкарыстоўвае яго на свой лад.

Ксёндз Курачковіч пачаў супакойвацца, увайшоў у раўнавагу і давай паказваць з сусветных літаратурных твораў такія самыя факты. Даводзіўшы шмат падобных прыкладаў, пачынаючы з Грэцыі, ён спыніўся на Шэкспіру, які для сваіх драматычных твораў браў гістарычныя аповесці ранейшых аўтараў.

Заўважыўшы, што пан Вашамірскі таксама прыслухоўваецца да гутаркі, доктар багасловіі і філасофіі перагнуў кій у другі бок і, каб угадзіць пану, пачаў даводзіць, што ксёндз Марцэвіч геній:

— Ён уносіць у нашу літаратуру дтантаўскія матывы. У Марцэвіча таксама ёсць пекла! Гэта наш Дтантэ! — кончыў ён горача, расчырванеўся, выцер хустачкай пот з лысіны і зірнуў у бок пана Вашамірскага «шчырымі» вачыма.

Поделиться с друзьями: