Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
Шрифт:

– Хай Чысьцякову скажа, - параiў Сурвiла.
– Чысьцякоў у курсе. Пад'едзе.

– I далажы дзяжурнаму, - удакладнiў памкамэнданта.
– Давай, дуй! Хутка!

Малады баец-шафёр зморана патрухаў па дарозе ў горад. Асуджаныя паволi выбралiся з гразi на сушэйшую ўзбочыну. Усе чакалi, што далей закамандуе iхны начальнiк. Той аднаруч расшпiлiў шынэлак, з другой рукi не выпускаючы пiсталета.

– Так! Думаеце цяпер пашабашыць? Чорта з два! Ану бярыцеся! Зноў штурхаць будзем.

Ня надта ахвотна ўсе зноў паўлязалi ў багну i зноў уперлiся рукамi ў запэцканы гразёй зад машыны - Сурвiла i Шастак - па вуглах, Аўтух i Фэлiкс побач. Валяр'янаву дасталося самае гiблае месца - пасярэдзiне. Машына грунтоўна

асталявалася на самай глыбiнi лужыны, i, здавалася, вось-вось паплыве па ёй. Ды не плыла, нават ня краталася зь месца. Косьцiкаў, размахваючы пiсталетам, зноў пачаў дырыжыраваць з узбочыны, а яны, месячы нагамi багну, пiхалi i пiхалi.

Аднак зноў усё было марна. Машына асела зусiм нiзка, i, падобна, нiякая сiла не магла яе вывалачы з дарожнае прорвы. Празь нейкi час уладны голас памкамэнданта заглух, i яны расслабiлi рукi.

– Так ня пойдзе!
– з горыччу загаманiў Шастак.
– Калi пiхаць, дык трэба ўсiм пiхаць. А то як у брыгадзе - адзiн укалвае, а другi адлыньвае.

– Хто гэта адлыньвае?
– насьцярожыўся Сурвiла.

– А то ня бачыце? Во буржуй гэты! Толькi за борт трымаецца.

Валяр'янаў нiякавата сьцепануў плячыма.

– Я не трымаюся...

– Ну як жа! Хiба ня бачыў! Яшчэ адпiраецца, - не сьцiхаў Шастак.
– Дзеля прылiку толькi...

– Хто яшчэ бачыў?
– насупiўся Косьцiкаў. Астатнiя, аднак, маўчалi, i памкамэнданта пачаў пэрсанальны допыт:

– Аднаасобнiк, бачыў?

– Не, не. Нiчога ня бачыў.

– А ты, паэт?

Фэлiкс Гром нiякавата пераступiў у лужыне, каламуцячы i без таго скаламучаную твань.

– Ну, можа, i ня дужа... Усё ж чалавек у гадах, - няпэўна адказаў ён.

– Ага, у гадах! Значыць, ня можа? А шкодзiць савецкай уладзе можа? Так, я сам прасачу за кожным. Сачка прыстралю без разгавораў. I кiну пад колы. Тады вылезем.

Фэлiкс Гром сам пiхаў, лiчы, адною рукой, другой ня мог высока ўзяцца балела ў грудзях. I цяпер ён спалохаўся, каб таго ня згледзеў пiльны Шастак цi нават сам памкамэнданта Косьцiкаў. Што яму перашкодзiць тут выканаць сваю пагрозу: прыстрэлiць i кiне ў гэтую багну. Ад аднае думкi пра тое Фэлiкс здрыгануўся i страхавiта зiрнуў на цьмяную постаць у шынялi на ўзбочыне.

Яны зноў пiхнулi. На гэты раз па камандзе i з усяе сiлы, у Фэлiкса Грома ад болю аж пацямнела ўваччу. Побач, адчуваў ён, нямала высiльваецца i белагвардзеец-буржуй Валяр'янаў, - мабыць, таксама пабойваецца чэкiста. Хоць, калi падумаць, чаго ўжо было iм баяцца, куды iмкнуцца? Наперад, да свае сьмерцi? А можа, справа ў тым, што кожны быў пастаўлены перад просьценькiм выбарам, дзе лепей легчы - у пясчаную сухую зямельку цi ў гэтую багну, ад якой у яшчэ жывых да каленяў задубелi ногi. Так можна i прастыць, з iронiяй вiсельнiка падумаў паэт Фэлiкс Гром. Свой катафалк яны ж самi i штурхалi да месца паховiн. Гэта было штосьцi новае ў спрадвечным абрадзе пахаваньняў. Цi адмысловых мэтадаў катаваньня? Во пра што варта было б напiсаць верш, баляду цi сагу. Але не распаўсюджаным ямбам, а каб гекзамэтрам, як Гамэр. Мабыць, Гамэр быў бы самым прыдатным паэтам для гэтай праклятай эпохi...

– Раз, два - узялi!... Ану - рушылi! Яшчэ раз! Яшчэ!
– дзiкiм голасам крычаў побач Косьцiкаў.
– Не адлыньваць! Дужэй! Яшчэ дужэй!...

Разы два ён пальнуў угару зь пiсталета, прымусiўшы здрыгануцца iх, спатнелых i ўжо дашчэнту зьнясiленых. "Давай! Давай!" I во, дзiва - машына трохi скранулася. Яны, узрадаваныя, паддалi яшчэ болей, напялiся рукамi i нагамi, i яна трохi пасунулася, папаўзла ў тванi. Тыя, што былi пасярэдзiне Гром i Валяр'янаў, улезьлi ў самую глыб, але не адступiлiся, не прыбралi ад буды рук. I ўрэшце ўсе разам выпхнулi перапэцканую гразёй машыну з самага глыбокага месца. Хоць гразка было скрозь па дарозе, але ўшчэнт раскаламучаная лужына засталася

ззаду, i яны зьнямогла спынiлiся.

– Ну во, такую вашу маць!
– амаль ласкава вылаяўся памкамэнданта.
– Што значыць, умелае кiраўнiцтва! А то - аслабелi, сiлы мала... Прымусiць трэба! Дзесяць мiнут перакур!
– аб'явiў ён i адышоўся на сушэйшае каля канавы месца.

За iм нерашуча павылязалi з гразi асуджаныя, пакорлiва стоўпiлiся побач. Чэкiст засунуў пiсталет за борт шыняля i вынуў з кiшэнi пачак "Беламору". Найперш, як сябру, працягнуў пачак Сурвiлу.

– Частуйся...

Той гразкiмi пальцамi ашчадна дастаў з пачка адну папяросу, зважлiва прыкурыў ад падстаўленай у прыгоршчах запалкi. Над дарогай паплыў араматны тытунёвы дымок.

– За ўдарную работу па лiквiдацыi ЧП пры выкананьнi заданьня аб'яўляю благадарнасьць, - з фальшывай урачыстасьцю аб'явiў Косьцiкаў.

Асуджаныя нiбы страпянулiся на дарозе ад тых даўно сьцёртых з памяцi словаў, адчуўшы ў iх пранiзьлiвы водгук назаўжды адрэзанага ад iх жыцьця. Тут i цяпер яны зразумелi тое як жарт, але й жарт быў адзнакай жыцьця, недасяжнасьцю якога нiбы дражнiў iх гэты незразумелы чэкiст, чым рабiў iм яшчэ больш балюча.

Адзiн толькi Шастак, здаецца, гатовы быў усур'ёз прыняць сказанае.

– Дзякуй, таварыш... Грамадзянiн начальнiк. Каб гэта залiчылася...

– Залiчыцца, залiчыцца, - няпэўна паабяцаў памкамэнданта.

– На тым сьвеце, - ухмыльнуўся Сурвiла.

– Чаму на тым?
– не пагадзiўся ягоны калега.
– I на гэтым. Я вам прадастаўлю самую лепшую ямку. Сухую, з жоўтым пясочкам... Ня горш, чым ударнiкам сацыялiстычнага спаборнiцтва.

Было не зразумець, казаў ён тое сур'ёзна цi хiтравата зьдзекаваўся зь iх, у ранiшнiм прыцемку быў кепска вiдаць выраз ягонага заўжды жвавага маладога твару. Але голас здаўся зусiм памяркоўным i добразычлiвым, i тое мiжволi заспакойвала.

– Ну але ж во я - невiнаваты, - ступiў наперад Шастак.
– Ну, праўда. Во той сьледчы таварыш Кутасаў ведае. Я ня шкоднiк.

Косьцiкаў смачна зацягнуўся папяросай i разважна выпусьцiў даўгi струмень дыму.

– Ну ведама, невiнаваты. Калi б ты быў вiнаваты, табе б на сьледзтве кiшкi выматалi. Косьцi б пераламалi. Жонку б на тваiх вачах таго... Калi б быў вiнаваты. А так - спакойна застрэлiм на сасновым пагорачку. I ўсё. Праўда, буржуй?
– раптам зьвярнуўся ён да Валяр'янава, якi стаяў трошкi збоч ад астатнiх.

Падобна, ён хацеў зачапiць Валяр'янава, але той не адказаў на ягонае пытаньне. Ды ён яго й не пачуў, гэтага маладога, самаўпэўненага чэкiста. Ён ужо нямала пабачыў iх на сваiм вяку, пачынаючы зь дзевятнаццатага году, калi яго расстрэльвалi ў Алушце. Ён думаў пасьля, каб тады расстралялi, дык не было б тых пакут i прынiжэньняў, якiя ён перажыў за ўсе наступныя свае гады. Але ў Алушце не расстралялi. Толькi давялi да дыстрафii i выпусьцiлi памiраць самахоць. I гэта пратрымаўшы тры тыднi сярод паўсотнi былых афiцэраў Добраахвотнiцкай армii ў сырым вiнным склепе бязь ежы i вады, не выпускаючы па натуральнай патрэбе. Гэтае апошняе дапякала Валяр'янава болей за голад i смагу, ён доўга ня мог прызвычаiцца хадзiць па-большаму i малому на вачах у натоўпу розных чынам i векам людзей i ўжо тады зразумеў нялюдзкую сутнасьць чэкiстаў. Яны - нелюдзi, так i трэба было iх разумець, калi толькi нармальным розумам магчыма было што зразумець. Родны брат Валяр'янава, мiлы паручнiк Аркадзь Аркадзевiч, так i не зразумеў, мабыць, з кiм мае справу - гарачыўся, пратэставаў, спрачаўся. I звар'яцеў. Прыстрэлiлi, бы сабаку, i кiнулi ў прыдарожны быльнёг. Ён жа вось выжыў галоўным чынам таму, што не пратэставаў, нiколi нi з кiм не спрачаўся, паводзiў сябе нiжэй за траву, цiшэй за ваду. Зрэшты, i чаго дачакаўся? Таго ж, што i брат. Толькi гадоў на пятнаццаць пазьней. Цi варта было ашчаджацца?

Поделиться с друзьями: