Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сэрца мармуровага анёла
Шрифт:

Кастусь стаў побач:

— Не бойся…

Раптам цемра выбухнула рогатам. І Магда інстынктыўна прыхінулася да Кастуся… Яны ўпершыню былі блізка адно да аднаго. Дзяўчына схавала твар у яго на грудзях. І страх знік.

Побач гучалі анекдоты пра «вучылак». Напэўна, беспрытульнікі, што збіраліся на гэтых могілках паўстагоддзя таму, былі больш шчаслівыя, чым гэтыя падлеткі ў скуранках, — яны не мелі, на каго крыўдаваць. А ў гэтых былі жывыя бацькі…

Агеньчык цыгарэты з дзіўным пахам пераплываў ад аднаго ценю да другога. Магда падумала, што і яны з Кастусём цяпер — цені… Плынь жыцця абцякала іх. Сэрца

Кастуся білася моцна і хутка… І Магда адчула, што яе ўласнае сэрца зноў абрываецца і ляціць… Куды? Дзяўчына скаланулася…

Рука Кастуся асцярожна кранула яе валасы… Пагладзіла… Затрымалася… Ён туліў яе галаву да сябе. Але ягоная рука дрыжэла… І Магда раптам зразумела, што ён адчувае тое самае, што і яна!..

І зямля загайдалася пад яе нагамі — сапраўды бы донне Харонавага чоўна. І, каб не знікнуць назаўсёды ў краіне ценяў, Магда ўхапілася за таго, хто стаяў з ёй побач і чыё сэрца білася ўсё хутчэй, хутчэй — быццам ён даганяў сваё скрадзенае шчасце…

— Нешта госці нашы прыціхлі… — Прамень ліхтарыка, як клінок, разануў па цемры. — Во, глянь, што робіцца! З кім жа тады дзяўчына заяву падавала? З гэтым хвастатым ці з тым дзядзькам?

Калі яны адышлі адно ад аднаго, за расчыненымі дзвярыма скляпення дрэвы велічна змыкалі цёмныя шаты, між лістоты міргала першая зорка, фізіяноміі падлеткаў у скуранках крывіліся ўсмешкамі, а Цяпа гаварыў:

— Та-ак… Недаглядзелі мы, хоць дзядзьку абяцалі. Трэба чырвонец саступіць.

Агонь і жалеза

Марк прынёс для Магды белую куртачку і клапатліва дапамагаў зашпіліцца. Чырвоная сукенка хавалася пад белым, быццам правіна. Бялявы хлапчыска пералічваў грошы. Сто семдзесят рублёў. Падлеткі задаволена загулі.

— Ну што, у разліку?

Цяпа зрабіў рукой шырокі жэст:

— Арыведэрчы, Рома! Тупайце на ўсе чатыры.

— А паперы з гільзы? — азваўся Кастусь.

— А на паперы, я ж сказаў, цана спецыяльная. — Вочы Цяпы таксама не натуральна блішчэлі. Відаць, «траўкі» Сева прынёс…

— Вы ж атрымалі за тыя паперы сто рублёў…

— А я фантазёр. — Магда адчула, што гэты чалавек на мяжы свядомасці.

Марк цягнуў яе ў бок брамы, шэптам выказваючы ацэнку ейным разумовым здольнасцям, але яна марудзіла, прыслухоўваючыся да перамоў.

— Што вы хочаце яшчэ атрымаць? — Кастусь стараўся быць спакойным.

— А што трэба чалавеку для шчасця? Хлеба і відо-вішч! — голас смуглявага гучаў лена. — На хлеб мы ад вас атрымалі… Цяпер нам патрэбныя відовішчы.

Падлеткі пачалі наперабой выказваць свае пажаданні, спрэс непрыстойныя. Цяпа спыніў іх:

— Каханне і смерць… Што яшчэ можа разагнаць нуду жыцця? Выбірайце. Або дзяўчынка пакажа нам стрыптыз… Зараз сцямнее, мы падсвецім ліхтарыкамі — прыгажосць на фоне магіл! Узбуджае! Не, не, ніякага гвалту. Сеанс дзесяць хвілін — і паперы вашыя.

— Цяпа ў нас паэт! — горда прагаварыў налыса стрыжаны хлапчук.

— Гэта проста пераходзіць усе межы! — зароў Марк. — Ану, пайшлі адсюль! — і тузануў Магду за руку.

— Стрыптызу не будзе. А што за другім разам? — гэтак жа спакойна спытаў Кастусь.

— Або хто-небудзь з вас пайграе са мной у ножычкі.

— Па якіх правілах?

— Сам-насам, да першай крыві.

— Неціка-ава. Давайце да трэцяй, —

працягнуў хтосьці з падлеткаў.

— Да сёмай! Гэта крута!

— Добра, давайце да сёмай.

Святло ліхтара ля касцёла дазваляла разглядзець, як блішчаць вочы чалавекаў у скуранках.

— Ды ці маеш патрэбнае нам?

Адзін з хлапчукоў — яго зусім разабрала «траўка», так што хістаўся чарацінай, — дастаў з чорнага пакета пляскатую кардонную каробку і працягнуў смугляваму. Той няспешна зняў накрыўку.

— Вось… Падыдзі, зірні…

Кастусь коратка ўздыхнуў:

— Яны…

— Вы сабе як хочаце, а я ў гэтым шоу не ўдзельнічаю, — голас Марка грымеў на ўсе могілкі.— У мяне яшчэ дваццаць рублёў ёсць, бярыце, і разышліся. Цяпа скрывіўся:

— Схавай грошы, дзядзька. Давай, Сева, падпалі паперкі. Відаць, пакупнікам яны без патрэбы.

На рагу першага аркушыка расцвіла чырвоная кветка…

— Марк, Магда, ідзіце дамоў,— цвёрда сказаў Кастусь. — Гэта ўжо мая справа. — I да смуглявага: — Давай пагуляемся ў ножычкі.

Смуглявы задаволена ўсміхнуўся і пацягнуў маланку на скуранцы.

— Распранайся да пояса…

— Не трэба! Лепш я… — Магда вырвалася ад Марка, адбеглася і дрыжачымі рукамі пачала расшпільваць куртку.

— У-у-у! — зацікаўлена загулі падлеткі. Але Кастусь раўнуў:

— Калі ты зараз гэта зробіш, я буду» гуляць у ножычкі» з усімі імі! Марк, чаго чакаеш, забірай яе!

Магда адчула, як дужыя рукі Марка адрываюць яе ад зямлі і ён нясе яе да выхаду з могілак, нягледзячы на пратэсты. Ужо ля брамы іх нагнаў адзін з хлопчыкаў.

— Вы… гэта… міліцыю не клічце. Цяпа майстар. Насмерць не зарэжа. Падрапае толькі… А калі мянты падыдуць, гамон хвастатаму. Цяпа любіць, каб сумленна ўсё было. Магдаліна плакала ля белай брамы і рвалася на могілкі. Марк затуляў яе ў абдоймы, штосьці супакаяльнае нашэптваў, спрабаваў адвесці далей… Дарэмна. Ну не будзеш жа ў цэнтры горада цягаць на плячы дзявулю! На іх і так азіраліся рэдкія прахожыя. Дзейнічала толькі пагроза, што калі яна не перастане раўці, зацікавіцца міліцыя і Цяпа вырашыць, што гэта несумленна. А з могілак даносіўся вясёлы хор: «Тры! Чатыры! Пяць!», нібыта там гулялі ў жмуркі.

Вароны зашумелі ў чорных нетрах шатаў, быццам паўз іх праляцела нечая душа.

— Се-ем!

Магда вырвалася з абдоймаў Марка і кінулася па цёмнай прысадзе, далёка ў канцы якой гарэў агеньчык над дзвярыма касцёла, як сумны анёл.

Цішыня палохала. Ад яе спынялася сэрца… Між магіл павольна рухалася чыясьці постаць…

— Кастусь! Што з табой?

У святле ліхтара Магдзе падалося, што ён памірае — спрэс заліты крывёю. Хлопец прыціскаў да грудзей свой заплечнік у цёмных плямах і ўсміхаўся.

— Усё нармальна… Толькі драпіны. Праўда, Цяпа перамог — чатыры-тры на яго карысць. Але нават паабяцаў прыйсці на краязнаўчы гурток.

— Прыдурак! — прашыпеў скрозь зубы Марк. — Паперы дзе?

— Тут… — Кастусь паказаў на заплечнік.

— Давай… Яны ж належаць Магдзе, ты сам казаў? Кастусь паслухмяна адкрыў заплечнік. Марк выхапіў каробку, загорнутую ў чорны пакет, і паклаў у свой дыпламат.

— Магдаліна, пайшлі…

— А ён?

— О, Госпадзе, калі ж гэта скончыцца!

Марк дастаў з партманета грошы і раздражнёна працягнуў Кастусю:

Поделиться с друзьями: