Сэрца мармуровага анёла
Шрифт:
— Прабачце мяне за дзёрзкае пытанне, але… Чаму вы не выйшлі замуж? Гэта быў бы ратунак — і для вас, і для ўсяго гэтага дому. Новае жыццё… Дзеці… Працяг роду…
Галена пачырванела, радуючыся, што ў цемры гэтага не прыметна. Чаму яна наважылася быць шчырай?
— Вы можаце сабе ўявіць, каб у гэтым доме-труне з'явіліся жаніхі? Дый нават калі б было не так — наўрад ці я змагла б звязаць свой лёс з чалавекам… — Галена хацела дадаць — «звычайным», але гэта было як прызнаць незвычайнай сябе. І, каб згладзіць няёмкасць, яна проста папрасіла госця, як і тады, у зале, расказаць пра свае падарожжы.
І той загаварыў… Безумоўна, ён колісь атрымаў выдатную адукацыю — добра валодаў словам і тым, што называецца «паэтычным мысленнем».
…Скіт з пачарнелага ад часу дрэва, на выспе пасярод зарослага лілеямі возера, і манах-чарнец корміць з рукі лебедзяў… Манастыр са сценамі, абпаленымі пажарам вайны, з вышчарбінамі ў сценах ад куль, і абраз у правым нефе міраточыць… І кожная аблачынка здаецца ўвасобленай малітвай, пазалочанай сонцам — боскай увагай.
— Я пайду з вамі.
Паломнік упершыню нібыта ўзрушыўся.
— Гэта немагчыма…
Галена да болю сціснула свае далоні, быццам рыхтавалася скочыць з абрыву.
— Не лічыце гэта дамскім капрызам. Я больш не магу так — пахаванай жыўцом. Я не спешчаная, бездапаможная засцянковая паненка. Паверце, я дастаткова моцная і непатрабавальная, магу шмат прайсці пешшу, і згатаваць ежу, і ўвогуле зрабіць любую чорную работу. Шмат жанчын ходзяць гэтак жа, як вы, па святых мясцінах, — і прагаварыла хутка, нібыта баючыся сваіх слоў: — І… я пайду за вамі, куды б вы ні пайшлі.
Госць нахіліў галаву:
— Паўтару — гэта немагчыма. Я разумею, што вы атрымалі незвычайнае выхаванне. Можна сказаць, спартанскае. Але вы ўспрымаеце мяне праз свае рамантычныя ўяўленні. Я не той, кім вы мяне палічылі. Я ўсяго толькі варты жалю грэшнік.
Галена нават усміхнулася:
— Гэта не тыя словы, якімі можна мяне адпудзіць. Праз гадзіну я буду сядзець ля прыдарожнага крыжа, там, на павароце за сядзібай. Нікому не ўдасца мяне затрымаць ці адгаварыць. І я не буду прэтэндаваць на асаблівую ўвагу. Я разумею, вы — святы чалавек і жаночыя вабнасці вас не кранаюць. Тым больш, — горка ўсміхнулася, — я не магу асабліва чымсьці ў гэтым плане пахваліцца. Бачыце, маці не навучыла мяне нават прыстойнай дзявоцкай сарамяжнасці.
Госць глядзеў на яе, і ў цёмных вачах ягоных люстравалася яе пакута.
— Ты вельмі прыгожая, Галена. Павер. І я мог бы закахацца ў цябе — смяротна, на ўсё жыццё закахацца. Каб не быў… тваім братам.
Апошнія словы госць прашаптаў так ціха, што Галена хутчэй здагадалася, чым пачула.
— Алесь!
Як жа яна не пазнала сама… Такія ж гордыя бровы, як у маці… Рысы твару… Ён пяшчотна гладзіў сястру па валасах. Яе ніколі ніхто так не гладзіў! Які ж ён, аднак, схуднелы… Нешта абдрапала яе руку…
— Алесь! Навошта ты носіш вярыгі?!
— Можа быць, таму, што некалі лічыў гэта незразумелым дзікунствам. Бог літасцівы, і не кожнага спасцігае ўсведамленне, што цялесная пакута робіць палёгку душы… Не, не глядзі на мяне так, нібыта я насамрэч святы пакутнік. Была і цалкам празаічная прычына… Глядзі…
Алесь сцягнуў з пляча кашулю. Па скуры ішлі накрыж цёмныя палосы.
— Гэта не ўсе ад вярыгаў… Катаржаніна лёгка пазнаць па слядах ад бізуна. А так — менш падазрэнняў.
— Як жа ты мучыўся… — Галена ледзь стрымлівала слёзы. — Але цяпер — цяпер усё будзе добра! Ну чаму, чаму ты адразу не сказаў? Як ты мог не адкрыцца маці? Яна абагаўляе цябе! Няўжо ты падумаў, што мы збаімся схаваць цябе ці проста не здолеем дапамагчы? У маці засталіся ўплывовыя сябры, якія таксама лічаць цябе героем…
— Героем… — Алесь горка ўздыхнуў.— У мяне было часу, каб падумаць над сэнсам гэтага слова. Супакойся, прысядзь… Не варта турбаваць маці. Ведаеш, я даўно мог прыйсці ў Гайвароны.
— Але… чаму
ты гэтага не зрабіў?!— Галена, не спяшайся, падумай, хіба я — той, каго чакае маці? І цяпер я зайшоў сюды, толькі каб… развітацца.
— Не разумею…
Відаць, ад таго, што агеньчык лампады рабіў цені такімі глыбокімі і дрыготкімі, Галене падалося, быццам пакой кудысьці плыве ў гэтай мігатлівай цемры і голас Алеся гучыць аднекуль з іншага берага.
— Я іду ў Опціну Пустынь, прыму пострыг. Галену захліснула хваля горкага гневу.
— Ты не думаеш, што гэта жорстка ў адносінах да нас? Ты можаш падараваць жыццё гэтаму дому, ператворанаму ва ўсыпальніцу!
Алесь прысеў побач на лаўку.
— Гэта было чатырнаццаць гадоў таму. У перамогу паўстання яшчэ верылі толькі тыя, хто быў гатовы аддаць за яго жыццё. Генусь, наш старэйшы брат, кіраваў атрадам. У нас засталася толькі пара дзесяткаў чалавек. Былі атрыманыя звесткі, што вось-вось прыбудуць карнікі. І мне даручылі сабраць атрад у нашых Гайваронах і ўдарыць у спіну прыхадняў. Мы ўсе былі маладыя і дзёрзкія і лічылі сябе напалеонамі. Мне было васемнаццаць, але я, мабыць, быў самым дзёрзкім з усіх. Я з'явіўся ў вёсцы, і людзі пайшлі за мной. Я быў іх добры паніч, і мужыкі верылі мне. Добраахвотнікаў сабралася шаснаццаць чалавек. Лепшыя людзі — вядома ж, бо на смерць першымі выклікаюцца ісці лепшыя. Я не мог дасканала ўзброіць іх — на ўсіх выпадала дзесяць стрэльбаў. Але гэта мяне не засмучала — мужыкі ператварылі косы ў дзіды, а гэта таксама страшная зброя. І мне бачылася, як мы налятаем знянацку на жандараў і пад ударамі мужыцкіх косаў чырванеюць ненавісныя мундзіры. І мы ехалі і спявалі старыя ваярскія гімны, а я ледзь не смяяўся ад шчасця баявога азарту.
Вядома, я прывёў іх пад кулі. Мае палымяныя прамовы з ганка царквы не засталіся незаўважанымі. Іх забілі ўсіх. Шаснаццаць дужых мужчын, гаспадароў. Ніхто не паспеў нават выстраліць у адказ. Мяне толькі паранілі. Я ачуняў у нетрах Бабруйскай крэпасці. Вядома, я чакаў, што мяне расстраляюць. Я хацеў гэтага — тады б я зноў апынуўся са сваім атрадам, мною паднятым у бойку. Але я быў малодшым, і браты ў чарговы раз захінулі мяне, нават сваёй смерцю. Страту замянілі пажыццёвай катаргай. І не было такой ночы, калі б я не думаў пра тых шаснаццаць.
Галена узяла рукі брата ў свае.
— Ты не вінаваты. Яны ўсе мелі выбар, і загінулі за святую справу.
Алесь паківаў галавою:
— Я паўтараў гэта сабе кожны дзень. Але ў іх засталіся бацькі, жонкі, дзеці… Ты ведаеш, што зрабілі ў Гайваронах з родзічамі бунтаўшчыкоў?
Галена сцішана ўздыхнула:
— Гэта тым больш не твая віна. І, зрэшты, палкаводцы вядуць на гібель тысячы жаўнераў — і ніхто з іх не надзявае пасля вярыгі…
— Гэта так. — пагадзіўся Алесь. — І да гэтага выпадку — я ж біўся побач з Генусем і Януком, і вакол нас дзесяткамі гінулі людзі, і мне было горка. Але гэта было, як ні кашчунна такое гаварыць, звычайнай справай. Але тут… Разумееш, сонечная восеньская раніца… І я адчуваў сваё адзінства з тымі, хто ехаў за мною, і нейкі асаблівы ўздым… Гэта — мае людзі, з маёй радавой зямлі… Я быў юны, але гэта былі як бы мае дзеці. Даверлівыя і паслухмяныя. І загінулі толькі таму, што паверылі мне, — вера ў «святую справу» не паспела ў іх выспець.
— Ты занадта многа ўзяў на сябе, брат, — трывожна прамовіла Галена.
— Не хвалюйся, гэта ўжо перажыта, — зноў спакойна сказаў Алесь. — Гэтыя, апошнія, гады блуканняў і малітвы не прамінулі дарэмна. Я знайшоў супакой. Але каб захаваць яго — мне не варта вяртацца ў гэты дом. Зразумей, я не магу гэтага зрабіць. Я не шкадую, што калісьці ўзяў зброю, каб адваяваць волю для айчыны — я і цяпер памёр бы за тое, каб яна была вольная. Але я ніколі больш не змагу забіць. І не змагу не дараваць. Фактычна — той, юны і дзёрзкі, Алесь Вайтылаў памёр. Мне няма пра што гаварыць з тымі, хто жадае помсты. У мяне свой шлях, і я прайду яго да канца. Не шкадуй мяне, мілая. Я шчаслівы.