Сэрца мармуровага анёла
Шрифт:
Хутка будзе баль.
Пошасць
Увесь замак прапах гаркавым пахам зёлак. Іх паляць у маленькіх свяцільніках, жмутамі кідаюць у каміны, падвешваюць снапкамі пад столлю. Кабеты носяць на грудзях паркалёвыя мяшэчкі, напханыя тымі ж зёлкамі. Часам разам з зёлкамі ў мяшэчкі кладуцца свяшчэнныя рэліквіі — частачкі мошчаў якогась Божага Угодніка, трэсачкі ад Крыжа Гасподняга ці пёрка Святога Духу. Але я заўважаю, што адчай прымушае людзей шанаваць зусім іншыя прадметы, і нярэдка побач з кіпарысавым крыжам і мяшэчкам з зёлкамі на грудзях прыгожанькай маладзіцы можна пабачыць высушаную лапку жабы ці кажана ці яшчэ нешта падазронае,
Я, акрамя Святога Крыжа, не надзяваю нічога, нават упрыгожанняў. Падчас пошасці гэта непрыстойна.
Звычайна пошасць прыходзіць летам, калі ад балот падымаюцца атрутныя выпарэнні, ці ўвосень, калі халодныя дажджы ператвараюць глебу ў суцэльную смярдзючую калатушу. Цяпер зіма. Людзі кажуць, вельмі кепска, калі пошасць прыходзіць гэткаю парою. Значыць, яна такая моцная, што не баіцца самых лютых маразоў.
Напэўна, вельмі цяжка паміраць пад скавытанне завірухі, у задушлівай хаце, а потым нехта мусіць дзяўбці каменную прамерзлую зямлю, каб схаваць у яе тваё адубянелае цела, і не станецца ў яго сілы на добрае слова аб няўчасным нябожчыку.
Праўда, падчас пошасці людзі вяртаюцца да паганскіх звычаяў, сцягваюць сваіх памерлых у кучу і спальваюць. Я бачу праз акно далёкі дым ад гэтых пачварных вогнішчаў.
Я не баюся пошасці. Я добра ведаю яе. Яна не злосная, толькі вельмі галодная. Цяжка кагосьці вінаваціць за тое, што ён спатольвае свой голад. Чалавек, які растаптаў мурашнік, вінаваты нашмат больш. Калі б пошасць мела такую прагу разбурэння і неміласэрнасць, як чалавек, яна даўно знішчыла б апошняга прадстаўніка людскога роду.
Але пошасць заўсёды канчаецца. І апусцелыя мястэчкі і вёскі зноў напаўняюцца вясёлымі і звяглівымі галасамі.
Добра ўжо тое, што падчас пошасці ніколі не прыязджаюць гэтыя. Наўрад ці яны баяцца. Мусіць, ім проста робіцца тут сумна.
Час ад часу з боку вёскі далятае жалобны гук званоў. Ім адклікаецца ўрачыстым басам звон нашага замкавага храма. Ад яго голасу дробна дрыжаць крышталёвыя кубкі і звініць пакладзены на край талеркі нож.
Я кладу на сябе знак крыжа. Дзве кабеты, што стаяць за маёй спінай, робяць тое самае. Пасля адна з іх падыходзіць да каміна і сыпле ў агонь прыгаршчы зёлак. З'едлівы пах расцякаецца па пакоі. Звон усё б'е, недзе падгалошвае яму звон на вясковай званіцы, і не чуваць ні людскога голасу, ні плачу.
Са стала прыбіраюць посуд, і я застаюся адна. У маіх пальцах — сухая кветка. Яна ўпала са снапка, падвешанага пад столлю. Напэўна, калісьці яе пялёсткі былі сінія. Зараз яны бледныя, як папера, толькі на самых кончыках захаваўся бляклы сіні колер. Кветка лёгкая і цвёрдая. Я сціскаю яе ў пальцах, але яна чамусьці не крышыцца. Толькі пераломваецца напалам тонкае сцябло. Я адчуваю, што пакалола пальцы, і кідаю кветку на падлогу. Мёртвае заўсёды варожае жывому. Нават калі гэта кветка. Няўжо людзі думаюць, што забітыя імі ж расліны будуць ратаваць сваіх забойцаў?
Званы сціхаюць. Чуваць спеў завірухі. Ён то ўздымаецца да непрыемнага скавытання, то амаль сціхае, быццам нехта ходзіць пад вокнамі замка і не наважваецца пастукаць. Але сцішылася. Снегавая мітульга асела на зямлю, і чорны аксаміт неба працялі вострыя зрэнкі зор. Гэта добра, што зоры глядзяць на зямлю. Няхай іхні пагляд халодны да болю, гэта ўсё-ткі вочы анёлаў. І я ведаю, што хутка пошасць спатоліць свой голад і засне. На нейкі, не тут вызначаны, час. Загалёкаюць на лясных дарогах дзікія паляўнічыя, і з-пад капытоў іхніх коняў будуць уздымацца снежныя фантаны. Вандроўныя музыкі зноў будуць прасіцца у замак — павесяліць пані і адагрэцца, ад'есціся пасля зімовай дарогі (на жаль, лепшыя з іх зімой не вандруюць — ім ахвотна даюць прытулак да вясны ў любым замку,
з увагі на доўгую чараду цёмных вечароў, да якіх так пасуюць старажытныя балады).Зёлкі дагараюць у каміне, іх колкія сцябліны курчацца і згінаюцца ў агні. Заўтра загадаю дастаць куфэрак з маімі ўлюбёнымі перлінамі.
Хрэсьбіны
Калі блізу дня маіх народзін у вёсцы нараджаецца дзяўчынка, мяне просяць быць хроснай маткаю. Я не павінна адмаўляцца. Такі звычай.
Хрышчэнне адбываецца ў замкавым храме. Я прыходжу туды ў белай сукенцы з вялікім карункавым каўняром, які падымаецца за маімі плячыма, падобна накрухмаленым крылам. Мне даюць трымаць невялікі паркалёвы скрутак, у якім можна разгледзець толькі маленечкае чырвонае падабенства чалавечага твару. Я трымаю на руках чалавечае дзіця і, як магу, зычу яму ў думках шчасця, прашу ў Госпада, каб надзяліў Ён гэтае сваё стварэнне здольнасцю радавацца прыгажосці свету, уменнем бачыць і смеласцю бараніць гэтую прыгажосць.
Дзяўчынка будзе насіць імя маёй святой заступніцы. У якасці падарунка я надзяваю на хросніцу каралі з перлін. Наўрад ці болей я пабачу гэтае дзіця. Яно вырасце і перажыве не адну пошасць, і не адно дзікае паляванне сарве з вясковай дзяўчынкі вянок. І ўвесь свой век будзе гэтая дзяўчынка, пасля кабета, назапашваць палотны і каралі, словы кахання і зайздросныя позіркі суседак, і ніколі не назапасіць, і калі-небудзь загорне дрыжачымі рукамі сваё нованароджанае дзіця ў беражоны бялюткі павойнік, і вырашыць, што лепей запрасіць хроснай маткай не пані, а суседку, у якой ніколі не здыхаюць свінні. Будзе больш удачы. І пацямнеюць мае перліны разам з дзесяткам срэбных манет у гліняным гаршку, закапаным пад усходнім кутом хаты.
Я перадаю ахрышчанае дзіця на рукі маці. Што я магу змяніць? Толькі дадаць яшчэ адну нізку перлін.
За акном шэрае веснавое неба. Кусты шыпшыны цягнуць да яго аголеныя галіны. Нібыта просяць хутчэй запаліць на іх ружовыя агні, хутчэй вызваліць іх з чорна-белага мёртвага свету. Звон на замкавай вежы б'е адзін раз. Я бяру з чорнага куфэрка перліну і акуратна нанізваю на навошчаную шоўкавую нітку. Учора гэтыя прыгаршчы перлін прасвідравалі па маім загадзе. Зразумела, знізваць іх у каралі маглі б і прыслужніцы, але я заўсёды раблю гэта сама.
Звон б'е яшчэ раз. Сёння дзень маіх народзін. Нічога не адбудзецца. Усе ведаюць, што я не святкую гэты дзень. Я, прызнацца, баюся яго. Смешна, але я нават не гляджуся ў гэты дзень у люстэрка.
Люстэркі толькі прыкідваюцца, што пакорліва пераймаюць наш свет. На самай справе за халоднай цвёрдай абалонкай знаходзіцца нешта іншае, куды большае за тонкі слой амальгамы. Не варта лішні раз дазваляць таму зазіраць сюды.
Нізка перлін павялічваецца. Вось яна ўжо скручваецца петлямі на маіх каленях. Не ведаю, ці стануцца гэтыя каралі падарункам.
Нітка канчаецца. Я бяру яе пачатак, злучаю з канцом і звязваю ў моцны вузел. Цяпер гэтыя перліны ніколі не ўдараць звонкім градам па каменнай падлозе. Хаця — хто ведае? Іх злучае ўсяго толькі наваскаваная нітка…
У куфэрку засталіся яшчэ перліны. Я зачэрпваю іх, перасыпаю з далані на даланю. Але — прасвідраваныя — яны маўклівыя і цьмяныя, кожная нібыта з плямай таемнага грэху, пазбаўленая чысціні і ўнутранага спакою.
Ссыпаю перліны назад, у куфэрак, туды ж кладу толькі што знізаныя каралі і зачыняю цяжкую накрыўку. Цяпер куфэрак стаіць на століку, як маленькая труна. Адварочваюся ад акна. Зноў галёканне гэтых. Яны пад'язджаюць да самых кустоў шыпшыны, нешта крычаць. Так, сапраўды, клічуць з сабою. Цікава, што было б, калі б я аднойчы выйшла да іх. Магчыма, яны проста з'ехалі б ад мяне, маўклівыя і прыгаломшаныя.