Сэрца мармуровага анёла
Шрифт:
Няўжо так можа выглядаць «выдатны спецыяліст Канстанцін Сташынскі», як рэкамендаваў яго Марк?
Затое пры адным позірку на стосік старых кніг, лістоў і фотаздымкаў цёмныя вочы хлопца літаральна запалалі і ўвесь ён раптам змяніўся. Абыякавасць і іронія зляцелі з яго твару. Маладзён браўся за кожны аркушык так беражліва, быццам той мог рассыпацца.
— Вядома, я сустракаў гэтае прозвішча. Іван Канстанцінавіч Хмель… Янук Хмель… У трыццатых друкаваўся ў студэнцкай газеце універсітэта, у «Звяздзе»… І адразу пасля вайны, у сорак шостым, некалькі падборак. Вершы пафасныя, прымітыўныя. Але цікава другое — па ўсіх звестках, гэты чалавек памёр у сорак восьмым
Маладзён упершыню з цікавасцю зірнуў на Магдаліну.
— Ты, Косця, у глыбіні гісторыі не залазь, — незадаволена спыніў знаёмца Марк. — Лепш патлумач, якім макарам Дарбуты, а дакладней, вось ейны дзед, Антон Дарбут, з тым Іванам Хмелем мог быць звязаны.
— Колькі разоў табе казаць, — цвёрда прамовіў спецыяліст у джынсоўцы. — Я не Косця, а Кастусь. І не трэба пасмейвацца. Калі б я быў Гіві ці Джордж, ты што, зваў бы мяне Грышам? А што тычыцца дзеда тваёй дамы, то я, прабач, не правідца. Мне трэба падняць дакументы, пашукаць у архівах. Пакуль нічога сказаць не магу.
— Затое я магу, — не вытрымала Магдаліна. — Калі Іван Хмель вучыўся ў педтэхнікуме, мой дзед быў студэнтам філалагічнага факультэта ва універсітэце. І ён таксама паэт. І, напэўна, добры. І яшчэ ён быў нашчадкам візантыйскіх імператараў!
— Ты адкуль гэта ўзяла? — уразіўся Марк. — Нічога раней не гаварыла!
— Я сама толькі два дні таму даведалася… Вось… — Магдаліна нейкі час павагалася, але ўсё-ткі дастала з сумачкі кніжку ў зялёнай пацёртай вокладцы. Зірнула на Сташынскага… Характар у таго, відавочна, кепскі, але… Чамусьці Магдаліна падумала, што стары Хмель знайшоў бы, пра што пагутарыць з гэтым фацэтам…
— На апошніх старонках Іван Канстанцінавіч напісаў ліст да мяне.
Марк пацягнуўся да кнігі адначасова з Кастусём, і яны пачалі гартаць яе ўдвух, перашкаджаючы адзін аднаму.
— Нешта я не бачу тут запісаў,— нарэшце незадаволена сказаў Марк.
Магда адарвалася ад сузірання гравюры з алегорыяй Меланхоліі і ўзяла кніжку.
— Вось тут, у самым канцы…
І аслупянела. Лісты былі на месцы. На месцы была назва «Для зацемак». Але пад ёй не было нічога! Ніводнага радка! Чыстыя пажоўклыя старонкі!
— Яно было напісана тут… — прамармытала Магдаліна, гладзячы дрыжачымі пальцамі паперу.
Марк раз'юшыўся:
— Ну, усё… Дайшла са сваймі дзядамі… «Нашчадак візантыйскіх імператараў»! Хутка будзеш на сценах касмічныя пасланні чытаць. Давай сюды… — ён груба выхапіў з рук Магдаліны кнігу. — Пайшлі…
Дзяўчына бязвольна рушыла за жаніхом.
— Чакайце! — ірвануўся за імі Кастусь. — Дайце мне гэтую кнігу! Хоць на дзень! Я яшчэ пагляджу!
Марк злосна сунуў яму ў рукі зялёны томік.
— На, вывучай… Можа, якое пасланне праявіцца. І ўсе астатнія дакументы твайму інстытуту перадамо. Рабіце што хочаце. А мне трэба гэтую дзеўчынёху да нармальнага стану прывесці. І крумкача гэтага паганага сплаўлю ў жывы куток.
Магдаліна выпадкова заўважыла, што фанабэрысты Сташынскі стаіць у дзвярах свайго кабінеціка і глядзіць ім услед, прыціскаючы злашчасную кнігу абедзьвюма рукамі да грудзей.
Дзяўчыне аж закарцела на развітанне выкінуць нешта адпаведнае свайму вар'яцкаму статусу — гаўкнуць на гэтага цікаўніка, ці што…
Добра, стрымалася.
Назаўтра была субота, і Марк павёз яе за горад, на пікнік. Калісьці яны любілі падобныя вылазкі. Але з мінулай вясны,
калі выбухнуў рэактар у Чарнобылі, на прыродзе Магда пачувалася няўтульна. Тады многія напалохаліся — пілі ёд, накапаны ў шклянку з вадою, не адчынялі фортак… Марк нават прынёс Магдзе дзве таблеткі ад радыяцыйнага апраменьвання. Такія таблеткі захоўваліся ў індывідуальных аптэчках грамадзянскай абароны — на выпадак, калі вораг скіне атамную бомбу. Але пасля першых звестак аб аварыі выратавальныя лекі былі апячатаныя. Каб панікі не было. Знаёмы Марка ў сваім даследчым інстытуце ўзначальваў сектар грамадзянскай абароны і ўласнаручна мусіў апячатваць сховішча з аптэчкамі. Вось яны з парторгам і ўхапілі сабе па дзесятку пігулак.Магда заглынула таблетку адразу ж, як атрымала, не запіваючы вадой, і пасля гэтага доўга балеў страўнік.
Марк жартаваў над палахлівай дурнічкай. Пачалася кампанія супраць панікі, і сталася модным бравіраваць уласнай смеласцю і прагрэсіўнасцю. Людзі хваліліся тым, што загаралі, елі ягады, смяяліся над тымі, хто па-ранейшаму змагаўся з радыяцыйным пылам і спажываў замест свежых ягад леташнія кампоты.
Але Магда па-ранейшаму адчувала страх. У Маскве, праўда, страх адышоў. Яна чула размовы пра выступ беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча, які адзіны ўголас сказаў пра страшную бяду. Хадзілі чуткі пра зону… Але чалавек заўсёды ахвотней верыць у лепшае.
І Магда паехала, прыдушыўшы сваю радыефобію. Да кампаніі далучыліся дзве сямейныя пары — Маркавы сябры па клубу фантастыкі. Смажылі шашлыкі над выкапанай у яшчэ вільготнай веснавой зямлі ямінай. Спэцкаліся бульбай, печанай у вогнішчы. Гаварылі пра Брэдберы і Шэклі, братоў Стругацкіх і ўласныя творчыя задумы. Адзін з фантастаў, у побыце — інжынер-канструктар, асабліва хваліўся незавершанай «падпольнай» аповесцю, у якой дзейнічае двухгаловы монстр пад імем Карл Маас-Энгеляс. І ўсе дружна ўгаворвалі Магдаліну кідаць ейныя артыкулы і пачынаць пісаць фантастычныя аповеды. Потым кабеты рвалі пяшчотны кураслепнік — бухматы бела-зялёны дыван усцілаў зямлю. Але Магдаліне было шкада кволых кветак. Сабраныя ў бясформенны жмут, яны хутка звешвалі белыя галоўкі і гублялі пялёсткі.
І Магдаліна не прыхапіла букеціка. Але насланнё нядаўніх дзён адышло, абляцела з яе, як тыя кволыя пялёсткі. Магда ўпэўнілася, што рамантычная гісторыя ейнага роду — толькі сон на верхняй паліцы ў цягніку Масква — Мінск. Нават цешыць самалюбства — мець такое багатае ўяўленне! Дарма Марк кажа, што з яе не выйдзе вялікай пісьменніцы. Яшчэ паглядзім!
Але дзяўчына ўсё-ткі не аддала Карла Карлавіча, якога Марк, правёўшы нявесту дахаты, імкнуўся занесці ў жывы куток суседняе школы, дзе ўжо ўсё было дамоўлена. Надта сумна паглядала птушка сваімі чорнымі вочкамі, надта трагічна сядзела на шафе, ухутаўшыся з галавой у крылы, як у плашч. Нават угаворы маці, якая цалкам была на баку будучага зяця, не дапамаглі.
— Ну, глядзі, калі сярод ночы твой крумкач загарлае «Невермор», як у баладзе Эдгара По, не прыбягай скардзіцца, — зазлаваў Марк і сышоў, нават не пацалаваўшы Магду на развітанне.
Гісторыя працягваецца
Гэта было ў панядзелак, а дзесятай раніцы, калі кожны самавіты грамадзянін мусіў шчыраваць на працоўным месцы, дадаючы мёду ў грамадскія соты. І мала хто задумваўся пра хуткае прышэсце пчаляра з дымаром.
У гэты дзень Магдаліна ўпершыню запляла валасы ў дзве тоўстыя кароткія касы. Правую перацягнула жоўтай гумкай, а левую — фіялетавай.