Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:

– Мы не сустракалi Новы год.

Антон Кузьмiч адказаў абыякава:

– Не сустракалi...

Ён не заўважыў, як яна знiкала i з'яўлялася зноў. Некалi ён любаваўся яе спрытнасцю ў дамашняй рабоце: усё гарэла пад яе рукамi. Цяпер ён думаў пра iншае,

не задумваючыся, адказваў ёй.

– У нас не крануты ўвесь навагоднi запас вiна. Што ты будзеш пiць?

– Усё адно.

– Шампанскае?

– Не. Лепш каньяк.

– Можа, паклiкаць Кiрылу?

– Як хочаш.

– Не. Я хачу быць з табой. Каб нiхто не перашкаджаў. Дзецi пайшлi на каток. Яны не паверылi, што ты так рана прыйдзеш.

– На ноч бярэцца мароз.

– Але... Пятнаццаць ужо.

– У полi, напэўна, больш.

– Натка лёгка адзяецца. Баюся, прастудзiцца.

– Наташа не прастудзiцца.

– Прашу вас, доктар, да стала.

Ён здзiвiўся, што за такi кароткi час - некалькi хвiлiн - яна так хораша i прыгожа сервiравала стол. У гэтай жанчыны свой талент: яна добрая мацi i гаспадыня.

Антон Кузьмiч сеў за стол. Жонка села насупраць. Пiльна, з замiлаваннем i пяшчотай глядзела на яго. Гэтае замiлаванне неяк дзiўна збянтэжыла яго. Зрабiлася няёмка глядзець ёй у вочы. Ён заняўся бутэлькамi. Доўга адкаркоўваў бутэльку з каньяком. Яшчэ даўжэй, з асцярожнасцю - не залiць бы абрус! шампанскае.

Галiна любавалася яго вялiкiмi i прыгожымi рукамi, павольнымi рухамi.

Ён налiў шампанскае ў высокiя

келiхi. Стралялi пахучымi пырскамi бурбалачкi, лопаючыся.

– За нашых дзяцей!
– першая прапанавала тост Галiна Адамаўна, па-мацярынску шчыра.

– За нашых дзяцей.

Наташа цiха адчынiла дзверы (у кожнага з iх свой ключ, бо выходзiлi з дому i прыходзiлi яны ў розны час), цiха палажыла канькi, ведаючы, што мацi не любiць, калi стукаюць, а ў апошнi час мацi вельмi нервовая. I раптам паверх занавескi на шкляных дзвярах дзяўчынка ўбачыла, што мацi i бацька сядзяць за сталом i... чокаюцца келiхамi. Памiрылiся!

Ёй гэта найлепшы навагоднi падарунак. Таму не магла яна стрымаць сваёй дзiцячай непасрэднасцi. Ускочыла ў пакой, калi яны толькi прыгубiлi келiхi, здзiвiўшы iх - адкуль узялася?
– падбегла да бацькi, абняла, моцна пацалавала.

– Я люблю цябе, тата! Ты добры, ты разумны!
Потым, як вавёрка, пераскочыла да мацi, пацалавала яе.
– I цябе люблю, мама!
– I закружыла па пакоi, як на катку, грацыёзная ў сваiх блакiтных штонiках, чырвоным свiтэры i такой жа чырвонай шапачцы.
– Я люблю вас! Я ўсiх люблю! Усiх добрых людзей!

Яраш засмяяўся, шчыра ўзрадаваны, што з'явiлася дачка. Прапанаваў жонцы:

– Вып'ем за добрых дзяцей. I за добрых людзей!

Але, п'ючы, ён зноў падумаў пра Зосю. Дзе яна? Куды магла паехаць у такi час?

1960-1963 гг.

Поделиться с друзьями: