Шляхам жыцьця

ЖАНРЫ

Поделиться с друзьями:

Шляхам жыцьця

Шляхам жыцьця
5.00 + -

рейтинг книги

Шрифт:

I. Бацькаўшчыне

*** Усяго па крысе…

Усяго па крысе, знойдзеце вы гэтта, — Пры сасе пры касе собрана за лета. Шчырым сэрцэм, душой складана ня-хітра, Знамо свой, не зь якой там «зьвёздкай», ці мітрай. Што-нібудзь мо’ ня так — прашу прабачэньня; Трудна ў рыхт — часу брак, мазаліста жменя. Мо’ і радасьць тут — госьць, больш нуды праклятай; Ось бярыце, што ёсьць, чым хата багата. Што у думках я меў, кепска даць ня браўся, Хоць, як скованы леў, туды-сюды рваўся… Людзі мруць, а ўсё ждуць багатшай уроды, Мо’ і к нам прыбягуць шчасьнейшыя годы. О тады сноп у сноп жніво нашэ будзе… Сотня коп, мільён коп… Дзівуйцеся людзі! А цяпер, што цяпер? — бывайце здаровы! Чэсьці дайце прымер для радзімых словаў.

Песьня мая!

Песьня мая не ўзышла сярод кветак, Кветак цьвітучага вечна паўдня… Поўначы сумнай забыты палетак Даў ёй жыцьцё пасярод палыньня. Пушча і ночка яе гадавалі, Няньчылі
казкамі долі нямой;
Дождж і расіца вясною купалі, Сьнежныя буры тулілі зімой.
Песьня мая не ўсьпінае атласаў, Выдумкай хітрай у сьвет не ляціць, — Знацца ёй досьць зь беларускаю красай — Лесам шумеці, касою званіць. З думкамі ходзіць забранага краю, Служыць і верыць у лепшы усход… Бо, калі гасьне паходня старая, — Новую заўтра распаліць народ. Песьні маёй не патрэбны сьвятліцы Ў княжацкіх хорамах слухаць музык, Коціцца-ўецца свабоднай крыніцай К сонцу і зорам, прастор дзе вялік. Ёй не патрэбна ўсясільных прынука, Службы лакейскай ня знае яна: Воля жывая ёй вечнай зарукай, Волі нязьмеранай — служба адна. Песьня мая не шукае прывету, Ласкі ў скурганеным сэрцы чыім, — Вецер свабодны з далёкага сьвету Стрэне, праводзіць адпевам сваім. Зь небам і ніваю ў дружбу заходзе, Слухае бору адвечнай жальбы, Водклікі лове ў бурлівым разводзьдзі, Ў зорках шукае жыцьця варажбы. Песьня мая не зачэпе сягоньня Думкай сваёю ўсіх хат і сяліб, Зваленых хат і людзей у прыгоне, Ўсходным зярном неабсеяных скіб… Час, як крыніца, ідзе, не марудзе… Кіне стары дзень жыцьцём кіраваць, Новы дзень прыйдзе, і новыя людзі Будуць пачатую думку снаваць. Песьня мая не шукае чырвонцаў — Будучнасьць гэткіх ня знойдзе ў ёй плям, — Жыць хоча толькі ў радзімай старонцы, Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям. Пеці, і з часам, у добрую пору, Выклікаць водклік у сонным сяле… Ўсю Беларусь — неабнятну, як мора, Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле.

Грайце, песьні…

Ці то позна, ці то рана Чую нейкую напасьць; Дзе ні стану, дзе ні гляну — Думка ўсюды голас дасьць. Неба, сонца, месяц, зоры, Людзі, пушча, ўся зямля, Ўсё да сэрца штось гавора, Ўсюды бачу моц жыцьця; I пагодай, непагодай Не магу драмаць, чакаць: Так і хочацца заўсёды Песьню вечную снаваць; Добрай доляй, дзіўнай казкай Сон палошыць з хат нямых, Пацяшаці сонца ласкай I старых, і маладых; Зваці, клікаць на пакосы, На нязьмераны прастор, Хай зазвоняць сьмела косы, Грукне ў лесе хай тапор; Хай цярэбяць, косяць, звоняць, Клік пускаюць на ўвесь сьвет, Аж няўлады ўсе разгоняць, Ляжа чысты роўны сьлед. Гэтак, покі сэрца чуе, Што ня час у шапку спаць, Грайце, песьні, хай красуе Наш загон і сенажаць!

Сваякам па гутарцэ

Шлю вам песьняй, братнім словам Здароўканьне, людзі: Не гасіце веры, што вам Жыцца лепей будзе. Вы ня зломкі, вы ня зноскі, Вы народ магучы: Ваша панства — вашы вёскі, Пан ваш — труд жывучы; Ваша слава не ў палацы, Не ў княжацкай мітры, А на роднай ніве, ў працы Карыснай, няхітрай. Вашы скарбы не ў ядвабнай Магнацкай саеце, А Ў сярмязе непавабнай, Старшай на ўсім сьвеце. Вашы рукі хоць а біты — Пясок на іх значан, Але хлеб, імі здабыты, Для ўсіх бел і смачан. Слава вашай гэткай сілы Вочы ўрагам коле, Сьведкай — сьвежыя магілы, Што сыпе няволя. Сьведкай — прадзедаў шкілеты, Курганы з кустамі, Сьведкай — песьні воклік гэты, Сьведкай — вы зь сьлязамі. Дык хай жа вас не асіле Зьверства непагоды, Распусьціце сваё крыльле, Як і ўсе народы. Рухне крыўда, праўда ўстане, Ворагаў адстраша, Будзе долі панаваньне На зямлі на нашай.

Паляці, мая мысьль

Паляці, мая мысьль, Лётам сокала I прагледзь гэты сьвет Кругом-вокала. Лётам сьветлай зары Па-над стрэхамі — Сып надзеяй жывой I пацехамі. Пей аб волі людзям Думкі цудныя, Уміляй іх жыцьця Сьцежкі трудныя. Залатыя сны ім Няхай рояцца; Няхай жаль на душы Супакоіцца. Гоняць хай ад сябе Цьмы нядольныя, І рука у руку Пойдуць вольныя. Так, ляці, эй, ляці, Мысьль свабодная! А ты міла спаткай, Зямля родная.

Рвіся, думка!

Покі старасьць неўдалая Костак з ног ня вале, Рвіся, думка маладая, Туды, вышай, далей! К таей праўдзе ненапраснай, К шчасьцю і свабодзе; Рвіся, покі будзе ясна, Покі будзе годзе! Гарапашна, непрасьветна I ў душы, і ў хаце, Стане горай непрыветна, Калі будзем
спаці.
Дык жывуча, скокам-бокам, Покі сэрца точыш, Рвіся, думка, ненарокам, — Знойдзеш, чаго хочаш! Рвіся! рвіся! дый старайся Нуду адалеці, Заглушыцца не давайся Ні за што на сьвеце.

За свабоду сваю…

За свабоду сваю Ўсёй душой пастаю; У агонь, у ваду Я за ёю пайду. Лепей сам сябе дам Пахаваці людзям, Як свабоду хаваць, Злыбядзе аддаваць. Ў сэрцы, ў думках сваіх З самых лет маладых Я яе ўзгадаваў І сваёю назваў… Гэй, ты, гэй, вецер, пей А свабодзе маей! Гэй, ты, гэй, бор, шумі, А свабодзе грымі! Гэй, ты, сонца, гары Ад зары да зары, Ланцугі распалі. Па ўсёй чыста зямлі!..

На жалейцэ

I

З шумам бораў, ясакораў, Ой, гаю, ой, гаю, На жалейцы-дабрадзейцы Думку дум зайграю. Ой, зайграю, запытаю, За што, за якое Плачуць песьні, як ня трэсьне Сэрца маладое? Ці у маці я дзіцяцей Ня быў, не хаваўся? Ці замала уздыхала, Як зь ёю прашчаўся? Ці ніколі ня меў долі У чужой хаціне, Ці я ў полі ня меў волі Пры чужой скаціне? Ці мо’ сілы, Божа мілы, Калі не хапала, Як з сахою ці з касою Ваюю, бывала?.. Ці ж то гэта, там, празь леты, Як умру з надзеяй, Мае косьці ў дзікай злосьці Вецер не разьвее? Не разьвее, не расьсее, Каб і сьлед ня ўзьняўся, То гаротны і маркотны Па сьвеце бадзяўся? Эх, жалейка-дабрадзейка, За што, за якое Плачуць песьні, як ня трэсьне Сэрца маладое?

II

Я ня пушчаю сьпяваю Песьні-казкі аб Дунаю, Хоць-та сэрца з пушчай рвецца, — А пад грушаю пахілай, Што над бацькаўскай магілай, Граю толькі на жалейцы. Я ня звон, што час нам ліча I на веча праўду кліча, Хоць-та сэрца звонам б’ецца, — А па шчасьці пахаваным, Над ракою, пад туманам Граю толькі на жалейцы. Я ня вецер вольны, спраўны, Што пяе свабодай слаўнай, Хоць-та сэрца к славе рвецца, — А ў цянётах павучыных, На расстайных пуцявінах Граю толькі на жалейцы. Не на гусьлях звонкіх баю Аб забраным недзе краю, Хоць-та сэрца к гусльям рвецца, — А на спасьвеным узгорку, Углядаючыся ў зорку, Граю толькі на жалейцы. Я ня гром, што сьветы крыша I людзям законы піша, Хоць-та сэрца громам б’ецца, — А паціху, чуць чуваці, У чужой забыты хаце, Граю толькі на жалейцы. Граю, граю і чакаю Ўсходу сонца з-за Дунаю, Калі мора ўскалыхнецца, Калі песьню, гімн вясёлы Нашым нівам, нашым сёлам Я зайграю на жалейцы.

Каб я князем быў…

Каб я князем быў ўладарным Гэтых ніў і хат, — Быў бы князем гаспадарным, Вёў бы добры лад; На пасадным мейсцы б селі Права і закон, Праўду вечную ўсе б мелі — Вечавы свой звон. Не цягнуў бы я з падданых Крыўдай соль і хлеб, — Кожны сам сабе ад рана Малаціў бы цэп. Каб я сонцам залацістым Плаваў над зямлёй, Быў бы сонейкам вячыстым Летам і зімой. Не лажыўся б на разлогі Непраглядны цень, Асьвятляў бы ўсе дарогі Ўночы і удзень. Гадаваў бы ў вечным цьвеце Поле і лугі, Распаліў бы ўсе на сьвеце Путы-ланцугі. Каб я рэчкай быў міжгорнай На зямлі маёй, Быў бы рэчкай жыватворнай Для старонкі ўсёй. Ажыўляючай крыніцай Быў бы наяву, Чыстай, шклістаю вадзіцай Змыў бы сон-траву. На засушаныя кветкі Клаўся бы расой I каціўся б праз палеткі Сьветлай паласой. Каб я птушкай быў крылатай, Пець і лётаць мог, Быў бы птушкай незаклятай, Па расе ня сох. Груганом бы я ня крумкаў, Не наводзіў сьлёз, А на крыльлях нашу думку Да Бога б панёс. Крыўду-ведзьму нашых межаў Беднату і цьму, — Ўсё б папраўдзе, як належа, Вылічыў яму…

Песьня сонцу

Вольным гоманам хвоек высокіх, Туманамі санлівых нізін, Казкай векаў блізкіх і далёкіх Клічам, сонца, цябе як адзін! Распусьці залацістыя косы, Схаладзелы загон ацяплі, Аквяці лугавыя пакосы, Ўсходы новыя сей на зямлі. Зь непатульнай, пакорнай зямліцай Заручыся, шлюб вечны вазьмі, Разьлівайся люстранай крыніцай Між даламі, гарамі, людзьмі… Рассыпайся па сёлах, па нівах Брыльяньцістай ажыўчай расой; У вясёлках купайся цьвятлівых, Ласкай сэрца, душу супакой… Як у сьвята купальскае, сонца, Свой жывы абнаўляеш паглёд, Аднаві славу нашай старонцы, Аднаві яе сумны народ! Хай нам явары вечныя думы, Думы-байкі шасьцяць, шалясьцяць, І нясуцца хай гэтыя шумы, Па бел-сьвету ляцяць, хай ляцяць!.. Дык глянь з хорамаў вольных, высокіх Да крывіцкіх туманных нізін… Казкай векаў блізкіх і далёкіх Клічам, сонца, цябе як адзін!
Комментарии: