Слова сапраўднага лад
Шрифт:
І ён заканчвае думку такім характэрным, брылёўскім: «Цярпі, казак,— калі і не будзеш атаманам, дык застанешся казаком».
І ён паказаў у рамане тое, што ў нашай літаратуры, а мабыць, і ў літаратуры ўвогуле, было яшчэ белай плямай. Беларус, салдат польскай арміі ў нямецкім, фашысцкім палоне ў 39-м — 40-я гады. У той Германіі, якая яшчэ не стварыла Асвенцімаў і Бухенвальдаў, не пакінула за сабой тысячы спаленых Хатыняў, але ў якой былі ўжо гестапа, СС, былі дастаткова затлумленыя галовы бюргераў: «Мы змагаемся за наш хлеб! Нам патрэбна жыццёвая прастора!..» Яны ўжо прызвычаіліся да прыемнай думкі пра «вялікую» Германію. Нават дабрадушна-тупаватая гаспадыня палоннага Алеся Руневіча і тая павучальна даводзіць: «Ну, а чаму ж вы не аддавалі
Праўда, гэта яшчэ той час, калі гітлераўскія палітыкі, канцэнтруючы пакуль што сілы па Захадзе, заключаюць пагадненне аб ненападзенні з Савецкім Саюзам. І маса бюргераў і баўэраў, пакуль гебельсаўская прапаганда замоўчвае пра ўсходняга суседа, насцярожана і нават на ўсякі выпадак з адноснай доляй людскасці ставіцца да ваеннапалонных з тэрыторыі таямнічага Руслянду. Вайна з Савецкім Саюзам пачынаецца пазней, калі Алесь Руневіч і яго землякі былі ўжо два гады ў палоне. Гэта Германія напярэдадні вайны з Савецкім Саюзам, той тылавы, не вядомы нам фашызм, які набіраў сілу, распаўсюджваў ідэі генацыду з хуткасцю чумы. Гэта «позірк на немца, які прыйшоў на нашу зямлю, і позірк на яго ў яго краіне, у яго дома...» («Трохі пра вечнае»).
Вельмі важна, што ў рамане Брыля паказаны не толькі фашысцкія вылюдкі, але і нямецкі народ. Мы ведаем творы нямецкіх пісьменнікаў пра гэты час, але ў героя рамана і самога празаіка ёсць і ўспрыманне чалавека з іншай краіны, і адносіны асобы, якая хінулася да ідэй сацыялізма, прагна імкнулася да рускай культуры, марыла пра вяртанне ў новую, Савецкую Беларусь.
Алесь Руневіч таварышуе з сумленным, але палахлівым немцам Ракавым, наймітам, у якога «колькі бунту ў душы, столькі і пуду ў нагах». Ракаў, застаўшыся ўдвух з беларускім хлопцам, з даверам гаворыць яму: «Вось што такое вайна. Мы ведаем, чаму яна трэба. Золата, хлопча, золата — над усім...»
Далёка да захаплення фюрэрам і салдату Ота Шмітке, у якога дачку забралі ў служанкі да нацы Грубэра. Бачыце, Марыхен на іх сем моргенаў «лішняя рабочая сіла». Каб быў Шмітке партайгеносэ, гэтага Грубэра і аднавяскоўца свайго Грасмана, «які і спаў, здаецца, у сваёй эсаманскай форме», то яго Марыхен магла б вучыцца.
Яму, Шмітке, чалавеку працы, з цвярозым розумам і здаровым сумленнем, зусім не да фашысцкай балбатні і ўсяго, што з яе вынікае. Хай бы яны самі ішлі ваяваць. «Хто ж яе заварыў, гэтую кашу?» Хай самі і расхлёбвалі б.
Ужо і сваіх суайчыннікаў нефашыстаў нацысты «вучаць працаваць», як Марыхен. Фашызм набірае сілу. Дзейнічае закон «пра абсалютнае захаванне расавай чысціні і арыйскага гонару нямецкіх жанчын». Ужо і сын баўэраў Курт апрануў форму гітлерюгенда, а маленькая Крыстэль уключыла ў свой рэпертуар, акрамя наіўных песенек, «патрыятычныя» «Геген Энглянд» і «Маршырэн вір ін франкрайх айн».
У рамане праходзіць цэлая чарада немцаў: суседзі Алеся Руневіча ў доме Грубэра, манікюрша з Берліна ў цягніку, сямейства баўэраў, у якіх працуе Руневіч, проста прахожыя, прадаўцы, салдаты, рабочыя. І сярод іх тая цудоўная немка, якая падчас уцёкаў з палону Руневіча і Бутрыма накорміць іх і адагрэе душу прыказкай: «Увесь свет — адзін дом».
У рамане Брыля ёсць і змрочная чародка маленькіх «фюрэраў», што яшчэ не засвоілі галоўны занятак масавага вынішчэння «гомо сапіенс», але ўжо з фашысцкай бяздушнасцю і нямецкай акуратнасцю практыкуюцца ў здзеках, як, скажам, той жа Шранк, «звышчалавек у званні старшага ўнтэра» і «нечалавек па прафесіі».
«Прафесія» гэта становіцца самай пачэснай у Германіі, становіцца на вачах у Алеся Руневіча, як і «прызванне» даносчыка. Усюды вушы і вочы абывацеляў, гатовых паслужыць фюрэру. Руневіч добра зведаў гэта — і ў шталагу, і пры першых уцёках, калі яго і таварыша выдала лагодненькая фраў. На кожным кроку ён сустракаецца з тупой абывацельскай адданасцю фашызму. І свядомасць, выхаваная на ідэях гуманізму і філасофскіх
высновах Талстога, усё больш адыходзіць ад уяўленняў аб абстрактным агульначалавечым братэрстве да разумення актыўнай барацьбы, што дапамагло Рупевічу пазней, пасля ўцёкаў з палону, стаць партызанам.З ваеннапалонных шматнацыянальнага лагера Брыль выдзяляе землякоў Руневіча, з імі той выношвае няспраўджаную ідэю атрымаць савецкае падданства і вярнуцца ў Савецкую Беларусь, пазней плануе і здзяйсняе ўцёкі.
Другіх ваеннапалонных празаік падае ў групавых, абагуленых партрэтах, пададзеных скупым, але дакладным абрысам: «Сыны Альбіёна трымаліся з ворагам горда». Часам дадае вельмі трапныя дэталі: нейкі вельмі прадпрымальны француз «вёў з сабой на повадзе карміцельку-казу...»
Брыль праз успрыняцце Алеся Руневіча паказвае няпростае стаўленне да падзей беларусаў, рэкрутаваных у армію Пілсудскага: «Польскім салдатам ён сябе не адчуваў, як і ўсе яны, беларусы».
Трагедыя польскага народа — адна з самых цяжкіх старонак другой сусветнай вайны. З адлегласці часу пісьменніку асабліва добра відзён фальшывы пафас буржуазных улад, якія ўсчынялі такую прапагандысцкую мітусню, што яна «то шугала да нябёс гісторыі саламяным полымем самаўпэўненасці і надзеі на англа-французскіх саюзнікаў, то асядала горкім попелам адчаю і спадзяванняў толькі на волю калісьці ласкавага да Польшчы пана бога».
Раман «Птушкі і гнёзды» шматслойны, шматпланавы. Пісьменнік імкнецца паказаць той свет, што ўплывае на станаўленне героя. У рамане ўвесь час галоўная лінія перабіваецца ўспамінамі Алеся Рупевіча, успамінамі пра дом, маленства, якія ва ўсіх, мабыць, бываюць трохі ідылічнымі, а тым больш калі гэта ўспаміны пра мірнае жыццё. Але гэта сюжэтная лінія неабходная для разумення духоўнага свету героя, для разумення яго чалавечай сутнасці.
Гістарычны момант, адлюстраваны ў рамане, надзвычай ускладнены ў дачыненні да многіх краін. Няпростая гісторыя і ў таго геаграфічнага раёна, з якога паходзіў Алесь Руневіч. І выбар яго лініі паводзін няпросты, тым больш што Руневіч, чалавек сумлення і непасрэднага пачуцця, хоча спасцігнуць ісціну і як вышэйшую сутнасць ідэалогіі і спасцігае нарэшце — шляхам той суровай эмпірыкі, якая называецца партызанскай вайной.
Раман «Птушкі і гнёзды» адкрыў сваю старонку Вялікай Айчыннай вайны. А праз нейкі час пісьменнік разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам робіць тое, што нельга назваць літаратурным вопытам. Яны выслухалі, сабралі, запісалі жудасныя ўспаміны ацалелых жыхароў спаленых беларускіх вёсак і выдалі іх у кнізе «Я — з вогненнай вёскі...».
Калі Алесь Адамовіч па-мастацку і па-філасофску пераасэнсаваў потым гэты балючы матэрыял, стварыўшы «Хатынскую аповесць» і «Карнікаў», дык Янка Брыль, як быццам напомніўшы ўсім пра незгасальную якасць народа, які столькі выпакутаваў, напісаў твор жывы, яркі, задзірысты. Пра неўміручы, як само жыццё, гумар, здольнасць да жарту, да байкі, пацвельвання. І папісаў аповесць «Ніжнія Байдуны», стварыўшы незабыўныя вясковыя тыпы. Адчулася добра і творча ўспрынятая фальклорная і літаратурная традыцыя, якая ўсходзіць да Гогаля і Рамана Ралана з яго «Кала Бруньёнам», Шолахава з яго дзедам Шчукаром. Зноў жа — улічваючы, а не абапіраючыся па гэтую традыцыю.
Дзядзькі з Ніжніх Байдуноў фантазёры, выдумшчыкі, нястомныя, але бяскрыўдныя хлусы. Каб не іх гісторыі ды байкі — якая ж шэрая нудота была б у свеце. Без гэтага галёкання байдуноў. Гумар іх, то праўда, пякучы, як самасад, на моцнае здароўе душы і хваткі розум разлічаны.
Вось як красамоўна маніць, «успамінаючы» сваё адэскае жыццё, Захар Качка, адзін з галоўных байдуноў у вёсцы: «Дай бог памяць, кажацца, у адна тысяча дзевяцьсот дзевятым. Праязджаў генерал-губернатар Таўрычаскага края... (замінка) некто Крэставаздвіжэнскі Пётр Філімонавіч. Па Дзярыбасаўскай — перакувырку тваю!.. І я стаю па крыльца свайго тракціра «Белая акацыя». А ён прыдзяржаў рысакоў ды гукае з талпы народа: «Захар Іванавіч! Качко! Дружышча!..»