Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Слова сапраўднага лад
Шрифт:
Паляшук — народ рахманы, Слоў не купіш за пятак. Лес тралююць. Пах смаляны. За сялом вішчыць тартак. «На тралёўцы лесу»

Паэтэса тут жа некалькімі словамі зробіць замалёвачку, жанравую сцэнку, і — на некалькі штрыхоў — эскізны, але кідкі партрэцік: «Ох, і злыя ў дзядзькі кепікі!) Але весела глядзіць. /Вока ворана з-пад кепкі:/ «Прошу, пані, не хадзіць».

Яўгенія Янішчыц уважлівая да вякамі асвечанай працы сялянскай, рытуальных «дзействаў», без якіх не абыходзіцца ні адзін вясковы год. Сяўба, жніво, шаткаванне капусты, нарыхтоўка дроў... Традыцыйнае, спрадвечнае... І заўсёды новае — працай рук, добрым святам створанага і зробленага. І тым святлом фарбаў і музыкай гукаў, якую

можа пабачыць і пачуць — паэт. «Сем кастроў нарыхтаваных дроў/ На гумне бяростай белай свецяць»,— скажа Яўгенія Янішчыц. І не проста будзённа заўважыць: «Ты косіш сена, колеш дровы», але ўрачыста адзначыць: «і светла молішся зямлі». А яшчэ абавязкова паспрабуе ўлавіць шматслойную дынаміку жыцця, лёгкімі, амаль бязважкімі, празрыстымі мазкамі назначыць настрой дня:

Яшчэ тут непакояцца пра дровы, Пра сена. І салому на гумне. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Смалою пахне рэдкі вугал зруба І мальвамі — суседская мяжа. З напаўпустога шлакавага клуба Даносіцца пласцінкі бабскі жаль. Змываецца наліплы ліст альховы, Руды пылок вішнёвае кары, Найшла раса на камень двухбаковы, І не шалохне зорка угары. «Пейзаж з пласцінкай»

У вершах Яўгеніі Янішчыц адчуваецца нейкая асобая лірычнасць, шчымлівая наструненасць пачуццяў, парывістасць. Але ёй неўласцівыя голасныя нястрыманасць, кіпучы напор, суцэльная святочнасць. Яна заўсёды пазначыць нюансы, лёгка, ледзь прыкметна мяняючы інтанацыю, не спакушаючыся версіфікацыйнай параднасцю, якой смелай навацыяй — усё з арсеналу традыцыйнага, выпрабаванага. Паэтэса настойвае на натуральнай ёмістасці звычайнага слова, якому дадзена выявіць радасць і тугу, надзею і безнадзейнасць.

Слоў не трэба. Варажба Ўся вачыма сказана. Будзе вечная журба Да мяне прывязана. Дагукаюся ў бары — Заначую з зорамі. Чарацінкай на вятры Музыка азёрная. І густыя туманы, І бярозак мроіва, І Вясна, што без віны Маё сэрца кроіла. І каляны лёд каляд З кудасой лахматаю. ...І прымоўклы шчыры сад Над сасновай хатаю. «Слоў не трэба...»

Наўмысна прыводжу верш амаль цалкам. Можна знайсці ў яе больш эфектныя, больш, магчыма, удалыя, але тут можна адчуць танальнасць лірыкі паэтэсы, адну з найбольш вызначальных асаблівасцей яе творчага почырку. Адну з вызначальных. Бо яна бывае вельмі розная. І такая вось — гарэзлівая, зухаватая:

Назбірала мех грахоў Ды ў расу абулася. Колькі зведала шляхоў — Гэтак мне не чулася. Паўнагрудая кума Празвініць абцасамі. Тут прыдумай нездарма Танец з выхілясамі. Рукавочкам — да рукі, Паяском — да пояса. З вамі разам, землякі, І ў зямлі не боязна! «Добры вечар, землякі!»

Здараецца, разгубленая і пяшчотна-безабаронная:

І ападзе, як яблык, мне на рукі Любві найшчодры, найкароткі дар. З такою ласкай і з такою мукай Я Вам гляджу прыветліва у твар. «Я Вам гляджу прыветліва у твар»

Прыходзіць час — строгая, па-грамадзянску мужная:

Зямля-Калыска: песні і жыты, Няўжо вар'ят цябе са свету спіша? О, немагчыма уявіць, што
ты
Апошняе дзіця сваё калышаш.
«Пакіньце цішу вуснам і вачам...»

Яўгеніі Янішчыц вельмі дарагія старонкі сваёй, беларускай, гісторыі і гісторыі блізкіх і далёкіх суседзяў. «Ялта — 1917», «Ружы Купалы», «У вянок Лесі Украінкі», «Лістапад. Пётр Ільіч Чайкоўскі», «Гамаюн на Палессі», «На месцы дуэлі Лермантава»... Старонкі найбольш літаратурнай гісторыі, дзе «адменнай ніткай вышыт час» і нават «над смутаю жыццёвай прозы» «душа адкрыта/ Для буры і для зор».

Кніга, мабыць, нездарма называецца — «Пара любові і жалю». Паэтэса лічыць абавязкова патрэбным сказаць сваё слова любові тым, хто ўжо стаў літаратурнай гісторыяй, тым, хто не так даўно меціў сваім заклапочаным словам Кнігу Паэзіі і тым, хто ёсць сёння — творчым настаўнікам, сябрам, паплечнікам. У кнізе шмат прысвячэнняў — здаецца, нават замнога. Паэтэса як быццам баіцца абысці каго сваёй увагай. Абавязкова — верш. Абавязкова — з прысвячэннем. Пімену Панчанку, Яну Скрыгану, Анатолю Вялюгіну, Веры Палтаран... Яшчэ імёны, імёны... Паэтэса імкнецца згадаць кожны творчы адрас, за якім вось хаця б такі чалавек, што некалі «вачыма абагрэў,/ Як песняй незалечнаю». Ды і фарбы яе паэтычных даляглядаў такія залежныя не толькі ад колеру палескіх нябёсаў, але і ад шчадраты палотнаў беларускіх мастакоў: «...Пайду пазычу неба ў Шчамялёва,/ Яно ў яго блакітнае якраз».

Пара любові і жалю. Невыпадковае спалучэнне. Паэтэса ўвесь час трымае ў памяці, што свет эмпірычнай рэчаіснасці ў святочнасці і светлаце сваёй мае і трагічную антытэзу, што радасці не тое каб прадвызначана ператварыцца ў тугу, але паўната жыцця заўсёды нясе ў сабе шчасце і смутак, свята і клопаты, радаснае і трагічнае. Як ужо згадвалася, паэтэса пазбягае патэтычнага красамоўства, але ў эмоцыях яе лірычнай гераіні адчуваецца ўнутраная напружанасць, глыбокае пачуццё, якое, аднак, не вырываецца стыхійным вогнішчам страсці. Радкі стрымана і цнатліва гавораць пра драму лірычнай гераіні. Драму жанчыны, якая многае выверыла жыццём, многае выпакутавала: «Так рабіна панікла пад ліўнем,/ Так закута дарожка ў кілім»; многае зразумела і асэнсавала: «Я чакаю цябе не ў наіўным,—/ Тумановым, ружовым, былым». А не зняверылася: «Я чакаю цябе, як дагэтуль —/ Самых мужных і верных з вайны». Хаця для асаблівай радасці не так многа падстаў: «Прыходзіць позна лепшая любоў,/ Як за пакуты горкія адплата». Аднак зноў па тым жа законе жыцця, калі ўсё мае свой адваротны бок, які адпавядае сутнасці і духу самога быцця, адпаведна «пачуццяў дыялектыкі» — «хай лепшаму навучыць/ Раздвоенасць,/ Расслоенасць,/ Расплаўленасць душы».

Здавалася б, самы выпадак для інфернальнага разгулу стыхій. Ажно паэтэса толькі тужліва асветліцца здагадкай:

А мы маглі б сустрэцца і раней... Ты не аклікнуў. Я — не пагукала. Дык не здзіўляйся шчаснай немаце, Балючаму і дрогкаму пагляду. Так зрэдку ўвосень яблыня цвіце Наперакор слаце і лістападу. «Баюся я нявыказаных слоў...»

Гераіня лірыкі Яўгеніі Янішчыц, паэтэса, падкрэслівае: «баюся нявыказаных слоў».

Ратуе лірычную гераіню Я. Янішчыц ва ўсіх скрухах жыццёвых, асабістых крыўдах і нягодах слова народнае, галоўны набытак жыцця паэтэсы — яе высокі занятак, творчасць. («Ці шлях занясло кудасою...»)

Спаслаў жа шчаслівую муку Мне лёс над паперай карпець. Без крыўды ўспрымаю разлуку, Агонь спасылаю на смерць!

Нават калі раптам узбунтуецца першароднае жаночае «я» лірычнай гераіні: «Не трэба кахаць мяне за рамяство,/ Перш-наперш я проста жанчына» і чыста па-жаночы яна паскардзіцца — «Як цяжка мне гордую голаў насіць/ У горкім сутонні самоты!», дык праз некалькі старонак годна ўспомніць пра сваю творчую існасць: «Адкуль ты ўзяў, што я цяпер сумую?/ Мне ў самы раз над песняй шчыраваць».

У кнізе ўвогуле роздум над лёсам творцы, над лёсам паэзіі, над нялёгкім, а і шчасным дарам жанчыны-паэта займае асобае, і немалое, месца. І ідзе, далучаючыся да той агульнай творчай лініі, якой цвёрда трымаецца паэтэса: «Паэзія — яна не знае тлену,/ Калі ў душы ёсць прыгаршчы святла». А Яўгенія Янішчыц па-свойму пабачыць належнасць да высокага цэха паэзіі, вызначыць прыкметы: «У паэтэс лірычнае адзенне,/ Яно ў радках з заранак і аблог». І падкрэсліць мяжу, што аддзяляе гэтую кнігу, сённяшні яе творчы час ад нядаўняга: «Саманаіў расстайнай маладосці/ Агнём па сэрцы выпіша радкі», «І змые час дурных здзіўленняў пену,/ І пачуццё абвугліцца датла».

Поделиться с друзьями: