Слова сапраўднага лад
Шрифт:
Або:
Цябе ніколі не было, Аднойчы я цябе прыдумаў. Любові запаліў святло Над цёмным непарушным сумам. «Жанчына з мары»У адным, не вельмі ўцямным артыкуле мне давялося не так даўно прачытаць, што справа не ў цытацыі: што там паэта паўтараць, я вам усё за яго растлумачу. Мне здаецца, уласцівасць сапраўднай паэзіі ў тым, што яе хочацца чытаць, перачытваць, чытаць другім:
Няўжо сплыве абеленая даль І шэрань зноў дарогі мне пяройдзе? РазмыеДыяпазон творчага бачання паэта дастаткова шырокі, хаця калі зрабіць спробу накладваць нейкі тэматычны трафарэт, дык многае можа апынуцца па-за межамі, інтарэсаў Леаніда Галубовіча. А ўвогуле — ці трэба праштэмпелёўваць вершы такім чынам — не асвятліў, не распрацаваў. Затое паэт імкнецца ісці ў глыбіню з'яў, не абыходзіцца слоўным праменадам. Праўда, часам адкрытасць эмоцый абарочваецца відавочнай фрондай. «Я ў непагадзь акно сваё раскрылю./ Быць не хачу раздзеленым мяжой./ Хачу істотай адчуваць стыхію...» — натуральнае парыванне. Але заключны радок чатырохрадкоўя — «хачу пажыць з расхлістанай душой» — не пакідае адчування першапачатковай натуральнасці. Відавочны надрыў. Не тое каб хацелася абавязкова зашпіліць душу лірычнага героя На ўсе гузікі і зрабіць яго эталонна-стэрыльным. Проста няма неабходнасці ў гэтай расхрыстанасці духоўнай для ўспрыняцця таго, што далей прапануецца лірычнаму герою: «Хачу падыхаць зорнымі вятрамі,/ Сузор'яў іншых вымыцца дажджом...» Хаця, чытаючы верш далей — «Сусвет вялікі пазнаём вякамі,/ а самі тайнай для другіх жывём»,— пачынаеш разумець, што ў тым, эпатажным, «з расхлістанай душой» — былі і горыч, і выклік. Таму што ва ўсім Сусвеце «у кожнага, на жаль, свае кругі». Гэты радок выклікае нязгоду яшчэ і з той прычыны, што паэт не так каб элегічны, але напружанасць пачуцця і думкі звычайна ў яго не пераходзяць у нагнятанне эмоцый.
Ёсць у кнізе вяртанне да самога сябе, самапаўторы. Здараецца і такое: увайшоўшае ў творчы абыходак слова так падабаецца сваёй семантычнай аб'ёмнасцю паэту, што ён спяшаецца ўжыць яго і там, дзе ў гэтым няма ніякай патрэбы, напрыклад, да дзяцей герой верша «Люблю дзяцей гуллівае грамадства...» звяртаецца такім высокім слогам: «Ліжыце солад юнага быцця» (ён пачаставаў іх цукеркамі). Але — гэта прыватнае. А ў літаратуры беларускай заявіў пра сябе сапраўдны паэт. Якому зараз будзе складана працягваць свой шлях. Адказнасць поспеху — ношка нялёгкая. І ад другой яго кнігі ўсе будуць чакаць многага. Хаця ўсе разумеюць, што ў творчасці дыяграмы росту па ўзыходзячай — немагчымы. Творчы лёс складваецца па-рознаму, і я не буду нічога ні ўгадваць, ні прадракаць. Гэта занятак пусты. Не пустое — вершы, што ўжо існуюць. Леанід Галубовіч быў удзельнікам нарады маладых у Маскве. Мабыць, будзе ў яго магчымасць вучыцца і самаўдасканальвацца. Ёсць галоўнае. Харошая кніга. А сам Галубовіч піша: «Пазнаўшы пачатак — не знаем канца...» Ёсць у яго «спадзяванне светлае такое...».
Кніга ў Хрысціны Лялько першая. «Дарога пад гару». Але аўтарку ўжо ведаюць і чытачы, і прафесійныя літаратары. А да кніжкі апавяданняў дадаў зацікаўленае слова такі патрабавальны і строгі пісьменнік, як Ян Скрыган. І не выпадкова.
Хрысціна Лялько многіх парадавала ўпэўненасцю і майстравітасцю пісьма. Пластычнасцю яго. Пазначанай аўтарскай пазіцыяй. Узгодненасцю з той літаратурнай традыцыяй, што мае на ўвазе пашану да ўсяго жывога на зямлі — чалавека, жывёлы, птушкі, расліны.
Зусім не збіраюся хуценька падсаджваць маладую пісьменніцу на які прыдатны пагорак Парнаса, але мушу пазначыць, што даступныя ёй найдалікатнейшыя нюансы псіхалагічнага малюнка. «Касцы», «Бярэзнік на загонах», «Мурза», «Лёгкі хлеб»...
Хрысціна Лялько прытрымліваецца ў асноўным традыцыйнай манеры пісьма, больш трымаючыся да таго ж сюжэта някідкага, але такога, што дае магчымасць заглянуць у душу чалавека, у сітуацыі не толькі экстрэмальнай, а звычайнай, будзённай. Сітуацыі будзённыя, падзеі не ўсяленскага маштабу, але з іх пачынаецца, імі пазначаецца чалавек.
У апавяданні «Касцы» таксама нічога незвычайнага не адбываецца. Дзень харошы, усё на зямлі сваім парадкам ідзе. Людзі назапашваюць сена, траву косяць, «...выспелыя травы гінуць, каб даць месца новым», качка пільнуе качанят, «марна стараючыся суняць» іх «радаснае, нецярпліва-маладое крэканне». Не ідылія, не пастараль — нармальны дзень на летняй зямлі. Кожны сваю справу робіць.
І вось тую качку з вывадкам заўважае адзін з касцоў — Вінцусь. Аказвае сваю натуру — ляціць, як зроду мяса не еўшы, за малымі бездапаможнымі качанятамі. Бухаецца ў балотную твань, ледзь ухоплівае аднаго, слабенечкага. І драпежная яго дурнота, менавіта дурнота (бо да сезону палявання яшчэ далёка, і колькі там наедку з качанят) уся на паверхні: «У суботу швагра прывязу. У яго двустволачка і ганчак ёсць».
Апавяданне невялікае — сем старонак, а характары акрэслены хораша, асабліва Ясь і Вінцусь. У словах малады празаік ашчадна, гаспадарліва адбірае толькі тое, што ёй канкрэтна спатрэбіцца ў апавяданні. Яна дае нам адчуць хараство летняга дня, але сродкамі скупымі, прадуманымі. Тут лёгка было спакусіцца нават не прыгоствамі стылю, але добрым веданнем матэрыі і параскашавацца словам, апісваючы тыя мурагі. Хрысціна ж Лялько ўвесь час трымае пад увагай, што гаворка пра людзей, якія не на пікнік выбраліся і настрой у іх адпаведны. Яны працуюць. Разумеюць і цэняць прыгажосць, калі мець на ўвазе галоўнага героя, Яся, але не сузіральна — ах, як хораша! ах, якое паветра! Ясь — натура тонкая, зварушлівая. Аднак усё, што вакол яго,— не ваблівы антураж, не повад для любавання, а зямля, з якой ён адчувае сваю еднасць і ў красе яе і ў работнай повязі з ёю. Для яго паняцце «зямля-карміцелька» не адстароненае. Таму так коратка скажацца ў апавяданні: «цнатлівае хараство наваколля». І мы ўявім сабе гэтую росную свежасць — недзе а чацвёрдай
гадзіне раніцы — толькі што народжаны дзень. Зразумеем, як працінае Ясеву душу «адчуванне імгненнасці гэтае прыгажосці»: пад касой нікне свежае жывое хараство — які «букет» кветак і траў! Аднак ён тут жа па-сялянску цвяроза разважыць: «...так на Зямлі ад веку, такі непарушны закон існасці ўсяго жывога на свеце». Закон існасці — трохі высакавата для вяскоўца Яся, але пісьменніца мае права ва ўскосным маналогу так высловіць тое, што адчувае Ясь. А вось гэтае непадробнае, так бачыць зямлю касец, працаўнік: «Пакорліва паддаваліся, падалі ружовыя, трапяткія маланкі, падатліва-мякка слаўся ў пракос духмяны, у зялёных, што маладыя гуркі, стручках аер, купчаста клалася густая, як сцягнуць касою, балаціна, пахла свежаю рыбаю, рачным глеем, водарасцямі».Зноў жа не будзе Хрысціна Лялько карункі-вышыванкі плесці ў «Бярэзніку на загонах». Некалькімі штрыхамі акрэсліць, што жывіла столькі гадоў душу Сцяпана і яго жонкі — бярэзнічак-самасей: «Забелаў бярэзнік пачынаўся адразу за хатаю. Малады, выносны, цягнуў светлаю шырокаю палосаю ўніз, да невялічкага, абмялелага лужка і ўжо там, у самай нізіне, прападаў, саступаючы месца цубкаму, радкаватаму ў лазе, алешніку».
Не выпадкова пачынаю гаворку з таго, як створаны апавяданні Хрысціны Лялько. Апавяданні, як ужо згадвалася, не вылучаюцца ні своеасаблівасцю тэматыкі, ні значнасцю сюжэтаў, ні незвычайнымі героямі. Нешта падобнае мы зможам заўсёды знайсці. Скажам, літаратурны генезіс таго ж «Бярэзніка на загонах» можна цягнуць ледзь не да някрасаўскага «Плакала Маша, как лес вырубали...». А ў «Мурзы» знайсці папярэднікаў ад тургенеўскага «Муму» да «Белага Біма чорнае вуха». Г. Траяпольскага ці апавяданняў Карамазава. Але Хрысціна Лялько ў лепшых сваіх апавяданнях зрабіла тое, што робіць у такіх выпадках мастак,— сказала па-свойму. А тэма дабраты, тэма людскасці ў адносінах да ўсяго, што ёсць на зямлі,— яна ж ніколі не вычарпае сябе. Тым больш што ў сённяшнім свеце прыватная тэма: згуба бярэзніку або браканьерства набывае — вяду гаворку пра гэта без іроніі — відавочную сацыяльную афарбоўку: экалогія, ахова асяроддзя. Ды і маральныя вартасці кожнага чалавека — яны таксама заўсёды сацыяльную падаплёку маюць. Драпежныя інстынкты Вінцуся з «Касцоў» або Гэнькі з «Бярэзніка на загонах», што ніяк не ўсцешыцца палівам («на гадоў дзесяць бярозавых назапасіў») — яны ж умомант больш адказны азавуцца. І, мабыць, наўрад ці паспагадае людзям чалавек, які вырашыў забіць сабаку, што ўсё жыццё верна служыў свайму гаспадару («Мурза»).
Гэтае апавяданне таксама напісана проста і строга. Без сюсюкання. Без сентыментальнага найгрышу. З адчуваннем псіхалогіі чалавека і жывой істоты, што прайшла шматвекавы шлях побач з чалавекам. Гэта і трагедыя безабароннасці, «брата меншага», і трагедыя старасці, і безнадзейны бунт асуджанага. Перададзена ўсё з горыччу, болем, хаця Хрысціна Лялько прытрымліваецца больш манеры аб'ектывізаванага паказу, свае адносіны да таго, што адбываецца, яна выяўляе толькі праз дзеянне і характары. Цікавіць яе сфера маральнага працэсу. Яна і звяртаецца з гэтымі пытаннямі да сябе і другіх. У асноўным не выходзячы за межы так званай сялянскай тэмы, трывала і ўстойліва пачуваючы сябе тут. І ў самую манеру пісьма ўкладваючы гэтую натуральную паўнаважкасць, нават цяжкаважнасць, відавочна паказваючы схільнасць да эпічнасці нават на малой прасторы апавядання. Устойлівая традыцыйнасць. Адзіны адыход ад лагічна-храналагічнага парадку падачы матэрыялу — часавая інверсія, рэтраспекцыя («Груган», «Марцэля», «Пах мурагу», «Цыба», «Фэлькавы яблыкі»). Яна ўмее даць нейкі штрышок, дэталь, што надае свежасць не так каб адкрыцця, але знаходкі. Вось у «Фэлькавых яблыках» — усё як быццам знаёмае па іншых літаратурных варыянтах. Муж і жонка. Прайшлі век, дзяцей пагадавалі. І засталіся чужыя. Мроіцца яму дагэтуль любая Юлька. Некалі ім, бедакам, некалькіх злотых не хапіла, каб аддаць пробашчу за вянчанне. Так і засталіся кожны сам па сабе. Недзе замужам у горадзе Юлька. Жыве свой век з непрыгожай, але некалі багатай Ганцяй Фэлька. І хаця зараз, пры Савецкай уладзе, не тое што пры панах, і пасаг той непатрэбны, і сваіх грошай у Фэлькі хапае, ажно жыцця не зменіш. І вязе Фэлька кожнага разу ў горад на кірмаш адмысловы кошык, поўны залатых ранэтаў,— раптам на базары Юлька трапіцца. Некалі ж марылі яны пра свой сад — і ў ім яблыня «залаты ранэт».
Гэтыя дэталі, штрышкі даюць жывое дыханне твору. Хаця і сюжэтны ход, і характары нам нібыта знаёмыя. А вось калі чытаеш апавяданні «Груган», «Марцэля», «За ноччу раніца», «Цыба», адчуванне варыянтнасці не знікае. Хаця «Цыба» і «Марцэля» зроблены на добрым прафесійным узроўні. Ну, а ў апавяданні «За ноччу раніца», мабыць, густата сказаў чыста публіцыстычнага, ці нават хутчэй, інфармацыйнага, кшталту зрабіла фактуру твора панцырна-жорсткай, цяжка прабіцца да мастацкага слова праз цвёрдую заслону такога пісьма: «Чакалі, пакуль падсунецца бліжэй шчыльны ланцуг гітлераўцаў. Трэба было затрымаць іх хоць на нейкі час. Але што, што яны маглі супраць такой навалы?» Або: «У адно імгненне ён усхапіўся на ногі, і, то падаючы, то зноў узнімаючыся, кінуўся прэч, ад гэтага каменя, ад гэтай страшнай, варожай лавіны». Ёсць і такое практыкаванне: «Ноч, пасвятлелымі на золаку вачыма, угледзела...»
Лягчэй за ўсё было б палічыць гэта выдаткамі тэмы: не ведае аўтар матэрыялу, героі — людзі, што перанеслі вайну, у добрых гадах, ды і сам па сабе сюжэт вытокамі сваімі ідзе да той пары, да тых трагічных калізій, якія пісьменніцы вядомыя толькі па расказанаму другімі. Але ж і ў «Бярэзніку на загонах», і ў «Светлай руні», і ў «Фэлькавых яблыках» галоўныя персанажы — людзі такога ж веку.
У апавяданні «Лёгкі хлеб» — таксама. А мастацкі эфект зусім інакшы.
Дарэчы, гэтае апавяданне, «Лёгкі хлеб», усім сваім ладам выбіваецца з агульнага строю, робячы больш размаітай танальнасць кнігі. Усё сур'ёзныя, разважлівыя, добрыя і злосныя, але без дзівацкіх захвыцэнняў людзі, і раптам зухаватая, задзірыстая Гэлька. «Чудзік» у спадніцы. Шукшынскі або дудараўскі сюжэт, і зроблена яно хвацка. З цудоўным адчуваннем трагікамічнай сітуацыі. У гадах ужо, самотная жанчына набыла сабе гармонік. Траха каб пацвельвацца з аднавяскоўцамі («Гэта ж во, за адно вяселле, любкі мае, сотні паўтары заграбеш. Месяц на кароўніку таптацца трэба»), траха каб жыццю свайму, небагатаму на акрасу, даць нейкую розрыўку, а то «пражывеш во так, як на свінні праедзеш», траха каб маладосць сваю згадаць. А галоўнае, каб загучала тая галоўная, патаемная мелодыя яе душы, якой жыла яна ўсе гады, і каб пачуў яе Антось, каго Гэлька кахае ўсё жыццё.