Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Споведзь Тэадзюля Сабо (на белорусском языке)
Шрифт:

– У... у спавядальнi.

– У... той шафе, там у куце? Ведаеце... усё ў тым, што... ваша шафа не па мне.

– Чаму гэта?

– Таму... таму, што мне гэта нязвычна, i таму, што я глухаваты.

Плябан аказаўся згодлiвы:

– Добра! Тады прыходзьце да мяне, у мой пакой. Мы зробiм гэта ўдвух, сам-насам. Згода?

– Вось цяпер згода, а ў вашу шафу - нiзашто.

– Дык да заўтра, па рабоце, а шостай.

– Па руках, лады на тры гады, пане дабрадзею, да заўтрага. Хто перадумае

слiняк!

I ён падаў сваю вялiкую шурпатую руку, па якой плябан гучна пляснуў сваёй.

Пляск падляцеў пад скляпенне i сцiхнуў дзесьцi высока за арганнымi трубамi.

Увесь наступны дзень Тэадзюль Сабо непакоiўся. Ён адчуваў сябе гэтак жа пагана, як чалавек, якому будуць рваць зуб. У галаве ўвесь час круцiлася думка: "Сёння ўвечары мне спавядацца". I яго хiсткая душа, душа нясталага атэiста, трэслася перад Божым таiнствам.

Скончыўшы працу, ён пайшоў у плябанiю. Святар гуляў у прысадах, чакаючы яго з малiтоўнiкам у руках. Ён быццам свяцiўся i сустрэў яго з прыхiльнаю ўсмешкаю:

– А, вось i вы. Заходзьце, пан Сабо, вас тут не з'ядуць.

Сабо ўвайшоў першы. Ён прамармытаў:

– Калi вам не цяжка, мне б хацелася як мага хутчэй скончыць нашу справу.

Плябан адказаў:

– Калi ласка. Толькi апрану стыхар. Хвiлiнку, i я вас слухаю.

Сталяр, якому адняло мову ад хвалявання, глядзеў, як святар апранаў белы, у складках, убор. Ён зрабiў сталяру знак рукой:

– Укленчыце на гэту падушачку.

Сабо стаяў, саромеючыся апусцiцца на каленi. Ён прававулiў:

– Гэта абавязкова?

Але святар стаў урачысты:

– Толькi на каленях можна з'явiцца перад судом пакаяння.

I Сабо ўкленчыў.

Святар сказаў:

– Чытайце "Верую".

Сабо спытаўся:

Што?

– "Верую". Калi не ведаеце, паўтарайце ўслед за мной кожнае слова.

I ён павольна, нараспеў прачытаў святую малiтву, а сталяр слова ў слова паўтарыў яе. Пасля сказаў:

– А цяпер - спавядайцеся.

Але Сабо маўчаў, не ведаючы, з чаго пачаць.

Тады плябан Марыцiм вырашыў памагчы яму:

– Сын мой, я буду звяртацца да вас з пытаннямi, бо вы, здаецца, мала што разумееце. Адзiн за адным мы разбяром Божыя запаветы. Слухайце i не хвалюйцеся. Адказвайце шчыра i не бойцеся гаварыць шмат.

Толькi Госпада любi

I ўсяёй душой шануй.

Цi любiлi вы каго цi што болей за Бога? Цi ўсёй душой, усiм сэрцам, усёй iснасцю любiлi вы яго?

Сабо ажно ўспацеў ад напругi. Ён адказаў:

– Не. О, не, пан плябан. Я люблю Божаньку, як магу. Што праўда, то праўда, я вельмi яго люблю. Сказаць, што я не люблю сваiх дзетак - не, не скажу. Сцвярджаць, што, калi б мне прыйшлося выбiраць памiж iмi i Богам - не, не так. Уявiць, што я мушу страцiць сто франкаў за любоў да Бога - нельга. Але ж я пэўна люблю яго,

я ўсё-такi люблю яго.

Святар сур'ёзна казаў:

– Любiце яго больш за ўсё.

I Сабо, поўны добрых намераў, абяцаў:

– Буду старацца, айцец.

Марыцiм зноў пачаў:

Пана Бога не судзi,

На людзей не злуйся.

Цi лаялiся вы калi-небудзь?

– Не! О, вось гэта - не. Я нiколi, нiколi не лаюся. Часам, калi злуюся, я, канечне, кажу: "Бадай цябе!" А ўвогуле я зусiм не лаюся.

Святар крыкнуў:

– Дык гэта ж i ёсць лаянка!
– i важка: - Не кажыце так больш. Далей:

Усе нядзелi ты, глядзi,

Сэрцам Госпаду слугуй.

Чым вы займаецеся па нядзелях?

На гэты раз Сабо пачухаў патылiцу:

– Дык, я слугую Госпаду як магу, вашэцi. Я слугую яму... дома. Я раблю па нядзелях.

Святар велiкадушна спынiў яго:

– Веру, што надалей вы будзеце паслухмяны. Прамiнаю iншыя запаветы, верачы, што вы не саграшылi супраць iх. Разгледзiм шосты i дзевяты. Слухайце:

Дабра чужога не вазьмi,

Хцiва яго не вартуй.

Цi прысвойвалi вы якiм-небудзь чынам чужое дабро?

Але Тэадзюль Сабо пакрыўдзiўся:

– Ой не! Ай не! Я - сумленны чалавек, айцец. Магу прысягнуць у гэтым. Сказаць, што я нiводнага разу не ўзяў больш за работу з заможных парафiян не, не скажу. Я не скажу, што, калi рахую, не прыпiсваю некалькi сантымаў, усяго пару сантымаў, не, не скажу. Але каб украсцi - баранi Бог!

Святар строга сказаў:

– Абрабаваць на адзiн сантым - ужо крадзеж. Не рабiце так больш.

Паклёп на людзей не ўзвядзi,

Брахуном у жыццi не будзь.

Вы хлусiлi?

– Што не, дык не. Я зусiм не хлус. Такi ўжо я чалавек. Канешне, сказаць, што я нiколi не блазнаваў - не скажу. Сказаць, што я нiкога нiколi не абуў у лапцi, калi тое мне было на карысць, - таксама не скажу. Але каб хлусiць - не, я не хлус.

Святар проста сказаў:

– Сцеражыцеся гэтага надалей.

Ён прачытаў:

Жаночай плоцi не жадай,

Толькi ў шлюбе яе май.

Цi вы жадалi цi валодалi iншай жанчынай, апроч жонкi?

Сабо шчыра запярэчыў:

– Вось тут - не. Што не - дык не, пан плябан. Здраджваць жонцы? Не! Не! Нi на хвiлiну, нi душой, нi целам. Праўда.

Ён крыху памаўчаў, пасля цiшэй, быццам у паняверцы, сказаў:

– Калi я бываю ў горадзе, сказаць, што я нiколi не завiтаю ў дом, самi ведаеце, у дом распусты, каб пасмяяцца, ну, трохi пагуляць i паласавацца нечым iншым - не, не скажу. Але я плачу, пан плябан, заўсёды плачу, а як толькi грошы даў - ад мяне i след прапаў. I свет не чуў, i людзi не бачылi.

Святар больш не распытваў i адпусцiў грахi.

Тэадзюль Сабо ладзiць хоры i прычашчаецца штомесяц.

12
Поделиться с друзьями: