Свята для сэрца
Шрифт:
Казалі, што ў Касцюшкі быў плашч, які нават кулі не прабівалі. Доўга змагаўся генерал, стаміўся, спаць прылёг. Тут захопнікі на яго і напалі. Не паспеў Касцюшка той цудоўны плашч апрануць, пасеклі яго ворагі мячамі ды шаблямі. Загучалі ў народным спеве туга і смутак:
Вазьмі, маці, пяску жменю, Пасей на каменю. Калі той пясок узыйдзе, Касцюшка з вайны прыйдзе.Народ верыў, што герой не памёр, а толькі заснуў і ізноў прачнецца, каб бараніць Айчыну. Вернецца Касцюшка у Беларусь,
У сапраўднасці праз год пасля смерці цела пана Тадэвуша было перавезена ў Польшчу. Яго сэрца захоўваецца ў асобнай урне. Імем Касцюшкі названы самая высокая гара ў Аўстраліі, гарады ў ЗША, вуліцы ў Польшчы. У многіх краінах свету ёсць яму помнікі.
А ў Беларусі гэткіх помнікаў пакуль няшмат. Ёсць бюст героя ў яго родных Сяхновічах. Недалёка ад горада Косава пабудаваны Дом Касцюшкі, у якім месціцца музей. А ў вёсцы Чыжэўшчына на Жабінкаўшчыне стаіць капліца ў гонар воінаў, што склалі галовы ў Крупчыцкай бітве. Калі будзе час, завітай у Касцюшкавы мясціны, каб ушанаваць нашага народнага героя.
1. Чаму Касцюшку называюць “Героем двух кантынентаў”?
2. Як можна зразумець словы паўстанцаў, што яны змагаюцца “За вольнасць нашу і вашу”?
3. Дзе і калі адбылася на Беларусі самая вялікая бітва Касцюшкаўскага паўстання?
4. Паразважай, навошта чалавеку патрэбна свабода?
5. Як народы Свету шануюць імя Тадэвуша Касцюшкі?
15-16. ВАЕННЫЯ І МІРНЫЯ ДАРОГІ
Генерал Напалеон стаў імператарам Францыі. Ён быў маленькага росту, але марыў заваяваць увесь вялікі свет. Вельмі ваяўнічы быў імператар у французаў. Стварыўшы “Вялікую Армію”, ён захапіў еўрапейскія краіны, а цяпер збіраўся ваяваць з расійскім імператарам Аляксандрам.
Вось паклікаў Напалеон Касцюшку і просіць яго:
– Дапамажы перамагчы Расію. Я збіраюся паходам на Маскву. Няхай мяне палякі і ліцьвіны падтрымаюць. За гэта аднаўлю для іх дзяржаву!
Хутка і Аляксандр звярнуўся да Касцюшкі:
– Дапамажы перамагчы Францыю. Я збіраюся паходам на Парыж. Няхай мяне ліцьвіны і палякі падтрымаюць. За гэта аднаўлю для іх дзяржаву!
Не паверыў Касцюшка імператарам. Адмовіў Напалеону, не паслухаўся Аляксандра. Кожны з іх клапоціцца толькі пра свае імперыі. Якая ім справа да Польшчы і Беларусі?!
Летам 1812 года Напалеон пачаў вайну. “Вялікая Армія” накіравалася на Маскву самай кароткай дарогай – праз Беларусь.
Ізноў нашу зямлю тапталі чужыя войскі. Ізноў на ёй буйнымі патокамі палілася кроў.
Пад Кобрынам сышліся арміі. Бой цягнуўся некалькі гадзін, перамогу атрымалі расійцы. У гонар гэтай перамогі ў расійскай сталіцы быў наладжаны салют.
Новая бітва адбылася 31 ліпеня 1812 года. Цяпер на Пружаншчыне, пад Гарадзечнам, вырашылі памерыцца сіламі войскі двух імператараў. Упарты бой доўжыўся амаль дзесяць гадзін. Абодва бакі панеслі значныя страты. У лесе, на месцы, дзе біліся войскі, і сёння стаіць прыгожая каплічка. Берасцейцы памятаюць пра воінаў 1812 года.
Напалеон дайшоў да Масквы. Але хутка вымушаны быў адступіць. Паход скончыўся там, дзе і пачынаўся, – у Беларусі. “Вялікая Армія” загінула на берагах ракі Бярэзіна. Рускі афіцэр Фёдар Глінка напісаў пра
французскага імператара: “Збегла лісіца, толькі хвост у пастцы застаўся!.. Напалеон ужо за Бярэзінаю”.Глінка дайшоў з арміяй да Парыжа, і праз год, пасля перамогі, вяртаўся на радзіму. Шлях вёў яго праз Беларусь.
Хутка ляцелі коні, сэрца поўнілася чаканнем хуткай сустрэчы з роднай зямлёй, але пейзаж абапал дарогі быў нерадасны. Разрабаваныя вёскі, бедныя сяляне і крыжы – сведкі нядаўнай вайны.
Чалавека заўсёды цікавіла Зямля, на якой ён жыве.
Пасля перамогі над Напалеонам вучоныя розных краін вырашылі больш даведацца пра форму і памеры роднай планеты. Для гэтага трэба было ажыццявіць няпростыя вымярэнні.
Трыццаць пяць гадоў такімі даследаваннямі займаліся навукоўцы з Нарвегіі і Швецыі на чале з расійскім астраномам Васілём Струве. Вучоныя цярпліва, крок за крокам вымяралі дугу мерадыяна, названую “Дугой Струве”.
Яна працянулася на 2882 кіламетры ад Паўночнага Ледавітага акіяна да Чорнага мора. На сваім шляху дуга перасякла землі Беларускага Палесся: прайшла па Іванаўскаму і Драгічынскаму раёнах.
Гэтыя мясціны незвычайныя. Тут праходзіць яшчэ адна нябачная мяжа – водараздзелы басейнаў рэк. Адсюль адныя рэкі нясуць воды да Балтыкі, другія – у Чорнае мора.
Самая вядомая рака на Брэстчыне – Заходні Буг, на якім стаіць абласны цэнтр. Па гэтай рацэ праходзіць дзяржаўная мяжа. Сотні вядомых людзей пачыналі сваё падарожжа па Беларусі, перапраўляючыся цераз Буг, таму Брэст нярэдка называюць “Заходнімі варотамі краіны”.
Тут служыў Аляксандр Грыбаедаў. Першыя творы знакамітага пісьменніка з’явіліся ў Брэсце. Ён стварыў верш, прысвечаны старажытнаму гораду: “Ёсць на Бузе востраў самотны…”.
Пазней у Брэсце бывалі праездам філосаф Павел Чаадаеў і паэт Пётр Вяземскі, дзекабрыст Вільгельм Кюхельбекер і паўстанец Юльян Нямцэвіч.
Нямцэвіч пражыў доўгае і цікавае жыццё. Ён нарадзіўся ўзімку 1758 года ў Скоках, каля Брэста. Быў пісьменнікам, падарожнікам, палітыкам. Юльян сем гадоў вучыўся ў Варшаве, у Рыцарскай школе. Ягоныя ўчынкі заўсёды вызначаліся высакароднасцю. Разам з князем Чартарыйскім Нямцэвіч шмат падарожнічаў па Еўропе. Яго вострае пяро дакладна апісвала цікавыя моманты жыцця. Пасля вяртання на радзіму Юльян стаў дэпутатам, распрацоўваў асноўны закон краіны – Канстытуцыю.
Калі наступіў слаўны і грозны 1794 год, Нямцэвіч далучыўся да паўстанцаў. Ён стаў надзейным сябрам і памочнікам генерала Касцюшкі. Разам з ім трапіў у палон, затым ездзіў па Еўропе і Амерыцы.
З далёкіх вандровак Юльян Нямцэвіч заўсёды вяртаўся ў родныя Скокі, у прыгожы палац, акружаны паркам. Ён шмат разоў падарожнічаў па Палессі, аглядаючы Брэст і Кобрын, Пінск і Бярозу, Чарнаўчыцы і Воўчын, іншыя цікавыя мясціны.
Калі выбухнула новае паўстанне за незалежнасць Айчыны, Нямцэвіч быў ужо старым чалавекам. Але ён адважна далучыўся да паўстанцкага ўраду. Нямцэвіч памёр у Парыжы ў восемдзесят тры гады. На яго смерць адгукнуўся паэт Адам Міцкевіч: “Ён ішоў наперадзе свайго часу, завяршаў яго бег і памёр апошнім”.