Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тамтэй (на белорусском языке)
Шрифт:

Я схаваўся ў глыбiнi саду, у зараснiку лаўру. Чакаць давялося так доўга! Я пачаў ужо думаць, што агонь патух сам або ён яго патушыў. I тут раптам адно акно на першым паверсе лопнула пад нацiскам

пажару, i полымя, вялiкае чырвона-жоўтае, доўгае, мяккае, пяшчотнае полымя ўзнялося ўздоўж белага муру аж да даху i пачало цалаваць яго. Па дрэвах, па галiнах, па лiсцi прабеглi водблiскi полымя i дрыжыкi страху. Птушкi прачнулiся, сабака пачаў выць. Здавалася, што пачынае днець! Выбухнулi яшчэ два акны, i я ўбачыў, што нiжняя частка майго дома ператварылася ў вялiзнае, страшнае вогнiшча. I тут начную цiшыню разарваў жахлiвы, немы, прарэзлiвы жаночы крык, i расчынiлiся дзве мансарды. Я забыўся пра маiх слуг! Я бачыў iх ашалелыя твары, яны махалi рукамi!..

I тады, ашалеўшы ад страху, я кiнуўся бегчы ў вёску з крыкам: "Ратуйце! Ратуйце! Пажар! Пажар!" Па дарозе я сустрэў людзей, якiя ўжо беглi сюды. Я пабег разам з iмi, каб паглядзець!

Цяпер дом мой быў ужо страшным i раскошным вогнiшчам, пачварным вогнiшчам, што асвятляла ўсю зямлю, вогнiшчам, дзе гарэлi людзi, але дзе гарэў таксама i

ЁН, ЁН, мой вязень, Новая Iстота, Новы Гаспадар, Тамтэй!

Раптам увесь дах правалiўся, i цэлы вулкан полымя пыхнуў аж да неба. Праз вокны я бачыў вогненнае пекла i думаў, што ён там, што ён згарэў...

Згарэў? Можа быць... Але яго цела? Цела, праз якое свабодна праходзiць святло, цi можна яго знiшчыць тымi самымi сродкамi, што i нашае?

А калi ён не памёр? Што, калi гэтая нябачная i страшная iстота падуладная толькi Часу? Чаго б было вартае гэтае нябачнае, непазнавальнае цела, цела Духу, калi б яно таксама баялася хваробаў, раненняў, немачаў, заўчаснага разбурэння?

Заўчаснае разбурэнне? Ад яго iдуць усе людскiя страхi! Пасля чалавека прыйдзе Тамтэй. Пасля таго, хто можа памерцi ў любы дзень, у любую гадзiну, у любую хвiлiну, ад любога няшчаснага выпадку, прыйдзе той, якi памрэ толькi ў вызначаны дзень, гадзiну, хвiлiну, дайшоўшы крэсу свайго iснавання!

Не... не... Ён не памёр... Тады... тады... тады памерцi павiнен я!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Поделиться с друзьями: