У капцюрох ГПУ
Шрифт:
Прозьвiшча забiтага: Шульц.
Выезд на Салоўкi
У канцы красавiка сьнег у лесе пачаў таяць. Лесарубкi спынiлiся. Сьпяшалiся нагвалт вывозiць зь лесу прыгатаваныя калоды на гэтак званы «рум» на беразе мора. Сьпяшалiся, пакуль яшчэ была санная дарога.
У канцы траўня лёд на Белым моры пачаў чарнець, урэшце растаў. Вязьнi, стоячы вышэй за калены ў сьцюдзёнай вадзе, зьбiвалi плыты, якiя меў цягнуць параплаў да Архангельску.
29 траўня пад ранiцу ўгледзелi мы на моры — за паўкiлёмэтра ад берагу — параплаў. Гэта была «Нева» — першы параплаў, якi нас адведаў пасьля зiмы.
У вадзiн мамэнт па ўсенькiм
Усе верылi, што на Салоўках знойдзем лягчэйшыя абставiны жыцьця. Расказвалi, што тамака можна дастаць працу паводле свае спэцыяльнасьцi, што рабочы дзень там трывае толькi ад 8-х да 10-х гадзiн, што даюць розныя палёгкi, па якiх мы тужлiва ўздыхалi.
Усе былi ўзбуджаныя. Настрой панаваў гарачы. Кажны сьпяшаўся лiквiдаваць свае справы на Мячы. Адзiн выплачваў свае даўгi, другi спаганяў пазычаныя некаму грошы. Прыяцелi, якiя мелiся неўзабаве разлучыцца — мо назаўсёды? — гутарылi апошнi раз перад расстаньнем…
А на хвалях тым часам гойдаўся параплаў, гатовы ўжо ў далейшую дарогу. 3 комiна выходзiў дым. Паравыя казаны былi гатовы ў кажны мамэнт пусьцiць у ход нашую выбавiцельку — «Неву».
Увечары камандант лягеру абходзiў баракi, чытаў прозьвiшчы тых, каму было вызначана ехаць на Салоўкi, i загадаў рыхтавацца ў дарогу.
Пачалi перавозiць нас чаўнамi на параплаў. Узьняўся вецер. Мора было бурнае. Хвалi кiдалi чаўны, як шалупiны ад гарэхаў. Настала «белая» паўночная ночка. Сонца на часiну схавалася за небасхiл, каб пасьля iзноў вынырнуць над морам — блiзу ў тым самым месцы, дзе зайшло. Але перавоз пасажыраў на параплаў яшчэ ня скончаны. Пустыя чаўны варочаюцца да берага, паслухмяныя дзьвюм парам дужых рук весьляроў, ды зноў нагружаюць колькi катаржанаў, у ваччу якiх блiшчыць… надзея.
Надзея?! Якая? Надзея на волю? — He! Толькi надзея на крыху лепшыя, чымся на Мячы, абставiны жыцьця…
Пачаўся адплыў на моры. Чаўны задзержвалiся на мялiзнах цi на камянях. На загад стырнiка ўсе выскоквалi з чаўна ў мора i — па пояс у вадзе — сьпiхалi човен на глыбейшае месца.
Урэшце апошнi човен падыйшоў да параплаву з апошняй партыяй пасажыраў.
Загудзелi вiнты, густыя клубы дыму бухнулi з комiну, — «Нева», кiданая хвалямi, панесла нас да нязнаных, а гэтак пажаданых Саловак.
Змокшы, ляскаючы ад холаду зубамi, тулячыся да сваiх клункаў, наваленых на палубе параплаву, плылi мы ўзбураным Белым морам. Ад часу да часу хваля, пералiваючыся праз палубу, аблiвала нашыя манаткi й нас, ужо даволi прамоклых у часе перацягваньня чоўна.
3 жахам успамiнаю час свайго бытаваньня на абтоку Мяч. Адзiн сярод чужых людзей, пераважна крымiнальных тыпаў, якiя мяне абкрадалi бязьлiтасна. Порце, адзежа, папяросы, сала, кубак, мiска — усё кралi. Бывала, затрымаюць мяне ў сенцах i зь нявiнным выглядам просяць прачытаць нейкi лiст. Чытаю. I пакуль я разьбiраю нявыразныя каракулькi лiста, яны спрытна абчышчаюць мае кiшэнi.
Працаваць было цяжка. Але неяк шанцавала, так што не даводзiлася начаваць у лесе. Зь лесу пасьля перакiнулi мяне на «рум», дзе складвалi на беразе мора гатовыя, вывезеныя зь лесу дровы. Працаваў пры нагружаньнi дроў на санi. Два днi быў заняты ў кухнi, калi захварэў наш кухар. Апошнiя тыднi быў «днявальным».
Разам зь iншымi ехаў на Салоўкi з надзеяй лягчэйшага жыцьця.
Новыя абставiны жыцьця
Салоўкi
На ранiцы ўгледзелi мы абток iз царкоўнымi вежамi, якiя ўздымалiся ў неба: мы пад'яжджалi да таёмных Салоўкаў. Спрытна абмiнуўшы густа раскiданыя
меншыя астраўкi, «Нева» ўвайшла ў порт.Прызначылi нас у трынаццатую роту, якая кватэравала ў былым праабражэнскiм саборы, падзеленым дзеля гэтага на тры паверхi. Разгасьцiлiся мы тут проста на падлозе, бо нараў для нас ня стала. Назаўтрае ўсю прывезеную зь Мячу групу вязьняў — з малымi выняткамi — пагналi на возера Пэрт — iзноў на лясныя работы. Да лiку гэных шчасьлiвых выняткаў належаў i аўтар гэтых радкоў.
Тут я адчуў ува ўсёй моцы магутнасьць салавецкага «блату». Тут ужо ня тое што на Мячы. Тут я адразу спаткаўся iз старымi знаёмымi з этапных вастрогаў. Мяне пазнаёмiлi з камандантам роты, Чарняўскiм, зь Менску. Дасталi недзе сьвежай рыбы. Днявальны падсмажыў. Тут, пры сьнеданьнi, завязалася блiжэйшае знаёмства. Чарняўскi паставiўся да мяне вельмi прыхiльна: калi на другi дзень паставiлi нас на ранiшнюю «паверку», калi зьявiўся «нарадчык» забiраць нас на Пэрт, камандант шапярнуў яму нешта, i я застаўся ў трынаццатай роце.
Цяпер трэ было думаць аб тым, каб дастаць найменш адказную й найлягчэйшую работу. Мае прыяцелi хацелi мяне ўладзiць на сваей рабоце — i рэшта часу вольная. Але ў гэтым часе не ўдалося.
Я даведаўся, што ў тэатры патрэбен суфлёр. Работа спакойная. Узялi мяне на пробу. Экзамен прайшоў удала. Я застаўся суфлёрам у салавецкiм тэатры…
Абток Салоўкi мае ў папярэчынi ад 17 да 28 кiлёмэтраў. Ён густа зарос хударлявым ельнiкам ды бярэзьнiкам, мае каля 500 азёраў, у якiх вядзецца шмат рыбы. Некаторыя з гэтых вазёрау — за часамi, калi на абтоку быў праваслаўны манастыр — манахi пазлучалi невялiкiмi каналамi, i гэтак на ўсiм абтоку наладзiлася водная камунiкацыя. Апрача таго, на Салоўках была вузкакалейка, якая злучала розныя пункты абтоку.
Пасьля, як пачалася будова Беламорскага каналу, нашую вузкакалейку забралi на канал.
Краявiд тутака маляўнiчы — асаблiва ўвосень, калi лiсьцявыя дрэвы ўбяруцца ў залатыя колеры, што сьветлымi плямамi адбiваюцца на цёмным зяленiве елак.
Лавiць рыбу ў салавецкiх азёрах вязьням строга забаронена, бо там бальшавiкi гадуюць ондатру, — нешта наводля пацука, шэрасерабрыстае хутра якога цэнiцца вельмi дорага: ондатры жывуць у вадзе, як бабры, i легка пападаюцца на кручок, закiнены на рыбу.
Цэнтрам салавецкага жыцьця зьяўляецца гэтак званы «Крэмль». Гэта комплекс былых манастырскiх будынкаў, абкружаных навакол тоўстым мурам. Колiшнiя цэрквы, саборы, келяткi манахаў — усё перароблена на памешканьнi для вязьняў. Зь пяцёх брамаў, якiя вядуць у гэтую цытадэлю, толькi адна адчыненая для вязьняў; пры ёй i ўдзень i ўначы стаiць варта, пушчаючы толькi тых вязьняў, якiя маюць выдадзеныя ўладамi пропускi.
Крэмль разам з навакольнымi будоўлямi становiць як-бы мястэчка на самазабясьпечаньнi, у якiм ёсьць розныя патрэбныя дзеля вялiкшага згуртаваньня людзей установы. Дык ёсьць тутака гарбарня, закладзеная шчэ тады, як на абтоку жылi манахi, ёсьць фабрыка, якая вырабляе патрэбныя для салавецкiх параплаваў мэталёвыя часткi, ёсьць электрастанцыя, цагельня, кравецкiя й шавецкiя варштаты, пiльня, млын, ганчарня; тутака-ж здабываецца торф i вядзецца сельская гаспадарка, якая — з прычыны лiшне кароткага лета — разводзiць адно толькi бульбу, капусту, рэпу ды моркву. Збожжа не дасьпявае. На морскiм узбярэжжы ў бараках жывуць рыбакi, якiя дастачаюць вастрожнай адмiнiстрацыi сьвежую рыбу, а што шчэ важней — выяжджаюць на ловы славутых салавецкiх селядцоў, якiя тут-жа й соляць, запакоўваюць у бочкi ды высылаюць. Бо салавецкiя селядцы прызначаныя на экспарт. Толькi вышэйшая адмiнiстрацыя на Салоўках мае права на гэтыя «ласоткi»: вязьням iх не даюць.