У капцюрох ГПУ
Шрифт:
Мая заява, што я прыехаў iз Салавецкага лягеру, выклiкала сэнсацыю. Пачалi закiдваць мяне пытаньнямi. Бо бальшыня — гэта былi кандыдаты на высылку ў канцэнтрацыйныя лягеры.
— Таварышы, — запытаўся i я, — дзе мы? На Лубянцы?
— У Бутырках, — быў адказ.
Я ўздыхнуў лягчэй. Бо дагэтуль быў перакананы, што трапiў на страшную Лубянку № 2, што сяджу ў вастрозе ГПУ. Хаця й Бутыркi гэтак сама падлягаюць ГПУ, мне яны, няма ведама чаму, не выдавалiся гэткiмi грознымi.
Я спадзяваўся, што справа мая праз дзень-два высьветлiцца. Аднак, iшлi днi, iшлi тыднi, лета ўжо мiнула, пачыналася восень, а я ўсё сядзеў у тэй-жа самай камары, ня ведаючы, колькi часу патрывае мая бытнасьць у Бутырках.
Была гэтая камара «перасыльная», значыць прызначаная для вязьняў,
Пераважалi сярод гэтых гаротнiкаў сяляне, якiя паўцякалi з далёкага выгнаньня, куды iх высылалi, як «кулакоў», цэлымi сем'ямi.
Жылi людзi недзе сярод пячорскае тундры ў драўляных бараках i штодня ўдосьвiткi выходзiлi на прымусовую работу ў лес. Дзецi, старыя, мужчыны, жанкi, — усе разам, сям'я пры сям'i, на супольных нарах. Тут-жа, у гэтым сьцюдзёным, цёмным i брудным бараку, адны памiраюць — другiя родзяцца.
Саромлiвасьць у гэткiх абставiнах зьнiкае. Жывуць, як першабытныя людзi. Памiраюць ад цынгi, сухотаў, дызэнтэрыi, а найбольш — ад плямiстага тыфусу. Памiраюць таксама ад зьнясiленьня, ад голаду. Плата за работу выдаецца iм у натуры, але норма працы такая вялiкая, што выканаць яе, асаблiва для чалавека слаба кормленага, вельмi цяжка, — дык работнiк… не атрымвае поўнае порцыi хлеба, а гэтулькi, як старыя й дзецi: 200 грамаў.
Паводле лёзунгаў: «общественное питание есть путь к социализму», нiхто сабе асобна стравы не гатуе, дый, папраўдзе, няма чаго гатаваць! На гэта ёсьць агульныя кухнi. А гэныя кухнi даюць на абед мiску салонае полiўкi ды часамi салоную рыбу.
Дык ссыльныя лепш хочуць жыць у вастрозе, у канцэнтрацыйным лягеры, дзе работа лягчэйшая й порцыя хлеба сталая, чымся на гэткай «волi». Ад такога жыцьця масава ўцякаюць. Неяк пашэнцiла iм дабрацца да Масквы — цi то пехатой, цi «зайцам» — у таварных вагонах; але ў Маскве на вагзале рупнае вока агентаў ГПУ выкрыла iх i аддало ў рукi сьледчых уладаў. За ўцёкi чакала iх кара трох гадоў у канцэнтрацыйным лягеры.
У Бутырках я бачыў шмат гэткiх зьнясiленых сялян — пераважна ўкраiнскiх, бо Украiна дае найвялiкшы працэнт ссыльных пасяленцаў у паўночных тундрах. Бачыў, як яны, пасьля галадухi прагавiта глыталi вастрожны «паек» хлеба (400 гр.) i, ня могучы заспакоiць iм — пасьля доўгага «посту» — пачуцьця голаду, вышуквалi ў ваколiцах «парашы» лупiны ад гуркоў ды iншыя адпадкi, выкiданыя тымi, хто атрымлiваў ежу ад сваiх зь месца.
Вастрожныя таварышы тут часта зьмянялiся. Бадай штотыдня, звычайна ўначы, дзьверы камары з трэскам расчынялiся, i наглядачы выклiкалi вязьняў, прызначаных на этап, у вагульнай цiшынi чулася чытанае прозьвiшча, i ўласнiк ягоны мусiў адказаць, называючы сваё i бацькава iмя. Пасьля хутка складаў свае манаткi i ўжо быў гатовы ў дарогу ў страшное заўтра, якое чакала на яго недзе ў няведамых краёх. Толькi вывеўшы з камары i сабраўшы ўсiх разам, абвяшчалi iм, у якi лягер яны паедуць.
Пасля гэткага працерабленьня нашае камары, яна на працягу тыдня iзноў запаўнялася. Бадай штодня пушчалi сюды ўсё новых i новых вязьняў. Ведама, кажнага новага таварыша абкружалi й распытвалiся: хто ён, скуль, за што? Заспакоiўшы сваю цiкавасьць, яго пакiдалi ў супакоi i ўжо больш ня цiкавiлiся ягонай асобай.
Спозненыя жалi
Неаднойчы, лежучы ўвечары на нарах, гутарыў я з маймi суседзьмi. У гэтай усьцяж пераменнай хвалi вязьняў сустрэў двух землякоў, родам зь Вiльнi, работнiкаў iз шкляное гуты, былых грамадаўцаў. Зачараваныя мiражом «сацыялiстычнага будаўнiцтва», яны перайшлi мяжу, перакананыя, што знойдуць тут сваю другую «работнiцкую бацькаўшчыну», а знайшлi вастрог, пасьля чакаець iх канцэнтрацыйны лягер i ўрэшце — ссылка некуды на работы на далёкай поўначы, што ня лепш за жыцьцё ў лягеры. Цяпер вочы ў iх расчынiлiся, яны шкадавалi свайго кроку, клялi агiтатараў, тужлiва ўспамiналi родную Вiльню. Ня раз гутарыў я з работнiкам з Лодзi, былым камунiстам, якi прыехаў у СССР гэтак сама нелегальна зь нейкай paботнiцкай дэлегацыяй на нейкiя савецкiя
ўрачыстасьцi. Дэлегацыю, ясна-ж, прыймалi вельмi добра. Гэта яму спадабалася. Калi iншыя паехалi назад, ён застаўся. Прыхадзень з Захаду, не асвоены з савецкiм рэжымам, ён пачаў лiшне голасна выказваць свае крытычныя ўвагi. Дык трапiў у вастрог i цяпер, лежучы побач са мной на нарах, кляў камунiзм i камунiстых, чакаючы на далейшы свой лёс. Спаткаўся я i з дэзэртырам iз польскага войска — з аднаго з падвiленскiх палкоў: той таксама шкадаваў свайго кроку.Спозьненыя жалi!
Усе яны тутака — непатрэбныя. Тыя, хто бачыў жыцьцё ў «буржуазных» краёх, тыя, што могуць параўнаваць тамтэйшае жыцьцё з жыцьцём краю «пераможных пяцiгодак», уважаюцца за элемэнт няпэўны. Там, на Захадзе, яны патрэбныя, каб шырыць фэрмэнт, дык там iх падтрымваюць грашыма. Тут, у СССР, лёгка стаюцца «контр-рэвалюцыянэрамi». Толькi собская моладзь, моладзь, якая ўзрасла пасьля рэвалюцыi, моладзь, якая ня можа сабе ўявiць, што недзе можна купляць хлеба колькi хочаш, бяз картак i чаргi — толькi гэткая моладзь мае цану ў «сацыялiстычным гаспадарасьцьве».
Аднак-жа i сярод гэткае моладзi пашыраецца фэрмэнт. Папытаўся я раз у аднаго маладога чалавека, нездаволенага наяўным палажэньнем, якi лад здаецца яму лепшым? Адказаў, што савецкi, але бяз Сталiна!.. Iншы апавядаў, за што яго пасадзiлi ў вастрог. Належаў ён да групы тэрарыстых. Манiлiся зрабiць замах на Сталiна. Дзе, калi, як — гэтыя падрабязнасьцi ня былi абдуманыя. Мелi адну зброю: рэвальвэр, узяты гвалтам у нейкага мiлiцыянта. Як звычайна здараецца, адзiн iз таварышоў здрадзiў. «Змова» выкрылася. — За ўвесь час бытнасьцi мае ў савецкiх вастрогах я нi разу не спаткаў контр-рэвалюцыянэра «з праўдзiвага здарэньня». Усе тут гэтак запуджаныя, кажная вольная думка гэтак станоўка забiваецца ў зародку, што аб нейкiм рэвалюцыйным выступленьнi ня можа быць гутаркi. Больш таго, людзi, засуджаныя за запраўдную цi выдуманую вiну, замiж ненавiдзець наяўны лад i сваiх прыгнятальнiкаў, часамi гавораць: «справядлiва гэта… улада ведае, што робiць… я быў слабы, хiстаўся… гэткiя непатрэбныя… мяне аддалi дзеля загартаваньня… дый што значыць адно мае жыцьцё або нават i тысячаў гэткiх, як я, раўнуючы да гэтага вялiкага будаўнiцтва…» i г. д.
Гэта ўжо запраўдны псыхоз!
Гутарыў я з адным iнжынэрам, якi належаў да пашыранага да нядаўнiх часоў тыпу «вредителей» (шкоднiкаў), — аднаго з тых, што самi сябе аплёўваюць i прызнаюцца да нязробленых злачынстваў. Хадзiў iз кута ў кут па нашай прасторнай камары i, чухаючы рукой чупрыну, апавядаў:
— Чорт ведае, што мы там наплялi! Проста, тварылi раман аб нябывалых рэчах. Загiпнатызавалi нас, цi якi чорт?! Здавалася нам, што гэтак лепей… Лепей i для нас, i для справы сацыялiзму…
Канвэер
Сустракаючыся з новымi вязьнямi, якiя прыбывалi ўсьцяж у нашую камару, я даведаўся ад iх аб новых спосабаў допытаў у ГПУ. У першыя гады пасьля майго арышту фiзычнага прымусу пры допытах ня было. Бiлi адно толькi на пагранiчных пастанях ГПУ. Цяпер гэта робiцца пры допытах даволi часта — нават у Маскве. Ведама, да кажнага вязьня розны бывае падыход. Адных стараюцца прымусiць да падпiсаньня вымаганых паказаньняў бiцьцём, другiх — толькi пужаньнем. Часта добрыя вынiкi дае спосаб, называны «канвэерам». Iснасьць яго — у тым, што вязьня пазбаўляюць магчымасьцi спаць.
Асобы, якiя вядуць допыты, зьмяняюцца чарадою, а вязень можа часам задрамаць нейкiх 5-10 часiнаў, калi чародны мучыцель ягоны крыху прыпозьнiўся.
Гэткiя допыты трываюць часам ажно сем дзён i нават даўжэй — у залежнасьцi ад нэрвовае сыстэмы вязьня. Калi вязень засынае, мучыцелi аблiваюць яго сьцюдзёнай вадой або бразгаюць яму нечым над вухам.
«Думкi каламуцяцца, — казаў мне вязень, якога дапытвалi „канвэерам“ пяць дзён, — забываешся значаньне слоў. Замiж iменьняў людзей блытаюцца на вуснах геаграфiчныя назовы. Здаецца, быццам, там узьдзелi на галаву нейкую зялезную шапку. Я колькi разоў хапаўся за галаву, каб зьняць гэную шапку, i быў зьдзiўлены, калi далонi намацвалi замiж яе — мае собскiя валасы… Патрэба сну гэткая вялiкая, што гэтага выказаць словамi нельга…»