Шрифт:
Франц Кафка
Вершнiк на скрынi
Пераклад: Лявон Баршчэўскi
Увесь вугаль спалены, скрыня парожняя, шуфель непатрэбны, халоднае дыханне печы, пакой, выдзьмуты холадам, за акном застылыя ў шэранi дрэвы, неба срэбны шчыт, абарона ад таго, хто прагне дапамогi. Мне трэба трохi вугалю: не замярзаць жа насмерць; за маёй спiнай бязлiтасная печ, перад вачыма - гэткае самае неба; якраз таму я мушу iмчаць наўскапыта памiж iмi i, спынiўшыся
Вырашыць усё можа тое, як я з'яўлюся, - таму я еду верхам на скрынi. Асядлаўшы скрыню, рукою ўверсе трымаючыся за ручку - самую простую лейчыну, я з цяжкасцю ссоўваюся па сходах унiз, але на вулiцы скрыня мая паднiмаецца ўгару; цудоўна, цудоўна! Вярблюды пад павадыровым кiем не змаглi б прыгажэй устаць з зямлi. Па прамерзлым завулку iмчу роўнаю рыссю, раз-пораз узлятаючы да другога паверха i нi разу не знiжаючыся да дзвярэй. I найвышэй я ўзлятаю перад скляпеннем гандляровай пiўнiцы, дзе ён вунь якраз прысеў каля невялiчкага стала i нешта сабе пiша; а каб уседзець у гэтай гарачынi, нават адчынiў дзверы.
–  Гэй, гандляр!
–  крычу я выстылым на марозе голасам, хапатлiва дыхаючы, а праз гэта - увесь у воблаках пары.
–  Калi ласка, гандляр, дай мне трошкi вугалю. Мая скрыня ўжо такая пустая, што я магу на ёй ездзiць верхам. Будзь такi ласкавы. Як толькi змагу, я заплачу табе за ўсё. 
Гандляр настаўляе руку каля вуха.
–  Што я чую? Цi не памыляюся?
–  пытаецца ён праз плячо ў сваёй жонкi, якая, седзячы на прымурку, нешта робiць на прутках.
–  Цi не памыляюся? Клiент. 
– Я нешта нiчога не чую, - адказвае кабета, спакойна дыхаючы над пруткамi, добра нагрэтая ў спiну.
–  Вядома ж, - крычу я.
–  Гэта я, той самы ваш даўнi i верны клiент; толькi вось сёння няма нi шэлега ў кiшэнi. 
– Жонка, - гаворыць гандляр, - нехта там ёсць. Я не магу тут намылiцца. То, мусiць, даўнi, вельмi даўнi клiент - той, што ўмее так пранiклiва прамаўляць да сэрца...
–  Што ў цябе?
–  кажа кабета, 
– Нiкога там няма, на вулiцы пуста, усiх нашых клiентаў мы забяспечылi; нам можна на некалькi дзён зачынiць краму i крыху перадыхнуць.
–  Але ж я сяджу тут, на скрынi, - крычу я да iх, i нячулыя слёзы халоднай зiмы засцiлаюць мне вочы.
–  Прашу вас, паглядзiце ўгору, i вы адразу мяне ўбачыце. Мне трэба ўсяго адзiн шуфель, а калi насыплеце два, дык шчасцю майму не будзе мяжы. Вы ж усiм астатнiм насыпалi... Ах, я ўжо чуў, як ён, вугаль, грукоча ў маёй скрынi! 
– Iду, iду, - кажа гандляр i хоча на сваiх кароткiх нагах узлезцi па сходах, ды жонка ўжо стаiць побач i трымае яго за руку, кажучы:
– Стой, куды? А будзеш упарцiцца, дык я сама паднiмуся. Успомнi, як сёння ноччу кашляў. А з-за гешэфту, хай сабе i ўяўнага, ты забываешся на жонку i дзiця i нiшчыш свае лёгкiя. Я сама пайду.
– Тады назавi яму ўсе гатункi, што ёсць у нашых сховах; а колькi якi каштуе, я табе скажу пасля.
– Добра, - адказвае жанчына i паднiмаецца ў завулак. Зразумела, тут яна адразу бачыць мяне.
–  Панi гаспадыня, - кажу я.
–  Вiтаю ад душы. Адзiн шуфель вугалю - проста сюды, у скрыню; я завязу дадому сам; адзiн шуфель - няхай самага дрэннага... Вядома, я за ўсё заплачу, толькi не цяпер, не цяпер. 
Гэтыя два словы - нiбыта спеў званоў: "не цяпер", i як яны бянтэжаць розум, блытаючыся з вячэрнiмi званамi, што акурат чуюцца з блiзкай званiцы.
–  Ну, дык чаго яму трэба?
–  падае голас гандляр. 
–  Ды так, нiчога, - адказвае кабета.
–  Нiчога там няма, нiчога мне не вiдаць i не чутно: толькi вось б'е шостую, i нам трэба зачыняцца. Сцюжа, напрамiлы бог, - заўтра ў нас, гледзячы па ўсiм, будзе яшчэ шмат працы. 
Яна нiчога не бачыць, нiчога не чуе, але ўсё-такi адвязвае свой хвартух i спрабуе хвартухом прагнаць мяне прэч. На жаль, ёй гэта ўдаецца. У маёй скрынi ўсе якасцi шпаркага скакуна: сiлы супрацiўляцца няма, яна занадта лёгкая, i ад жаночага хвартуха яе ногi ўзлятаюць у паветра.
–  Злюка!
–  крычу я кабецiне, адыходзячы ад яе, у тую самую хвiлю, калi яна, ужо вяртаючыся ў сваю краму, трохi пагардлiва i трохi задаволена махае рукою ў паветры. 
–  ...ты, злюка! Я прасiў адзiн шуфель самага дрэннага, а ты не дала.
–  I з гэтымi словамi я ўзношуся да ледзяных гор i знiкаю на векi вечныя.