Вязнi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Сядайце, - сказала яна, - зараз я згатую есцi. Вы i напраўду нейкiя выматляныя.
I яна зноў узяла дзверы на завалу.
Потым яна далiла вады ў саган, укiнула туды масла i бульбы, пасля зняла кавалак сала, якое вiсела каля печы, адрэзала палову i паклала ў булён.
Шасцёра дзецюкоў галоднымi вачыма цiкавалi за кожным яе рухам. Свае стрэльбы ды каскi яны паскладвалi ў куток i цяпер чакалi вячэры, слухмяныя, нiбы дзецi за школьнымi партамi.
Мацi зноў стала прасцi, часта спалохана паглядаючы на салдатаў-захопнiкаў. Чулася толькi нягучнае гудзенне калаўрота, патрэскванне
Раптоўна ўсе ажно ўздрыгнулi ад нейкага дзiўнага гуку за дзвярыма, якi нагадваў хрыплае дыханне, гучнае, шумнае дыханне звера.
Унтэр-афiцэр маланкава скочыў да зброi. Леснiчыха ўсмiхнулася i жэстам рукi спынiла яго.
– Гэта ваўкi, - растлумачыла яна.
– Яны - як вы: таксама бадзяюцца па лесе i таксама галодныя.
Недаверлiвы немец захацеў на свае вочы ўпэўнiцца, што гэта напраўду ваўкi; ён асцярожна прачынiў дзверы i адразу заўважыў двух вялiкiх шэрых звяроў, якiя iмклiва рынулiся прэч ад леснiчоўкi.
– Нiколi п не паферыф, - прамармытаў прусак i зноў усеўся на сваё месца ў чаканнi, пакуль згатуецца варыва.
Яны паглыналi яго прагна, як мага шырэй разяўлялi раты, каб ухапiць паболей; у лад разяўленым зяпам ажно выпiналiся круглыя вочы, а ў горле ў iх клекаталi гукi, падобныя на бульканне ў вадасцёку.
Жанчыны моўчкi глядзелi на хуткiя рухi шырокiх рыжых барод; здавалася, бульбiны правальваюцца ў гэтых рухомых зараснiках.
Салдатам захацелася пiць, i леснiчыха спусцiлася ў склеп, каб нацадзiць сiдру. Яна прабыла там даволi доўга. Гэта было невялiкае скляпенiстае сутарэнне; калi верыць чуткам, у гады рэвалюцыi яно служыла i турмой, i сховам. Спускацца туды даводзiлася праз люк у кутку кухнi па вузкай вiнтавой лесвiчцы.
Калi Бэрцiна вярнулася, хiтраватая ўсмешка так i блукала на яе твары. Маладзiца падала немцам збан з пiтвом. Потым i сама разам з мацi стала вячэраць у другiм кутку кухнi.
Салдаты паелi i тут, за сталом, задрамалi - усе шасцёра. Час ад часу чый-небудзь лоб глуха бомкаўся аб стол, i знянацку абуджаны салдат выпростваўся.
– Ды кладзiцеся вы каля агню, хопiць вам там месца ўсiм шасцём. А мы з мамаю пойдзем у мой пакой, - сказала Бэрцiна унтэр-афiцэру.
I жанчыны паднялiся на другi паверх. Было чуваць, як яны замыкалiся на ключ, як хадзiлi па пакоi; потым усё сцiхла.
Прусакi палеглi на падлозе, нагамi да агню, паклаўшы пад галовы паскручваныя шынялi, i неўзабаве ўсе шасцёра захраплi на ўсе лады, - хто пiсклява, хто басавiта, але аднолькава працяжна i страхотлiва.
Яны праспалi даволi доўга, як раптам грымнуў стрэл, такi гулкi, што можна было падумаць, быццам стрэлiлi ў сцяну дома. Салдаты лiхаманкава ўскочылi. I тут зноў бухнула двойчы, потым яшчэ тройчы запар.
Дзверы наверсе расчынiлiся, i на парозе паявiлася са свечкай у руцэ перапалоханая леснiчыха, босая, толькi ў кашулi i ў нiжняй спаднiцы.
– Гэта французы, iх чалавек дзвесце, не меней, - пралепятала яна.
– Калi яны знойдуць вас тут, дык спаляць i хату. Хутчэй спускайцеся ў склеп, ды не шумiце! Крый Божа, яны пачуюць вас - тады мы прапалi!
– Топра, топра, - разгублена прашаптаў унтэрафiцэр, - кута мус iсцi?
Маладзiца паспешлiва адчынiла вузкi
квадратны люк, i шасцёра салдатаў адзiн за адным таропка сталi спускацца ў склеп па вiнтавой лесвiчцы.Але як толькi схавалася вастрыё апошняй каскi, Бэрцiна апусцiла цяжкае дубовае века, таўшчэзнае, што сцяна, моцнае, што жалеза, умацаванае на шарнiрах, з турэмным замком, двойчы павярнула ў iм ключ i засмяялася бязгучным, пераможным смехам; яе апанавала вар'яцкае жаданне пайсцi ў скокi над галовамi сваiх вязняў.
Прусакi стоена сядзелi, замкнёныя ў гэтай скрынi, у гэтай моцнай каменнай скрынi, куды паветра сачылася толькi праз закратаваную прадуху.
Бэрцiна ўмiг распалiла агонь, падвесiла над iм саган i зноў узялася гатаваць суп.
– Натомiцца бацька сёння ўночы, - прамармытала яна.
Пасля яна ўселася i стала чакаць. Толькi гулкi маятнiк насценнага гадзiннiка парушаў цiшыню сваiм раўнамерным "цiк-так".
Час ад часу маладзiца нецярплiва паглядвала на гадзiннiк, i ў гэтым позiрку можна было вычытаць: "Ох, як марудна цягнецца час".
Неўзабаве ёй падалося, што пад нагамi ў яе шэпчуцца. Цiхая, цьмяная гаворка далятала да яе з мураванага сутарэння. Прусакi пачалi здагадвацца, што жанчына абхiтрыла iх, i праз нейкi момант унтэр-афiцэр падняўся па лесвiчцы i загрукаў кулаком у века.
– Атшынiць!
– зноў загарланiў ён.
Бэрцiна ўстала, падышла да люка i, перакрыўляючы немца, папыталася:
– Што фам трэпа?
– Атшынiць!
– Мой не атшыняф.
Афiцэр разлютаваўся.
– Атшынiць, алпо мой ламаф цвэры!
Яна зарагатала:
– Ламай-ламай, галубок, ламай!
Ён пачаў дубасiць руляю стрэльбы ў дубовае века, узятае на замок у яго над галавою. Але гэткае века вытрымала б i ўдары тарана.
Леснiчыха пачула, што унтэр-афiцэр спусцiўся назад. Потым усе салдаты па чарзе падымалiся па лесвiчцы, выпрабоўвалi сваю сiлу i вывяралi моц замка. Але пераканаўшыся, што iх намаганнi марныя, яны зноў зграмадзiлiся ў склепе i сталi раiцца.
Маладзiца трохi паслухала iх, потым выйшла з кухнi, адамкнулася i стала ўслухоўвацца ў начную цемру.
Да яе данеслася далёкае гаўканне. Яна свiснула па-паляўнiчаму, i амаль у той самы момант два вялiзныя сабакi выскачылi з цеменi i радасна кiнулiся да яе. Яна моцна ўхапiла iх за аброжкi, каб яны не ўцяклi. Пасля штосiлы крыкнула:
– Эгэй, тата!
Далёка-далёка адгукнуўся голас:
– Эгэй, Бэрцiна!
Яна счакала трохi i зноў крыкнула:
– Эгэй, тата!
Той самы голас, але ўжо блiжэй, адказаў:
– Эгэй, Бэрцiна!
– Не iдзi каля прадухi!
– крыкнула леснiчыха.
– У нас у склепе прусы!
Нечакана здаравенная мужчынская постаць вырысавалася злева i спынiлася памiж двума дрэвамi.
– У нас у склепе прусы?
– занепакоена перапытаў стары.
– Чаго гэта iх туды занесла?
Дачка засмяялася:
– Ды гэта тыя, пазаўчарашнiя. Яны заблудзiлiся ў лесе, вось я iх i пасадзiла ў каталажку!
I яна расказала яму ўсю гiсторыю: як яна напалохала iх стрэламi з пiстолi i як замкнула ў склепе.
– Ну i што ж мне, па-твойму, рабiць з iмi цяпер, га?
– пахмура запытаўся стары.