Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы
Шрифт:

Свядома ці несвядома так атрымалася, але, думаецца, тая непасрэднасць, свабода выказвання, якою надзелены героі аповесці Брыля, сам галоўны мастацкі прынцып — народ сам за сябе гаворыць вуснамі розных сваіх прадстаўнікоў — народжаны ў працы над кнігай «Я з вогненнай вёскі…» Тут апавядальная форма прадыктавана мастацкай філасофіяй. Як і заўсёды ў значным творы, у «Ніжніх Байдунах» ёсць арганічнае адзінства зместу і формы, ідэй і іх мастацкага ўвасаблення — адзінства, народжанае глыбока асабістай мастакоўскай перажытасцю, унутраным далучэннем да лёсу народа. У канцэпцыі свету Брыля (як яна ўвасоблена ў аповесці) чалавек, створаны гісторыяй, грамадствам (залежнасць чалавека ад гісторыі надзвычай моцна адчуваецца), выступае як творца лёсу народнага. Вельмі выразна адчуваецца

непадзельнасць індывідуальнага і грамадскага лёсу чалавека. Індывідуальнага лёсу ў яго «чыстым» выглядзе няма. Ён заўсёды грамадскі, гістарычна абумоўлены.

Час, у які жыў, жыве сёння Янка Брыль, час, з якім звязана ягоная жыццёвая біяграфія, напоўнены аж да краёў падзеямі выключнай складанасці, падзеямі гераічнымі і трагічнымі. Пісьменнік усё гэта бачыў, перажыў, увабраў у сябе. Народнае стала асабістым. Асабістае арганічна ўлілося ў лёс народны. І вось у гэтым — для мастака невычэрпная крыніца.

У 1990 годзе была напісана аповесць «Муштук і папка», напісана на канкрэтным рэальным матэрыяле. Твор гэты ўяўляецца выключна асабістым. Матэрыял рознага часу (сучаснасць, дваццатыя гады, трыццаць сёмы, пасляваенны перыяд), розны па месцы дзеяння (Менск, Адэса, Белая Царква, Быкаўня каля Кіева, Загора — родная вёска бацькі пісьменніка), лёс аднаго брата, другога, лёс маці і асабісты Брылёў, аповед пра мінулае, звязанае з культам, і сучаснасць, цытаванне дакументаў, разважанні аналітычна-філасофскага зместу і як бы маналогі моцнага лірычнага і драматычнага напаўнення — усё знітавана ў гэтым невялікім творы ў адзін клубок неўразумення, роспачы, болю. Здаецца, ніводзін Брылёў твор не напісаны з такім болем, як гэты.

У аснове аповесці — трагічны лёс самага старэйшага пісьменнікавага брата Валодзі, якога «закатавалі ў Белай Царкве, паблізу якое ён працаваў заатэхнікам ў калгасе».

Усё пачалося са званка з Кіева. 23 сакавіка 1989 года патэлефанаваў украінскі карэспандэнт «Литературной газеты» і паведаміў, што пры эксгумацыі парэшткаў сталінскіх ахвяр, закапаных у Быкаўні (украінскі адпаведнік Курапатаў), знойдзены быў муштук з надпісам: «Брыль В. А. 16.ІХ.1937 г.». Пра смерць брата Янка Брыль даведаўся пасля вайны. У 1957 годзе ваенны трыбунал Кіеўскай ваеннай акругі справу перагледзеў і пастанову тройкі адмяніў «за отсутствием состава преступления». Але званок з Кіева ўскалыхнуў душу пісьменніка, прымусіў яшчэ раз звярнуцца да гэтай гісторыі — лёсу брата, больш уважліва на ўсё паглядзець. Брыль пачынае шукаць, апытваць, высвятляць, едзе ў Кіеў, у Быкаўню, знаёміцца са сведчаннямі тых, хто ведаў брата ў час працы, тых, хто з ім быў разам у турме, гутарыць з чыноўнікамі з адпаведных ведамстваў, праглядае некаторыя дакументы па справе. І чым далей, тым больш тагачасныя падзеі бачацца балючымі, да неверагоднасці жахлівымі.

Галоўная братава віна — «шпіянаж на карысць Германіі». Яе ён прызнаў, прызнанне «выбіта было катаваннямі». «Агавор самога сябе, выбіты катаваннямі, быў для ахвяры не проста небяспечны, а смяротны». Далей — болей: «быў жа яшчэ і нагавор» на таварыша па працы. На абурэнне таго, як жа ён так зрабіў, адказаў: «Если бы тебя так избивали, как меня, ты ещё не то сказал бы». Пісьменніку цяжка ўсё вытлумачыць. Ён цытуе В. Шаламава, А. Салжаніцына. У канцы прызнаецца: «Я не ведаю, колькі ён перанёс, мой брат, ці на долю яго выпалі ўсе катаванні, усе пакуты, якія можа вынесці чалавек. Мне вельмі прыкра, балюча, што ён зламаўся, і мне яго, роднага, вельмі шкада».

Ды змест твора, яго сутнасць не зводзіцца да адной трагедыі. Сама братава трагедыя дазволіла ўбачыць, адчуць трагедыю краіны, народа. За ёю — зламаныя лёсы людзей, пакалечаныя, знявечаныя, разбурэнне сем'яў, грамадства.

«Пры той жахлівай масавасці генацыду — у адным чалавечым лёсе няма нічога надзвычайнага. Апроч цуду з імянным муштуком, цуду — аднаго на сотні тысяч ці на мільёны. І мне так неабходна найясней убачыць, як расказаць пра гэта — пра звычайнасць і незвычайнасць, універсальнасць трагедыі, заключанай, як у маленечкай кроплі, у гісторыі адной чалавечай сям'і. На прыкладзе свайго мне лепш, а можа, і найлепш відно, як гэта жудасна — замучыць, забіць невінаватага.

Думаючы пра мільёны, адзін бачыцца вельмі маленькім у вялікай краіне, тым больш ва ўсім вялізным свеце гэта так мала — адзін. А ў сям'і, у душах родных гэта ж цэлы свет болю. А ў душы найраднейшай — у матчынай?»

Брыль змог перадаць гэты «цэлы свет болю», болю асабістага, болю родных і блізкіх, болю агульнага. І надзвычай характэрна, што ў гэтым творы, творы пра такі няпросты чалавечы лёс, для самога аўтара асабіста вельмі балючы, ён не хаваецца за нейкую падстаўную асобу, не перадаручае такую нялёгкую размову з чытачом апавядальніку прыдуманаму, старонняму. Адкрыта, шчыра, не хаваючы болю, недаўмення, шкадавання, пісьменнік сам расказаў пра ўвесь жах гэтай трагічнай гісторыі. Тон узяты высокі, чысты. І вытрыманы ён да канца. Аповесць успрымаецца як своеасаблівы мастацка-паэтычны рэквіем.

Пасля гэтай аповесці з'явіліся і з'яўляюцца новыя творы. Творы праўдзівыя, шчырыя, чыстыя, напоўненыя любоўю і павагай да чалавека, пранізаныя святлом захаплення прыгажосцю навакольнага свету.

Ёсць у Янкі Брыля характэрная для разумення сутнасці ягонай творчасці мініяцюра. Ён там піша: «Чытаю гісторыю, думаючы пра змены фармацый, стагоддзі… І раптам яскрава, міжволі ўбачыў нястомную бабку Прузыну або Агату — як яна дробна, мільгаючы чорнымі, парэпанымі пяткамі, ідзе, спяшаецца ў поле ці з поля, дзе толькі праца ды праца… Дзеля кавалка яшчэ ўсё не вельмі шчодрага хлеба.

Бабка прайшла ўслед за многімі. Зямля ўсё круціцца, ідуць другія бабкі…»

Тут адказ-развага на самае істотнае жыццёвае і эстэтычнае пытанне. Думаючы пра вечнае, дбаючы пра агульназначнае, бачыць штодзённае, сённяшняе, цікавіцца звычайным, простым. Ды не проста бачыць, цікавіцца, холадна канстатаваць. А адчуць сэрцам, усвядоміць розумам. Адчуць і ўсвядоміць ў прасторы і часе, у пастаянным руху.

Серафім Андраюк

Аповесці

Ніжнія Байдуны

Гісторыя

Пэўна ж, ёсць і ў мяне паваротка з гасцінца на палявую дарогу, у родную вёску. Нават не адна, а дзве, з захаду і з усходу, нібы сімвалічна. З захаду я аднойчы вярнуўся дахаты пасля даўжэйшай разлукі; з усходу, госцем, прыязджаю даволі часта і амаль заўсёды з хваляваннем. Яно бывае то большае, то меншае, але ж у нечым кожны раз адно, сваё на ўсё жыццё.

Аўтамашыны пакуль што не адчуваюць на паваротках ніякай узрушанасці, а коні калісьці, чуючы дом, таксама як і людзі, хваляваліся.

Гнеды ў старога Качкі быў сляпы, з гасцінца яго трэба было паварочваць ляйчынай. А гаспадар і сам не бачыў на правае. Пра іх з канём гаварылі: «адно на двух». Цяжэй сказаць, як там яны дзялілі сваё хваляванне.

Зрэшты, у тую ноч, калі на свеце гула і падвывала белая завірушная цемра, Захар Іванавіч Качко (так ён любіў называцца) вяртаўся з карчмы пехатою. Доўга ішоў з мястэчка, нялёгка, з блытаннем ног і адпаведным унутраным маналогам. Урэшце сяк-так набрыў на слуп каля павароткі і, шчасліва абняўшы яго, прытуліўшыся да сцюдзёнай драўніны аброслай шчакой, ціха, пяшчотна спытаўся:

— Чы тутэй весь Дольнэ Байдуны?

Спытаўся на мове тады афіцыйнай, бо гэта — з краіны майго маленства, з палавіны дваццатых, заходнебеларускіх гадоў.

Колькі часу мінула, а згадваеш тое пытанне амаль кожны раз, калі маўклівы слуп на паваротцы набліжаецца да цябе, калі на яго адзіным, выцягнутым драўляным рукаве зноў праяўляецца надпіс — імя нашай вёскі, ужо даўно па-свойму, як у загалоўку.

Адзін з маіх сяброў, вядомы крытык з братняй рэспублікі, з якім мы сустракаемся даволі рэдка і з прыемнасцю, неяк раіў мне, мякка, але настойліва, напісаць «два-тры апавяданні на гістарычную тэму». Яго аўтарытэтная настойлівасць падказвала падазрэнне, што апавяданні тыя патрэбны не столькі нашай літаратуры, як мне самому, — для разрадкі, ці што, каб трохі адцягнуць мяне ад залішне аголенай лірыкі. Ды я тады толькі смяяўся, не падазраючы, што і такое можа калі-небудзь здарыцца.

Поделиться с друзьями: