Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

У Аляксандраўскім скверы ёсць і яшчэ адна нечаканая адметнасць, з якой звязана гарадская легенда. Каля тэатра Янкі Купалы стаіць невялікі прыгожы будынак, падобны да маленькага палацу. Праўда, прызначэнне яго зусім не рамантычнае – у ім размешчана... грамадская прыбіральня. А легенду расказваюць такую... Калі напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Мінску пачалі будаваць тэатр, адзін архітэктар сказаў, што зробіць гораду падарунак – пабудуе за свой кошт ля тэатра прыбіральню. Вядома, прапанова была з удзячнасцю прынятая... Дзівак-дойлід узводзіў абяцаны будынак надзіва дыхтоўным і прыгожым. І толькі праз нейкі час высветлілася, чаму. Незадоўга перад гэтым архітэктар пабудаваў маёнтак для нейкага пана. Атрымалася прыгожа, на італьянскі манер... Але заказчык майстра падмануў – не заплаціў за працу. Архітэктар паабяцаў, што адпомсціць. Новая гарадская прыбіральня ўяўляла з сябе паменшаную копію таго прыгожага маёнтка. Над панам пачалі смяяцца, гаварыць, што жыве ў прыбіральні... Урэшце ён быў змушаны прадаць свой новы шыкоўны дом за крыўдна малыя грошы і з’ехаў некуды за мяжу.

А вось гісторыя помнікаў сквера Саборнай плошчы нагадвае дэтэктыў. У 1901 годзе там на чорным гранітным пастаменце паставілі бронзавы бюст расійскага імператара

Аляксандра ІІ. Ён нават падсвечваўся ў цемры двума электрычнымі ліхтарамі. У 1917 годзе, пасля рэвалюцыі, бюст з пастаменту знік. І на тым месцы быў устаноўлены помнік салдату-рэвалюцыянеру. Але, відаць, скульптура была зроблена з гіпсу, таму праіснавала нядоўга. І ў 1921 годзе на тым жа месцы з’яўляецца абеліск імя Мінскага Савету... Але зноў – з нетрывалых матэрыялаў. І ў 1922 годзе замест яго з’яўляецца помнік краўцу-рэвалюцыянеру Гіршу Лекерту, які быў павешаны за замах на віленскага губернатара. І гэты помнік “не дагадзіў” уладам. У 1939 годзе на яго месцы паўстаў фантан са скульптурай атлета, які цэліцца ў нябёсы з луку. І гэта не спадабалася... Атлет знік разам з фантанам.

Затое ў апошняе дзесяцігоддзе горад займеў шмат цудоўных скульптур, вакол якіх будуць складацца легенды. Напрыклад, у Міхайлаўскім скверы ля вуліцы Свярдлова з’явілася дзяўчынка з парасонам і мінчанка ў капелюшы, што сядзіць на металічнай лаўцы, гасцінна запрашаючы прысесці побач... Аўтар скульптур, Уладзімір Жбанаў, аздобіў і Камароўскі рынак – на прыступках сядзіць бронзавая гандлярка з семкамі. Аднойчы маладыя мінчане нават зладзілі тут флэш-моб – вясёлы розыгрыш, на які дамаўляюцца праз Інтэрнэт незнаёмыя людзі. Усе мусілі ў адзін час падысці да гандляркі і падарыць ёй... па чупа-чупсу. А вось з іншай насельніцай Камароўкі, Дамай з сабачкам, любяць здымацца і мінчане, і госці горада. Хаця побач прапаноўвае свае паслугі бронзавы фатограф. Ну а каня, што стаіць непадалёк, многія напачатку прымаюць за сапраўднага. Адпачывае сабе, звесіўшы галаву, пакуль гаспадар бадзяецца па рынку... Нельга не згадаць і пра невялікі помнік мастаку-вандроўніку Язэпу Драздовічу ў Траецкім прадмесці. Мастак, які нясе над сабой створаны ўяўленнем свет. Сваю рамантычную Беларусь.

17. Прамысловасць.

У ХVI-XVIII стагоддзях у Менску было больш за 20 цэхаў майстроў чатырох дзесяткаў прафесій. У 1591 годзе быў зацверджаны статут аб’яднання злотнікаў, кавалёў, меднікаў, слесараў, гадзіншчыкаў, мечнікаў. Уласныя цэхі заснавалі рымары, сёдзельнікі, партупейшчыкі, чахольшчыкі, цырульнікі, муляры, капялюшнікі ды іншыя рамеснікі, да якіх належаў кожны другі гараджанін. Дзейнічалі мукамольны і два папяровыя млыны, васкабойня, пастрыгальня сукна. Захоўвалі менскія майстры ўсе традыцыі еўрапейскага цэхавога брацтва, якое не даравала няякаснай працы. Але горад, шматкроць разбураны і спалены, паступова ператварыўся ў невялікае беднае мястэчка, загінулі яго майстры. Гаспадарка горада акрыяла, калі ў ХІХ стагоддзі тут скрыжаваліся дзве чыгуначныя лініі – Маскоўска-Брэстская і Лібава-Роменская. У 1895 годзе ў горадзе налічвалася 18 фабрык і заводаў. У 1913 – ужо 77 фабрык і 13 мануфактур. У 1883 годзе адкрыўся машынабудаўнічы завод таварыства “Якабсон, Ліфшыц і К”, цяпер – станкабудаўнічы імя С.Кірава, вагонарамонтны заводі. На пачатку ХХ стагоддзя былі ў нашым горадзе, сярод іншых, шпалерная фабрыка Кантаровіча, абутковыя фабрыкі “Арол” і “Хуткаход”, фабрыка жаночых грабеньчыкаў. На апошняй, якая знаходзілася на месцы сённяшняга стадыёну “Дынама”, працавалі спецыяльна запрошаныя майстры-французы. Першы паравы рухавік у горадзе быў устаноўлены на Мінскай ваеннай мукамольні ў 1887 годзе, там цяпер – адзін з карпусоў Мінскага халадзільнага камбінату. Адно са старажытнейшых прадпрыемстваў Мінска, якое дзейнічае дасюль - піваварны завод “Аліварыя”, або, як ён называўся раней, “Багемія”. Яго заснавала ў 1864 годзе мінская мяшчанка Р.Фрумкіна. Пасля валодалі ім граф Чапскі, потым – аўстрыйскія купцы Лекерты. Браты Лекерты мелі 4 вагоны-леднікі для перавозкі піва ў іншыя гарады, трымалі сваю карчму. Ёсць паданне, што яшчэ ў ХІХ стагоддзі “Аліварыя” заснавала першае ў Мінску “метро” – з тэрыторыі заводу былі прарытыя два падземныя танэлі. Адзін з іх вёў на Камароўку, і купцы маглі проста з рынку заязджаць у прахалодныя скляпенні “Аліварыі” за свежым півам. А вось кандытарская фабрыка “Камунарка” пачала выпускаць сваю салодкую прадукцыю толькі ў 1930 годзе. Праўда, мінчане без салодкага не заставаліся ніколі. Дарэчы, адзін з крухмальна-патачных заводаў, “Сокал”, што на Ігуменскім тракце, належаў памешчыку Любанскаму з Лошыцкага маёнтка.

Ну а калі Мінск зрабіўся сталіцай, прадпрыемствы з’яўляліся ў ім адно за другім. Мінскі аўтамабільны завод быў заснаваны ў 1944 годзе, адразу пасля вызвалення горада. З таго часу аўтамабілі “МАЗ”, надзейныя, працавітыя волаты, сталі вядомыя ва ўсім свеце. Больш чым у 80 краінаў едуць нашы грузавікі! Трактары “Беларусь” Мінскага трактарнага завода таксама ведаюць паўсюдна. Працуе на гэтым заводзе зараз больш за 20 тысяч чалавек.

1953 год. Напярэдадні святкавання 36-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрыўся новы маршрут трамвая – ад трактарнага заводу да аўтазаводу. Калі трамвай пад’ехаў да кальца, там пасажыраў – трактарабудаўнікоў – чакалі з музыкай і кветкамі аўтазаводцы. Так было адзначанае вялікае свята: з варот трактарнага заводу выйшаў першы трактар. А цяпер лік перайшоў ужо за 3 мільёны...

Ахвотна купляюцца і сучасныя тэлевізары вытворчага аб’яднання “Гарызонт”, гэтак жа, як і халадзільнікі “Атлант” заводу халадзільнікаў. Не пералічыш усяго, што сёння выпускаецца на прадпрыемствах Мінска. Працягваюцца традыцыі старога Менска- горада майстроў.

18.Гандаль.

“Мінск са старажытных часоў славіўся сваім гандлем з Ганзейскімі гарадамі і з Усходняй Руссю “,– пісаў гісторык Адам Кіркор пра Мінск у першай палове ХІХ стагоддзя. На мінскіх кірмашах каго толькі не сустрэнеш! Тут меліся склады купцоў з усяго свету. Былі брукаваныя рынкі Высокі, Нізкі, Траецкі, Гандлёвы... На Рыбным рынку ля Екацярынінскай царквы, проста з драўляных масткоў, преракінутых праз раку, можна было купіць рыбу,

толькі што злоўленую ў Нямізе. Яе было так шмат, што тую, якую за дзень не купілі, рыбары адпускалі назад у раку – прасцей было назаўтра налавіць новай. На малочным рынку ля Лаўскага мосту, побач з сённяшнім рэстаранам “Журавінка”, можна было купіць свежыя малочныя прадукты, якія прывозілі з маёнткаў і вёсак. На Конскім рынку штогод, на дзесятую пасля Вялікадня пятніцу ўчыняліся “дзесятухі” – кірмашы. А вось сёння самы вядомы рынак – Камароўка. Магчыма, назва Камароўкі пайшла ад мноства камароў, што лёталі над гэтай балоцістай мясцовасцю. Але ёсць і легенда...

Калісьці непадалёк ад Камароўкі стаяў Нікольскі храм. Пабудаваны быў ён на месцы могілак, дзе пахавалі Сеньку Сокала – лепшага воя мінскага князя Глеба Усяславіча. Аднак меў Сенька славу нядобрую – быў ён разбойнікам, назапасіў шмат каштоўнасцяў... Усе яны былі пахаваныя разам з ім. Але, відаць, нарабаванае і на тым свеце не дае спакою душы. І вось аднойчы на цвінтары Нікольскага храму сядзеў жабрак Хведзька Камар. Ён убачыў, што да царквы ідзе нейкі чалавек з цяжкім брудным мехам за плячыма... Раптам чалавек упаў. Хведар падбег да яго і ўбачыў, што незнаёмец нежывы. А ў ягоным мяху ляжаць залатыя манеты. Ад сквапнасці Хведар забыўся на ўсё. Схапіў мех і пабег у бліжэйшы лес, не разбіраючы дарогі. Вось і патануў у балоце. Тое месца сталі называць Камароўкай, а манеты, з-за якіх загінуў Камар, няйначай належалі разбойніку Сокалу. Можа быць, той сам і ішоў з імі да храма.

Дарэчы, менавіта на Камароўцы адбываліся першыя палёты на аэраплане ў Мінску! У 1910 годзе паспрабаваў узляцець над нашым горадам лётчык Манфельд. Але ў той час многім здавалася, што без дапамогі нячыстай сілы падазроная машына ў неба падняцца не можа. І калі самалёт уключыў рухавік, перад “нячыстай сілай” з’явілася бабулька з кадзілам і пачала яе хрысціць. Публіка рынулася на аэраплан, пачала хапаць яго за крылы, за хвост... Дваіх параніў прапелер... Але самалёт так і не ўзляцеў. Паліцыя ледзь абараніла летуна-гастралёра. А вось праз год палёт рускага пілота Утачкіна адбыўся, як мае быць. Пілот даляцеў да Камароўскага лесу (там цяпер універсам “Рыга”) і вярнуўся назад. Яго палёт нават зазнялі на кінаапарат мінскага кінатэатра “Гігант”.

Было ў Мінску і шмат крамаў, вялікіх і зусім маленькіх. У 90-ыя гады ХVIII стагоддзя ў Мінску было 89 крам, большасць – мураваныя. Уладзіслаў Сыракомля ўбачыў на Саборнай плошчы цудоўныя магазіны братоў Вянцкоўскіх, галантарэйны Айзенштата, магазіны замежных напояў і магазін мод пані Дэльпачэ... А ўвогуле ў той час, як паэт Сыракомля прыязджаў у Мінск, гэта значыць, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, у нашым горадзе мелася ўжо 423 купецкія крамы.

Мінск заўсёды быў горадам шматнацыянальным. У 1506 годзе князь Міхаіл Глінскі разбіў пад Клецкам войска крымскіх татар, а палонных пасяліў у Менску, у Татарскай слабадзе , гэта цяпер раён праспекта Машэрава. Тут праходзіла “мяжа аседласці”, месца, дзе дазвалялася жыць у Расійскай імперыі яўрэям. У ХІХ стагоддзі былі часы, калі больш паловы жыхароў Менску былі яўрэямі. У канцы ХХ стагоддзя ў раёне сучасных вуліц Карла Лібнехта і Волаха было дазволена пасяліцца калоніі немцаў-лютаран. А чым больш у горадзе рознага люду – тым спрыяльней для гандлю. Два разы на год у горадзе праводзіліся кірмашы – летні і веснавы. Веснавы працягваўся два тыдні. А на пачатку ХХ стагоддзя ў Мінску можна было набыць усё, што жадаецца душы – ад нафтапрадуктаў і швейных машынак “Зінгер” да цэйлонскай гарбаты і парыжскай бялізны. У краме Натуса на рагу Захар’еўскай прадавалася найсучасная тэхніка – фотаапараты, машынкі-друкаркі, веласіпеды, грамафоны, першыя электрычныя прылады... Цяпер на месцы гэтага магазіна – дом з уваходам на станцыю метро “Кастрычніцкая”. Насупраць знаходзіўся магазін французскага адзення, побач – там, дзе цяпер кветкавая крама, – прапаноўваліся навінкі варшаўскай моды. А на месцы сённяшняга Саюза кампазітараў, на плошчы Свабоды, быў склад гумавых вырабаў таварыства “Расійска-амерыканская гумавая мануфактура Бруднера”. Фірма “Менск-аўтамабіль” прапаноўвала аўтамабілі. Быў гандаль і незвычайны... У маі адзначалі “дзень белай кветкі” – імі упрыгожвалі вітрыны, вокны, экіпажы. Грошы, атрыманыя ў гэты дзень за продаж белых кветак, ішлі на лячэнне бедных, дапамогу бальніцам.

Пасля рэвалюцыі прыватныя крамы і мануфактуры зніклі. Гандаль сталь дзяржаўным. Сёння ў Мінску 2191 магазін і 22 рынкі. Самыя вядомыя з магазінаў – гэта ГУМ, ЦУМ, Гандлёвы дом на Нямізе, універмаг “Беларусь”... Вялікія рынкі паступова пераходзяць за мяжу горада, так, як гэта зроблена ў іншых гарадах свету. З’явяцца ля кальцавой дарогі і вялізныя гіпермаркеты.

19. Транспарт.

Карэта, брычка, каляса, тарадайка, тарантас, фаэтон, модная карыёлька-двуколка... На чым толькі не ездзілі па дарогах Беларусі! У ХІХ стагоддзі з’явіліся дыліжансы і амнібусы. Прайшла праз Мінск чыгунка... А вось з’яднаныя чыгунка і амнібус і ўяўляюць сабой конку – першы грамадскі транспарт, які з’явіўся ў нашым горадзе. Некалькі коней цягнулі па рэльсах вагон з імперыялам, адкрытай пляцоўкай наверсе. Адкрыццё конкі было вялікай падзеяй для горада. Яно адбылося 10 мая 1892 года. Газета “Минские губернские ведомости» пісала: “На вуліцы Захар’еўскай выстраіліся цёмна-сіняга колеру вагоны метраў восем даўжынёй, запрэжаныя парамі коней. Вагоны летнія, адкрытыя. Ветрык развявае паласатыя фіранкі на вокнах, вупраж прыкрашаная стужкамі і кветкамі”. Ездзіла конка ад вакзалаў – Брэсцкага і Віленскага – да Саборнай плошчы. Абслугоўвала толькі цэнтр. А на ўскраінах па ранейшаму цёмныя, небрукаваныя вуліцы патаналі ў брудзе. Пасля 1920 года гарадскія дарогі пачалі даводзіць да ладу. Конка пачала ездзіць далей. Рабочым выдаваліся бясплатныя талоны для праезду да месца працы. Аднак коней мусіла замяніць тэхніка. І ў 1927 годзе было прынята рашэнне аб закрыцці мінскай конкі.

А вось першы таксіст з’явіўся ў нашым горадзе ў 1906 годзе, раней, чым у Маскве. Атрымаў дазвол у гарадскіх уладаў... І ў першы ж дзень працы, праязджаючы па цэнтральнай вуліцы (цяпер Карла Маркса) урэзаўся ў тэлеграфны слуп.

Можа быць, таму ў 1913 годзе ў Мінску было ўсяго 13 таксі?

23 кастрычніка 1924 пачаў развозіць пасажыраў першы мінскі аўтобус. Можна было праехацца ад вакзалу да Камароўкі за 24 капейкі, ці скарыстацца “лазенным” маршрутам – ён вазіў у лазню на Кастрычніцкай усіх жадаючых памыцца з Камароўкі і плошчы Свабоды.

Поделиться с друзьями: