Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ягамосць

Сыс Анатоль

Шрифт:

Тры мазалі ў мяне…

Ахвярую Анатолю Вярцінскаму

Тры мазалі ў мяне. Бог тройцу любіць: на языку, на сэрцы, на руцэ. Было: тапіўся ў моры і ў рацэ, але, відаць, язык мяне загубіць. Віры ў рацэ, а ў моры топяць хвалі — салёная ці прэсная вада... Віры і хвалі смелых пакахалі. Навошта ім паэтава нуда... Язык — мой вораг. Мову любіць моцна, аб гальку гукаў, слоў нацёр мазоль. «Ціпун табе...» — матуліна прароцтва — за песні пра бяду, жуду, пра боль. Як паміж морам і ракой на шчасце, паміж двух Анатоляў, мама, сядзь. Вялікі дзякуй, што вучыла нас не ўкрасці, па радасці чужой не сумаваць. Што
да бяды, жуды, нуды,
дык — гэта ў вершах. Хаця... ў паэзіі у кожнага свой слуп. Я ўсім кажу, што я паэт найпершы, калі ж папраўдзе: першы жыццялюб!

Закалышы дзіця маімі вершамі…

Закалышы дзіця маімі вершамі, самымі апошнімі і самымі першымі, але самымі добрымі і самымі лепшымі, закалышы дзіця маімі вершамі.

Паэт

Паэт — боская птушка, яго нельга чапаць, трэба Хрыста чакаць, трэба Хрысту ногі цалаваць, вачыма неба араць, з любай, як з маці, спаць, калі слёзы ёсць — жабраку даць, — вось якая паэт боская птушка, як пад галавой нябожчыка падушка, вось якая паэт птушка боская, як свечка, як з воску я. Я? я, я, я! — боская птушка, мяне нельга чапаць, мне трэба Хрыста чакаць, Хрысту ногі цалаваць, вачыма неба араць, з маці, як з любай, спаць, калі слёзы ёсць — жабраку даць, вось якая паэт боская птушка, як пад галавой нябожчыка падушка, вось якая паэт птушка боская, як свечка, як з воску я. Я? я, я, я!

Мая хата без сяброў — не хата

Мая хата без сяброў — не хата, хоць ты вый ці з вуснаў пусці кроў, мо паэзія ў самоце вінавата, што мяне раўнуе да сяброў? А хоць з птушкай памаўчаць бяссоннай, ды хоць старац да мяне б забрыў, не хапае вашых галасоў мне, вашых рук і вашых воч, сябры. Мая хата — гэта ваша хата, асвяцілі мы яе слязьмі, бо паэзія у гэтым вінавата, так што ні пры чым зялёны змій. Вось віно, няхай стаіць, хоць скісне, дакрануся да яго тагды, калі рак на Лысай гары свісне, няхай кісне, мне такой бяды. Дзе ж вы, мае родныя паэты? Дзе ж вы, мае гора-чытачы? Хоць ты свае бедныя санеты нямым зоркам у вакно крычы.

Песня пра каханне

Не баюся я смерці, бо хачу вельмі жыць, няма сілы памерці, няма моцы зграшыць. Ёсць любоў — маё цела, ёсць каханне — душа, яна ў рай паляцела, я яе не змушаў. Мілы Божа, каханы, як пражыць без пакут? Не хачу смерці мамы, з кім тагды буду тут? З тваім, Божа, каханнем? Без жанчыны? З табой? З беларускім паданнем? З хлебам? З соллю? З вадой? Бачыш сам: пусты ложак. Надакучыла мне спаць з Табой, любы Божа. У мане, у віне. Цалаваць Твае раны, цалаваць Тваю плоць, быць паэтам абраным, жвір у вершах малоць. Быць мужчынам абраным, скажы, суджана мне? Ці на ложку каляным жыццё марна міне? Даруй, любы мой Божа, што вярэджу душу, што абраў бездарожжа, як грашу, так пішу. А папраўдзе: як дзеці, мае вершы растуць, няма сілы памерці, бо яны не даюць, таму нам не каляны ложак шлюбны — як пух! Мой Мужчына каханы, Айцец, Сын, Святы Дух!

З нізкі “Песні пра сына”

Калі люблю

Калі люблю — я веру і мане, сказаць па праўдзе:я займаўся сам падманам. Маё каханне ўжо не радуе мяне, нарэшце я хачу таксама быць каханым, бо засталося дзевяць вершаў мне пражыць у анталогіі тутэйшых любадзеяў, каб ведаў: калі сэрца затрымціць, хто побач, для чаго і дзе я, няўжо
таксама ў небе ёсць жыццё,
каханне ёсць, світанкі і прадвесні? Мо не дажыў да ісціны? Асцём — жыццё на небе ў горле маёй песні.
Калі люблю — я веру і мане: ёсць на нябёсах песні і прадвесні! Няхай анёл крылом мяне кране, калі выносіць будуць з гэтых весніц. А хто не верыць, ведайце: Багрым пачаў з кажана, скончыў жаўрукамі. Мы нават і ў нябёсах не згарым, Птушыны Шлях намацаем нагамі!

Паэтам можаш ты не быць…

Паэтам можаш ты не быць, а беларусам абавязаны, расейцаў можаш не любіць, а можаш быць у іх за блазана. Калі ж паэтам хочаш быць, у скронь пацалаваным духам, дык, Божа, збаў цябе забыць, чыя ў вачах Купалы скруха.

На твары шчацінне, як пожня жытнёвая…

На твары шчацінне, як пожня жытнёвая, вочы — праталіны мутнай вады... — Мілы сынок мой, пачні жыццё новае, грэх блазнаваць у Хрыстовы гады. — Мама, я рады б —як пчолы на ліпень, музы лятуць на хмяльнога мяне. Жыць без паэзіі? Гэта ж пагібель! Жыць без віна? Гэта ж смерць удвайне. Хто ж вінаваты, што аж з нараджэння з мёдам смакчу я з цябе малако? Ведаю, сохне паціху карэнне, хоць і жывеш пад Вялікай Ракой. Ну і няхай музам колкая пожня, горкія вусны мае, дык няхай. Мама, такога народзіць не кожная, мама, не перажывай!

Ёсць дзіцятка

Ахвярую Ганне Канапельцы

Ёсць дзіцятка, прыйдзе ў хату, скажа: Толік... і так гляне — на сон можна не чытаць Беларускі Праваслаўны Малітоўнік — у нябесным царстве так не спяць! Слава Табе, слава Табе, Божа! За Твой райскі сон дзень пражыву плённа, мірна, весела, прыгожа — што пасею, тое і пажну! Ёсць каханка, прыйдзе ў хату, скажа: Толік, мо табе не трэба? Падары Беларускі Праваслаўны Малітоўнік, бессань мяне мучыць на зары. Падару сяброўцы Малітоўнік, яна пойдзе, ночка стане зноў колкаю і мулкай, як цярноўнік, боскаю малітвай за любоў. Слава Табе, слава Табе, Божа! За бяссонне райскае Тваё пражыву і гэты дзень прыгожа, як ніхто і ў ніякіх краёх.

Памрэш сыты ці галодны…

Памрэш сыты ці галодны, а якая розніца. Попел цёплы. Прах халодны — што з яго народзіцца? Але я вось нарадзіўся, маці кажа: з прысаку. Быццам Бог перахрысціўся за зямную іскарку. Дзякуй маці! Дзякуй Бога! Дзякуй, свет дзівосны! Дзякуй, хросная — дарога! Дзякуй, посах — хросны!

Не існуе распусных кветак…

Р.Б., Л.Г.

Не існуе распусных кветак, магу паклясціся чалом. Люблю падвыпітых паэтак, яны, бы ў ложку — за сталом. Віно сам Бог ім з вуснаў дорыць, з нябёсаў цудны гэты свет! А Вас нішчымным вершам морыць, бо без віна — Вы не паэт.

Будзьма!

Ахвярую Галіне Булыцы і Паўлу Гірныку

Мы не будзем дзяліць мяжы, і таму хай слупы памежныя нас ахоўваюць, як крыжы косці тленныя, душы грэшныя. Мы не будзем дажджы дзяліць і масты залатых вясёлак, бо смяротнаму не перажыць нават самы кароткі золак. Мы не будзем дзяліць туман, нам з яго па адным не выйсці. Пясняр, Лірнік, Кабзар, Баян — пупавіны не перагрызці. Мы не будзем дзяліць палын, і за долю, як за дзяўчыну, нам не трэба чужы калым і жаніх з касымі вачыма. Мы не будзем дзяліць любоў, калі ж будзем, дык толькі гора, яно здарыцца можа, бо вакол нас і садом, і гамора.
Поделиться с друзьями: