За наміткай гісторыі
Шрифт:
5 кастрычніка 1814 года ў сям’і Антона Гашкевіча, святара з Мінскага павета, нарадзіўся сын Восіп. Дзяцінства прайшло ў Якімавай Слабадзе Рэчыцкага павета. Вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, Мінскай духоўнай семінарыі. Затым – Пецярбургская духоўная акадэмія. Яшчэ трошкі – і пайшоў бы Восіп па слядах бацькі, далучаў бы людзей да слова Божага. Аднак далейшы лёс вызначыла захапленне замежнымі мовамі.
У час вучобы ў духоўнай акадэміі Іосіф авалодаў грэчаскай, нямецкай, французскай, англійскай, лацінскай, яўрэйскай мовамі. Тады ж захапіўся ідэяй перакласці старазапаветныя кнігі з яўрэйскай мовы на рускую. І ўжо ў 1839 годзе Біблія была надрукавана.
У снежні таго ж года 25-гадовы Іосіф Гашкевіч выпраўляецца ў сваё першае замежнае падарожжа. У складзе
А пасля была першая экспедыцыя ў Японію.
У пачатку кастрычніка 1852 года рускі цар Мікалай І абыходзіў шарэнгі матросаў і афіцэраў, што выстраіліся на палубе фрэгата “Палада”. Яны павінны былі адплыць з дыпламатычнай місіяй у Японію. Сярод марской формы цар заўважыў двух цывільных людзей. Адзін з іх – пісьменнік Іван Ганчароў, аўтар “Обыкновенной истории” і “Обломова”, выконваў ролю сакратара кіраўніка экспедыцыі віцэ-адмірала Яўфімія Пуцяціна. Другі – наш зямляк Іосіф Гашкевіч з’яўляўся перакладчыкам місіі. Абодва моцна пасябравалі, пра што пісьменнік згадваў у цыкле падарожных нарысаў “Фрегат “Паллада”.
Першая місія ў Японію аказалася ўдалай. У 1855 годзе з удзелам Гашкевіча быў падпісаны руска-японскі дагавор. Усе тры гады, што доўжылася экспедыцыя, ён не перапыняў навуковых заняткаў. А паколькі Пуцяціну давялося практычна здзейсніць кругасветнае падарожжа, то Гашкевіч меў шмат захапляючай даследчай працы. Калі карабель прыставаў да берага, ён даследаваў прылеглыя землі, іх геалагічныя асаблівасці, збіраў калекцыі, рабіў фотаздымкі. Такім чынам вывучыў, напрыклад, Паўднёвую Афрыку.
У Японіі прыязныя адносіны склаліся ў нашага земляка з будыйскім бонзам з горада Хэда Тацібана Каасай. Ды за стасункі з замежнікамі па японскіх законах пагражала суровая кара. Таму, калі місія скончыла сваю працу, Каасай вымушаны быў разам з расіянамі тайна пакінуць Японію. Але ў 1853--56 гадах ішла Крымская вайна. Англійская марская эскадра захапіла ў палон удзельнікаў Пуцяцінскай экспедыцыі разам з Тацібана Каасай, якога ў гонар Гашкевіча назвалі Уладзімірам Іосіфавічам Яматавым.
Палонных трымалі спачатку ў Ганконгу, пасля ў Англіі. З цяжкасцю ўдалося вярнуцца ў Расію. У Пецярбургу Каасай-Яматаў дапамог Гашкевічу здзейсніць даўнюю мару – скласці першы “Японска-рускі слоўнік”, які выйшаў у 1857 годзе і быў адзначаны медалём Пецярбургскай акадэміі навук і прэстыжнай Дзямідаўскай прэміяй. Такога слоўніка не мела тады ніводная краіна Еўропы.
А японскі калега Гашкевіча прыняў расійскае падданства і нават ахрысціўся. Ён працаваў у Міністэрстве замежных спраў Расіі, выкладаў у Пецярбургскім універсітэце.
Калі ў 1858 годзе ў японскім горадзе Хакадатэ адкрывалася расійскае консульства, міністру замежных спраў А. Гарчакову спатрэбілася надзейная кандыдатура. Я. Пуцяцін парэкамендаваў Іосіфа Гашкевіча. Так наш зямляк стаў першым расійскім консулам у Японіі. Ён дзейсна спрыяў развіццю расійска-японскага супрацоўніцтва і паразумення. Акрамя таго, выкладаў у Хакадацкай рускамоўнай школе, займаўся навуковымі даследаваннямі.
У 1865 годзе Гашкевіч вярнуўся ў Пецярбург, пахаваўшы ў Хакадатэ жонку. Тут ён зноў сустрэўся з Каасай-Яматавым. Аднак Іосіф Антонавіч увесь час памятаў пра малую радзіму, пра свой беларускі край. Настальгія змусіла яго ў кастрычніку 1867 года пераехаць у Беларусь. Жыў у невялікім маёнтку Малі цяперашняга Астравецкага раёна. А 15 мая 1875 года дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Далёкага Усходу стацкі саветнік Іосіф Гашкевіч памёр.
Яго вучань і хрэснік Каасай-Яматаў восенню 1874 года вярнуўся ў Японію. Зноў перайшоў у сваю веру, стаў манахам. 30 мая 1885 года ён пакінуў гэты свет.
Удзячныя нашчадкі годна ўшанавалі памяць І. Гашкевіча. У Астраўцы яму адкрыты помнік. У музеі японскага пасёлка Хэда ёсць шмат матэрыялаў пра нашага земляка, а ў гарадку Фудзі
на помніку рускім матросам і афіцэрам значыцца і яго прозвішча. У горадзе Хакадатэ, дзе было расійскае консульства, устаноўлены бронзавы бюст Іосіфа Гашкевіча. Яго імем названы заліў у Паўночнай Карэі.МАЛАМАЖЭЙКАЎСКАЯ ЦАРКВА-КРЭПАСЦЬ
Як толькі царкоўны звон пакліча на святую малітву, вернікі вёскі Мураванка, што ў Шчучынскім раёне, спяшаюцца да тутэйшага храма. Вось ужо амаль 500 гадоў узвышае людскі дух Мураванкаўская царква-крэпасць, больш вядомая як Маламажэйкаўская. Але чаму царкву назвалі крэпасцю?
Шаснаццатае стагоддзе для Вялікага княства Літоўскага лічылася ці не самым ваяўнічым. Шмат разоў пешыя і конныя ворагі намагаліся захапіць нашыя землі. Таму нашы продкі імкнуліся ўмацаваць свае паселішчы, узводзілі абарончыя збудаванні. Аднак у Вялікім княстве, як і ва ўсёй тагачаснай Еўропе, мураваныя замкі былі прывілеяй найбольш важных гарадоў. Абараняць жа патрабавалася і іншыя паселішчы. Вось чаму абарончую моц сталі надаваць ратушам, жылым дамам, сядзібам, цэрквам, манастырам.
Да ліку такіх збудаванняў можна аднесці Полацкі Сафійскі сабор, які на мяжы ХV – ХVІ стагоддзяў быў перабудаваны ў храм-крэпасць з пяццю вежамі, Сынковіцкую царкву-крэпасць на Зэльвеншчыне, кальвінісцкі збор у в. Асташына на Навагрудчыне, дом феадала ў в. Гайцюнішкі Воранаўскага раёна. Такі характар мае і Маламажэйкаўская Свята-Раства-Багародзіцкая царква-крэпасць.
Па адных звестках, гэты помнік абарончага дойлідства гатычна-рэнесанснага стылю быў узведзены ў 1407 годзе. 13 мая 1907 года нават урачыста адзначалася 500-годдзе з часу яго заснавання. Аднак згодна з пазнейшымі даследаваннямі лічыцца, што царква збудавана ў 1524 годзе. Сродкі на яе выдаткаваў віленскі падканюшы Шымко Мацкевіч Шкленскі.
Мураванкаўская царква мела шчодрыя ахвяраванні ад роду Сапегаў, Завішаў, іншых знаных людзей. На пачатку ХVІІ стагоддзя яна была адной з самых багатых на беларускай зямлі. А яшчэ ходзіць показка, што Шымко паклапаціўся і пра магчымы “чорны дзень” для царквы. У ягонай труне знайшлі запіску, у якой гаварылася аб схаваных скарбах на патрэбы храма. Было гэта напрыканцы ХVІІІ стагоддзя.
Пра запіску, золата і іншыя багацці, нібыта схаваныя ў труне заснавальніка храма, даведаўся царкоўны апякун зайздросны і злосны пан Кастравіцкі. Гэта стала сапраўднай трагедыяй для тамашняга святара Пятра Афанасевіча. Пан патрабаваў, каб той аддаў знойдзеныя багацці. Палохаў бацюшку, збіваў сям’ю. Нічога не знайшлі, а раз’юшаны пан загадаў задушыць жонку і маці святара, катаваць ягонага брата. Аднак скарбы не знаходзіліся.
Тады ад злосці пан спаліў усе дакументы па гісторыі Мураванкі. Пасля прымусіў перакапаць зямлю ў лёхах і вакол храма, абстукаць усе сцены, разабраць дах. Золата не знайшлі. Каб хоць як адпомсціць царкве і яе служкам, звар’яцелы пан забраў з храма ўсё дабро, зняў багата аздобленыя вароты і перавесіў на свой хлеў. Шмат благога натварыў пан, каб адвадзіць людзей ад царквы, ад праваслаўнай веры. Ды абарончая і духоўная моц, Божае заступніцтва паспрыялі і на гэты раз. Нездарма, значыць, Мураванка называлася царквой-крэпасцю.
Па архітэктуры яна нагадвала сярэднявечныя замкі. Сцены ў тэхніцы гатычнай муроўкі былі выкладзены з моцнай, як жалеза, цэглы. У падзямеллях меліся памяшканні для зброі і вайсковага рыштунку, царкоўных рэчаў. Па кутах узвышаліся 4 магутныя круглыя шатровыя вежы, якія разам з абарончым поясам у верхняй частцы храма надавалі яму баявую магутнасць. Трапіць у вежы можна было толькі знутры царквы па стромых і пакручастых каменных лесвіцах. Меўся таемны ход і гэткія ж выйсці ў сценах.
Царкву-крэпасць ад звычайнага храма адрознівалі байніцы ў сценах і вежах. Яшчэ на пачатку ХІХ стагоддзя ўваход, як і ў Мірскім замку, абаранялі важкія жалезныя дзверы-герса, якія апускаліся на моцных ланцугах са спецыяльнай нішы ўгары. У паддашшы над скляпеннямі мелася баявая галерэя. На жаль, прагавіты час не пашкадаваў гэтых сярэднявечных абарончых прыкмет.