Загадкавы святы
Шрифт:
Ён залямантаваў. Яго нечакана гучны голас разляцеўся над усёй гарой. Упершыню ён шырока раскрыў рот, развёўшы скiвiцы, быццам, выканаўшы сваю мiсiю, ён ужо не меў патрэбы стрымлiвацца.
– Дарагi доктар, мiлы доктар, я цябе пазнаў. Калi я захварэў, ты падышоў да мяне на дзесяць крокаў, толькi на дзесяць, у недарэчнай масцы i пракураны ладанам. Гэта ты загадаў забiць мае дзверы, але ты забыўся пра акно i пакiнуў нейкiя свае парфумы... Ты забаранiў усiм наблiжацца да майго жытла. Ты паставiў на iм белы крыж i напiсаў: "Божа, злiтуйся з нас".
– Божа, злiтуйся з нас, - як рэха, прашаптаў Жан Маяр, якога нiбы маланка ўдарыла.
– Нiхто не злiтаваўся з мяне; але я не пабаяўся абдымаць пракажоных... i цябе, любы лекар-пракажоны. Кажаш, праказа забiвае паволi?.. Ха, ха! А хiба я сам не выдатны лекар, найлепшы лекар?
–
Абат, - закрычаў Жан Маяр, якi выйшаў са здранцвення, - абат! Ваш святы... Наш святы!..У парыве лютасцi ён кiнуўся на гэтага чалавека, якi зноў адкiнуўся назад i страцiў прытомнасць. Некалькiмi рэзкiмi, лiхаманкавымi рухамi ён задраў да шыi яго доўгую рудую хламiду i сарваў сподняе. Абат убачыў, як ён пахiснуўся i адступiў на крок перад той апошняй жахлiвай карцiнай, якая яму адкрылася.
Страшныя пухлiны, брыдкiя плямы агiдна чорнага колеру пакрывалi пах святога. Такiя самыя злавесныя плямы былi пад пахамi i пачалi з'яўляцца ў iншых мясцiнах на целе. Гэтыя плямы, якiя былi ўжо вялiкiя i месцамi злiлiся ў адно, пачалi ўбiраць цела ў пахавальны саян.
Лекар брыдка вылаяўся. Ён увесь калацiўся ад лютасцi. Павярнуўшыся да сябра, ён закрычаў, паказваючы пальцам на злавесныя знакi:
– Пошасць, у сто разоў больш заразная i ў тысячу разоў страшнейшая за праказу, абат! Хвароба, ад якой памiраюць за пяць дзён! ЧОРНАЯ ЧУМА!