Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Змагарныя дарогi
Шрифт:

I чым больш думаў, тым больш узмацнялася злосьць i пагарда да карцёжнiка-каманданта. Думкай гэтай нi зь кiм не падзялiўся, толькi, замкнуўшыся ў сабе, калупаўся, рыхтуючыся да заўтрашнiх урачыстасьцей.

II

Рух у бараку ўжо амаль спынiўся. Выглянцаваная подлога сьвяцiла як люстра. Быў вечар. Навучэнцы восьмага курсу канчалi глянцаваць чаравiкi, спражкi, што ззьялi золатам, пасы, пераглядалi, цi ў парадку й цi чысты iншы рыштунак. Кожны зь нецярплiвасьцю чакаў заўтрашняга дня. Янкоўскi зь вялiкай асалодай песьцiў зрокам прышытыя на мундзiры свежыя сярэбраныя стужкi i ўяўляў сябе, пэўна, адмiралам. Хшаноўскi тайком выцягнуў зь кiшэнi здымак "боскай Марыськi" й распрамянiўся ўсмешкай. Самазадаволена гудзелi ў куце покернiкi. Паводле ацэнак усе яны трапiлi на пярэднiя

месцы. Зьвязны Розмарэк яшчэ раз пераканаўся, што закулiсныя хады больш паплатныя, чымся франтавыя. Дэмарчык з задаваленьнем гудзеў пад носам "Сагару", а ў галаве маячылася цёпленькая ангельская ўдоўка й выпрабавальная будучыня ў "Iнтэлiджэнс Сэрвiс" ды памножаныя iм могiлкi ворагаў. Барак цiха й раўнамерна гудзеў, быццам той вуль пчолаў пасьля працавiтага гарачага летняга дня. Зацяты й гусьценькi, паганяны хуткiм ветрам шкоцкi дождж ёмка хлiстаў знадворку шыбы бараку. Каля нагрэтай печкi цёрлiся кадэты.

– Зва-а-а-жай!
– загрымеў голас з ваколiцы дзьвярэй. Маёр Палiшэўскi, засопшыся, быццам паравоз, разам з дажджлiвым ветрам уварваўся ў барак i на момант спынiўся каля парога. Дваццаць тры пары вачэй упiлiся ў камандзера. Даць вольна!
– загадаў маёр.

Кругленькая брухатая фiгурка пасоўвалася праходам мiж пасьцелямi, а маленькiя вочкi найперш папаўзлi па выглянцаванай падлозе, пасьля па пасьцелях, а ўжо потым пераскаквалi з твару на твар вучняў. Маёр затрымаўся каля печкi, пацёр рукi i, нешта буркнуўшы пра капрызную пагоду, пачаў пра заўтрашнi дзень.

– Глядзiце, каб усё прэзентавалася першага класу. Гэта для вас вялiкi дзень, i ня мушу паўтараць, што кожны з вас мае быць на сто працэнтаў у парадку. Што да ацэнаў, то курс скончыў зусiм добра, аднак можна было шмат лепш. Асаблiва-ж, - уталопiўся ён з грымасай у Сымона.
– Спарыш i Марцiнкоўскi надта слаба выйшлi. Я спадзяваўся, што вы, браце, пастараецеся лепш. Слаба, надта-ж слаба.

Сымон стаяў каля свае пасьцелi, крокаў пяць воддаль ад печкi й нi на момант ня спускаў вачэй з маёра. Пры ягоным успамiне аб ацэнах хлапец зачырванеўся, а ў вачох засьвяцiўся злы агонь.

Маёр накiраваўся ў куток, дзе ў кучцы стаялi покернiкi, i замянiўся з iмi паўголасам колькiмi словамi. Iншыя абступiлi афiцэра, й адбылася кароткая гутарка аб заўтрашнiх урачыстасьцях ды аб вялiкiм выпускным балi, што вечарам меў адбыцца спэцыяльна для школы ў абознай кавярнi. Маёр накiраваўся павольным крокам да выхаду й спынiўся каля Сымона.

– А ты, Спарыш, яйцаў не маеш!
– Тон быў фальшыва-сяброўскi.
– Такi здаровы й малады зь цябе хлапец, ды аж брыдка глядзець на твае рухi й павароты. Так, яйцаў табе бракуе. I вельмi-ж слаба ты выйшаў, я не спадзяваўся такога.

– Спадар маёр, - адазваўся беларус, - усё роўна што я атрымаў, з таго й задаволены. Зрэшты...
– Тут Сымон раптоўна спынiўся. Смелая думка апанавала хвiлiннай нерашучасьцю.

– Што? Што ты хацеў сказаць?
– падтрымаў маёр, пераходзячы на "ты".

– Мой собскi погляд, пане маёр. Для мяне найбольш iстотным ёсьць тое, што сам ведаю сваю вартасьць, а як мяне iншыя ацэняць, тое для мяне - другараднае.

Палiшэўскi пачырванеў як бурак. На твары зьявiлася брыдкая грымаса, затанцавалi злосныя вочкi й ледзь заўважна задрыжаў падбародак. Нешта манiўся сказаць, ды ўстрымаўся й выглядаў, быццам тое дзiця, што паламала каштоўную цацку, пад абвiнавальным зрокам маткi. "Мык-пык", - буркнуў нешта невыразнае пад носам i зноў-жа пры тым услужлiвым крыку "зважай" пакiнуў барак.

– Ну, браце, - падскочыў да Сымона, выцягваючы руку, Дэмарчык, - дазволь павiншаваць цябе за такую сьмеласьць i бадзёрасьць.

– А ведаеш, - усьмiхнуўшыся й пацiснуўшы выцягнутую руку, сказаў Сымон, што я сказаў нешта зусiм супрацьлеглае сваiм паглядам. У нас, беларусаў, ёсьць такая прыказка: няхай таго пярун спалiць, хто сам сябе хвалiць.

– Але-ж ты сябе не хвалiў.

– Нельга сказаць, каб хвалiў. Зрэшты, я-б гэтага й не сказаў, калi-б Палiшэўскi быў аб'ектыўны. Ён выказаў сваю подласьць i яшчэ мае нахабства кусаць мяне, быццам той злы сабачка. Ягоная ацэнка да мяне ня прылiпне. Увесь курс ведае, што мяне наўмысьля пакрыўдзiў, толькi

мо не жадае бачыць, што прычынаю - мая нацыянальнасьць.

– Маладзец!
– захапляўся Дэмарчык.
– За гэта, што яму сказаў, то ты поўнасьцю маладзец, маеш маё вялiкае прызнаньне.

– Па-беларуску маладзец, а па-польску ведаеш як?
– жартаваў Сымон.

– Галоўнае, што гумару ня трацiш. За гэта люблю цябе, браце.

Назаўтра, пры вялiкай шумiсе, на галоўным абозным пляцы ў прысутнасьцi камандзера цэнтру палкоўнiка Мiхальскага раздавалi выпускнiкам восьмага курсу пасьведкi аб сканчэньнi Школы Падхаронжых. Сымон атрымаў пасведчаньне апошнi. Вечарам у абознай кавярнi адбыўся баль, на якi акрамя колькiх "пэстак" прыбылi й дзяўчаты з Фразэрбурга.

Спарыш у гэты дзень атрымаў другi нумар "Беларускiх Навiнаў" i быў iмi больш абрадаваны, чымся атрыманьнем пасьведкi з ваеннае школы. Гэткаму спалучэньню выпадкаў надаваў навет сымбалiчнае значэньне: клiкала яго свая родная грамада на выгнаньнi, да якой, пэўна, неўзабаве далучыцца.

III

На самым паўночным чубку Шатляндыi, над морам, на беразе пласкагор'я, ляжыць малое мястэчка Тэрсо, а на ўсход ад яго, кiлямэтраў на пяцьдзесят воддаль - Вык. Адсюль вiдаць недалёкiя Аркнэйскiя абтокi. У часе вайны было там колькi вайсковых абозаў i лётнiшча - Скiтэн Арадром. Клiмат там надта нездаровы. Халодныя вятры амаль бесьперапынна дзьмуць з боку Грэнландыi, вольна гуляюць па неўраджайным узвышшы, дажджом i зольлю вечна дакучаючы мясцовым жыхарам.

Пасьля вайны памяшчалася там Шаснаццатая самастойная панцырная брыгада, у склад якой уваходзiлi чатырнаццаты, пяты й трэцi панцырныя палкi ды шаснаццаты полк драгунаў. У сакавiку 1946 года, калi новасьпечаныя падхаронжыя з Фразэрбурга, што належалi да Другога корпуса, прыехалi сюды на часовы побыт, каб чакаць на транспарт да сваiх адзiнак у Iталiю, шаснаццатая брыгада была ў працэсе поўнага раскладу. Хутчэй нагадвала банду людзей у вайсковай вопратцы, чымся войска. Дысцыплiны ўтрымаць было нельга. У гэты час варшаўскi камунiстычны ўрад пры дапамозе брытанскага ўраду лейбарыстаў стараўся ўплываць на жаўнераў, каб вярталiся на радзiму. Брытанскi мiнiстр замежных спраў Бэвiн iшоў Варшаве на руку й ад сябе заклiкаў палякаў, каб вярталiся.

Тыя, што пакаштавалi некалi жыцьця пад бальшавiцкай уладай, слухаць не хацелi гэтых заклiкаў. Адно палякi з заходнiх земляў, што ў бальшынi трапiлi сюды пасьля вайны з нямецкага "вермахта", масамi вярталiся дадому. Афiцэры iх не намаўлялi й не перашкаджалi. Ня было зарганiзаванай прапаганды, каб устрымаць адплыў людзей пад камунiстычную ўладу.

Дысцыплiна ў войску раўнялася нулю. Жаўнеры лаялi афiцэраў, пагражалi, што калi ўсе вернуцца ў Польшчу, то iм - афiцэрам ня будзе чаго рабiць, кiм камандаваць i застануцца без вайсковага пайка. У шаснаццатым палку драгунаў здарыўся напад на сяржанта-харонжага, што быў сьмяротна ранены доўгiм нажом у плечы. Непаслухмянасьць вiдаць была на кожным кроку. Раней давалiся пропускi на водпуск у Францыю, але калi жаўнеры дэзэртавалi й больш не вярталiся ў свае адзiнкi, пропускi былi адмененыя. Службовыя сшыткi эскадронаў штодзённа перапоўненыя былi карнымi рапартамi. Афiцэры прытарноўвалi ангельскiя суровыя вайсковыя карныя правы. За непаслухмянасьць пакараны атрымаць мог да шасьцi месяцаў вайсковага лягеру зьняволеньня.

Умовы жыцьця ў абозах 16-й брыгады былi надта цяжкiмi. Да сталага дажджу й надворнае гразi далучалiся слабое харчаваньне (у той час уся Вялiкая Брытанiя жыла скупой картачнай сыстэмай) i маральная дэпрэсiя, няведамасьць будучынi. Нiхто ня дбаў аб агульным дабры, а кожны думаў над собскiм лёсам.

Пару тыдняў, што новыя падхаронжыя пражылi ў тых адзьдзелах, што распадалiся, былi для iх найбольш няпрыемнымi з часу побыту ў Ангельшчыне. Вестку аб выездзе ў Другi корпус у Iталiю сустрэлi зь вялiкай радасьцю. Каманда групай была даручана сяржанту-падхаронжаму Яворскаму, а школьныя водгукi аб выпускнiках, якiя трэба было даставiць у Другi корпус, - Юрыю Радзiвiлу. Мелi ехаць цягнiком з Выка ў Дувэр, а пасьля, пераехаўшы Ла-Манш, з Па-дэ-кале - цягнiком праз Францыю й Швайцарыю ў Iталiю. Выезд з Выка адбыўся першага красавiка ранiцою.

Поделиться с друзьями: