Змагарныя дарогi
Шрифт:
Але няма калi... Трэба хутчэй i далей, асьцярожна, але ўсё-ж наперад, стала й як найхутчэй, каб не даць тым, з другога боку, зьвiць новых гнёздаў, хаця-б i часовых, каб выпхнуць i дакончыць. Страшэнны гул торгае паветра. Iзноў падымаюцца й перабягаюць наперад згорбленыя, абцяжараныя рыштункам i зброяй спацелыя фiгуры, хуткiм дыханьнем ловячы ў грудзi гарачае паветра. Зьнiкае iлюзiя вясны. Застаецца адно зьнiшчэньне. Яно патрэбнае, неабходнае. Каб зьнiшчыць тых, хто нiшчыць, каб больш ня было зьнiшчэньня.
Пад вечар быў здабыты й апанаваны з двух бакоў наступны шырокi канал. Разьведка рушыла наперад, а змучаныя людзi пазасядалi ў апусьцелых хатах на начлег.
VII
Выбiтыя з апошнiх слабых, на хуткую руку падрыхтаваных лiнiяў абароны, немцы былi ў агульным адступленьнi. Там-сям трымалiся малыя адзьдзелы фанатыкаў. Некаторыя-ж пераапраналiся ў цывiльнае й гэткiм
Корпус Андэрса атрымаў загад спынiць марш. Адрэзак перанялi брытанцы.
– Бачыш iх, англiшмонаў гэтых, - наракалi жаўнеры, - як бiцца, дык iх ня было, ззаду сядзелi. А цяпер на гатовенькае, вызвольнiкаў гуляць, дык i яны знайшлiся. На джыпах плады перамогi зьбiраць рухнулi...
Ангельскiя зматарызаваныя калёны, амаль не спатыкаючы супрацiву, накiравалiся дарогамi на Верону, Падую, Венецыю й Трыест, а там i ў Аўстрыю, да ракi Дравы, дзе пазьней запiсалiся ў гiсторыю няслаўнай выдачай бальшавiкам вялiкай казацкай армii, што памылкова палiчыла iх за прыяцеляў i хаўруснiкаў.
28 красавiка на галоўным пляцы Мiлану разбушаваны й ашалелы натоўп павесiў нагамi ўверх i доўга зьдзекаваўся над трупамi Бэнiто Мусалiнi й ягонай каханкi Кляры Петачы, якiх партызанам пашанцавала злавiць пад час уцёкаў у Швайцарыю над возерам Комо.
Напрыканцы красавiка фэльдмаршал фон Кэсэльрынг падпiсаў капiтуляцыю. Iтальянскi фронт перастаў iснаваць пару тыдняў перад канцом "тысячагадовага" Райху.
У часе заняцьця Балёнii сямнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады пяхоты знаходзiўся кiлямэтраў за дзесяць на ўсход ад места. Загадалi вярнуцца й заняць кватэры на паўдарозе мiж Iмоляй i Балёнiяй. Сымон Спарыш вярнуўся ў свой зьвяз "кар'ераў". Акрамя Пранука Бонка ў акцыi загiнула яшчэ чацьвёра. Але-ж была й нейкая прыбыль.Кашыбанда, вясёлы й жартаўлiвы, як i раней, прыдбаў сабе "жонку". Так называў маладую, прыгожую ды фiгурную дваццацiпаругадовую iтальянку, што прывёз з Балёнii.
– Ваенная здабыча, - жартаваў, сьмяючыся й абдымаючы дзяўчыну.
– Будзе нам варыць i даглядаць нас.
– О-го! А як-жа! Здабыча, i не абы-якая!
– захаплялiся сябры са зьвязу. А ўжо цi надаецца яна да гатаваньня стравы - дык гэта зусiм другараднае пытаньне.
Да чаго дзяўчына надавалася - аб тым нiхто ўголас не гаварыў. Ва ўсiх былi зусiм ндвузначныя ўсьмешкi. Камандзер зьвязу наўмысьля iгнараваў новую прыбыль i быццам не заўважаў, што ў зьвязе зьявiўся яшчэ адзiн рот.
ЗАГУБА ГЕНЭРАЛА ЕЗАВIТАВА
I
Факт назначэньня расейца Шувалава рэфэрэнтам вайсковых справаў пры Беларускай Цэнтральнай Радзе быў надзвычай цяжкiм ударам для генэрала Канстантына Езавiтава. Перажываў вельмi моцна. Нiяк не магло памясьцiцца ў галаве, што прэзыдэнт БЦР здольны на такi крок. Езавiтаў на працягу свайго жыцьця ўсе сiлы аддаваў на службу беларускаму народу. Нацыянальна-вызвольная справа была для яго заўсёды важнейшай, чымся прыватныя iнтарэсы. Пад час працы пры БЦР шмат чаго бачыў i зусiм трапна ацанiў перадусiм тое, што ўчарашнi акупант Беларусi быў пры сьмерцi. Мяркаваў, што сваёй працай, гуртаваньнем беларусаў усьцеражэ й дапаможа шмат каму з суродзiчаў захаваць жыцьцё. Ведаючы добра камандуючага БКА Кушаля й поўнасьцю яму давяраючы, верыў, што змабiлiзаваных беларусаў аддае ў добрыя рукi, што навет у крытычную хвiлiну падпалкоўнiк зробiць усё, каб выратаваць сваiх жаўнераў.
Самае крыўднае было тое, што прэзыдэнт БЦР дазволiў сабе на такую вялiкую, проста здраднiцкую нiкчэмнасьць у дачыненьнi да вельмi заслужанага змагара за волю беларускага народу. Калi-б хаця той другi быў беларусам, дык з горам напалову, як кажуць, давялося-б зь лёсам пагадзiцца. А то-ж гэны быў расейцам, што вунь вайну цэлую ў абозе ваеннапалонных прасядзеў.
Яшчэ ў раньняй маладосьцi, будучы на становiшчы мiнiстра вайсковых справаў Беларускае Народнае Рэспублiкi, пасьля-ж будуючы беларускае школьнiцтва ў Латвii, аддаючы ўсе сiлы ўзгадаваньню сьведамага маладога
беларускага пакаленьня пад чужой акупацыяй, Езавiтаў пазнаў цану кантролю над пачуцьцямi. Для некаторых пачуцьцёвы самакантроль быў рэччу цяжкой, для iншых - амаль немагчымай. Генэрал ведаў, што страта самаапанаваньня была першай перадумовай паразы. Выдатна ўсьведамiўшы гэта, ён рэдка хваляваўся, прынамсi, вонкава, а яшчэ радзей трацiў раўнавагу. Адылi гэтым разам удар быў такi моцны й балючы, ды яшчэ з дамешкаю подласьцi, што Езавiтаў даўжэйшы час ня мог апамятацца й здабыць духовую раўнавагу. Асвоiўшыся нарэшце з думкаю, што ў даным часе й месцы для прэзыдэнта Астроўскага граф Шувалаў зь ягонымi запасамi прадуктаў быў чалавекам больш прынадным i вартасным, генэрал прыйшоў у тупiк. Што-ж рабiць далей? I самае найважнейшае: як-жа паказацца цяпер на вочы беларускаму грамадзтву? Гэта-ж справа ня простая. Сказаць, што Астроўскi выкiнуў яго, каб замянiць цёпленькiм маскалём, дык яно й ня выглядае так проста. Цi-ж шмат людзей ведала асноўную iстоту Астроўскага? Прост-напраст могуць не паверыць дый, чаго добрага, - падумаць, што Езавiтаў, нягледзячы на ягоны стаж у беларускiм вызвольным руху, ёсьць нейкi недарэка цi няздатнiк.Астроўскi не манiўся распашырацца сярод зацiкаўленых прычынай, дзеля якой зрабiў зьмену на такiм важным становiшчы. Калi ня мог сказаць праўды, дык наогул лепш было прамаўчаць. Пэўна-ж, мог-бы тлумачыць, што Езавiтаў быў неэфэктоўны на сваiм становiшчы, што не стаяў на вышынi заданьня, што ў працы ягонай былi недахопы й падобнае, але Астроўскi выбраў маўчаньне. Магчыма, наўмысьля даў Езавiтаву нагоду, каб той мог уратаваць свой твар, дый ня сумляваўся ў тым, што стары заслужаны вайскавiк знойдзе шлях такога ратунку. I сапраўды, шмат перадумаўшы, генэрал Езавiтаў знайшоў ганаровы выхад з сытуацыi: зьявiлася вестка, што адмовiўся ён ад становiшча рэфэрэнта вайсковых справаў пры Беларускай Цэнтральнай Радзе з прычыны хваробы.
II
Канстантын Езавiтаў цярпеў на занядбаную правабочную грыжу. У апошнiм часе гэты анатамiчны дэфэкт пагоршыўся да тае ступенi, што ўнемагчымiў яму доўгае стаяньне, не гаворачы ўжо аб больш iнтэнсыўным хаджэньнi. Адылi стан хваробы нiяк не належаў да наглай катэгорыi, што вымагала-б безадкладнай апэрацыi.
У гарадзкiм шпiталi ў Фiнстэрвальдэ, што ляжаў прыблiзна сотню кiлямэтраў на поўдзень ад Бэрлiну, працаваў беларускi лекар Мiкола Шчорс, якi часьценька наведваў Бэрлiн, Беларускую Цэнтральную Раду й добра зьблiзiўся зь Езавiтавым. Шпiталь быў перапоўнены пераважна вайсковымi. Была добрая нагода зрабiць генэралу аперацыю пад наглядам i апекаю свайго чалавека.
Езавiтаў, цяпер пазбаўлены Астроўскiм свайго становiшча, хацеў пакiнуць Бэрлiн, дзе сваю прысутнасьць уважаў зусiм бязмэтнай. Мроiў аб тым, каб далучыцца да беларускiх адзьдзелаў у раёне Вайдэн каля колiшняй чэскай мяжы. Ясна, што ў гэткiм стане здароўя ня мог накiравацца ў вайсковыя адзьдзелы, дзе штодзённыя заняткi й розныя непрадугледжаныя выпадкi ў сувязi з ужо амаль пэўным развалам Трэцяга Райху вымагалi добрага здароўя.
– Братка, са сваёй грыжай я далёка не ўцяку, - гаварыў неаднойчы Езавiтаў Шчорсу. Генэрал меў на думцы ўцёкi ад бальшавiкоў. Усходнi фронт блiзу двух з паловаю месяцаў трымаўся на месцы й прабягаў лiнiяй Одры й Нiсы. Ад раёна Губэн, дзе былi перадавыя бальшавiцкiя пазiцыi, да Фiнстэрвальдэ было менш сотнi кiлямэтраў - такую адлегласьць танкавыя адзьдзелы маглi гуляючы прайсьцi за пару дзён. Нязьменнасьць усходняга фронту, а таксама й частыя нямецкiя гутаркi аб нейкай новай, яшчэ зусiм няведамай i жахлiвай зброi - "вундэрвафэ", што была апошняй надзеяй немцаў на перамогу, у вялiкай меры спрычынiлiся да таго, што генэрал Езавiтаў наважыўся выехаць у Фiнстэрвальдэ на апэрацыю.
Варта заўважыць, што Францiш Кушаль адраджваў генэрала ад гэтага. Калi-ж ужо Езавiтаў настойваў, дык камандуючы БКА раiў яму паехаць у Амбэрг, дзе жыла ягоная, Кушалева, сям'я, дзе было многа вайсковых шпiталяў i (мо самае галоўнае) непадалёк якраз знаходзiлiся беларускiя вайсковыя адзьдзелы з дывiзii "Беларусь". Цяжка ў гэты час было прадугледзець, што магло стацца на ўсходнiм фронце. Усе зацiкаўленыя, значыцца, перадусiм Езавiтаў, пасьля-ж Шчорс i Кушаль, не маглi ведаць, што бальшавiкi канчаюць сьцягваць вялiкiя запасы ваенных матэрыялаў i прадуктаў, каб неўзабаве пачаць вясеньнi наступ для канчатковага разгрому гiтлераўскае Нямеччыны. Кушаль даводзiў, што заўсёды iснавала небясьпека прарыву бальшавiкамi ўсходняга фронту й дзеля таго ў Фiнстэрвальдэ ехаць было рызыкоўна - больш мо навет, чымся заставацца ў самым зруйнаваным Бэрлiне. Генэрал Езавiтаў усё-ж наважыўся мець апэрацыю ў шпiталi, дзе працаваў Шчорс...