Золак, убачаны здалёк
Шрифт:
— Юрычак, еш! Не саромейся! Вы ж з маёй Тоняй так дружыце. Еш! Я ж казала — і малака налью.
Яна ўстала ад машыны і ўжо хацела ісці ў кухню, але я, напярэсцігі ёй, закрычаў:
— Я не буду, не буду! Не хочу я есці, гэта я так!
У гэтым «так» было тое, што і хлеб вельмі смачны, нават пахам сваім, што і загаварыўся я, што і есці ўжо хачу таксама, а тут я — толькі з Тоняй за кампанію, забыўшыся. І ў крыку маім было столькі рашучасці, што Тоніна мама спынілася, а потым села і, зноў усміхаючыся, сказала:
— Дружыце, Юрычак. І ты хлопчык харошы, і Тоня мая. Як жаніх і нявеста.
Тоня не пырхнула малаком, не засмяялася, — яна толькі ўсміхнулася па-свойму, крыху спадылба, вялікімі блакітнымі вачыма і губкамі ў малацэ, сур'ёзна і сарамліва адразу. Гэта я сёння так хораша бачу тую ўсмешку. А таго, што сказала Тоніна мама, тады было ўжо зашмат. Я глядзеў
«А той латыш, той Франц яе, мужчына быў відны, спакойны такі, адно ўсё гаварыў: „Надзезда мая харосая…“ А вось жа ўзяў ды пакінуў!»
Добра гэта ці не, што ён пакінуў, я не разбіраўся, мне толькі прыгадалася: «мая ха-ро-са-я…»
Што я сказаў бы, што зрабіў бы далей — не ведаю. Выручыла Тоня.
— Яшчэ адрэж, Юрык, — сказала яна. І зноў усміхнулася так, як быццам мы абое сталыя ўжо і добра, шчасліва ведаем, чаго ўсміхаемся. Як цяпер леснікова Наташа.
2
Сябравалі мы з Тоняй Латышкай нядоўга. Адна з дзвюх яе цётак, маладзенькая рагатуха Люба застала нас на блізкасці, што здалася ёй вельмі смешнай. Неяк, гуляючы ў іх на двары, калі ўжо пчол на ліпе не было, а вуллі стаялі воддаль, за плотам, мы з Тоняй адышліся да хлява і з малечай свабодай пачалі кожнае на свой лад…
А Люба тая выйшла з сяней і давай:
— А во, і не брыдка, жаніх і нявеста! А во!..
І так смяялася, вясёлы шаламок, што я пабег дахаты і ледзь не плакаў, а Тоня, я чуў, уцякаючы, плакала ўголас… З таго дня мы пакінулі разам гуляць, хадзіць адно да аднаго. Пакуль не падраслі і дружба наша не стала трохі іншай. Ужо калі мы пасвілі і ў школу пачалі хадзіць.
Царскі салдат Франц Бікша, колькі там наша вёска ні гаварыла, пра сваю «харосую» не забыўся. Пасля «мікалаеўскай» вайны і «свабоды», як называлі ў нас рэвалюцыю, зноў пасля вайны, з палякамі, калі, нарэшце, усё аціхла, усталяваліся граніцы і пачала хадзіць пошта, латыш даведаўся, што яго беларуска не толькі не выйшла замуж за іншага, але і дзяўчынку гадуе, іх дачку, якая нарадзілася добра такі пасля таго, як іх разлучыў яго салдацкі лёс. Франц пісаў часта, многа прасіў «Надзезду» прыехаць у яго Ліепаю, дзе ён, адзін у бацькоў, мае кватэру, добра зарабляе на заводзе і ўсё чакае яе. Аднак ні Надзя, ні сямейнікі, хоць Прочым і пабываў у горадзе, не змаглі асмеліцца на такое незвычайнае, — не паехала яна «невядома куды», за граніцу, не паверыла Францу настолькі, каб узяць ды назаўсёды парваць з родным гняздом, хоць у ім ужо рабілася цесна: ажаніўся брат, і братавая ледзь не з ходу пачала ваяваць за поўную самастойнасць. Малодшыя сёстры, нават таўкач Параска, а потым і рагатуха Люба павыходзілі замуж, дзед Прочым ішоў на спад, Тоня расла, а сама яна, Надзя, не маладзела з году ў год, — прыйшлося падумаць і пра сябе з дачкой. Латыш чакаў, чакаў дый напісаў, што ажаніўся, і толькі вельмі ўжо ўпрошваў сваю даўнейшую «харосую» аддаць, пусціць да яго Антаніну. Дарма, не пусцілі. Гадоў пад сорак Надзі знайшоўся нямоглы, бяздзетны ўдавец, і яна перайшла туды з Тоняй, якой было ўжо каля дваццаці.
Тады, пад канец трыццатых гадоў, з нашых Аўсяннікаў, як і з кожнай заходнебеларускай вёскі, ад нядолі не было куды ўцякаць. Не тое што раней, няхай сабе і пры цару, — хочаш у тую Адэсу-маму, а хочаш, дык і ў самы Піцер. Туды дарогі былі перакрыты недарэчнай, незразумелай граніцай, а ў іншы бок, на захад, куды ад нас ніколі не ездзілі, можна было паехаць ці навабранцам у войска, ці — «за палітыку» — у турму, а калі ўжо на заработкі, дык ці ў маёнтак за сыравара або за парабка, а дзяўчыне — за наймічку да багацея ў суседнюю ці ў далейшую вёску або ў мястэчка, да гандляроў-жыдоў. Хто смялейшы, тыя ад беднасці кідаліся і ў свет вочы — вербаваліся ў Аргенціну, у Францыю, у Парагвай. А потым найбліжэйшай заграніцай стала Латвія, якую — ад сумесі з польскай назвай: Лотва — вёска называла Латвай. На тых заможных ды культурных хутарах яны ўжо так стараліся, так шчыра працавалі, нашы хлопцы і дзяўчаты, ад беднасці залатыя работнікі. Дзяўчаты прывозілі з Латвы ці швейныя машыны, ці так капейку на пасаг, хлопцы — грошай на хату, каб аддзяліцца, сяк-так пачаць сваю гаспадарачку.
І Тоні, падчарыцы, без надзеі на больш-менш людскі замуж, не цяжка было, нарэшце, згадзіцца на ўгаворы бацькі, якога яна ведала па здымках ды па пісьмах, цяпер ужо толькі да яе адной, з прывітаннямі маці.
Вясною ў 1938 годзе яна — не па-мясцоваму
бялявая, высокая і ціхая, міла наіўная работніца — ішла з канца ў канец роднай вёскі, ад тое хаты, дзе яна марна жыла пры маме з яе старым, бурклівым кашлюном, да тое хаты пад векавечнаю ліпай, дзе прайшло яе, не горшае, чым у іншых, маленства і дзе цяпер жылі, абкідаўшыся дзецьмі, цялюкаваты дзядзька за злоснай дзядзінай, сама сабе гаспадыняй, бо ўжо і свёкар, дзед Прочым, памёр. Ішла Тоня Латышка па вуліцы і з усімі, каго сустракала, развітвалася — упершыню і апошні раз за руку.— Да таты еду, у Латву — гаварыла яна і як быццам апраўдвалася сваёю, ад нараджэння сталаю, светлавокаю ўсмешкай крыху спадылба: — Усё ж такі бацька.
Так і са мною развіталася. Я якраз выйшаў на вуліцу.
Потым, пэўна ж, і ўспамінала таксама, а то і цяпер яшчэ калі-небудзь успомніць вялізную дзедавую ліпу і нашу маленькую светлую дружбу.
Так, як і я ўспамінаю.
3
Нічога не зробіш — ужо не толькі наогул, але і пасля перамогі над Гітлерам пражыта так многа, што мне часамі хочацца перанесціся нейкім цудам з вялікага, шумнага горада ў наша старое гумно — якога, дарэчы, даўно ўжо няма, — легчы на свежым сене і ў той непараўнанай цішыні, толькі пад роўны шум абложнага дажджу ды пад дзяціны шчэбет ластавак, спакойна і грунтоўна перабраць у памяці ўсё…
Якое там усё, — ужо нават тое хочацца толкам прыпомніць, як гэта дзеці твае былі калісьці малыя… А што ўжо казаць пра самога сябе, пра сваё… ужо нібы спрадвечнае маленства.
Яно прыходзіць калі-нікалі неверагодна прыгожымі снамі. Адзін такі паўтарыўся ў мяне… ну, не раз ужо і не два. Вельмі проста, як быццам успамін які. Пасля гвалтоўнай навальніцы на нашым неабсяжным выгане, — у маленстве ж усё нам здавалася большым, — на пашы, яшчэ смачней пазелянелай пасля дажджу, пад майскім сонейкам, яшчэ святлейшым пасля нізкай, грукатлівай хмары, на густой, маладзенькай траве ў лагчынках стаіць вада. Яна — толькі што з неба, і так яе многа навокал у лужынах, а сам ты, як гэта ў сне бывае, чамусьці сухі. Вада такая цёплая, празрыстая, так весела, так добра плёхаць па ёй, нарэшце, босымі пасля зімы, яшчэ не паколатымі ржышчам, нагамі, так цікава спыніцца ў гэтай незвычайнай лужыне, заціхнуць і праз зусім-зусім празрыстую ваду глядзець, як у густой, залітай траве, сярод лісточкаў ды сцяблінак рэдкімі зоркамі жоўта цепляцца кветачкі кураслепу.
Бачыць самога сябе з вялікай адлегласці бывае вельмі прыемна. Бо бачыш не проста самога сябе, а сябе найлепшага, без памылак-грахоў і балючых дакораў сумлення. Бачыць сябе таго — дапытлівага, чыстага, вясёлага — выразна бачыць, дзякуючы дараванай узростам ды вопытам дальназоркасці, мудра асцерагаючыся залішняга самалюбавання, прэсна расчуленага на старэчы лад, — тут адчуванне незвычайнае, крыху падобнае да таго хвалявання, з якім разглядаеш ніколі дагэтуль не бачаны твой вельмі даўні фотаздымак, які ў кагосьці нейкім цудам захаваўся.
Тым больш хвалюе гэта, што на здымку ты не адзін, а з тымі, з кім табе добра было, каго так радасна ўспамінаць.
…Вось яно едзе, маё маленства, на нашым гнедым кані, з мамай і нашым Раманам на возе, у перадку якога, спіной да каня, сяджу я — трохі сам, а трохі мой, цяпер прыдуманы, літаратурны герой — усё ў адной асобе. Асобе гэтай шосты год, той узрост, калі на пацеху табе хтосьці добры часамі весела скажа: «Вунь ты які ўжо герой!..» Ён сабе, гэты смаркаты герой, едзе па пыльным, шырокім гасцінцы, ужо ў канцы летняй святочнай раніцы, калі той дзень неўзабаве пяройдзе ад свежага, звонкага халадку да нуднае, потнае спёкі, ён сабе едзе… значыцца, я сабе еду, і мне вельмі добра. Гнеды тупае шпарка, з горачкі нават трухціць, аднак наш Раман, намнога старэйшы за мяне мой брат па бацьку, час ад часу ўсё ж падварушвае яго ляйчынай. Мацней ляпнуўшы па конскім баку і сцягне, старая, няжорстка сырамятная ляйчына значна слабей, нібы між іншым, кранаецца майго пляча. Раман і мама не заўважаюць гэтага, а мне прыемна, што я ўжо таксама вялікі і мне не баліць. Раман і мама гавораць пра штосьці сваё, дарослае, я гэта чую — не чую. Я перш за ўсё і больш за ўсё шчаслівы, што еду, і еду вельмі далёка. І вельмі незвычайна гэта, што ўсё навакольнае раскрываецца мне не так, як заўсёды, спераду, а з'яўляючыся адразу злева і справа, наплываючы з-за спіны. То поле абапал гасцінца, то луг, то старыя карэлыя бярозы і шырокацяністыя клёны прысадаў, то танкастволы і пярэсценькі гушчар бярозавай кудзеркі гаю на ўзгорку, то хаты, і платы, і дрэвы, і куры, што купаюцца ў пяску, і людзі, што сядзяць на лаўках, абапал вясковай вуліцы, то зноў поле, і луг, і бярозы…