Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Альпійская балада

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Карашо. Гефтлінген чакалято.

— Немцы, яны вымусяць: і хлеб шакаладам здасца.

— Джулія бежаль Наполі — кушаль чакалято. Хляб міль малё — чакалято много, — сказала яна, усё жмурачы цёмныя, як ноч, вочы.

Іван не зразумеў.

— Бегла ў Неапаль?

— Сі. Рома бежаль. Батіка бежаль.

— Ад бацькі? Чаму?

— А, уна… Една історій, — неахвотна адазвалася яна, яшчэ адкусіла маленькі кавалачак і пасмактала яго. Пасля доўгім позіркам агледзела скарыначку— Батіка хотель плёхой маріто. Рускі ето муж.

«Муж! Яна была замужам!» — гэтая вестка нечаканаю паныласцю ўдарыла ў яго свядомасць, і дзяўчына невядома чаму раптам стала непрыемнай і нежаданай. Яна, мабыць, адчула тое, рухавымі вачыма наўкос зыркнула ў яго раптоўна апанураны твар і ўсміхнулася.

— Нон маріто. Сіньор Дзангаріні не біль муж.

Джулія не хатель сіньор Дзангаріні.

Усё яшчэ панылы, Іван запытаў:

— А чаму ты не хацела?

— О, то біль ун сегрето.

— Які сакрэт?

Яна, кідаючы гарэзныя, са смяшынкамі, позіркі то па баках, то скоса — на яго, смактала скарыначку, а ён сядзеў, утаропіўшыся ў дол, і драў з карэннем клочча травы.

— О, сегрето! Маленько сегрето. Джулія любіль, любіль… как ето русско?.. Уно джовіното Маріо. Парень Маріо.

— Во як! — сказаў ён і кінуў убок траву; вецер адразу растрос у паветры травінкі. Хлопец павярнуўся ўбок — цяпер ён чамусьці не хацеў пазіраць на яе, ён толькі панура слухаў.

А яна, нібы не адчуваючы гэтай яго перамены, казала:

— Карашо біль парень. Джулія браль пістоле, бежаль Маріо Наполі. Наполі гуэрра, война. Італьяно шіссен дойч. Джулія шіссен. — Яна ўздыхнула. — Партіджяно італьяно біль малё, дойч мнёго. Мнёго італьяно убіваль. Мнёго концлягер. Джулія концлягер. Очен плёхо концлягер!

— Што, супраць немцаў ваявалі? — з невясёлай зацікаўленасцю здагадаўся Іван.

— Сі. Так.

— Во! — стрымана здзівіўся ён і запытаў: — А дзе ж твой Марыо?

Яна адказала не адразу, падабраўшы да грудзей калені, ашчаперыла цыбатыя свае галёнкі і, паклаўшы на іх падбародак, паглядзела ўдалячынь.

— Маріо фу уччізо.

— Забілі?

— Сі.

Абое памаўчалі. Івану чамусь разам палягчэла, нібы мінула якая непрыемнасць. Ён зірнуў на яе — яна з сур’ёзнасцю вытрымала гэты позірк, трошкі засмучаныя ўглыбіні яе вочы пад яго поглядам сталі ўвачавідкі цяплець, кароценькі сум растаяў, і яна засмяялася.

— Почему Іван смотрі, смотрі?

— Так.

— Что ест так?

— Так ёсць так. Пайшлі ў Трыест.

— О, Тріесте! — лёгенька падхапілася яна з травы.

Ён таксама ўстаў, з нечаканаю лёгкасцю ў настроі размашыста перакінуў цераз плячо скуранку. Па макавым полі яны пайшлі ўніз.

Сонца тым часам прыпякала ўсё болей. Цень ад Мядзведжага хрыбта патроху вузеў у даліне, спякотная попельная смуга мроілася на далёкім падножжы гары, ахутвала лясныя схілы. Толькі снегавыя хрыбціны ўгары ўпэўнена ззялі, выставіўшы, як напаказ, кожную бляклую пляму на сваіх стракатых баках.

— Тріесте карашо! Тріесте партіджяно! Тріесте море! — ажыўлена гаманіла Джулія і, пэўна ад прыліву ўзнёсласці, заспявала:

Мі пар ді удіре анкора, Ля воче туа, ім медзо ай фьорі [34] .

Гулліва косячы на яго свае жучкі-вочы, яна нягучна, але вельмі рытмічна выводзіла незнаёмыя і ад таго яшчэ болей напеўныя словы. Ён не ведаў, што гэта была за песня, мілагучныя яе пералівы кружылі, вагаліся, нешта падобнае на мернае хваляванне мора было ў яе рытме, нешта ласкавае і добрае размерана імкнула з душы.

34

Мне здаецца, што я яшчэ чую Твой голас між кветак. (іт.)
Пэр нон софріре, Пэр нон моріре Іо ті пенсо, э ті амо… [35]

Хлопец, зацяўшы дыханне, слухаў гэты мілагучны адгалосак другога, невядомага свету, ды раптам дзяўчына абарвала свой спеў і падалася да яго.

— Іван! Учіть Джулія «Катуша»!

— «Кацюшу»?

— Сі. «Катушу».

Ра-а-сцеталі явіні і груші… По-о-опілі туані надэкой… —

праспявала яна, адкінуўшы галаву,

і ён засмяяўся: так гэта было няправільна і па-дзіцячы няўмела, хоць матыў у яе атрымаўся няблага.

35

Каб не пакутаваць, каб не памерці, Я думаю пра цябе і цябе люблю… (іт.)

Яна пачала старанна, бы школьніца, спяваць «Кацюшу», не зусім у лад вымаўляючы словы, і ад таго яму было смешна і хораша з ёю, нібы з вясёлым, прыгожым, паслухмяным дзіцем. Ён ішоў блізка ля яе і ў душы ўвесь час усміхаўся ад ціхай чалавечай харашосці, якой ужо так даўно не адчуваў. Невядома было, адкуль і чаму яна, гэта яго лагоднасць — ці мо ад высокага яснага неба, ці ад хараства гор або неабсяжнага шырачэннага прастору, што расхінуўся адсюль, а можа, ад нябачанага ніколі казачнага багацця кветак і нават дзівосных, змешаных у адзін духмяны водар пахаў? Нешта святочнае, замілавана-сардэчнае лунала над гэтымі гарамі і лугам, не верылася нават у небяспеку, у палон і магчымую пагоню і думалася: ці не прысніўся яму ўвесь мінулы паўгадавы жах лагераў з эсэсманамі, смерцю, смуродам крэматорыяў, несціханым брэхам аўчарак? А калі ўсё тое было сапраўды, то як побач з ім магло існаваць на зямлі гэтае бессмяротнае хараство прыроды, якая гэта вялікая сіла жыцця аддзяліла-адасобіла яе чысціню ад злачыннае ашалеласці людзей? Але тое агіднае, на жаль, не прыснілася, яно не было зданню — іх размаляваная палосамі і кругамі вопратка штохвілінна напамінала аб тым, што было і ад чаго яны канчаткова яшчэ не адкараскаліся. I цяпер тут, сярод першатворчае чысціні зямлі, гэтае іх адзенне здалося Івану такой нясцерпнай знявагай чалавечнасці, што ён хуценька сарваў з сябе гэтую куртку і загарнуў, каб не бачыць яе, у скуранку. Джулія перастала спяваць і, заўсміхаўшыся, агледзела яго трохі загарэлыя, крутыя і дужыя плечы.

— О, Эрколе — Геркулес! Руссо Геркулес!

— Які Геркулес? Дахадзяга… — запярэчыў Іван.

— Но, но! Геркулес!

Яна жартоўна пляснула па яго голай лапатцы і ашчаперыла апушчаную долу руку.

— Сільно, карашо руссо. Почему плен шёль?

— Ішоў? Вялі, дык і ішоў.

— Надо біль фашісто! — Яна рашуча махнула ў паветры маленькім кулачком.

— Біў, пакуль мог. Ды вось…

Падняўшы локаць, ён павярнуўся да яе другім бокам, і на яе рухавым смяшлівым тварыку адразу адбіўся жаль, амаль што спалох.

— Ой, ой! Санта Марія!

— Вось і Геркулес… — уздыхнуў ён.

— Болно? — пыталася яна і далікатным дотыкам асцярожна памацала вялізны шырокі рубец — след ад нажавога штыка.

Ён смела пацёр бок.

— Ужо не. Адбалела.

— Ой, ой!

— Ды ты не бойся, дзівачка, — ласкава сказаў ён. — Ану, пырні мацней.

Яна ўсё не адважвалася, і ён, узяўшы ў далонь яе тоненькія пальцы, ціскануў імі шрам. Яна спалохана войкнула і хіснулася ад яго. Іван прытрымаў яе за плечы, гэты кароткі іх дотык адразу шыбануў у душу хвалюючым хмелем, і хлопец, насуперак сабе, адхінуўся. Не, так нельга! Што гэта я? Так нельга. Трэба ісці, дайсці, трэба вырвацца з гэтага фашысцкага кодла — для таго ўцякаў.

— Гэта вось што, — нахмурана сказаў ён, коратка зірнуўшы на яе. — Трэба… Трэба хутчэй ісці. Разумееш?

— Я, — пагадзілася яна ўсмешыста і з нейкаю затоенай думкай гледзячы яму ў вочы.

17

Яны спусціліся па схіле ад верхняй мяжы лугу да яго сярэдзіны. Тут мак трохі пачаў расступацца, даючы месца настырнаму багаццю іншых кветак. Сям-там сінелі лапікі буйных духмяных незабудак, калыхаліся на ветры званочкі, ад густога водару жоўтай азаліі п’янела ў галаве. Мясцінамі ў кветкавых чашчобах трапляліся жарсцвяныя плешыны, тырчалі з травы шэрыя камяні, каля іх заўжды было многа калючага шчэбеню, ён шкодзіў ступням. Іван таму пачаў асцярожней выбіраць шлях, углядаючыся ў дол. Аднойчы перад яго тварам у траве бліснула чырвоная кропелька. Ён сагнуўся. Між зубчастых лісточкаў ірдзела некалькі налітых сокам буйных сунічын. Толькі ён сарваў іх, як перад вачыма замільгалі яшчэ чырвоныя зорачкі. Тады ён паклаў скуранку, прысеў; Джулія таксама з радасным воклічам кінулася ў дол.

Поделиться с друзьями: