Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:
— Вось я яе і знайшоў, — упарта прагаварыў Пранціш, не зважаючы на шчыры рогат Батысты. — Давай, Бутрым, не марудзь! Альбо адпусці нас, альбо давай біцца!
Міхалішыўна дрыжэла, пазіраючы з адчаем на адкрытае вакно… Але доктар схаваў шаблю ў ножны і пахмура кіўнуў у бок другога канца калідора.
— Пазнаю пана Вырвіча. Ні плана ніякага, ні разумных дзеянняў… Выбухнуць, кінуць, рынуць, і хоць трава не расці… Пайшлі ў залу, дамовімся па-даросламу. Слова даю, трымаць вас больш не стану, захочаце — сыдзеце. Acta est fabula. [16]
16
П’еса
Вырвіч змрочна паглядзеў на Лёдніка, але шаблю хаваць не стаў, абняў левай рукой Раіну і павёў услед за доктарам і Батыстам.
Свечы свяцілі яшчэ больш цьмяна, быццам іх абразіла магічнае загашэнне.
— Ну што, пан егіпецкі жрэц, колькі вы хочаце за вашу асістэнтку? — стамлёна прагаварыў Лёднік. Батыста раззлаваўся.
— Ды я за яе ў свой час пяцьсот дукатаў адваліў! А колькі ўклаў у ейнае навучанне, каб адшліфаваць гэты талент! Ды цана найменш удвая ўзрасла!
— Значыць, тысяча дукатаў…—задумліва прамовіў Лёднік, адчыніў валізу і раптам кінуў на стол цяжкі мяшок.
— Пералічыце і давайце сюды паперы…
Пранціш разгубіўся: адкуль у доктара з сабою такое багацце?
А Батысту як вада з гусі.
— Грошы немалыя… Але з дапамогай графіні Батысты я магу зарабіць яшчэ больш. Да таго ж, пан Лёднік, вы не думаеце, што ў мяне могуць быць свае сардэчныя схільнасці? Я ажаніцца са сваёй прыгажунькай сабраўся… Ужо столькі гадоў разам, у адным ложку, пачуцці правераныя… Лепшую наўрад знайду.
— Знайдзі хаця б тую, якую ванітаваць ад тваіх дотыкаў не будзе! — выкрыкнула Міхалішыўна, і Батыста злосна прыжмурыўся. Цяпер ясна, калі Раіна застанецца ў гэтым доме, яе чакае самае суровае пакаранне. І Пранціш вырашыў біцца да апошняга…
— Значыць, тысячы дукатаў пану за ягоную асістэнтку мала… — задумліва прагаварыў Лёднік.
— Запэўніваю, у вас ніякіх грошай не хопіць! — насмешна пацвердзіў Батыста. — А паводле закону, калі звезяце маю маёмасць, я заўтра ж падам у суд, і дзеўку мне вернуць з жаўнерамі, а вы сядзеце ў вязніцу.
Лёднік на насмешкі італьянца ўвагі не звярнуў, зноў палез у валізу і дастаў знаёмы квадратны куфэрак, абцягнуты пунсовым аксамітам, адчыніў.
— Карона вульгарыс, звычайная, трохі памятая, але пазнавальная, арнамент друідычны…
Пакуль Лёднік блазнаваў, Батыста ажно ўсякую раўнавагу страціў, ягоны рот ледзь сліну не пускаў, а рукі самі цягнуліся да рэліквіі, як у прапойцы да кварты.
— Адкуль… — прахрыпеў ён.
— Шпегі вашы слаба працуць, — усміхнуўся Лёднік. — Усё законна, падарунак яе вялікасці імператрыцы.
— А, — саркастычная здагадка з дамешкам зайздрасці мільганула ў шэрых, шырока расстаўленых вачах мага. — Плата за палкую ноч… А я думаю, чаму ваша мосць дасюль не генерал і не ўладальнік вялікіх маёнткаў, яе вялікасць шчодрая да фаварытаў. А вы вось што атрымалі…
— А пан Манчыні, трэба разумець, са свечкай каля мяне ў тую ноч стаяў, каб у фаварыты запісаць. У любым выпадку, я не бяру платы за каханне, — халодна прагаварыў Лёднік. — А гэта — так, сувенір, забаўка напамяць… Магу прапанаваць як дадатак за выкуп вашай асістэнткі.
Батыста перавёў позірк на Міхалішыўну, якая ўхапілася за Пранціша,
як той, хто патанае, за човен.— Жанчын час ад часу трэба мяняць… Тым болей такіх, якія могуць цябе нажом пырнуць. Не паверыце, пан Пранціш — спрабавала, і не раз. Добра, пан Лёднік, пагодзімся…
Папера на куплю-продаж актрысы Раіны Міхалішыўны была падпісаная ў прысутнасці сведкаў, прыведзеных прыслугай з бліжэйшай карчмы, дзе заўсёды аціраліся «юрысты з палестры». Потым Пранціш Вырвіч засведчыў, што адпускае сваю набытую кметку Міхалішыўну на волю, на што таксама была складзеная адпаведная папера.
— Калі яшчэ адзін чалавек у гэтым свеце выходзіць са стану рабства, свет робіцца на прыступку вышэй да неба, — задаволена прамовіў Лёднік. — Бывайце, пан Батыста! Паслухайцеся маёй парады: едзьце ў Ангельшчыну! Карона святога Альфрэда — рэч не простая, бачыце, як гаспадароў мяняе… Проста як валан у гульні. Магчыма, сапраўднае месца ёй толькі на радзіме, у скарбніцы ангельскіх каралёў. Да таго ж, там вам заплоцяць даражэй за ўсё. Кароль Георг неадменна захоча пакрасавацца перад сваім бунтоўным народам у кароне, якую насіў святы Эдуард Спаведнік, ды ўцерці нос вігам.
— Слушная парада, прафесар, — усміхнуўся маг, прыціскаючы абедзьвума рукамі да сябе куфэрак, як вясельны каравай. — Шчыра спадзяюся больш з вамі не сустрэцца.
Перавёў позірк на Міхалішыўну.
— А ты, мія кара, заўсёды можаш вярнуцца, калі надакучыць засцянковае жыццё і засумуеш па вялікіх сцэнах ды ўвазе каранаваных асобаў.
— Хутчэй памру! — з нянавісцю прамовіла Раіна, і госці сышлі з дому, асветленага чужым золатам і цьмянымі свечкамі.
У фурманцы Пранціш, тулячы да сябе Міхалішыўну, падняў на Лёдніка шчаслівы твар.
— Ты ж з самага пачатку гэта задумаў, Бутрым! Яшчэ ў Вільні! Грошы ўзяў, карону… Выпрабаваць мяне вырашыў?
Аблічча Лёдніка было задаволеным, як пасля дыспуту, на якім удалося ўсіх апанентаў абвергнуць.
— З табою нешта задумаеш… Хіба я мог уявіць, што ты ў вакно станеш з дзеўкай сігаць? А з’ясаваць трэба было. Ты сам мне казаў, што не ведаеш, чаго хочаш. І заставаўся варыянт, што высакародны пан Вырвіч выбера не прыгонную актрысу, а панну Макавецкую.
— І што тады? — насцярожана папытаўся Пранціш.
— Тады я проста выкупіў бы ў Батысты панну Раіну і ўладкаваў яе дзесь згодна ейнаму жаданню. На такіх актрыс у Еўропе попыт вялікі.
— Дзякую, пан Лёднік… — ціха прагаварыла Міхалішыўна, у яе вачах было столькі ўдзячнасці, што доктару стала няёмка.
— Мяне самога куплялі і прадавалі, — нагадаў ён.
Вырвіч крануў вуснамі фарбаваныя басмай валасы каханай, якім абавязкова павінен вярнуцца першапачатковы русявы колер:
— Я не буду замыкаць яе ў хаце. Яна зможа выступаць на сцэне…
Лёднік скептычна паглядзеў на маладзейшага сябра.
— Я таксама лічыў, што змагу дапусціць, каб Саламея мела медычную практыку. Паглядзім, як складзецца ваша сямейнае жыццё, пан Вырвіч. З такой легкадумнай асобай, як ты, нічога не сплануеш. Гэта ж адурэць, павалок нявесту на сцюжу, у адной сукенцы, акно выбіў, калі дзверы маюцца…
— А дзе ты столькі грошай узяў?
Лёднік адвёў вочы.
— Прафесарскі аклад за год, плюс прадаў спадчыну Разанцава, пару грашовых пацыентаў наведаў, тое-сёе ж адкладзена было, ну і набралася. Якая табе розніца?