Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:

— Дзякую, ваша мосць. Мне не хочацца пераязджаць у Варшаву. Дый вам было б непрыемна лячыцца ў чалавека, які вам… несімпатычны.

Багінскі ад нецярплівасці парваў карункавую манжэту. Гадзіннік на каміне адбіў час — пяшчотныя званочкі прайгралі некалькі тактаў Гайдна, і накрыўка на бела-сіняй вазе з масянжовай стрэлкай павярнулася на адно дзяленне.

— Тады скажы сам, што ты хочаш за падарунак царыцы! Нашто ён табе, што ты будзеш рабіць з каронай святога Альфрэда? На карнавал адзяваць?

— Дазвольце, ваша мосць, мы пагутарым з ім па-свойску, па— вайсковаму… — лена сказаў Ватман. — Думаю, абшукаўшы гэтую халупу, знойдзем, што

трэба…

Пранціш крадма адыйшоўся і ўзяў з падстаўкі шаблі, сваю і Лёдніка… Разумеючы, што справа безнадзейная. Хай бы Лёднік лепей аддаў той кавалак золата, сам жа сказаў, што не ведае, што з ім рабіць.

Але князь Багінскі найміта супыніў.

— Такія падарункі не аднімаюць. Бо гэта абражае таго, хто дарыў. А я глыбока паважаю кожнае волевыяўленне яе вялікасці Кацярыны.

Багінскі кінуў тужлівы позірк на змрочнага доктара. Падобна, ён усё яшчэ верыў, што якая-небудзь цудоўная рэліквія альбо шчаслівы выпадак усё пераменяць і зробяць яго ўладаром над уладарамі і падораць каханне імператрыцы.

— Але я гатовы выкупіць гэты падарунак за любую цану. Як ваявода віленскі, я б мог дапамагчы табе, доктар, шмат у якіх пачынаннях. Падумай. І ў Слоніме табе было б цікава. Я хачу стварыць там Горад Музаў… — цяпер на бледных шчоках князя з’явілася фарба, невыразныя вочы загарэліся — бо князь больш за ўсё на свеце любіў мастацтва, гэтак жа, як ненавідзеў палітыку. — Я будую тэатр — самы лепшы і вялікі ў краіне, каб на сцэну артысты маглі выязджаць на конях! Набраная ўжо выдатная оперная трупа, балет. Будуецца абсерваторыя… Бальніцу хачу зладзіць. Вы б маглі там праводзіць доследы! А, магчыма, і арганізаваць медычную школу!

Багінскі захапіўся, і верылася, што ён сапраўды ўчыніць у Слоніме гэткую выспу прыгажосці і навукі…

— Я падумаю, ваша мосць, — схіліўся доктар.

— Толькі думай не надта доўга, — папярэдзіў Ватман, але глядзеў не на Лёдніка, а на ягоную жонку, якая старанна адварочвалася. — А то самому сябе лячыць давядзецца. Не адсядзішся, доктар. Усё роўна давядзецца далучацца да нейкай большасці, якая заўсёды ўсё вырашае. Дык чаму — не да пераможцаў?

Лёднік прыжмурыўся.

— Вы, пан Ватман, кепска, напэўна, ведаеце беларускую гісторыю. А вось ягонай мосці князю я нагадаю словы канцлера Льва Сапегі, якія ён сказаў, закрываючы правам ліберум вета вальны сойм: «Большасць — гэта глупства. Розум заўжды толькі ў меншасці. Дзяржава, якой кіруе большасць і глупства, мусіць рана ці позна загінуць».

Князь Багінскі пачырванеў ад гневу, але палітычныя спрэчкі наганялі на яго заўсёды такую тугу, што ён пазбягаў іх нават у выпадку, калі на ягоным баку была перавага. Таму павярнуўся да дзвярэй.

— Дарэчы, ваша княская мосць, ваша малодшая сястра, яе мосць Паланэя, даслала нам ліст, — прамовіў Пранціш у спіну князю — надта ўжо абурыла абыякавасць Багінскага да калісьці ўлюбёнай сястрыцы.

Князь спыніўся, тузануўся, нібы яго выцялі, але не павярнуў галаву.

— І як там наша сястра?

— У вашай княскай мосці цяпер ёсць пляменнік. Францыск Казімір Агалінскі.

Пачуўшы ненавіснае прозвішча нежаданага зяця, князь махнуў рукой, ягоныя плечы бязвольна апусціліся, і Багінскі сышоў, нібыта раз і назаўсёды выкрасліў непакорлівую сястрыцу са свайго жыцця. Падобна, падарункаў ад багатага заакіянскага дзядзькі Францыск Казімір не дачакаецца.

І кітаец Чунь Лі чарговага падарунку не прынёс. Прысеў сціпла на варыўні, параспытваўся пра здароўе пана Лёдніка, з дазволу

пана патрымаў яго за руку, заплюшчыўшы вочы, відаць, рабіў сваю асаблівую дыягностыку. Задаволена кіўнуў галавой — падобна, здароўе Лёдніка непакою не выклікала. А тады і перавёў размову ў няспешнай мудрагелістай манеры на свайго гаспадара, вельмішаноўнага пана Міхайлу Разанцава, які прыехаў з Санкт-Пецярбургу, каб здаць справы па купецкім прыказе і з’ехаць з Вільні па новае прызначэнне, і свайго кітайскага слугу прыхопіць.

— Пан Міхайла жадае вас бачыць, пан Лёднік, — пакланіўся кітаец. — Думаю, вам варта суцішыць свае жарсці, высакародны муж павінен быць спакойным, як вада ў шырокай рацэ. У гэтую ваду можа ўвайсці кожны без аніякай перашкоды, але калі ў яго няма сілы пераплысці такую раку, патоне. А вузкая ручаіна бурліць, пырскаецца, адпалохвае ад сябе мінакоў, але той, хто не пабаіцца, яе пераскочыць. Сёння, як сцямнее, па вас прышлюць карэту.

— Я паеду таксама, — падазрона сказаў Пранціш, незадаволены такой таемнасцю. На звычайныя сяброўскія гасцяванні ўначы, патаемна не запрашаюць.

На развітанне кітаец распавёў яшчэ некалькі баек пра мудраца Канфуцыя, які лічыў, што час мяняць імёны — што азначала, кожны павінен заняць у грамадстве месца не па праве нараджэння, а па сваіх асабістых якасцях. Такім чынам сын багдыхана можа аказацца пекарам, а сын пекара — вайскаводцам. Вырвіч надзьмуўся і выйшаў з варыўні: адмаўляць права шляхецкай крыві — гэта ж самога Палямона абразіць!

А потым спадар Лі з Лёднікам, у чаканні, пакуль не сцямнее, зноў гасілі свечку на адлегласці… Ясна, што Лёдніка да пячонак закранула, што граф Батыста змог учыніць такі фокус, а ён, знаўца навук таемных, не!

Але свечка ўсё не жадала згасаць, да шаленства доктара.

А ў доме Разанцава быў рэзрух. Спакаваныя куфры, закрытая палотнамі мэбля… Пранціш сціпла сеў у куце, каб не перакаджаць дзіўнай размове.

Былыя аднакурснікі моўчкі сядзелі за сталом, не кранаючы кубкаў з гарбатай. І надта шмат хавалася за іх маўчаннем.

— Я рады, што ты не памёр, — нарэшце прамовіў Разанцаў.—Хаця там, у вязьніцы, мне падалося, што з табой усё скончана.

— Я, напэўна, таксама павінен быць рады, што не памёр, — глуха адказаў Лёднік. — Хаця мая наяўнасць у свеце жывых усё ўскладняе.

— Не гавары так, Варфаламей! — Разанцаў падняў на сябра змучаныя вочы. — Усё ўскладняе толькі твая ўпартасць. Ведаеш… — павагаўся ён. — У Санкт-Пецярбурзе ёсць магутныя людзі, якія даўно ненавідзяць Георгія Арлова… Ён дурны, нахабны, і царыца ад яго ўжо стамілася. Часам дазваляе сабе проста неналежнае — сам бачыў… Гэтыя людзі маглі б зрабіць стаўку на цябе, Варфаламей…

— Калі б былі ўпэўненыя ў маёй вернасці, і калі б я пагадзіўся кінуць жонку і жыць у граху, загубіўшы душу. Не, запэўніваю цябе, нічога б не атрымалася. Я не Геркулес і не Апалон. І тым болей не палацавы шваркун. Я ліцвін і люблю сваю радзіму.

— Я ведаю… — пасміхнуўся Разанцаў. — Мы і самі не чакалі такога… куртуазнага павароту. Арлоў цяпер са скуры лупіцца, каб яе вялікасць забаўляць ды задавольваць найлепшым чынам. Царыца зноў падпала пад ягоны ўплыў. Вось, мяне адсылаюць у Кітай…

— Значыць, я і табе жыццё паламаў…—задумліва прамовіў Лёднік, аднак без раскайвання. Разанцаў паціснуў плячыма.

— Гэта не такое благое месца, Варфаламей. Калі вярнуся, змагу заняць яшчэ больш высокую пасаду, чым тут.

Сябры — былыя, ці не — не разабраць, ізноў памаўчалі.

Поделиться с друзьями: