Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Шрифт:
Медны шэлег [1] — гэта вам не срэбны грош… І тым болей не чырвоны талер.
Але каб вызначыць, куды далей рушыць з гэтага няўтульнага раздарожжа, дзе толькі і ёсць што тры асіны, пахілены драўляны крыж ды вялізная, як саксонскі ложак караля Аўгуста, і бяздонная, як кішэні ягоных амаратаў, лужына, дык і мядзяк прыдасца.
Пранцысь — учорашні навучэнец Менскага езуіцкага калегіюму, а сёння — прайдзісвет, галадранец, валацуга, галыганец ды як яго там яшчэ ўшаноўвала гандлярка булкамі на Ніжнім рынку, і што наперадзе — невядома, бо ў васемнаццаць гадоў нават святы Францішак Асізскі меў у галаве вецер, а ў руках — чарку віна…
1
Шэлег— дробная мядзяная манета, роўная
Праўда, віном, салодкім і спакусным, нібы яблык у руцэ прабабулі Евы, як відаць, пачаставацца Пранцысю выпадзе яшчэ не хутка… Маем на ўвазе — за ўласны кошт.
Але дзе-небудзь ды знойдзецца халяўны келіх для не дужа моцнага, але ладнага блакітнавокага шкаляра з усмешлівымі вуснамі і ўпартым русявым чубам…
Дзе?
Пранцысь падкінуў шэлег уверх. Шэлег вярнуўся назад нібыта неахвотна, некалькі разоў перакруціўшыся ў паветры — ясная справа, кампаніі, нават такой жа мядзянай, у торбе гаспадара яму не прадбачылася. Баявіты вершнік з мечам на цьмяным твары манеты скакаў у бок Валожына. А можа, Варшавы… Ці Дрэздэна…
А чаму б шкаляру, які дасканала авалодаў кухоннай лацінкай, не дайсці да Дрэздэна ці нават Рыма? Паўсюль знойдзецца таўсманная гандлярка булкамі, якая час ад часу страчвае пільнасць дзеля вельмі карыснага для разгону флегмы і спальвання лішняй жоўці перабрэху з суседкамі па кірмашы, і ўжо, ясная справа, не здольная дагнаць жвавага, як вадкае срэбра, нашчадка згалелага шляхецкага роду Вырвічаў герба «Гіпацэнтаўр» — на якім некалькі стагоддзяў кентаўр з сімпатычным, дужа рахманым тварам замахваецца мячом на ўласны хвост, што ператварыўся ў ікластага цмока. Бацька, пан Даніла Вырвіч, а ён часам прыпадабняўся пасля карчмы пабітаму цмоку, казаў, выява на іхнім гербе азначае, што ў кожным хаваецца і анёл, і пакорлівая жывёла, і драпежны звер, і трэба заўсёды мець пры сабе бліскучы меч шляхецкай годнасці ды адвагі, каб застацца чалавекам…
Асіны мілажальна зашаргацелі вузкімі лістамі, нібыта касцельныя дэвоткі заскавыталі ў спіну: ой, прападзе, скруціць голаў, загубіць душу сваю грэшную неслух чубаты…
А Пранцысь перахрысціўся на пахілены крыж з парэшткамі аброчнага рушніка, гадоў дваццаць таму вытканага зляканай, што не павядуць да шлюбу, альбо што не вернецца са слаўнага каралеўскага войска ейны чалавек, ткаляй… Паправіў на галаве шляхецкую шапку з сапраўдным, хаця й паедзеным моллю собалем і жаўтаватым дыяментавым гузам [2] — адзінае, што старэйшы пан Вырвіч змог падарыць сыну-студыёзусу, акрамя пацямнелага ад часу прадзедавага залатога сыкгнету ды шаблі з выгравіраваным на дзяржальне гербам «Гіпацэнтаўр». Старанна начышчаны Гіпацэнтаўр быў ганебна пакінуты ў канвенце — інтэрнаце калегіюма падчас тэрміновай рэтырацыі… Пранціш здушыў горкі ўздых пры ўспаміне пра страчаную шляхецкую зброю і рушыў — туды, куды вецер дзьме, лятуць першыя восеньскія лісты і аблокі і птушкі Сімург і мроі недавучаных шкаляроў езуіцкага калегіюма.
2
Гуз— дыямент, якім упрыгожвалі шляхецкую шапку.
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
ЯК ПРАНЦЫСЬ КУПІЎ АЛХІМІКА.
Карэта была шыкоўнай — і бруднай. Бруднай, як мужыцкі скураны поршань. З-за наліплай гразі нельга было разгледзець нават герб на дзверцы карэты. А коні сытыя, імклівыя… Бруд фантанамі з-пад капытоў… Эх, калі б тут кустоў’е на ўзбочыне, ды прыцемак, ды коні трохі замарудзіліся…Тут бы Пранцысь і прычапіўся да экіпажу, і, з дапамогай святога Франтасія, даехаў бы хоць да Каменнай Горкі. Але было светла, а фурман злосна пазіраў па баках, як пугач у пошуках неасцярожлівай мышы. Пранцысь тужліва глядзеў услед карэце, калі раптам… Няўжо святы Франтасій паспрыяў? — фурман, пачуўшы вокліч гаспадара, нацягнуў лейцы… Карэта спынілася. Але мудры шкаляр не спяшаўся падбегчы — мала што заманецца панам? Можа, злосць на кім спагнаць захацелася… Ведама, шляхціц да шляхціца павінен звяртацца «пане браце», як да роўні, незалежна, ці ты магнат, ці «шарачок», у якога нямашака ніводнага прыгоннага. Але насамрэч шыты золатам кунтуш аблезламу собалю не роўня. З братамі Валадковічамі, кумпанамі [3] Радзівілаў, спаткаешся не ў добры час, не дай Гасподзь — сто і адзін бізун гарантаваны… Ні за трэску, а для форсу. А з вакенца карэты між тым высунулася вусатае аблічча падарожнага. Твар чырвоны, вусы пшанічныя даўжэзныя, на шапцы дыяментавы гуз амаль са сліву, а ад злосці ледзь не агнём дыхае. Чырванатвары спыніўся позіркам на Пранцысевай шляхецкай шапцы, недарэчна спалучанай са шкалярскай мантыяй… Не прамінуў залаты сыкнет, што цьмяна пабліскваў на Пранцысевым пальцы — нездарма шляхціц хутчэй здохне з голаду, чым застанецца без адзнакаў свайго звання. Хлопец у чарговы раз пашкадаваў, што не мае шаблі. Эх, дзе ты, шабелька… Няхай чорная, не парадная, у похвах са скуры вугра… Без каня — таксама кепска, але заўсёды можна зылгаць,
што прайграў вернага дрыгканта ў карты. А шляхціц без шаблі — усё роўна што голы.3
Кумпан— блізкі сябар.
— Гэй, ты, гіцаль [4] ! Шкаляр! Табе кажу, не лужыне. Падыдзі. Фартуну [5] сваю лаві!
Ага, фартуну… Такі чырванатвары хіба кулаком у пысу адорыць.
Але Пранцысь асцярожна наблізіўся, гатовы ўвобмірг адскочыць.
— Што, у езуітаў вучышся? — слізгануў падарожны позіркам па Пранцысевай апратцы. — Шляхціц?
— Шляхціц! — ганарыста адказаў Пранцысь, паклаўшы руку з сыкгнетам на ўяўную шаблю.
— А грошы маеш, лабідуда? Стаяць! — раўнуў, заўважыўшы, што Пранцысь пры недалікатным пытанні пра грошы адскочыў на тры лужыны, а Пранцысь у сваю чаргу заўважыў самае прыкрае, што пабачыць можна на пустэльным восеньскім гасцінцы, а менавіта рулю настаўленага на яго пісталета. Тут не пабегаеш надта… Ды і фурман вунь які пагрозны, і таксама з пісталетам за пасам — гэты не прамарудзіць пагнацца па гаспадарскім загадзе.
4
Гіцаль— памочнік ката, слова ўжывалася як лаянка.
5
Фартуна— улюбёны вобраз куртуазнай літаратуры, удача.
— Ты што думаеш, пан Агалінскі рабаваць цябе будзе? Я прадаць адну каштоўную рэч жадаю. Ну хоць які ламаны паўгрош маецца?
Пранцысь неахвотна палез у кішэню.
— Вось… Шэлег…
— Матка Боска Чанстахоўска! Цэлы шэлег! — пісталет затросся ў руцэ чырванатварага — так зарагатаў. — Чуеш, зоркавед? Я прадам цябе за цэлы шэлег! — дадаў ён, павярнуўшыся да кагосьці ў карэце.
Потым зноў запытаўся ў падарожнага:
— Як цябе завуць? Імя скажы!
— Пранцысь Вырвіч, са слаўнага роду Вырвічаў з Падняводдзя, герба «Гіпацэнтаўр»!
— Няхай будзе Вырвіч… Запісвай… — апошняе зноў было сказана да невядомага ў карэце.
Пранцысь тужліва пазіраў па баках, выглядаючы ратунку. Раптам дзверцы з захляпаным гразёй гербам расчыніліся, і князь Агалінскі вывалак з карэты хударлявага немаладога тыпуса ў доўгай чорнай апратцы, падобнай да мантыі выкладчыка калегіюму, з паголеным па нямецкім звычаі тварам. Спадар паглядаў калючымі цёмнымі вачыма з-пад адрослых чорных пасмаў гэтак ненавісна, што Пранцысю падалося, што зараз пачуе звыклы вокліч: «Гэта самы лянівы студыёзус ад Тыбру да Барысфену! А розаг бярозавых яму…» Між тым пан Агалінскі ледзь не адарваў магутнай рукою тыпуса ад зямлі за каршэнь, хоць той быў вышэй пана на поўгалавы, і штурхнуў яго проста пад ногі шкаляру, у бруд.
— Давай шэлег, васпан!
Пранцысь працягнуў на далоні сваю апошнюю каштоўнасць… Агалінскі ўзяў двума пальцамі:
— Вось! Неба сведка, слова шляхціца: ад гэтага часу паскуднік Бутрымус належыць табе, рабі з ім, што хочаш, — і палез ізноў у карэту, выкрыкваючы на развітанне насмешна. — Ото, шчасце, хлопча, займеў. Гэта муж вучоны, алхімік. Ён табе золата наварыць, засыплешся! Не забывайся толькі бакі яму падпраўляць калацінай, чарнакніжніку праклятаму!
З карэты вылецеў папяровы скрутак проста ў твар Пранцішу, той ледзь паспеў яго схапіць.
Фурман таксама падарыў ашалеламу Пранцысю на развітанне надта брыдкую ўсмешку, тузануў лейцы…
Толькі калі карэта аддалілася на адлегласць свісту, Пранцысь трохі ачомаўся і перавёў позірк на сваё новае ўладанне.
Чалавек моўчкі ўзняўся на ногі і абтрос доўгую чорную світку. Ягоны нос нагадваў дзюбу драпежнай птушкі, вусны пагардліва падціснутыя… Так што Пранцысю падалося, што гэта не ён купіў валасатага прайдзісвета, а зусім надварот. Ці не варта ўцячы падалей ад гэтага тыпуса, пакуль не позна? А раптам ён і праўда чараўнік… Пранціш разгарнуў звітак: гэта была аформленая, як належыць, папера на ўладанне слугою мужчынскага полу Баўтрамеем Лёднікам, майстрам навук таемных, доктарам ды талмачом, які з прычыны немагчымасці выплаціць доўг у дзвесце дукатаў даў прысягу служыць свайму пану пажыццёва, без платы і права сысці, і пан можа распараджацца ім, як яму заўгодна. Імя Пранціша крыху крыва ўпісалі на належнае месца, атрамант яшчэ не прасох, і апошняя літара прозвішча мела размазаны хвосцік, нібыта яе затрымалі, калі збіралася ўцякаць з падазронага аркуша.
Між тым алхімік утаропіўся ў свайго новага гаспадара змрочным пранізлівым позіркам. Маўчанне зацягнулася, як варшаўскі сойм. Яго парушыў Бутрымус.
— Ну?
Пранцысь разгубіўся.
— Рабіць што збіраецца мой гаспадар? Тут начаваць, ці як? Пан Пранціш, матка Боска… Толькі бязмозгага хлапчыскі мне не хапала за ўладальніка.
Голас зоркаведа ажно рыпеў ад пагарды. Вырвіч пакрыўдзіўся. Урэшце, гэта не яго толькі што прадалі, як лапатнага мужыка, а фанабэрыстага доктара. Трэба паказаць яму, хто на якім шастку начаваць будзе!