Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:

— Пан Вырвіч, што здарылася? — настаўніцкім тонам папытаўся Лёднік, калі Пранціш моўчкі паваліўся на свой сеннік. Яшчэ знайшоўся апякун… Калі Вырвіч — гной пад нагамі Багінскай, дык доктар — гной пад нагамі Пранціша! Так, кантроль за дыханнем, лічыць пульс…

— Вырвіч, я задаў пытанне!

— Не твая справа… — толькі і змог прасіпець юнак.

— Можа, нам заняцца фехтаваннем? — задумліва прамовіў Лёднік. — Перад сном, вядома, шкодна, але я чую па тваім дыханні, як цябе перапаўняюць гнеў і нянавісць, а фізічныя практыкаванні — найлепшы сродак з імі справіцца.

— Не хачу! — ледзь стрымліваючыся, каб не пачаць лаяцца на доктара, прамовіў Пранціш.

— Тады паспрабуем выгаварыцца… На каго так угневаўся?

— На свайго бацьку! — нечакана выгукнуў Пранціш, і адчуў, як гараць шчокі ад гневу. — Ён мог не пляжыць сваё майно і матчын пасаг!

Не зводзіць маці ў магілу сваімі п’янкамі і бойкамі! І ў мяне было б нармальнае шляхецкае жыццё! Усё Падняводдзе калісьці належала нам. На полі працавалі б мужыкі, а не мы. Я б меў каня, парчовы жупан, шаблю-карабэлу… Ведаеш, як мы дарэшты згалелі? — Пранціш нервова зарагатаў. — Напіліся бацька з суседам і пайшлі ў заклад, хто больш уласнага майна спляжыць — бо рыцар не павінен ад майна залежаць і ў любы момант можа шабляй сабе новае здабыць. Коней параздавалі, футры і жупаны проста пасеклі… Нават пуні спалілі! Бацька перамог, усё без жалю панішчыў ды раздаў, хоць і так няшмат меў. Вось толькі новага нажыць не адолеў. Мне год быў, калі я застаўся па ягонай міласці жабраком. Ён ніколі мяне не любіў! Акрамя кухталёў ды дранага азадку нічога я ад яго не меў! Ненавіджу!

І пачаў біць кулакамі ў сеннік так, што ўзняліся клубы пылу.

— Насамрэч ты любіш свайго бацьку, і ён вельмі шмат для цябе значыць, — ціха прамовіў Лёднік. — Ты сам не заўважаеш, як увесь час спасылаешся на ягонае меркаванне, спрабуеш паводзіцца, як ён. Ты наракаеш, што ён не даў табе багацця… Але ж ён не кінуў цябе, не пайшоў у кліенты да багатага пана, каб лізаць яму азадак і распраўляцца з ягонымі ворагамі. Сумленна апрацоўвае сваю зямлю, цяжка здабывае хлеб, і нічога ні ў кога не просіць. Ваяваў за айчыну. Веру дзядоўскую захаваў, не збаяўся застацца абмежаваным у правах дысідэнтам. Гэта заслугоўвае вялікай павагі. А ягоныя слабасці… Іх трэба дараваць. Бо і нам нашыя слабасці нехта павінен дараваць. Ты калі апошні раз паслаў бацьку ліст?

Вырвіч яшчэ раз стукнуў кулаком у сеннік.

— Навошта яму мае лісты? Яму пляваць!

— Упэўнены, ён думае пра цябе. Я таксама лічыў, што бацьку на мяне пляваць, і з Еўропы ні разу не паслаў яму звестак пра сябе. А калі вярнуўся, не было ўжо каму сустракаць мяне ў маім доме. А Саламея расказала, ён штодзень пытаўся ў Івана Рэніча, ці не чуваць пра Бутрыма, прыкідваўся, быццам проста паўз іх дом ішоў, а сам у любое надвор’е… З другога канца горада… Але мне цяпер няма ў каго прасіць прабачэння. — Лёднік нахіліўся да Пранціша і паляпаў яго па плячы. — Ну, вышэй нос, Гіпацэнтаўр! Я разумею, што табе хочацца зраўняцца з багацейшымі і знатнейшымі… Але ці не лепей — з самымі адважнымі і разумнымі? Ёсць такі малады французскі мысляр Жан— Жак Русо. Ён кажа, што ўсе людзі маюць прыродныя правы, адну кроў і аднаго Бога. Павінна існаваць грамадзянская дамова — паважаць адно аднаго, не сягаць на волю адно аднаго. Тады ўтворыцца ідэальнае грамадства, дзе не будзе магната і шарачка, пана і мужыка, раба і гаспадара, толькі асабістыя якасці дапамогуць узвысіцца. А якасці ў цябе маюцца добрыя, павер. Цябе ёсць за што паважаць, больш, чым якога разбэшчанага магнацкага сынка, які ледзь чытаць умее і якому цалуюць ручкі прыдворныя шляхцюкі. Мне сябар з Парыжу напісаў, як прынц Кантэ ў оперы ўгледзеў сімпатычную бедную правінцыялачку, пасадзіў на калені і даў, моцна трымаючы, сто аплявух, так, што ў дзяўчынкі пайшла кроў з носу і разбітых вуснаў. А прынц, рагочучы, біў на вачах усяго тэатру і прыгаворваў: «А я не ўмею даваць аплявухі!». І ніхто, ніводзін высакародны рыцар не рэкнуў.

— Я б заступіўся! — усклікнуў Пранціш.

— Я ведаю, — усміхнуўся Лёднік. — Таму й кажу, што ты варты павагі. Ну, а цяпер, хлопча, давай пачытаем вячэрні канон… Гэта — найлепшы спосаб атрымаць параду і супакой.

«Ведаю, Госпадзе, што няварты чалавекалюбства твайго, але варты ўсялякага асуджэння і пакуты. Але, Госпадзе, ці хачу, ці не хачу, уратуй мяне… Хай не адолее мая злосць Тваёй невымоўнай дабрадатнасці і міласэрнасці: і калі хочаш, учыні мне гэта»…

Словы малітвы сціхлі, але не расталі бясследна. Вырвіч глядзеў на беленыя сцены сухімі вачыма і думаў, што вось, хаця б Лёднік у яго ёсць. Суцешыць, патлумачыць, дапаможа. Да таго ж ён цалкам залежны ад Вырвіча, ад ягонай волі, ён нікуды не падзенецца… Ёсць нешта пэўнае ў гэтым свеце і для недавучанага шкаляра! Цёмная злосная моц, якая жыла ў душы і якой Вырвіч сам баяўся, патроху суцішвалася. Пранціш павярнуўся на бок і задрамаў…

Пабудзіў яго шэпт:

— Саламея, навошта ты так!

— Не

будзь дурным. Я занадта доўга чакала. І чакала б яшчэ… Але цяпер у нас няма часу. Магчыма, заўтра… Пазаўтраму… Прыйдзе смерць. І ў чым тады сэнс майго чакання? Калі ты зараз мне адмовіш, не зробіш сваёй, гэта будзе бессардэчна…

— Не мучай мяне. Калі б у мяне не было сэрца, калі б я цябе не кахаў, я б згадзіўся. Але я не магу табе прапанаваць нічога, нават самога сябе. Я больш сабе не належу. Я…

— Ціха, каханы, я ведаю… Я прачытала тую паперу ў клунку. Але ж твой часовы гаспадар — добры хлопчык, адважны і сумленны…

— Ён — шляхціц, з усімі недахопамі сваёй касты, я — яго слуга. Дакладней, раб. Нават калі мы ўсе выжывем, я не змагу з табой ажаніцца. Пакуль не вярну сабе волі.

— Значыць, ты яе вернеш… Чалавек не павінен быць рабом іншага чалавека. Гэта супярэчыць прыродзе і Божай волі.

— Начыталася Вальтэра…

— Цябе палохае, што ты падзеліш каханне з вучонай жанчынай?

— Мяне палохае, што я яшчэ больш прычыню табе зла, звязаўшы цябе са сваёй фатальна нешчаслівай персонай.

— Ведаеш, у гэтую хвілю многія б сказалі, што табе пашанцавала.

— Мне і праўда неверагодна пашанцавала…

— Значыць, ты мяне не адпрэчваеш?

— Я не з лёду… Нягледзячы на прозвішча.

Шэпат змоўк, а тады пачуліся крокі: двое людзей асцярожна падымаліся па лесвіцы наверх, потым рыпнулі дзверы, павярнуўся ў замку ключ…

Пранціш лёг на спіну і ледзь не завыў ад злосці і крыўды. Значыць, ён Лёдніку замінае! Ён не хоча яму служыць! Гнаявіку! Правільна, нават маючы сто дукатаў, Пранціш не зможа пасяліць яго ў палацы і выкупіць лабараторыю для доследаў. Лёднік толькі прыкідваецца, быццам шчыра клапоціцца аб Пранцішы. Ён ненавідзіць яго, свайго гаспадара, хітры і подлы раб! І гэта пасля ўсяго, што яны разам перажылі!

Вырвіч, вядома, дазволіў бы, каб Лёднік ажаніўся з Саламеяй Рэніч, і хай бы яны абодва сталі ягонымі вернымі слугамі, і іхнія дзеці, а ён бы літасцівіў іх, і мілаваў, і абараняў… Ды што там — адпусціў бы Баўтрамея на волю, але каб пры гэтым абодва засталіся пры ім… З ім… Але цяпер ясна: подлы алхімік пры найменшай магчымасці ад Пранціша ўцячэ, здрадзіць яму, кіне яго! Ён таксама ім пагарджае! Ім, які вядзе свой род ад Палямона! Няхай бацька Пранціша п’янтос, але калі ў карчме адзін мужык па п’янай справе яго штурхануў, выхапіў шаблю і адсек хаму руку. І нічога не было — па законе ўчыніў. Правільна робіць Паланэя — трэба таптаць тых, хто ўнізе, толькі так застаешся на вышыні! А дазволь толькі прыўзняцца да цябе ніжэйшаму — абгадзяць, сподлічаюць, ухопяць, што можна, і кінуць! «Добры хлопчык», ха!

У душы зноў віравала цёмная злосць, якой Вырвіч ужо не стрымліваў. Ён сам не заўважыў, як праваліўся ў сон, чорны, як адчай, і неглыбокі, як брудная калюга. Скрозь драмоту адзначыў, што Лёднік вярнуўся ў свой ложак толькі на золку. Стары распуснік…

Усю раніцу Лёднік трывожна пазіраў на маладога гаспадара, надзьмутага і маўклівага, як арандатар, якога папярэдзілі аб сканчэнні арэнды, і таксама збольшага маўчаў, бо прапановы пазаймацца лацінай-нямецкім-фехтаваннем-хіміяй-душэўнымі размовамі сустракалі толькі ненавісныя пагляды і халодныя рэплікі кшталту: «Калі захачу, скажу». Сняданак, прынесены даверанай манашкай Дамінікай, быў праглынуты паасобку. Саламея, відаць, папярэджаная Лёднікам, узяла сваю талерку і схавалася наверсе. Лёднік, пэўна, ахвотна далучыўся б да яе, але не наважваўся. Палачане, відаць, пачувалі сябе няёмка, увязваючы перамены ў паводзінах юнага Вырвіча са сваім начным спатканнем, а Вырвіч ясна бачыў, што яны не могуць схаваць сваё п’янкое, таемнае шчасце, што паміж імі цягнуцца нябачныя ніткі, якіх перарваць не ўдасца ўжо нікому, і ад гэтага шалеў яшчэ больш. Выбух атрымаўся пасля сняданку, калі яны з Лёднікам засталіся сам-насам. Доктар падыйшоў да шкаляра і ўхапіў за плечы, змусіўшы паглядзець сабе ў вочы:

— Пранцысь, трэба пагаварыць. Так нельга… Твой душэўны стан…

— Пранцысь? — Вырвіч злосна скінуў з сябе рукі доктара. — Які я табе Пранцысь? Ты забыўся, як трэба звяртацца да шляхціца, мужыцкая морда? Як трэба звяртацца да свайго пана?

Вырвіч штурхануў доктара ў грудзі, і той адступіў на крок.

— Пранцысь… Пан Вырвіч, гневам трэба авалодваць. Ты сам пасля пашкадуеш. Канцэнтрацыя…

— Я табе пакажу канцэнтрацыю, хамуйла! — Вырвіч яшчэ раз штурхануў Лёдніка. — У Агалінскага табе, відаць, лепей было, больш пачціва паводзіўся? Той жа багацейшы, чым я, тытулаваны! Яму ў ручку, ножку цалаваў, а са мной — як з роўняй можна, як са шкаляром?

Поделиться с друзьями: