Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
— Ну і? — не вытрымаў Вырвіч. Лёднік скупа ўсміхнуўся.
— Давялося ўспомніць тое-сёе з былых навыкаў. Не забіваў, толькі пагнаў.
Пранціш хмыкнуў, уявіўшы, як раз’юшаны Лёднік учыніў нападнікам маленькі Грунвальд.
— Можа, заявіць у гродскі суд? Ты ж суддзю лечыш, мо паспрыяе? — з надзеяй папытала Саламея. Лёднік пагладзіў яе па галаве і ўздыхнуў:
— Яны ж не самі па сабе прыходзілі, за імі — магнацкая сіла… Забылася, як Валадковіча спрабавалі асудзіць? З усяго княства давялося саюзнікаў збіраць, ды не нашага рангу… Стралою камень не праб’еш.
Пранціш падняў згубленыя злыднямі шаблі, разгледзеў:
— Гербаў няма. Звычайныя аўгустоўкі.
— Вой,
— Сціхні! — абсек слугу Лёднік. — Кожнаму час Богам вызначаны, не схаваешся, як мыш пад місай. Прыбірай лепей у хаце.
Пранціш злосна кінуў на падлогу варожыя шаблі.
— Вось што, Бутрым, давай я скажу сваім хлапцам — паселяцца тут са мной, будзем вартаваць, каб чаго не выйшла! У нас банда — уга! Вінцук Недалужны адзін чатырох раскідае…
— А можа, з’ехаць у Полацак? Ці ў Караблі? — падала голас Саламея. — У Полацку бацькаў дом жа яшчэ не прадалі… І ў Караблях тых, гетманам падораных, дамок маецца, дзе аканом жыве. Урэшце, табе ж прапаноўвалі месца ў Пражскім універсітэце…
— Каб я хаваўся за спінамі студэнтаў? Альбо ўцёк з Вільні, з акадэміі, кінуў кафедру, якую ледзь удаецца адстойваць? — Лёднік пагардліва пакрывіў вусны. — Не дачакаюцца. А вось вы, ваша мосць пан Вырвіч, заўтра ж перасяляйцеся назад у канвент. А цябе, Залфейка, я, бадай, і праўда адпраўлю ў Полацак… Наведаеш і Караблі — як там твае рэспубліканскія рэформы дзейнічаюць у нашых падданых у колькасці аж дванаццаці дымоў.
Што скажуць няўхвальнае і рэзкае на такія прапановы Саламея і Пранціш, можно было прадбачыць…
Наступны дзень Пранціш змарнаваў на тое, каб умацаваць прафесарскі дом на манер сапраўднага замка. Да таго ж, калі падняцца па драўляных сходах на гарышча, у каменнай сцяне меліся невялічкія амбразуры, якія звычайна заторкваліся драўлянымі цурбачкамі. З амбразураў адкрываўся выдатны далягляд на ўвесь двор. Студыёзус падрыхтаваў на гарышчы стрэльбы, порах і кулі, і пісталеты зарадзіў, і жалезны прэнт прывалок, вароты замыкаць дадаткова… Піфагор вельмі сур’ёзна выслухаў настаўленні студыёзуса наконт больш суровага абыходжання са злодзеямі і весела лізнуў маладога гаспадара ў нос.
— Трымалі б цябе, як іншыя паспалітыя людцы, на ланцугу, у голадзе, ды кіем выхоўвалі — болей карысці было б… — прабурчэў Пранціш.
Вечары рабіліся ўсё даўжэйшыя і цямнейшыя, свечак сплывала ўсё больш, да абурэння Хвелькі, і Лёднік усё даўжэй заседжваўся ў сваёй хатняй лабараторыі — але не для таго, каб разгадаць загадку васковай лялькі, а каб нарыхтаваць лекаў — і дзеля акадэмічнай аптэкі, і дзеля сваіх пацыентаў, і для Хвелькавай пячонкі… А яшчэ — ад сардэчнай хваробы ды ад алергіі… Пранціш ведаў, для каго доктар рыхтуе адмысловыя шкляніцы з мікстурамі: для пані Агалінскай і ейнага малодшага сына. Прафесар, як толькі мог часта, сустракаўся з малым, нават навучыў грамаце, дакладней, прымусіў накрэмзаць на паперцы ледзь чытэльнае «Аляксандр». І тую паперку таемна насіў пры сабе, у чым нізавошта не прызнаўся б, бо высмейваў жа сентыментальнасць у іншых…
І зноў няшчасце здарылася, калі трохі адпусціла трывога. Нейкі батлейшчык тузануў за вяровачкі, і лялькі падскочылі і замітусіліся ў адчайных скоках… Лёдніка і Пранціша перастрэлі па-нахабнаму, проста перад прафесарскім домам. На гэты раз шасцёра, у іх былі абыякавыя фізіяноміі наймітаў, якім не ўпершыню забіваць
людзей незнаёмых, да якіх асабіста ў іх нічога ніякага. Але справа ёсць справа, і яны яе робяць добра.Самотны ліхтар утвараў дасканалую сцэну для крывавай дзеі… Праўда, кроў чамусьці не пралілася, хаця шабля Лёдніка ізноў мільгала звар’яцелым ветраком, а нападнікі не былі баязліўцамі. Некалькі драпінаў — для шляхціца гэта як павуцінне наліпла.
Раптам усё скончылася: найміты гэтак жа абыякава адступілі, разышліся… Лёднік застыў з двума шаблямі — сваёй і чужой, падманліва спакойны, як чорная змяюка, імклівага кідка якой не ўсочыш, Пранціш — спіной да спіны прафесара — трымаў абодвума рукамі палаш і аж тросся ад жадання ўсіх пакрышыць…
Жывапіснасць сцэны была ацэненая: дэманстратыўна пляскаючы ў ладкі, да ахвяраў нападу падыходзіў прыемнай знешнасці малады пан у нямецкім строі. Дыяментавыя гузікі на модным шэрым камзоле і пярсцёнкі на пальцах ззялі нават у цьмяным святле ліхтара, а белыя шаўковыя панчохі былі белымі, што сведчыла, што пан не пёрся пешкі па мокрых віленскіх вулках, а прыехаў сюды ў карэце.
А наконт прыемнай знешнасці — дык ёсць такія твары, якія цяжка апісаць, яны нібыта прызначаныя, каб выклікаць давер. Такіх людзей першымі ўспамінаюць, калі прыкідваюць, каго запрасіць на асамблею альбо каму даручыць нешта далікатнае. Пільныя шэрыя вочы пад цяжкімі павекамі маглі імгненна рабіцца наіўна-захопленымі, высока прыўзнятыя бровы выказвалі то хітрасць, то фанабэрыю, то радаснае здзіўленне. Твар худы, лоб высокі, ужо з накмечанымі зморшчынамі, вузкія вусны з прыхаванай у куточках увесьчаснай усмешкай… Пан цырымонна пакланіўся:
— Шчыра прашу прабачэння за гэты маленькі спектакль, але ён быў неабходны па прычынах, аб якіх мы з вамі пагаворым, спадзяюся, у больш прыемнай і бяспечнай абстаноўцы. Дазвольце прадставіцца: генерал-фельдмаршал арміі яе вялікасці расейскай імператрыцы Кацярыны Другой князь Мікалай Васільевіч Рапнін.
Доктар і студыёзус апусцілі шаблі. Пляменнік усемагутнага расейскага канцлера Паніна Мікалай Рапнін быў асобай у Рэчы Паспалітай надзвычай вядомай і ўплывовай. Нягледзячы на параўнаўча малады ўзрост — каля трыццаці гадоў — спрактыкаваны дыпламат, палітык і вайскаводца, асабісты сябра Міхала Багінскага, Станіслава Панятоўскага і шмат яшчэ каго… І падступны хітры вораг — таксама шмат для каго.
Піфагору расейскі госць не спадабаўся.
Пад злосны брэх знерваванага сабакі ягоная мосць генерал-фельдмаршал Рапнін пацягваў з парцалянавай філіжанкі духмяную каву — самі Лёднікі модны напой не пілі, бо занудны доктар сцвярджаў, нібыта кава шкодная для сэрца, але для аматараў трымалі. Што гэта за шляхецкі дом, дзе няма ні кавы, ні тытуню? Табакерка, дарэчы, таксама прысутнічала: залатая, круглай формы, усыпаная смарагдамі, з вензелем новай расійскай імператрыцы: госць дэманстратыўна выклаў яе з кішэні. Такімі каштоўнымі забаўкамі Кацярына адорвала асабліва прыбліжаных… Рапнін акінуў вострым шэрым паглядам Саламею Лёднік, якая прынесла цукерніцу з марцыпанамі:
— Чуткі не манілі… Ах, як шкада, што вам не пятнаццаць гадоў, мая пані!
Саламея недаўменна ўскінула бровы, і госць патлумачыў:
— Тады я абавязкова зладзіў бы вашае выкраданне, навучыў свецкаму абыходжанню, і прадаў бы вас за шалёныя грошы якому-небудзь каралю, вы сталі б фаварыткай і дапамагалі мне ў маіх невялічкіх інтрыгах.
Пан Мікалай умудраўся гаварыць з такой вясёлай, дабрэннай лёгкасцю, што немагчыма абурацца ці крыўдаваць — хаця сказанае не было жартам. Саламея ўсміхнулася куточкам роту: