Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
Доктар Лёднік прыпаў да акуляра нямецкага мікраскопа, але вывучаў ён не інфузорыі, а жалезны шпіндзялёчак, падобны да бліскучай кузуркі — той, што спрытны студыёзус Пранціш Вырвіч выкруціў з нутра лялькі-аўтамата. Студыёзус быў тут жа — разваліўся на канапе і рабіў выгляд, што рыхтуецца да заняткаў па рыторыцы. Але таўсценны том з прыкладамі красамоўства ўсіх часоў ды народаў валяўся карэньчыкам уверх, разгорнуты на выпадковым месцы. Якая рыторыка, пасля таго, як Лёднік цэлую гадзіну зацята ганяў свайго персанальнага вучня на занятках фехтаваннем, ледзь не па сценках скачучы… Пранціш здагадваўся, што гэткі шалёны рытм атрымаўся, бо доктару трэба было скінуць нервовае напружанне — ён заўсёды казаў, што найлепшы для гэтага сродак — фізічныя практыкаванні. Але ж доктар жалезны — вунь Пранціш, малады, ляжыць, а гэты вымыўся, пераапрануўся — ды за працу. Сядзіць вунь, спакойны такі, дэтальку пінцэтам паварочвае… А які ўжо спакой, калі вось-вось з Акадэміі выпруць — высокапастаўлены апякун памёр,
— Не, толькі не гэта! — роспачны выкрык Лёдніка змусіў шкаляра ўздрыгнуць, хрэстаматыя па рыторыцы паляцела на падлогу, а пані Саламея ледзь не выпусціла паднос з кубкамі кавы, якія несла для стамлёных жняцоў разумовай нівы.
— Навошта я толькі паддаўся цікаўнасці… Зноў — на тыя ж граблі!.. Не хачу мець нічога агульнага з падобным! — раз’юшаны прафесар мераў нервовымі крокамі кабінет. — Я столькі прыклаў намаганняў, каб адкараскацца ад усялякай магічнай амарокі, такую цану заплаціў — і вось!
— Ды што такое, Бутрым? Што ты там знайшоў? — пані Саламея паставіла паднос з кубкамі на стол і зазірнула ў мікраскоп. Паціснула плячыма… Яе зараз жа адсунуў ад акуляра Вырвіч. На дэтальцы бачыліся мікраскапічныя літары «VOO».
Саламея і Пранціш неўразумела перазірнуліся і паглядзелі на знерваванага прафесара.
— І што гэта значыць? — папытаўся Вырвіч. — Ты трох літараў спалохаўся?
Лёднік злосна спыніўся.
— Што значыць? Што нячыстая сіла зноў спрабуе спіхнуць мяне ў тую дрыгву, адкуль я ледзве вылез! Гэта подпіс доктара Дзі!
Здзіўленае маўчанне слухачоў прафесара так расчаравала, што ён ледзь затрымаў крыўдныя словы.
Саламея падыйшла, паклала рукі на плечы знерваванаму мужу.
— Не злуйся, а растлумач! Ты з узростам робішся ўсё больш нецярплівы — табе здаецца, тое, што ты ведаеш, уцямна ўсім. Дарагі, нават арэхаў двух аднолькавых няма, а не тое што розумаў. Errare humanum est (Чалавеку ўласціва памыляцца).
Лёднік адвёў вочы, глыбока ўздыхнуў, па сваёй жа методыцы супакаення, якой вучыў Пранціша.
— Гэта той самы доктар Дзі, астролаг і алхімік, пасля прачытання трактату якога па электыўнай астралогіі «Іерагліфічная манада» я зусім з глузду з’ехаў, дакладней, даў нырца ў эзатэрычныя навукі… Дзі жыў у Англіі ў часы каралевы Лізаветы. Яшчэ студэнтам Кэмбрыджу ён зрабіў механічнага скарабея і выпусціў на сцэну студэнцкага тэатра. Народ, уцякаючы, у дзвярах падушыўся, Дзі з універсітэту выперлі. Ён вынайшаў шмат чаго іншага… Навігацыйныя прыборы, тэлескоп, бінокль, разлічыў, дзе мусіць быць Грынвіцкі мерыдыян… Шмат эксперыментаваў з крышталямі і люстэркамі… І гэта было б усё добра — каб не эксперыменты з духамі. Звязаўся з прайдзісветам і фальшываманетчыкам Эдвардам Келі, які прапанаваў доктару заняцца зносінамі з іншым светам, а ён, Келі, станецца пасрэднікам між Дзі і «анёламі». Ну і заняліся… Калі верыць самому Дзі, духі зляталіся да яго, як мухі на мёд. Асабліва прапісаўся пры ім нейкі Урыель. Які не толькі паказваў доктару ў адмысловым люстэрку карцінкі будучыні, але і вучыў мове, на якой размаўляюць анёлы. Можаце сабе ўявіць, я чытаў гэтыя трактаты на «янохскай мове», спрабаваў яе засвоіць… Прабач, Госпадзе…
Лёднік
перахрысціўся і нарэшце сеў.— А чаму ты вырашыў, што Пандору зрабіў доктар Дзі? — не зразумеў Пранціш.
— Таму што ён падпісваўся так — Voo. Ніхто не ведае, чаму. Я так думаю, доктару належыць толькі «сэрцавіна» аўтамата. Я заўважыў мікраскапічныя сляды попелу на дэтальцы — можна ўявіць, што калісьці падобную ляльку — не ведаю, у выглядзе каго яна была зробленая, можа, самога доктара Дзі альбо таго Урыеля — кінулі, як д’ябальскае стварэнне, у агонь. А потым нехта забраў, што ацалела ад агню, перахаваў… І ўжо ў наш час аўтамат аднавілі. І ён зноў малюе тое, што заклаў стваральнік. А калі ведаць ягоную асобу, то робіцца зразумелым, што таямніца можа быць дужа каштоўнай. Вядома, у скляпенні, намаляваным Пандорай, доктар Дзі мог займацца любошчамі з прыгожай дзеўкай, таму гэты пейзаж і захацеў увекавечыць. Там можа быць магіла ягонага сябра, ці месца для зносінаў з духамі… А можа хавацца адно з вынаходніцтваў Дзі.
— Тое люстэрка, што паказвала будучыню? — аж захлынуўся ад захаплення Пранціш.
— Тое люстэрка захоўваецца ў графаў Пітэрбора і ўяўляе з сябе добра адпаліраваны кавалак чорнага вугалю ў круглай аправе, з ручкай са слановай косткі, — скептычна патлумачыў Лёднік. — Ляжыць пад шклом, як рэдкасць, расказваюць пра яго цікаўным гасцям усялякія дзівосы, а духаў, ясная рэч, ніхто не бачыць. Каму ахвота вярэдзіць нячыстую сілу з-за дурной цікаўнасці. Мелася ў доктара яшчэ люстраная камера — для тых жа сустрэч з духамі, і я дакладна ведаю пару балаганаў у Еўропе, дзе падобныя камеры выкарыстоўваюць на кожным прадстаўленні. Быў пярсцёнак з берылам, які выклікаў відзежы… Дарэчы, яго, і яшчэ тое-сёе доктару нібыта прывезлі аж з Амерыкі, як свяшчэнныя прадметы ацтэкаў. А вось што асабіста мяне зацікавіла…
Лёднік палез у шафу з кнігамі, пакорпаўся, перакладаючы з месца на месца таміны, нарэшце выпараў маленькі томік ін-кварта з залатым абрэзам «Духоўныя дзённікі доктара Дзі», пагартаў і зачытаў:
— «Няцяжка зрабіць люстэрка, якое моцай сонца, нават схаванага аблокамі, ператварае ў попел усе разнавіднасці каменя і металу. І я магу лёгка здабыць агню перамогу над жалезам». Разумееце, тут нічога не гаворыцца ні пра духаў, ні наконт прадбачанняў, ні пра відзежы… Канкрэтная фізічная з’ява. Пераўтварэнне адной энергіі ў другую. Архімед тым самым займаўся, калі з дапамогай люстэркаў паліў рымскія караблі, што плылі скараць ягоныя родныя Сіракузы. І падыходзіць пад сэнс надпісу над уваходам! — голас доктара стаўся вінавата-няўпэўненым. — Калі б раптам выявілася, што Пандора дае ключ менавіта да гэтага вынаходніцтва, яго варта было б пашукаць.
— Фаўст, ты зноў захапляешся немагчымым! — напружана зазначыла Саламея. — Ніводзін агонь не можа ператварыць у попел камяні і метал!
— Калісьці сцвярджалі, што павозка сама па сабе ніколі не паедзе. А мы самі бачылі машыну Пфальцмана з вадзяным рухавіком, — упарта прагаварыў Лёднік. — Гадоў трыста таму ніхто не мог уявіць, што гадзіннік можа быць такім маленькім, што яго стануць насіць на шыі, што ткаць і прасці будуць станкі, што за акіянам адкрыюцца новыя землі, населеныя народам з даўняй культурай… Якісьці барон ці маркіз сядзеў у сваім замку і быў упэўнены, што ніякі кароль яго за каменнымі мурамі не дастане — але з’яўляюцца гарматы, і барон вымушаны рабіць свае землі часткай вялікай дзяржавы… У індыйскім эпасе ёсць апісанне «дроціка Індры» — смяротнай зброі ў выглядзе промня свету. Прамень выходзіў ад круглага адбівальніка, магчыма, люстэрка, і цэліўся па гуку. Можа быць, гэта і ёсць зброя доктара Дзі?
Пранціш уявіў, каб яму дастаўся такі вогненны меч — на што ні направіў ягоны прамень, спаліць, спапяліць. Ото славы здабыў бы з такой сілай!
А з другога боку — якая ж гэта слава, калі перамога здабываецца не смеласцю, не стратэгіяй, не ўмелым валоданнем зброяй — а проста таму, што табе ў рукі трапіла смяротная штуковіна, якой больш ні ў кога няма. Ты можаш быць слабым, баязлівым, сквапным, падлючым… Галоўнае, амбітным. Наставіў прамень, і перад табой гекатомба… Чым жа тут ганарыцца? Пранцішаў бацька нават агнястрэльнай зброяй пагарджаў, кажучы, што ад яе заняпад у Рэчы Паспалітай высакароднага мастацтва фехтавання…
Сумненні студыёзуса агучыла Саламея:
— Дапусцім, Бутрым, ты здабудзеш сакрэт люстэрка, ад якога спапяляецца жалеза. І каму ты яго аддасі, і што з гэтага будзе? Вайна, якой яшчэ не здаралася? Не з тысячамі, а з мільёнамі ахвяраў? Твая цікаўнасць вартая такога, Фаўст?
Лёднік сядзеў, абшчаперыўшы галаву. Загаварыў глуха:
— Вы проста не разумееце, як гэта вабіць… Усе гэтыя таемныя навукі… Бо не спазналі, на сваё шчасце, іх атруту, якую я піў поўнымі кубкамі. Як гэта… хвалюе, круціць галаву — новыя веды, новыя адкрыцці, недаступныя «звычайнаму» чалавеку… І як цяжка ўстрымацца, бачучы перад сабой чарговага малапісьменнага багатага хамуйлу, ад таго, каб збіць з яго фанабэрыю якойсьці просценькай дэманстрацыяй магіі… Вось уладар, пыхлівы, задаволены жыццём, які ўважае цябе за рабака. А табе зоркі паведамляюць пра ягоную вартую жалю будучыню, і ад цябе залежыць, ці не скіраваць пыхліўца да бездані… Гэтая сатанінская амарока дужа моцная — наконт усемагутнасці. Разумееш, што гэта амарока, толькі калі пачынаеш гінуць. Не, не хачу!