Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі
Шрифт:

Бітва на Альшаніцы — апошняя перамога

Узімку 1526/27 года на Валынь уварвалася вялізная арда крымскіх татараў. Астрожскі надзвычай хутка змабілізаваў войска і паспеў дагнаць іх ужо каля Пінска, дзе і разбіў наезнікаў. Рэшткі татарскіх загонаў пайшлі на поўдзень. А ў студзені 1527 года ён рушыў з конніцай ад Астрога напярэймы ардзе, якая ўжо вярталася з вялікай здабычай. Перуном наляцелі яго харугвы на лагер

татараў каля нешырокай Альшаніцы, паміж Каневам і Кіевам. Паспрабаваўшы напачатку адбівацца, наезнікі (а іх на Альшаніцы было за 20 тысяч!) не вытрымалі ціску і пачалі ўцякаць. Мала іх ацалела тады і дайшло да бяспечнага Дзікага поля, бо ўцекачоў даганялі і секлі яшчэ вершнікі князя Ю. Слуцкага ды А. Дашкевіча. А 700 татараў было ўзята ў палон.

Гэта была адна з вялікіх перамог Астрожскага, у якой удалося ідэальна выкарыстаць ягоную ж тактыку. Стары змагар з татарамі і маскоўскім войскам, ён валодаў сапраўдным майстэрствам барацьбы з імі. Што да антытатарскіх акцый, дык Ж. Гэрбэрштайн апавядаў пра іх вось як.

Князь Астрожскі не выступаў насустрач татарскім загонам, калі яны ўрываліся ў краіну. Не, ён пачынаў асочваць ворага, як той, ужо абцяжараны здабычай, вяртаўся назад. Далёка ад'ехаўшы, рабаўнікі ўрэшце знаходзілі сабе бяспечнае месца для адпачынку, спыняліся там нанач і пачыналі рэзаць жывёлу ды баляваць. Астрожскі ж звычайна ведаў гэтае месца праз сваіх выведнікаў. Ён загадваў вершнікам нарыхтаваць харч на наступную ноч (каб больш не раскладваць вогнішчаў) і асцярожна наблізіцца цёмначы да татарскага лагера. А з першым праменнем сонца ягоная конніца віхрам налятала на сонных татараў ды ўчыняла ім поўны разгром {23} .

Так было і пры Альшаніцы, дзе пераможцы вызвалілі з татарскага палону дзесяткі тысяч жыхароў Княства. Пасля гэтага Крым пачаў звяртацца ў Вільню па дапамогу ў міжусобным змаганні, чаго не было з часоў Вітаўта. А Кастусь Астрожскі другі раз, як рымскі консул, трыумфальна ўязджаў у сталіцу, ды цяпер ужо ў Кракаў, дзе яго віталі кароль і каралева.

1526 год быў асаблівы для князя Канстанціна і тым, што жонка Аляксандра нарадзіла яму сына. А вось прыгожая перамога стала апошняй для старога ваяра. З таго часу ён больш не вадзіў у бітвы сваіх харугваў. Затое актыўна дапамагаў багатым досведам. Улетку 1527 года быў у Кракаве на ваеннай нарадзе, дзе абмяркоўвалі праблемы абароны ад татараў і туркаў, налета сустракаўся ў Вільні з паслом Ф. Франгепанам па тых сама пытаннях, а ў 1529 годзе ў ліку камісараў Княства праводзіў перамовы з Польшчай аб вызначэнні дзяржаўнай мяжы.

І так — да астатняга дня свайго…

«Непараўнальны з ніводным»

Памёр князь Астрожскі 8 жніўня 1530 года ў Тураве. Цела славутага абаронцы згодна з яго апошняй воляю пахавалі ў Пячорскай лаўры, пад скляпеннямі Ўспенскага сабора. Там, дзе ўжо амаль стагоддзе ляжаў ягоны прадзед — залічаны да

святых Хведар. Каменная шыльда надмагілля, пастаўленага маладзейшым сынам, сведчыла:

«Маскву з татарамі паклаўшы, выпісаў 63 над імі перамогі, дадай афарбаваныя крывёй Рось, Дняпро, Альшаніцу, дадай шмат замкаў, шмат манастыроў, шмат цэркваў, якія вымураваў у княстве Астрожскім ды ў стольным месце Вільня…; для калек ён пакінуў шпіталі, для дзетак — школы, для людзей рыцарскіх — палашы з дзідамі ў Марсавай Акадэміі, і міла напішы: Сцыпіёну Рускаму Канстанціну Іванавічу Астрожскаму, Гетману — Вялікае Княства Літоўскае. Гэта ўсё. Надмагілле» [27] .

27

Пад час страшнага пажару ў 1718 годзе першапачатковая шыльда загінула. Было моцна пашкоджанае і самое надмагілле.

Яшчэ пры жыцці ён меў эўрапейскую славу, рымскі легат у пасланні да папы не забыўся адзначыць, што гетман Жыгімонта — «у бітвах Ромул! На жаль, ён схізматык, аслеплены празмернай адданасцю грэцкай веры, і не хоча ні на кроплю адступаць ад ейных догматаў». Калі б яго ўдалося перацягнуць у каталіцтва, працягваў легат, за ім пайшло б мноства народу, — настолькі вялікі быў ягоны аўтарытэт паміж суайчыннікаў.

«Князем, найбольш вартым светлай памяці», назваў Астрожскага Кромер, «непараўнальным з ніводным сучасным правадыром» — Дэцый, «мужам, поўным ваеннай славы», — Ваповій. Краніст М. Стрыйкоўскі пісаў, што цяжка нават выславіць усю дзейнасць гэтага сціплага з выгляду і невысокага чалавека, ды называў яго «другім Ганібалам».

Ягонае гетманства сталася ўзорам вайсковай чыннасці. У 1531 годзе, аддаючы булаву найвышэйшага гетмана Ю. Радзівілу, вялікі князь Жыгімонт Аўгуст наказваў, каб той выконваў абавязкі гетмана так, «як справаваў князь Астрожскі».

Ён не меў сабе роўных у змаганні з татарамі і маскоўцамі — галоўнымі ворагамі краіны пры ягоным жыцці. Бадай, не было яшчэ такога князя, які б гэтак нястомна рупіўся пра належную абарону дзяржавы, які б гэтак не шкадаваў сваіх сродкаў на харугвы коннікаў, ставячы іх на ўласны кошт, які б усё жыццё так прыгожа і годна аддаў Айчыне. У імя яе ён сведама пайшоў на парушэнне клятвы, дадзенай пад імем Бога, за што маскоўскія летапісцы празвалі яго «Божим врагом и государевым изменником»…

Сапраўды, аніхто не служыў Вялікаму Княству Літоўскаму адданей за Астрожскага, «брата расейцаў па царкве, але іх страшнага ворага ў полі», — скрушна ўсклікне праз стагоддзі расейскі гісторык М. М. Карамзін. Але аніякай супярэчнасці тут няма. Ён служыў толькі сваёй Радзіме… І больш нікому.

«Быў гетманам найвышэйшым як правадыр узброенных аддзелаў. Пасля смерці зрабіўся гетманам як узор таго, як трэба жыць і працаваць, каб быць пераможцам» {24} .

Поделиться с друзьями: