Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі
Шрифт:

Тым часам Глінскі, які ўсё яшчэ заставаўся ў Мазыры, наклікаў на краіну крымскіх наезнікаў. Татарская конніца наляцела нечакана і дайшла да Палесся. Гаспадарачы на левым беразе Прыпяці, татары, відаць, мелі непасрэдныя кантакты з князем-здраднікам.

Жыгімонт накіраваў на Палессе К. Астрожскага. Узяўшы некалькі тысяч конніцы, той выйшаў з Смаленска, зрабіў вялікі марш і каля Слуцка адразу ж разбіў галоўныя сілы крымскіх наезнікаў, а пасля за некалькі дзён даканаў іх у драбнейшых сутычках. Гетман рухаўся на Мазыр і быў ужо за нейкіх сем вёрстаў ад горада, калі Міхал Глінскі, ня ведаючы пра небяспеку, ад'язджаў са сваякамі ў Маскоўшчыну…

Так нядаўні маскоўскі вязень за некалькі месяцаў барацьбы стаўся галоўным героем той вайны. Вялікі князь яшчэ 6 верасня ў Смаленску адзначыў яго вайсковыя заслугі асобнай граматай, у якой за «адданую і праўдзівую і знакамітую накладную службу», за тое, што ён жыцця свайго не шкадаваў у змаганні з кожным непрыяцелем, падараваў гетману вёску Паворка на Валыні. Астрожскі атрымаў

тады і вотчыну здрадніка — Тураў з акругай — ды іншыя землі.

Перамога, што ратавала Княства

Астрожскі сярод паноў-рады. Справы свецкія і царкоўныя

Нарэшце князь Канстанцін мог адпачыць ад войнаў, заняцца ўласнымі справамі. Адладзіў гаспадарку ў сваіх уладаннях, падправіў муры ў Астрогу ды іншых замках. У 1509 годзе ажаніўся з Тацянай Гальшанскай — дачкой новагародскага ваяводы князя Сымона Гальшанскага і сястрой віленскага кашталяна князя Аляксандра Гальшанскага. А брат Таццяны стаў віленскім біскупам. Род, з якім праз шлюб парадніўся Астрожскі, быў адным з найбуйнейшых у Княстве, але тады ўжо аджываў свае зорныя часы. Князь Аляксандар Гальшанскі праз два гады памёр, і гетман найвышэйшы стаўся яшчэ і кашталянам віленскім, заняўшы шваграву пасаду.

Цяпер праваслаўны князь трывала ўваходзіў у кола ўрадавай эліты Вялікага Княства Літоўскага. Да яго віленскімі панамі, як, зрэшты, і гетманамі, былі магнаты каталіцкага веравызнання. Астрожскі ж не проста ўвайшоў у гаспадарскую раду, якая ажыццяўляла кіраванне дзяржавай, ён займаў першую лаву паноў-рады [15] . І меў вялікі ўплыў на караля і вялікага князя Жыгімонта. Яшчэ ў 1508 годзе, пад час перамоваў з Масквою, ён угаварыў манарха надзяліць зямлёй тых беларускіх князёў, што страцілі яе па вайне, а таксама адстаяў права ўдзельнікаў рокашу [16] вярнуцца з Масквы дадому — у раўнавагу да права сваякоў і прыхільнікаў М. Глінскага спакойна выязджаць да Масквы. Сярод 200 чалавек, што пераехалі на службу да Канстанціна Іванавіча з Маскоўшчыны, быў і вядомы Астап Дашкевіч, кіеўскі баярын і крычаўскі намеснік, славуты змагар з татарамі, які ад 1501 да 1508 года служыў Маскве. Больш таго, у 1511 годзе Астрожскі змог — у абыход старой Казіміравай забароны рамантаваць і будаваць каменныя праваслаўныя храмы — атрымаць дазвол на адбудову Прачысценскай саборнай царквы ў Вільні. А для праваслаўнага насельніцтва Вялікага Княства гэтая святыня была другой па велічы пасля кіеўскага Пячорскага манастыра. Менавіта ў ёй пахавалі і княгіню Алену Іванаўну ў студзені 1513 года.

15

Паны-рада — найвышэйшы орган дзяржаўнай улады Вялікага Княства Літоўскага.

16

Рокаш — збройны супраціў дзяржаўнай уладзе.

Вільня ў тым часе, як і ўся дзяржава, была яшчэ местам пераважна традыцыйнай, старабеларускай культуры. Калі ў 1498 годзе ўрачыста закладаліся першыя камяні мураванай сцяны, над сталіцай разносіўся гул званоў 14 праваслаўных храмаў і толькі 7 каталіцкіх {11} . Гэтаксама ў 1517 годзе імператарскі пасол Ж. Гэрбэрштайн, пабачыўшы Вільню, адзначыў, што «храмаў рускіх там значна больш, чым Рымскага веравызнання». Пры Жыгімонце Казіміравічу грэцкая (праваслаўная) царква ўжо вальней адчувала сябе ў Княстве. Нездарма амаль праз стагоддзе нехта Іван Мялешка скажа пра гэтага манарха: «Салодкая памяць яго, бо Немцаў як сабак не любіў і Ляхаў з іх хітрыкамі вельмі не любіў, але нашу Літву і Русь нашу любіцельна мілаваў…» Ужо ў 1507 ці 1508 годзе нейкі Хведзька Янушкевіч заклаў у Вільні храм Нараджэння Багародзіцы. Затым у Тураве ўфундаваў царкву Канстанцін Астрожскі. Мітрапаліт Язэп Солтан у 1509 годзе правёў у сталіцы сабор праваслаўнай царквы, а ў 1511 атрымаў ад Жыгімонта грамату, якая гарантавала незалежнасць грэцкага духавенства ад свецкай улады ў кіраванні і судаводстве. Усё гэта рабілася дзякуючы актыўнасці і патрыятызму ўплывовага Канстанціна Іванавіча, якога яшчэ мітрапаліт Макар называў «наймагутнейшым апекуном і дабрадзеем» грэцкае царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Ды нядоўга давялося К. Астрожскаму цешыцца спакоем, займацца свецкімі і царкоўнымі справамі. Усё гэта рабілася другасным перад патрэбамі абароны краіны.

Уварванні татараў

Першымі мір парушылі татары. Яшчэ ў 1509 годзе яны ўварваліся на Галіччыну, і К. Астрожскі мусіў разам з каронным гетманам М. Камянецкім праводзіць акцыі супраць наезнікаў. А ў 1510 годзе татары з'явіліся зноў, ды з яшчэ большай сілай. Гэтым разам яны наляцелі на землі Беларусі. Асобныя загоны сягалі ажно ваколіцаў Вільні. Іх лятучая конніца пустошыла землі Княства і на наступнае лета. Выганялі татараў самастойна, пабіўшы каля Кіева, Оўруча, Брацлава…

Асабліва трывожны быў 1512 год.

Наладзіўшы зноў сяброўскія дачыненні з вялікім князем маскоўскім, Менглі-Гірэй не без інспірацыі апошняга (а Масква рыхтавала вайну за Смаленск) выслаў на Валынь 25-тысячную арду на чале з трыма мурзамі [17] .

Вялікі князь быў тады ў Кракаве, рыхтаваўся да шлюбу. Пачуўшы пра ўварванне татараў, ён накіраваў на іх кароннага гетмана М. Камянецкага з сваімі надворнымі харугвамі, войска падольскіх старастаў і, натуральна ж, гетмана найвышэйшага літоўскага з наяўнымі сіламі Княства. Роля галоўнага начальніка адводзілася К. Астрожскаму. Зважаючы на вялікую небяспеку, вальны сойм, які засядаў у Берасці, вырашыў надзяліць Канстанціна Іванавіча надзвычайнай уладай. У спецыяльнай «Ваеннай уставе» Жыгімонт, выпраўляючы Астрожскага на абарону Вялікага Княства Літоўскага, даў яму правы дыктатара: пакуль войска знаходзіцца ў полі, усе (князі, ваяводы, старасты, шляхта, зямяне ды іншыя) павінны слухацца гетмана, а за непаслушэнства Астрожскі вольны кожнага караць «горлам і вязеннем» {12} .

17

Мурза (ад перс. мірза)— тытул князя ў Крымскім ханстве ды іншых татарскіх дзяржавах, якія ўтварыліся па распадзе Залатой Арды.

Перамога пад Вішняўцом

Злучыўшы змабілізаваныя войскі (а разам выйшла блізу 5 тысяч конніцы), Канстанцін Астрожскі павёў іх на татарскі лагер, выяўлены недалёка ад Вішняўца. Татары ведалі пра небяспеку і рыхтаваліся напасці першымі. Бітва адбылася 28 красавіка. Як толькі Астрожскі паставіў войска ў баявым парадку — на левым крыле пакінуў палякаў з іх гетманам, а на правым, бліжэй да татарскага лагера, размясціў сваіх, — татары наляцелі на яго з пранізлівым гіканнем і крыкам. Рассейваючыся ды адступаючы, яны спрабавалі завабіць рыцарскую конніцу ў поле, навязаць ёй сваю тактыку, пры якой менавіта іх флангавыя і тылавыя атакі звычайна вызначалі зыход бою.

Вершнікі Астрожскага мужна вытрымалі гэты націск, не ўцягваючыся ў бітву надта шырокім фронтам. Татары мусілі весці цяжкую барацьбу з іхнымі шчыльнымі шэрагамі. Тым часам польская конніца ўсё яшчэ не ўступала ў бой, і гетман Астрожскі звярнуўся да М. Камянецкага, каб і палякі атакавалі. Удар польскіх харугваў у фланг і франтальная атака войска Вялікага Княства, праведзеныя адначасова, скончыліся поўным разгромам 25-тысячнай татарскай арды. У захопленым лагеры пераможцы ўбачылі 16 тысяч вязняў, 10 тысяч коней, нарабаваныя багацці. А на полі бітвы і ў Гарыні, праз якую ўцякалі рэшткі разбітых загонаў, засталося каля 5 тысяч трупаў наезнікаў. Пасля гэтага тры гады крымскія татары не чапалі Вялікага Княства Літоўскага.

Таемны ліст Васіля ІІІ. Тры смаленскія кампаніі

Прыкладна тады ж была перахопленая перапіска маскоўскага манарха Васіля ІІІ з нямецкім Ордэнам, з якой стала вядома, што тыя даўно рыхтуюцца да вайны з Княствам. Выкрыты Васіль ІІІ увосень 1512 года накіраваў да Жыгімонта свайго пасла з «разметными грамотами», у якіх і абвяшчаў вайну. Мэтаю агрэсіі было авалодаць Смаленскам. Ужо 14 кастрычніка з усходу на Смаленск рушылі палкі І.Рэпніна-Абаленскага ды І.Чэлядніна, а з Вялікіх Лукаў павялі войска В. Адоеўскі з С. Курбскім. Яны мусілі толькі спаліць пасады Смаленска і, злучыўшыся, ісці на Воршу, Друцак. А 19 лістапада з Масквы на захад выйшлі галоўныя сілы на чале з Васілём ІІІ ды ваяводамі Д. Шчэнем, А. Растоўскім, І.Варатынскім ды іншымі. Шэсць тыдняў яны трымалі горад у аблозе, абстрэльвалі яго з гарматаў, штурмавалі, а раць І.Рэпніна тым часам пустошыла землі ажно да Менска і Віцебска. Так і не ўварваўшыся ў Смаленск, але страціўшы нямала жывой сілы (толькі за адзін штурм у студзені 1513 года загінула блізу 2 тысяч маскоўскіх ратнікаў), Васіль ІІІ адвёў свае войскі назад.

Але налета пачалася новая кампанія. Хаўруснік Масквы Максімільян І прыслаў для паходу «аддзел пяхоты, гарматы і некалькі італьянцаў, дасведчаных у аблозе замкаў», а М. Глінскі наняў у Сілезіі і Чэхіі райтараў. Ужо ў чэрвені на Смаленск рушылі войскі з Вялікіх Лукаў і Дарагабужа. Хоць смаленскі намеснік і разбіў раць І.Рэпніна, ваяводы зноў моцна заціснулі горад аблогай. А ў верасні сюды падышоў з дадатковымі сіламі і сам Васіль ІІІ ды полк В. Шуйскага, які вярнуўся з спусташальнага рэйду па Полаччыне. Разам пад Смаленскам зграмадзілася каля 80 тысяч войска, якое мела да дзвюх тысяч пішчаляў. Абстрэл і штурмы шкодзілі фартэцы, аднак абаронцы цёмначы аднаўлялі разбураныя ўмацаванні ды мужна адбіваліся. Пад Воршай жа Канстанцін Астрожскі з невялікай вайсковай сілай разбіў дапаможны корпус маскоўскіх ратнікаў, які рухаўся на Смаленск. І ў лістападзе Васіль ІІІ мусіў чарговы раз зняць безвыніковую аблогу, адклікаўшы таксама палкі М. Глінскага з-пад Віцебска і Полацка, якія захапілі «палону безліч, а горада не ўзялі ніводнага». А ўжо ў лютым 1514 года ў Маскве было прынятае рашэнне пра трэці смаленскі паход.

Поделиться с друзьями: