Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Шрифт:
– Гэта той самы?
– Ага, - адказаў Толiк.
– Гэта Бiм. Ён добры.
– Зараз жа праганi.
– Мама!
– Зараз жа!
Толiк прытулiў Бiма да сябе.
– Не трэба, мама, калi ласка!
– I заплакаў.
Музычна празвiнеў званок. Увайшоў чалавек. Ён добрым, але стомленым голасам спытаў:
– Што тут у вас за крык? Ты плачаш, Толiк?
– Ён зняў палiто, разуўся, уссунуў пантофлi i, падышоўшы да хлопчыка з сабакам, сказаў: - Ну чаго ты, дурненькi?
– I пагладзiў Толiка па галаве, палашчыў за вушка i Бiма.
– Бач ты! Сабачка. Глядзi, якi сабачка. Бач, якi сабачка... худы.
– Тата, тата, ён добры, Бiм. Не трэба.
Мама
– Вось так заўсёды! Я гавару адно, а ты другое. Выхаванне называецца. Скалечыш дзiця!
– Яна загаварыла на "вы": - Будзеце локцi кусаць, Сямён Пятровiч, але позна.
– Пачакай, пачакай, не крычы. Спакойна.
– I павёў яе ў далёкi пакой, дзе яна крычала яшчэ мацней, а ён яе супакойваў.
З усяго гэтага Бiм зразумеў, што Мама не хоча Бiма, а Тата - за яго, i што ён пакуль што застанецца ў Толiка. Слоў не трэба было разумець нават чалавеку, але ён усё зразумеў бы i тады, калi б яму заткнулi вушы. А тут усё ж сабака з адаткнутымi вушамi i разумнымi вачыма. Як не зразумець! I праўда, Толiк павёў Бiма ў свой асобны пакойчык (там пахла толькi Толiкам).
Нi Бiм, нi Толiк не чулi, што далей гаварылi Мама i Тата.
А там было вось што:
– Нашто ты крычыш пры Толiку такiя словы: "Скалечыш дзiця" i ўсякае такое? Гэта ж згуба яму.
– А гэта не згуба: вiдавочна хворы сабака, бадзяга - i ў нашую ўзорную чыстату? Ты з глузду з'ехаў! Ды ён жа заўтра захварэе ад яго чортведама чым. Не дам. Зараз жа выганi сабаку!
– Эх, мацi, мацi!
– уздыхнуў Сямён Пятровiч.
– Нi грама ты не знаеш, што такое тактыка.
– Прападзi ты пропадам, Сямён Пятровiч, са сваёю тактыкаю!
– Ну вось, зноў за сваё... Трэба ж з галавою рабiць: i Толiка не траўмiраваць, i сабаку прыбраць.
– Потым нешта пашаптаў ёй на вуха i кончыў: Так i зробiм: прыбяром.
– Так бы i сказаў адразу, - супакоiлася Мама.
– Не мог жа я гэта сказаць пры Толiку... А ты, дурненькая, завялася: "Прападзi з тактыкаю".
– Ён пагладзiў яе па шчацэ (гэта значыць, памiрылiся).
Яны зайшлi да Толiка. Мама сказала:
– Ну, хай жыве, што ж...
– Вядома, хай жыве, - падтрымаў Тата.
Толiк зарадаваўся. Ён удзячна глядзеў на Маму i Тату, ён расказваў пра Бiма i паказваў усё, што той умее.
Гэта была шчаслiвая сям'я, дзе ўсе цяпер былi задаволены жыццём.
– Але адна ўмова, Толiк: Бiм будзе спаць у прыхожай i нi ў якiм выпадку не з табою, - скончыў Тата.
– Вядома, хай, - згадзiўся Толiк.
– Ён жа вельмi акуратны, Бiм. Я добра ведаю.
Бiм прыкмецiў, вядома, што Тата - добры, спакойны, упэўнены чалавек. А калi, крышку пазней, Толiк правёў Бiма па пакоi, знаёмячы з кватэраю, то тады Бiм прыкмецiў, што Тата еў адзiн, з газетаю ў руках, i таксама спакойна i ўпэўнена. Добры чалавек - Тата, ён жа Сямён Пятровiч.
Дапознага прагуляў Толiк з Бiмам, расчасаў яго, крыху накармiў (больш не дазволiў Тата: "Галоднаму сабаку многа нельга, можна загубiць"), выпрасiў у Мамы матрасiк (зусiм новы!), паслаў у кутку прыхожае i сказаў:
– Вось тваё месца, Бiм. На месца!
Бiм паслухмяна падпарадкаваўся. Ён усё зразумеў: тут ён будзе пакуль што жыць. Усярэдзiне ў яго ўсё пацяплела ад ласкi i спагады маленькага чалавека.
– Пара спаць, Толiк. Пара. Палова адзiнаццатае. Iдзi кладзiся, - угаворваў Тата.
Толiк лёг у ложак. Засынаючы, ён думаў: "Заўтра пайду да Сцяпанаўны i скажу, хай у мяне жыве Бiм, пакуль вернецца Iван Iванавiч..." I яшчэ ўспомнiлася такое: калi ён расказаў дома, што ходзiць да Сцяпанаўны i там ёсць Люся, а ён водзiць Бiма, то мама пачала крычаць,
а тата сказаў Толiку: "Болей туды ты не пойдзеш"; калi ж Толiк плакаў, то тата напаслед сказаў маме: "Мы забылiся з табою, што такое тактыка?" I гладзiў Толiка па галаве, гаворачы: "Што ж цяпер зробiш? Трэба табе вырасцi, вялiкiм чалавекам стаць, але не сабачнiкам i не да бабак розных там хадзiць. Нiчога не зробiш!" А цяпер вось Бiм будзе жыць у яго i да "бабак" хадзiць не трэба... Ён толькi разочак сходзiць да Сцяпанаўны, каб сказаць ёй пра ўсё... i да Люсi... Яна харошая дзяўчынка, Люся... А Бiм спiць. Добры Бiм".Ад гэтых думак Толiк заснуў радасным сном.
...Глыбокаю ноччу Бiм пачуў крокi. Ён расплюшчыў вочы, не падымаючы галавы, i глядзеў. Тата цiха падышоў да тэлефона, пастаяў, прыслухаўся, потым узяў трубку i паўшэптам сказаў толькi два словы:
– Машыну... Зараз жа.
Значэння гэтых слоў Бiм, вядома, не зразумеў. Але заўважыў, што Тата трывожна глядзiць на дзверы, дзе спаў Толiк, неспакойна зiрнуў на Бiма, пайшоў на кухню, вярнуўся адтуль з вяровачкаю i нейкiм клуначкам. Бiм здагадаўся: нешта не тое, неяк перамянiўся Тата - ён быў не падобны да самога сябе. Нешта падказвала Бiму, што трэба забрахаць, бегчы да Толiка! Бiм не сумняваўся, абавязкова б зрабiў так, але Тата падышоў i пачаў гладзiць Бiма (значыць, усё добра), потым прывязаў вяроўку да аброжка, апрануў палiто, цiхенька-цiхенька адчынiў дзверы i вывеў Бiма.
Ля пад'езда мармытаў матор аўтамабiля.
I вось едзе Бiм на заднiм сядзеннi. Уперадзе чалавек за рулём, побач з iм Сямён Пятровiч. З клуначка, што пакладзены побач з Бiмам, пахне мясам. На аброжку вяроўка. Людзi маўчаць. Бiм таксама. Ноч. Цёмная, цёмная ноч. Неба завалакло хмарамi - яно чорнае, як чыгун у доме ў Хрысана Андрэевiча. У такую ноч нельга сабаку назiраць з машыны i запомнiць дарогу назад. I куды вязуць, Бiм таксама не ведаў. Сабачы клопат - што? Вязуць - i ўсё. Толькi вось вяроўка навошта? Трывога зусiм завалодала Бiмам, калi пад'ехалi да лесу i спынiлiся.
Сямён Пятровiч павёў Бiма на вяроўцы ў глыб лесу, узяўшы стрэльбу. Iшлi ўнiз у яр, свецячы на прасеку лiхтарыкам. Сцяжынка ўперлася ў невялiчкую паляну, акружаную вялiзнымi дубамi. Тут Сямён Пятровiч прывязаў Бiма да дрэва тою вяровачкаю, развязаў клуначак, выняў з яго мiску з мясам i паставiў перад Бiмам, але не прамовiў нiводнага слова. I пайшоў назад. Ды, адышоўшы за некалькi крокаў, азiрнуўся, асляпiў Бiма лiхтарыкам i сказаў:
– Ну, будзь. Вось так.
Бiм правёў вачыма святло, якое аддалялася, i маўчаў - здзiўлены, нiчога не ведаючы, горка пакрыўджаны. Ён нiчога, зусiм нiчога не зразумеў. I калацiўся ад хвалявання, хоць было цёпла, нават душна, нязвыкла для восенi.
Машына паехала. "Туды" паехала, вызначыў Бiм па гуку, якi аддаляўся i рабiўся ўсё цiшэйшы i цiшэйшы, а потым i зусiм зацiх: гук той быццам даў Бiму кiрунак - куды iсцi на ўсякi выпадак.
Лес маўчаў.
Цёмнаю-цёмнаю ноччу сядзеў у лесе сабака пад магутнымi дрэвамi, прывязаны за вяроўку.
I трэба ж здарыцца менавiта такому i ў гэту ноч! Рэдка, вельмi рэдка так бывае: пад канец лiстапада, пры такой нязвыклай цеплынi, дзесьцi далёка-далёка прагрымеў гром.
Спачатку Бiм сядзеў i слухаў лес, правяраў навокал, колькi браў нюх. Сабаку лёгка вызначыць, якi гэта лес, калi ён хоць раз пабыў у iм. Бiм скора зразумеў, што ён знаходзiцца там, дзе некалi быў з гаспадаром на аблаве. Той самы лес. Але воўкам паблiзу нiдзе не пахла. Бiм прыцiснуўся бокам да дрэва, прапаў у непрагляднай цеменi, адзiнокi i безабаронны, пакiнуты чалавекам, якому не зрабiў нiчога лiхога.