Блакит
Шрифт:
Так і ляжаць падрыхтаваныя рукапісы ў шуфлядцы пісьмовага стала. Мо калі і спатрэбіцца некаму, хто ж яго ведае... Але гэта да слова. Тады ж, адвёўшы душу на просьценькай трохі сентыментальнай гісторыі, дзе ня трэба было ніякай абачлівасьці і самацэнзуры, без усялякага перапынку ўзяўся, з галавой увайшоў у работу над даўно задуманай аповесьцю “Шануй імя сваё”, якая і па тэматыцы, і па сацыяльнай, маральнай праблематыцы была вельмі блізкай майму сэрцу, маім уяўленьням пра шляхі разьвіцьця і будучыню вёскі. Мяне, гараджаніна ў першым пакаленьні, павязанага з вёскай яшчэ жывой пупавінай, надзвычай хвалявалі, блізка і балюча краналі, выклікалі трывогу працэсы, якія прыводзілі да страты адвечных сялянскіх каштоўнасьцяў і хлебаробскіх традыцыяў. Матэрыял быў літаральна выпакутаваны, тым ня менш даваўся цяжка – супраціўляўся, не хацеў укладвацца ў звыклае рэчышча логікі метаду сацрэалізму, калі новае, маладое мусіць быць прагрэсіўным, лепшым, ва ўсякім разе ня горшым за старое. У мяне ж па фармальных прыкметах атрымліваўся нейкі рэгрэс: стары малапісьменны старшыня калгасу з патрыярхальнымі поглядамі на зямлю-карміцельку бярэ верх над суседам, маладым амбітным кандыдатам навук, які ставіцца да зямлі як да звычайнага сродку вытворчасьці. Словам, ужо сама задума, разьвіццё сюжэту на базе сацыялістычнай сельскагаспадарчай вытворчасьці, калі некаму ўзбрыдзе ў галаву, можа спакойна трактаваць: усё гэта ўваходзіць у супярэчлівасьць з асноўным прынцыпам адлюстраваньня рэчаіснасьці адзіна правільным метадам... І зноў, мо нават больш, чым у “Адчаі”, даводзілася ўзважваць, ураўнаважваць... Ледзь ці ня два гады жыў аповесьцю, нават едучы ў машыне, нават седзячы недзе ў прэзідыуме. Аповесьць амаль напісалася
Чамусьці атрымліваецца, што ў круглыя мае даты адбываюцца нейкія важныя, часам нават лёсавызначальныя падзеі, якія пакідаюць сьлед альбо робяць круты паварот у маім жыцьці. Выразна запомніўся 1948 год, калі яшчэ ня ведаў ні рыфмы, ні правілаў вершаскладаньня, напісаў свой першы наіўны і бездапаможны, але надзвычай крамольны верш. Ня памятаю з рыфмай ці бяз рыфмы апавядаў, як пускаю ў вясновыя ручаінкі папяровыя караблікі, і яны даплывуць да рова, а з рова па Спушанцы, Котры да Нёмана, па Нёмане – да сіняга мора, пераплывуць на той бераг і раскажуць, што жыве тут Сталін-зьвер. Свой “твор” не паказаў нікому, схаваў у гумне пад падрубу, дзе паперчыну струшчылі мышы. Потым гады два нічога не пісаў, але то быў, пэўна, першы падсьвядомы покліч да творчасьці. 1958 год стаўся літаральна пераломным у маім армейскім і, вядома, ня толькі армейскім жыцьці, калі на валаску вісела: альбо трыбунал за ўзброены напад на камандзіра, альбо нейкае амаль нерэальнае выратаваньне, пра што амаль з дакументальнай дакладнасьцю напісаў пазьней у аповесьці “Вяртаньне на Саарэмаа”. А 1968 год крута павярнуў маю журналісцкую біяграфію – нечакана і неспадзявана патрапіў на партыйную работу, думаў на які год-два, а яна ўсё доўжылася і доўжылася. Нешта мусіла адбыцца і ў чарговы юбілейны 1978 год. Яно і насамрэч адбылося, якраз напярэдадні саракагоддзя...
Пад канец лета наш цэкоўскі санаторый “Місхор” у Крыме, звычайна, нагадваў сход рэспубліканскага партыйна-гаспадарчага актыву. Хто ў люксе-бункеры з усімі дамачадцамі, хто ўдвух з жонкай ці мужам, але больш уадзіночкі. Тут завязваліся ці ўмацоўваліся прыяцельскія стасункі, у неафіцыйных, нефармальных абставінах на прагулцы, на пляжы ці за чаркай у нечыяй палаце рашаліся важныя службовыя пытаньні, прызначэньні, вылучэньні, на выхадзе са сталоўкі можна было даведацца самыя сьвежыя навіны з Беларусі, у тым ліку і тыя, што яшчэ павінны адбыцца. У першы ж дзень прыезду на вялікае зьдзіўленьне даведаўся, што мяне пераводзяць у ЦК, і нават прычыну гэтага пераводу: нібыта з пашырэньнем зоны ўпэўненага прыёму тэлебачаньне стала іграць першую скрыпку сярод сродкаў ідэалагічнага ўзьдзеяньня на масы, таму пачалося ягонае кадравае ўмацаваньне – дырэктарам праграмаў нядаўна кінулі аднаго з намесьнікаў Паўлава Каваленку, а старшынём Дзяржтэлерадыё толькі што прызначаны вядомы паэт, галоўны рэдактар “Маладосці”, былы ўласны карэспандэнт “Правды” па Беларусі Генадзь Бураўкін, перад якім пастаўлена задача карэнным чынам павысіць ідэйны і творчы ўзровень тэлеперадачаў. У зьвязку з гэтым узьнікла партэба мець у ЦК куратарам тэлерадыё чалавека творчага і адначасова вопытнага партыйнага работніка, кампетэнтнага ў пытаньнях тэлебачаньня, радыё, літаратуры і мастацтва. Лепшай за маю кандыдатуру, быццам бы не знайшлі...
Усё гэта нібыта і было падобна на праўду, але я ня надта даваў веры, каб прымаць усур’ёз – колькі гэтакай інфармацыі так і застаецца на ўзроўні плётак-пагалосак!.. Апроч усяго, шчыра кажучы, яшчэ ня ведаў, ці хачу, ці варта пераязджаць у Менск. Праз колькі дзён у Місхор прыехаў Міхаіл Вырвіч, інструктар аддзелу прапаганды ЦК, з якім мы даўно добра зналіся як журналісты, і адразу ж сталі бавіць час у адной кампаніі. Ён прывёз сякую-такую цікавую для мяне канфідэцыйную інфармацыю аб перамовах Паўлава і Кузьміна з Емяльянавай і Кляцковым аб маім пераводзе ў Менск, нібыта дайшло да Машэрава, які сказаў: як сам вырашыць – так і будзе. Міхаіл па-сяброўску параіў добра падумаць, перш, чым прыняць рашэньне. У мяне склаліся даверлівыя, нават прыяцельскія стасункі са многімі работнікамі аддзелу прапаганды, і быў добра наслуханы пра цяжкі характар Паўлава, хоць мае асабістыя сустрэчы і гаворкі з ім пакінулі вельмі прыстойнае ўражаньне аб ім, перш за ўсё як аб чалавеку дзелавым, рашучым. У час прагулак тэт-а-тэт Міхаіл прыадкрыў мне шмат якія таямніцы аддзельскага “мадрыдскага двара” і я падумаў: насамрэч варта агледзецца і ня лезьці на скрут галавы...
Тыдзень адпачынку, што яшчэ заставаўся пасьля санаторыю, я намерыўся правесьці дома ў вёсцы – калі пройдуць дажджы, то патраплю на самыя грыбы, а лепшага адпачынку для душы, чым пахадзіць з кашом па запаведных баравіковых мясьцінах, ніколі для мяне не існавала і не існуе. Ды, як кажуць, не загадвай наперад. Не пасьпеў вярнуцца з Місхору, як паступіла каманда – тэрмінова быць у ЦК, у Паўлава. Еўдакія Яфімаўна Емяльянава расказала пра перамовы наконт мяне з Паўлавым і Кузьміным. Амаль нічога новага яна не паведаміла, апроч службовай персьпектывы, якая чакае мяне, калі адмоўлюся і застануся ў Гародні: праз год-два – пасада загадчыка аддзелу, а праз нейкі час з ейным выхадам на пенсію – сакратарская. Першае, канешне ж, магло быць рэальным, а другое – чыстай вады фантастыка: ніхто не дапусьціць дээмансіпацыю
ідэалагічных кадраў. Але самае галоўнае – партыйна-чыноўная кар’ера мяне зусім перастала цікавіць, задавальняла цалкам цяперашняя пасада, якая добра сумяшчалася з літаратурнай працай, таму зьязджаць з Гародні, дзе так хораша пішацца-працуецца не хацелася. Але спакваля даймалі і іншыя: а чаму гэтак жа хораша пісацца-працавацца не павінна ў Менску? Там літаратурны асяродак, там усе выданьні, у рэшце рэшт туды толькі што перабраўся Быкаў, пачувае сябе някепска. І яшчэ вельмі цікавым, заманлівым падаваўся тэлерадыётандэм з няўрымсьлівым рупліўцам беларусчыны Генадзем Бураўкіным, з кім пасьпеў добра падружыцца... Адно насьцярожвала, палохала – невядома, як з маім характарам складуцца стасункі з Паўлавым. Але супакойваў сябе: а што Паўлаў! Атрымаю кватэру ў Менску, а там – што будзе то будзе... У рэшце рэшт, калі наскочыць каса на камень, – плюнуць на ўсё ды падацца ў якую-небудзь газету ці часопіс. А куды ў Гародні падасіся, калі надыйдзе час разьвітвацца з абкамам...Ехаў у ЦК начным гарадзенскім цягніком, канчаткова і адназначна не вырашыўшы для сябе: згаджацца ці адмаўляцца. Як кажуць, і хочацца, і колецца, і мамка не дазваляе. Цягнік прыбываў у Менск раненька, і ўжо да дзевяці я быў у прыёмнай загадчыка аддзелу прапаганды і агітацыі ЦК Савелія (за вочы ўсе звалі яго Саўкам) Яфімавіча Паўлава. Сакратарка падміргнула з разуменьнем: што, у нашым палку прыбыло? І без усялякіх удакладненьняў прапусьціла ў шэфаў кабінет. Масіўная фігура Паўлава аж выпраменьвала прыязнасьць, зычлівасьць, дэмакратычнасьць, і я зноў засумняваўся, што ўсё чутае пра ягонае самадурства, праўда. Ён адразу ж адклаў убок сьвежыя газеты, стоячы павітаўся, і калі я сеў ля прыстаўнога століка, пачаў без усялякага ўступу, ледзь ці не па-сяброўску:
– Я вельмі хачу, каб вы згадзіліся і прыйшлі ў аддзел...
Словам, неўзабаве мы былі разам паверхам вышэй у сакратара па ідэалогіі Кузьміна, якога ня раз слухаў на розных нарадах, семінарах. У ягоным кабінеце, зрабіў для сябе адкрыцьцё: аказваецца, ён надзвычай цікавы, разумны, уважлівы суразмоўца. Кузьмін літаральна зачараваў і сваёй простасьцю, даступнасьцю, і жывымі, маладымі, дапытлівымі з лёгкай хітрынкай вачамі, і ўменьнем слухаць суразмоўцу, і незвычайнай мяккай тактоўнасьцю.
Тады я і не здагадваўся, якую ролю адыграе гэты чалавек у маім лёсе...
Належала яшчэ пабыць на гаворцы ў загадчыка аддзелу аргпартработы Якушава, другога сакратара ЦК Аксёнава і, нарэшце, заручыўшыся іхнімі візамі, ісьці да самога Машэрава. Да Якушава і Аксёнава мусіў суправаджаць па рангу хто-небудзь з намесьнікаў Паўлава, аднак на гэты даволі фармальны абавязак ня надта зважалі і суправаджаць з дакументамі ў папачцы даручылі інструктару Міхаілу Вырвічу. Да Машэрава, канешне ж, мусіў весьці як мінімум сам Паўлаў. Аднак адбывалася ўсё чамусьці не ў планавы кадравы дзень, калі гутаркі з вылучэнцамі праходзяць першым чынам у начальства, таму прыёму ў Аксёнава давялося чакаць ледзь ці не да самага вечару. З Аксёнавым да гэтага давялося дзіўным чынам двойчы сутыкацца ў жыцьці, хоць пра тое ён, канешне ж, ня мог і здагадвацца. Першы раз, здаецца, у пятым ці шостым класе ў нашай вясковай бібліятэцы, калі нейкі прыезджы дзядзька дужа зьдзівіўся, што я прынёс здаваць “Железный поток” Серафімовіча, які прачытаць мне парэкамендаваў прыблудны сусед-грамацей Ягор Ціханаў. Незнаёмец тут жа ўчыніў мне экзамен па прачытанай кнізе і, пераканаўшыся, што насамрэч прачытаў і ўсё зразумеў, вельмі пахваліў. Ад бібліятэкаркі потым даведаўся, што гэта быў сакратар абкаму камсамолу Аксёнаў. А праз нейкіх пяць гадоў ён падпісваў мне, маладому супрацоўніку шчучынскай раёнкі, пуцёўку на Міжнародны фестываль моладзі і студэнтаў у Маскве, вядома ж, і не здагадваючыся, што перад ім той самы вясковы хлапчучок, які ў пятым класе асіліў “Железный поток”. Канешне ж, і зараз ён ня мог здагадвацца, а нагадваць пра тое ў гэтых варунках з майго боку было б крайняй бестактоўнасьцю. На гэты раз Аксёнаў, палымяныя прамовы якога я ня раз слухаў з захапленьнем, расчараваў, пакінуў непрыемны астой на душы, хоць гаварыў мне правільныя і разумныя рэчы, асабліва, калі стаў даваць характарыстыку з надзвычай высокімі ацэнкамі Генадзю Бураўкіну, які, на ягоную думку, унікальна і шчасьліва спалучае ў сабе паэтычны дар, высокія маральныя, чалавечыя якасьці, усебаковы інтэлект і выдатныя арганізатарскія здольнасьці аналітыка і палітыка буйнога маштабу, што надзвычай рэдка сустракаецца ў творчым асяроддзі. З гэтым я быў цалкам згодзен, як і з тым, што неабходна нам з ім працаваць у поўным паразуменьні і адным тандэме, дапамагаючы яму і аберагаючы ад розных зласьліўцаў, зайздросьнікаў, непрызнаных геніяў, якіх аж занадта сярод творчага люду.
Ад’езд у Менск супаў з маім саракагоддзем, і гэтыя дзьве падзеі адзначылі разам, у адзін прысяд. Гарадзенскія калегі падарылі мне на той час шыкоўны транзістарны радыёпрыёмнік рыжскай вытворчасьці, які спраўна служыць па сёньняшні дзень, і акуратна выгравіраваны цёплы надпіс на нікіліраванай аблямовачцы сагравае душу, выклікаючы добрыя і ўдзячныя ўспаміны і аб працы ў Гарадзенскім абкаме на Замкавай гары, і аб сябрах-таварышах, шмат каго з якіх ужо, як і самога абкаму, няма на гэтым сьвеце...
Разьвіталіся шчыра, у шумным сяброўскім застольлі, хоць яшчэ амаль два гады быў павязаны з Гародняй, пакуль там заставалася сям’я – чакалі і, каб сын Сяргей закончыў на месцы дзесяцігодку, і здачы цэкоўскага дому па Пуліхава, каб атрымаць кватэру ў новым доме. Можна было і чакаць, маючы ладную страху над галавой у цэкоўскім інтэрнаце, празванага начлежкай. “Начлежка” была зусім побач – на спуску вуліцы Карла Маркса да Янкі Купалы ў квартале старых дамоў, пабудаваных яшчэ палоннымі немцамі, уяўляла сабой прасторную пяціпакаёвую двухузроўневую кватэру з асобным уваходам са двара. На першым паверсе, дзе была кухня, ванная, душ, туалет, у трох пакоях маглі пражываць па два-тры чалавекі, а на другім былі два аднамесныя пакойчыкі, адзін з якіх займаў галоўурач лечкамісіі Мікалай Міхайлавіч Макарэвіч з маладзенькай мілай і сімпатычнай жонкай Валечкай і маленькім сынам, другі – дастаўся мне, каму належала глядзець тэлевізар ня дзеля свайго задавальненьня, а ў сілу службовых абавязкаў. Хто больш, хто менш, але праз “начлежку” праходзілі ледзь ці ня ўсе работнікі ЦК, прызваныя ў Менск з перыферыі. Іншы раз яна амаль пуставала, іншы раз не было ніводнага месца, і тады некаму даводзілася перабівацца ў тлумным інтэрнаце ВПШ. Але гэта ня надта хвалявала часова бяздомных адказных работнікаў, паколькі кожны меў права на мэбліраваную аднапакаёўку з невялічкай куханькай і ўсімі іншымі камунальнымі выгодамі ды некалькімі соткамі для саду і градак за горадам у Атоліне, дзе быў прафілакторый ЦК. З раньняй вясны да позьняй восені сюды спачатку зусім бясплатна, а потым за сімвалічную плату курсіравалі цэкоўскія аўтобусы, пад вечар адвозячы, а раніцай дастаўляючы насельнікаў прафілакторыя і іхніх сямейнікаў у горад на работу. Летам рэдка хто заставаўся ў душным горадзе.
Ніякіх складанасьцяў у пераходзе на цэкоўскі рэжым работы не было – тая ж, што і ў абкаме, чыноўніцкая служба, толькі звужаная па службовых абавязках і адказнасьці да дыяпазону дзейнасьці Дзяржтэлерадыё. Гэта і лепш, што гранічна вызначана парафія, але паколькі тэлебачаньне і радыё займаюцца літаральна ўсім сьпектарам сацыяльна-эканамічнага, культурніцка-ідэалагічнага жыцьця грамадства, значыць, немагчыма было абмяжоўвацца нейкімі ведамаснымі рамкамі, вузкай сьпецыялізацыяй, і гэта таксама было добра. Кінулася ў вочы, што ў адрозьненьне ад абкаму ў калідорах ЦК надаецца куды большае значэньне розным субардынацыйным умоўнасьцям, ад чаго стасункі між работнікамі рознага ўзроўню і розных аддзелаў больш складаныя, чым у абкаме, зафармалізаваныя, ім часта нестае шчырасьці, непасрэднасьці, звычайнай чалавечай цеплыні і ўзаемавыручкі. Магчыма, мне, правінцыялу, гэта толькі напачатку падавалася, бо потым тое перастала заўважацца – ці то першае ўражаньне было памылковым, ці то чалавеку дадзена да ўсяго прызвычайвацца. Асабліва збліжала, ледзь ці не радніла жыцьцё-быцьцё ў Атоліне – і клопатамі на градках, і лазьняй па суботах, і рыбалкай на сажалках, і спаборніцтвамі на спартыўнай пляцоўцы, шахматнымі турнірамі, лыжнымі кросамі зімою, і, чаго ўтойваць, застольлямі па інтарэсах... Практычна з усімі работнікамі свайго аддзелу я быў знаёмы яшчэ з Гародні, а з некаторымі, як Коля Шоба, Міша Вырвіч, Міхал Дубянецкі, Міхась Парахневіч, якога больш чым каго еў поедам Паўлаў, аж пакуль ня выжыў у “Вячэрні Мінск”, і таго раней. Са многімі з іх меў прыяцельскія, мо нават сяброўскія стасункі. Ну і, канешне ж, наш гарадзенскі Мікола Жылінскі, які пасьля Мітронаўскай слабады асеў у сектары друку. У аддзеле аргпартработы працаваў мой паплечнік па мітронаўцы Жэня Рабко, а трохі пазьней і Валянцін Жвалеўскі, які ў свой час зьмяніў мяне ў абкаме на пасадзе загадчыка сектару, а потым з намесьніка рэдактара “Гродненской правды” падаўся па маіх сьлядах у Маскву.