Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

За многія гады АТК не прывык і хвіліны бываць без справы, тлумных службовых клопатаў, таму, бадай, кожнаму кідалася ў вочы, наколькі балюча ён перажыве сваю бесцырымонную адстаўку, затаіўшы горкую крыўду і на Першага, і на сваіх былых калегаў, і немаведама яшчэ каго. Ён практычна перастаў заходзіць у ЦК, у адрозьненьне ад бальшыні былых партфункцыянераў высокага рангу зьняўся з ганаровага партуліку і перайшоў у домакіраўніцтва па месцы жыхарства. Каб мець нейкі занятак, засеў за правілы дарожнага руху, паступіўшы на курсы падрыхтоўкі вадзіцеляў, набыў уласнага “Жыгуля”, каб не залежачы ад некага езьдзіць на рыбалку, па грыбы. Ён напрэч адыйшоў ад публічнай палітыкі, нейкай больш-менш актыўнай грамадскай дзейнасьці, нават у бурныя гады так званай перабудовы, хоць уважліва сачыў за ўсім, што дзеецца, намагаўся зразумець і не кідаўся ні на тыя, ні на іншыя барыкады. Ня ведаю, ці працягваў ён актыўныя кантакты з кім-небудзь з дзеячаў літаратуры і мастацтва. Пэўна, не... Хоць хто ж яго ведае... Прыгадваю, ці то з Германіі, ці ўжо з Прагі званіў мне Васіль Быкаў і папрасіў падказаць, калі ёсьць пад рукой, а калі няма – нейкім чынам знайсьці і падказаць яму новы тэлефон Кузьміна, меў намер пазваніць і павіншаваць таго з днём нараджэньня. Вельмі шкадую і дакараю сябе, што пасьля адстаўкі АТК я нават спробы не зрабіў выйсьці на кантакт з ім, адчуваючы нейкую ніякаватасьць і сумненьні ў тактоўнасьці напрошвацца на сустрэчу. Сустракаліся толькі зрэдку, выпадкова на вуліцы, а часьцей за ўсё на хаду ў час невясёлых разьвітальных жалобных мерапрыемстваў з агульнымі знаёмымі, пераважна цэкоўцамі і дзеячамі літаратуры і мастацтва. Апошні раз бачыліся на разьвітаньні з Арсенам Ваніцкім. Ён шчыра ўзрадаваўся, пабачыўшы разам колісь вельмі дружную нашу цэкоўскую тройцу – Сяргея Законьнікава, Алеся Жука і мяне. Пасьпелі пастаяць, пакурыць на вуліцы і заадно добра пагаварыць. Запомніліся ягоныя прачулыя словы: я вельмі рады, хлопцы, за вас, што трымаецеся адзін аднаго. І мой вам наказ і запавет:

заўжды трымайцеся разам. Паадзіночку вас загоняць, скруцяць у бараньні рог...

Здаецца, ардынарная сентэнцыя, а не выходзіць з галавы, з гадамі набываючы ўсё глыбейшы і надзёньнейшы сэнс...

Уведаўшы, што яго зваліла невылечная хвароба і зараз знаходзіцца на лячэньні ў Бараўлянах, я пазваніў на кватэру: у якім корпусе і палаце яго шукаць, як пачуваецца, ці можна адведаць? На зьдзіўленьне і радасьць жонка Таісія Андрэеўна сказала:

– А я перадаю яму трубачку, сам раскажа...

Адчувалася, Аляксандр Трыфанавіч рады майму званку. Яго адпусьцілі на колькі дзён, зрабіўшы невялікі перапынак між цяжкімі сеансамі хіміятэрапіі. Ягоны глухаваты голас быў нязвыкла слабы, але гаварыў і гаварыў, жыва цікавячыся, што робіцца ў Саюзе пісьменьнікаў, што чутно з Прагі ад Быкава, ці мне пішацца, як там маюцца хлопцы, потым узбадзёраным голасам сказаў:

– Вельмі хацеў бы вас бачыць. Бяры Генадзя, Сяргея і заходзьце...

– А калі?..

– Ды хоць бы заўтра ці пасьлязаўтра... – Схамянуўся: – Хаця, не... Мяне па­вінны забраць на тыдні два ў бальніцу. Во вярнуся... Сазвонімся і дамовімся...

– А калі мы наведаемся да вас у бальніцу?

Ён рашуча і катэгарычна адмёў такі варыянт: хочацца гаварыць з намі, трохі ачуняўшы ад цяжкіх працэдураў, бо гаворка маецца быць доўгай і нясьпешнай, бяз лішніх вушэй. І пасьля паўзы загадкава дадаў: ёсьць што прыгадаць, ёсьць што вам расказаць...

Насамрэч яму было што прыгадаць, было што расказаць, прыадчыніць, высвятліць нейкія важныя спружыны і таямніцы, мо нават споведдзю перад намі, маладзейшымі, зняць з душы камень, паспрабаваць апраўдацца, даць магчымасьць паўней зразумець, асэнсаваць і ягоны супярэчлівы час, і яго самога. На вялікі жаль не паспеў... Нібы знарок, нібы па нейкай дзіўнай іроніі лёсу свой апошні аэрадром, свой апошні зямны прытулак ён, ваенны штурман і дзяржаўны дзеяч, знайшоў на ганаровых Усходніх могілках па суседству і ў акружэньні слынных людзей навукі, літаратуры і мастацтва, сяго-таго з якіх ён калі і ня надта любіў, то паважаў, і яны яму плацілі тым жа. Побач зьлева аказаўся легендарны пясьняр Уладзімір Мулявін, непадалёк у суседніх радах Кандрат Крапіва, Уладзімір Караткевіч, Пімен Панчанка, Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, а праз нейкіх паўгоду побач, па суседству, справа лёг Васіль Быкаў, затым трошкі далей – Іван Шамякін...

Напачатку нашыя службовыя стасункі з Паўлавым складваліся як нельга лепш. З першага ж дня ён ставіўся да мяне з падкрэсьленай увагай і павагай. Мо таму, што я прыйшоў, можна сказаць, з гушчы жыцьця і з даволі саліднай пасады ў абкаме партыі, дзе меў добрую рэпутацыю і рэальную персьпектыву росту. Добраму стаўленьню, вядома ж, спрыяла, што ў мяне было веданьне ідэалагічнай работы ва ўсёй шырыні ейнага дыяпазону і сістэмы тэле-радыё, што дазволіла амаль адразу ўвайсьці ў курс справы. Канечне ж, і тое, што ўжо было сякое-такое літаратурнае імя, да чаго ён ставіўся паважна, паколькі сам займаўся нялёгкім літаратурным рамяством, намерваючыся стаць паўнацэнным членам Саюзу пісьменьнікаў. Але, бадай, самае галоўнае – умеў даволі прафесійна і гладка выдаваць на гара розныя простыя і аналітычныя даведкі, устаўкі ў даклады і пастановы з ацэнкамі, указаньнямі, канкрэтнымі прапановамі, разьдзелы і цалкам усемагчымыя мерапрыемствы, якія складаліся ледзь ці не штодня, ледзь ці не на кожны чых Генеральнага сакратара, кожную чарговую пастанову ЦК КПСС. І вядома ж, што мог віртуёзна адпісвацца, сьпісваць ў архіў лісты і пасланьні заведамых паклёпнікаў, хворых на галаву людзей, складаць даведкі і здымаць з кантролю раней прынятыя дакументы, мерапрыемствы, за чым надзвычай пільна сачыў усемагутны Агульны аддзел. Усё гэта было найпершым і найвышэйшым паказчыкам прафесіяналізму работніка аддзелу прапаганды і агітацыі. У абкаме я добра набіў руку на гэткага кшталту пісаніне, гэтая фармалістыка давалася тады на дзіва лёгка, тварыў і выдаваў яе часам сьмяючыся, амаль экспромтам, і неўзабаве Паўлаў так паверыў у мае здольнасьці, што стаў візіраваць ці падпісваць, зірнуўшы збольшага па дыяганалі альбо і ўвогуле не чытаючы. Адольваць жа з першага заходу строгае Паўклаўскае сіта, ды яшчэ з непакрэсьленым ягоным размашыстым почыркам чорным (іншага ён не прызнаваў) атрамантам арыгіналам лічылася вышэйшым пілатажам, падымала ў вачах калегаў. А мне вельмі імпанавала яго дзелавітасьць і рашучасьць, ягоная тонкая інтуіцыя і жалезная хватка, востры нюх, здольнасьць з паўслова ўнікнуць у сутнасьць праблемы, імгненна прыняць рашэньне, часам нестандартна-сьмелае, нават рызыкоўнае, але амаль заўсёды не дурное. З ім можна было спрачацца, і калі меліся нейкія сур’ёзныя аргументы, Паўлаву хапала розуму ня кідацца ў амбіцыю, як гэта рабілі многія: я начальнік – ты дурань, а спакойна адступаць ад свайго ранейшага меркаваньня ці рашэньня. Але калі ў нечым быў упэўнены, перакананы, калі нешта ўспрымалася ім апрыё­ры, ісьцінай у апошняй інстанцыі, гнуў сваю лінію напорыста, бескампрамісна і да канца, нават калі гэтая ісьціна ў грамадскай сьвядомасьці пачынала ўспрымацца як не бездакорная, мо нават сумніўная. У яго, у прыватнасьці, была літаральна алергія, нейкі пункцік на беларускі нацыяналізм, які ён чамусьці атаясамляў з любымі праявамі нацыянальных пачуцьцяў, нацыянальнага жыцьця і перш за ўсё – з нацыянальнай мовай. Ягонае дзіўнае, прымітыўна-спрошчанае разуменьне інтарнацыяналізму кінулася ў вочы адразу, як прыйшоў на работу ў аддзел, і пасьля некалькіх спробаў лёгка і дыпламатычна запярэчыць усур’ёз, са спасылкамі на класікаў марксізму-ленінізму падыскутаваць з ім на гэтую тэму выразна адчуў, што нашым добрым, прыязным службовым і ня толькі службовым стасункам наканаваны нядоўгі век. Асабліва пасьля таго, як ён неўзабаве выклаў свой погляд на моўную палітыку і практыку ў тэле і радыёвяшчаньні, якой неабходна строга прытрымлівацца: усе сацыяльна-палітычныя, маладзёжныя, дзіцячыя, спартыўныя, на прамысловыя і з жыцьця рабочага класу перадачы павінны рабіцца і весьціся толькі па-руску, а па-беларуску і ў зьмешаным варыяньце – інфармацыйныя выпускі, літаратурна-драматычныя і тэкставыя музычныя. Далікатна, але цьвёрда запярэчыў яму: ні адным афіцыйным партыйным дакументам нічога падобнага ніколі не рэгламентавалася і не ўзаконьвалася. Ён паглядзеў на мяне даволі дружалюбна і сказаў: мы самі будзем рэгламентаваць і ўзаконьваць, у адпаведнасьці з практыкай і... пажаданьнямі тэлеглядачоў і радыёслухачоў. Хіхікнуў і дадаў павучальна: з рускай мовай ніколі не перагнеш, а з гэтай беларускай трэба глядзець ды глядзець у два вокі...

Ды не для таго я сюды ішоў, каб сьлепа, пад казырок выконваць яго самадзейныя выдумкі і завіхрэньні па дратаваньні і без таго ўдратаваных астаткаў беларускасьці. Калі зусім шчыра, то і згадзіўся на гэтую пасаду, каб разам з Генадзем Бураўкіным рабіць беларускае радыё і тэлебачаньне нацыянальнымі, беларускімі, тым больш, што на гэты конт у мяне быў добры абкамаўскі вопыт па амаль поў­най беларусізацыі гарадзенскіх абласных тэле і радыёперадачаў. У мяне накапілася процьма праблемаў і прэтэнзіяў да рэспубліканскага тэлебачаньня і радыё, сярод якіх і незразумелы, дзіўны падыход: мясцовыя перадачы ў Гародні спрэс вядуцца па-беларуску, а выхады на Менск патрабуюць толькі па-руску, быццам бы ўжо гэта і не беларуская сталіца. Во цяпер будзе магчымасьць паставіць усё на сваё месца...

Але і недаацэньваць Паўлава, донкіхотнічаць, лезьці ўлабавую на ражон гэтаксама было б вялікім глупствам, шкодзіла б справе. Абгаварылі з Генадзем, выпрацавалі стратэгію і тактыку нашых паводзінаў. У прыватнасьці: калі Паўлаў пачне браць мяне за горла – буду спасылацца на Бураўкіна: маўляў, гэта ягоная ініцыятыва, ён не палічыў патрэбным узгадняць яе ні са мною, ні з ім, паколькі дэталёва абгаварыў усё з Машэравым... Удакладняць, высьвятляць ня тое што ў Машэрава, а нават у самога Генадзя, выдатна ведаючы, чыя ён крэарэтура і з чыёй ласкі насуперак ягонай волі прыйшоў на гэтую пасаду, мацёры кабінетны воўк Паўлаў нізашто і ніколі не асьмеліцца... Нашыя хітрыкі давалі плён. Сьцяўшы зубы, Паўлаў моўчкі мірыўся з паступовай, крок за крокам беларусізацыяй усіх без выключэньня накірункаў вяшчаньня, публічна не выказваючы сваёй незадаволенасьці, але, адчувалася, усё больш і больш расчароўваючыся ва мне. Першы раз, здаецца, адкрыта, непрыязна наляцеў каршуном пасьля выхаду ў лепшы вячэрні час цыклавой тэлеперадачы “Роднае слова”: ты куды глядзіш?! Што там робіцца?! Што, у гэткі час нельга паставіць нічога больш вартага?!. Я адбіўся даволі спакойна, спаслаўшыся на ўступнае слова патрыярха нашай літаратуры і навукі Кандрата Кандратавіча Крапівы, які вельмі высока ацаніў актуальнасьць і карысьць пачынаньня тэлевізійнікаў. З Кандратам Кандратавічам Паўлаў ня стаў упадаць у спрэчку, а мне загадаў штодня падрабязна дакладваць яму пра ўсё, што робіцца і што мае рабіцца ў тэлерадыёкамітэце. Ніякага сакрэту ў тым не было, і я рэгулярна заходзіў і расказваў яму пра вырашаныя і нявырашаныя праблемы, захады, якія прымаюцца па павышэньні ідэйнага і літаратурна-мастацкага ўзроўню, тэхнічнай якасьці вяшчаньня, усталяваньні патрабавальнасьці і адказнасьці, творчай атмасферы ў калектывах, пра падрыхтоўку новых цыклавых перадачаў. Ён слухаў дзе ўважліва, дзе ўпаўвуха, дзе ўвогуле сумаваў, адчувалася, яго больш цікавіць інфармацыя зусім іншага кшталту, пачынаў пераможна падкідваць нейкія невядомыя мне сумніўнага характару факты, патрабуючы праверыць ці пераправерыць і зрабіць афіцыйнае заключэньне. Для мяне было пытаньнем: адкуль гэта ў яго? Па лініі КДБ ці ад уласных сексотаў, якіх, казалі, мае ва ўсіх рэдакцыях, падведамасных арганізацыях і ўстановах? Натуральна, узьнікла

патрэба сустрэцца і пазнаёміцца з аператыўным супрацоўнікам КДБ Валерам Саўчуком, які займаўся Дзяржтэлерадыё. Гэта быў сімпатычны, разумны і вельмі прыстойны хлопец, з якім мы адразу ж знайшлі паразуменьне і агульную мову – у прамым і пераносным сэньсе. Праз некаторы час ён атрымаў павышэньне – узначаліў свой аддзел, які курыраваў ня толькі тэлерадыё, а і ўсе сродкі масавай інфармацыі, таксама творчыя саюзы. А нам вельмі пашчасьціла, што на гэтым месце аказаўся сумленны чалавек. Як і тое, што памочнікам у Генадзя быў былы баявы разьведчык, падпалкоўнік КДБ, а чэкісты, як вядома, ніколі не бываюць у адстаўцы, Мікалай Гаўрылавіч Братушэнка – крыштальна сумленны і прыстойны чалавек, які ня проста падзяляў нашыя погляды і ўсё, што мы рабілі, але ў некаторых сітуацыях быў і сапраўдным нашым, а найперш Генадзевым анёлам-ахоўнікам... Нядаўна прачытаў мемуары аднаго вядомага літаратара. Калі верыць чорным па белым напісанаму, то выходзіць быў толькі адзін чалавек, які па-сапраўднаму дбаў пра беларускасьць, змагаўся за яе ўадзіночку, калі ўсе вакол, нават блізкія сябры не разумелі, заміналі, часам шкодзілі яму і, натуральна, ягонай тытанічнай місіі, ускладзенай на яго самой Гісторыяй, і тым ня менш ён выцягнуў на сваім гарбе ўсё нацыянальнае адраджэньне. Канечне ж, гэты волат, абранец Божы і ёсьць любімы аўтарам галоўны герой мемуараў. Дзіву даешся, як ён не надарваўся... Жарт жартам, але па вялікім рахунку часам непрыкметныя, без аніякіх прэтэнзіяўна гістарычную місію людзі кшталту таго ж Саўчука, Братушэнкі ці затурканых жанчынак-настаўніц роднай мовы непрыкметна, ціха, спакойна і самааддана рабілі для нацыянальнага адраджэньня ня менш, чым некаторыя пратэндэнты на ролю нацыянальных волатаў і месіяў...

Паўлаў, здаецца, ўсімі фібрамі душы ненавідзеў Бураўкіна, і на тое, пэўна, былі падставы. Генадзь для яго быў непапраўны, закаранелы нацыяналіст, можна сказаць, закляты ідэйны вораг, які заўсёды абыходзіў яго на паваротах. Непрыязь да незалежнага і пасьпяховага Бураўкіна ў ім жыла даўно, і сам дакладна ня ведаў, з якіх часоў. Раздражнялі і ягоныя шматлікія артыкулы ў “Правде” па праблемах ідэалогіі, культуры, гісторыі, і тое, што патрапіў прадстаўляць гэтую найсаліднейшую партыйную газету ў Беларусі з падтрымкі і пратэкцыі Машэрава. Саўка ніяк ня мог зразумець, як здолеў, на ягоную думку, чалавек з сумніўным сьветапоглядам уцерціся ў давер, гэтак ачмурыць вопытнага і мудрага Машэрава. Ды не аднаго Машэрава! Яму дазваляецца выходзіць напрамую і вырашаць пытаньні ў Аксёнава, Кузьміна, ня кажучы пра Кісялёва і ягоных намесьнікаў. Цераз ягоную, Паўлава, галаву, без усялякага ўзгадненьня і прапрацоўкі на ягоным узроўні. Па маіх назіраньнях нялюбоў Паўлава да Бураўкіна дзіўным чынам ужывалася з паважным стаўленьнем да яго і яшчэ, здаецца, таемнай зайздрасьцю ва ўсім – і ягонаму таленту, і ягонай рэспубліканскай і саюзнай вядомасьці, і ягонай камунікабельнасьці, абаяльнасьці, уменьню сыходзіцца з людзьмі, і ягонай імгненнай рэакцыі, у любой сітуацыі ня лезьці ў кішэню па слова. Паўлаў не адважваўся канфліктаваць, брацца ў рожкі з ім адкрыта, пэўна, асьцерагаўся ня толькі чарговы раз нарвацца на высокае заступніцтва, але і вострага Генадзевага языка, здольнага асадзіць, выставіць на сьмех каго хочаш. Таму, наступіўшы на горла ўласнай песьні, змушаў сябе па-прыяцельску зычліва, нават лісьліва ўсьміхацца Бураўкіну, спа­дзеючыся, што будзе сьвята і на ягонай вуліцы, ды ўсё часьцей і часьцей зрываючы сваю прыкрасьць і злосьць на мне. Нашыя добрыя службовыя стасункі неў­забаве сталі зусім псавацца. Пераканаўшыся, што патрэбнай інфармацыі, ці па­просту кажучы кампрамату на Бураўкіна, ад мяне не дачакаецца, больш таго – пастаянна абвяргаю альбо зводжу на анішто даносы ягоных сексотаў, Паўлаў дачакаўся зручнага моманту і вырашыў, самы час адкрываць па мне агонь на паражэньне – яму патрэбны быў на гэтай пасадзе зусім іншы, свой чалавек...

Калі гаварыць аб’ектыўна і па вялікім рахунку, то Бог насамрэч не абдзяліў Паўлава вострым розумам, арганізатарскімі здольнасьцямі, публіцыстычным талентам, што прадвызначала яму сьветлую будучыню, добрыя справы, людскую ўдзячнасьць і доўгую памяць. Ды, мусіць, пры гэтай дзяльбе не драмаў і чорт, неўпрыкмет падсунуўшы невыносна-цяжкі характар, з якім няпроста будзе рэалізаваць Богам задуманае. Пэўна, усё жыцьцё, ва ўсякім разе наколькі мог назіраць за ім у час сумеснай работы ў ЦК, ён змагаўся са сваім характарам, рабіў адчайныя спробы ўтаймаваць, зацугляць, узяць пад кантроль грубую, злую, чорную сілу, што расьпірала, рвалася з яго. Аднак яна была непадуладная ягонаму розуму, ягоным добрым памкненьням. Іншы раз неймавернымі высілкамі волі і з дапамогай супакаяльных пілюляў яму ўдавалася браць сябе ў рукі, але толькі на нейкі час, ненадоўга – натура ва ўсёй сваёй нядобрай, злой праяве няўмольна рвалася, вылузвалася наверх, прагнучы наталеньня новай энергіяй... Яна, натура, насамрэч нагадвала садыстку, вампірку, якая пастаянна патрабуе ахвяры, псіхічнай падзарадкі, без чаго пачувае сябе дужа няўтульна, дыскамфортна, хваравіта. У аддзеле пастаянна быў нехта ў ролі Паўлаўскай ахвяры, казла адпушчэньня, над кім ён літаральна зьдзекваўся, і чым ямчэй, балючай удавалася абразіць, растаптаць маральна, прынізіць, зьніштожыць чалавека, тым, адчувалася, ён большую асалоду меў. Гэтыя ахвярапрынашэньні сабе самому рабіліся, звычайна, публічна, для чаго склікаў да сябе ў кабінет усіх, хто быў на месцы, і працягваліся з дня ў дзень, аж пакуль не даламваў, не дабіваў некага, робячы кар’ерны крывапуск, альбо вярбуючы сабе ў сексоты, ці не выбіраў сьвежую ахвяру... На маёй памяці ў аддзеле ягонымі ахвярамі, казламі адпушчэньня, хлопчыкамі для біцьця былі Коля Шоба, Слава Некрашэвіч, Мікола Жылінскі, Мікола Зяньковіч, Генадзь Анціпаў, Васіль Каленчыц, Генадзь Суднік, Віктар Крукоўскі дый іншыя. А трохі раней дык больш за ўсіх Міхась Парахневіч. Не было ў Паўлава ні літасьці, ні элементарнага такту, калі таптаў у гразь, еў поедам, даводзячы да сьлёз мілую і дабрэйшай душы Людмілу Севасьцьянчык, бязрукага інваліда Віктара Кіселя. Канечне, ва ўсіх іх можна было знайсьці нейкія недахопы, прамашкі ў рабоце, але гэта былі пераважна разумныя, прыстойныя людзі з вучонымі званьнямі, літаратурнымі здольнасьцямі. Адны з іх, як добры празаік Міхась Парахневіч, зламалі­ся, другія, як Мікола Зяньковіч, якога ўзялі ў ЦК КПСС, дзе зусім за кароткі час прайшоў шлях ад інструктара да намесьніка загадчыка аддзелу, выдатна праявілі сябе, пакінулі сьлед і добрую памяць ў іншых калектывах. Мне з першых жа дзён вельмі не падабалася маральныя экзекуцыі Паўлава, як і незразумелым было пакорлівае маўчанне калегаў. Пэўна ж, думаў, адчуваюць свае прамашкі, сваю віну, калі моўчкі згаджаюцца, не супраціўляюцца, не абураюцца, не даюць здачы, не бароняць свой гонар і чалавечую годнасьць... Потым стаў прыглядацца, карыстаючыся добрым стаўленьнем да сябе, іншы раз устаўляў рэплікі, каб зьвесьці на жарт, трохі астудзіць гнеўны імпэт, за што тут жа атрымліваў заўвагу і незлась­лівага лёгкага прачуханца. І вось наступіла і мая чарга...

Вэрхал ўсчаўся пасьля прамой трансляцыі футбольнага матча, які ўпершыню на тэлебачаньні з пачатку да канца каментаваў па-беларуску Алесь Камароўскі. Гэта была нечуваная дзёрзкасьць. З самай раніцы тэлефоны ў ЦК аж разаграваліся ад званкоў. То былі пераважна пратэсты, і больш за ўсё ад вайскоўцаў. Званілі і тыя, хто вельмі ўхваляў пачатае, але рабіў заўвагі і прапаноўваў падказаць тэлевізійнікам чыста беларускія аналагі спартыўна-футбольных тэрмінаў. Памятаю, пазваніў нейкі грузін і з акцэнтам на ламанай беларуска-рускай трасянцы стаў тэмпераментна хваліць, напорыста патрабаваць, каб усе перадачы на беларускім тэлебачанні ішлі толькі па-беларуску. Мяне гэта вельмі кранула, даў яму тэлефон Паўлава і папрасіў пазваніць і сказаць усё яму. Такім макарам пераадрасаваў яшчэ некалькі званкоў. Ня ведаю, якая там размова адбылася, але Паўлаў паклі­каў не мяне, а майго інструктара Ганну Сьцяпанаўну Лазоўскую, свайго намесь­ніка Гаўрылу Міхайлавіча Конанава і загадаў тэрмінова рыхтаваць пытаньне на бюро ЦК з аргвывадамі. Назаўтра пошта прынесла і пісьмовыя водгукі. Мо праз кожныя паўгадзіны мы перазвоньваліся па “вяртушцы” з Генадзем, абменьваліся інфармацыяй, узгаднялі і ўдакладнялі нашыя дзеяньні. Мы былі ўпэўненыя, што робім правільна, і не было ні ценю сумненьня, ніякай разгубленасьці ці страху. Генадзь размаўляў з АТК, і той успрыняў усё гэта даволі спакойна і нейтральна, сказаў, што высокапастаўленыя вайсковыя чыны, відаць, з нечае падачы мусіруюць пастаноўку пытаньня на бюро, але ня можам жа мы па кожнай спартыўнай тэлеперадачы зьбіраць бюро. На душы палягчэла...

Пад канец дня ўзбуджаны, змрочны Паўлаў сабраў, хто быў на месцы, на тэрміновую нараду і, махаючы стосам пісем, з ледзь прыхаваным трыумфам у голасе з ходу ў сваёй звычайнай манеры атакаваў мяне поўным наборам абвінавачаньняў, ярлыкоў і лаянак. У мяне была радасьць ад душы ад масы званкоў пад­трымкі на тэлебачаньне, пра што толькі-толькі па тэлефоне расказаў Генадзь, і гнеўныя тырады, пагрозы, абразы Паўлава мала краналі, аж сам дзівіўся, наколькі спакойна ўспрымаю іх, быццам тычыліся не мяне ўвогуле, і гэта разьятрывала яго яшчэ больш. Стоячы, размахваў рукамі, крычаў, што не давярае, і дня не намераны трымаць у аддзеле, гразіў адабраць партыйны білет. Гэта было ўжо занадта. Я падняўся, стрымана, але цьвёрда заявіў, што ня ён мне ўручаў партбілет і не яму адбіраць, а ўсе ягоныя абвінавачаньні аблыжныя, несур’ёзныя, сьмеху вартыя, што грубіць абражаць сябе я не дазволю. Ці то ён не разумеў сэнс слова “аблыжны”, ці яно падалося яму надта ж абразьлівым, кранула за жывое, але літаральна ўзарваўся, ледзьве валодаючы сабой ашалела-тупа паўтараў: я табе дам “аблыжны”, я табе пакажу “аблыжныя”!.. Першы раз бачыў ягоныя ашклянелыя, засмужаныя павалокай, налітыя злосьцю вочы, і міжволі працяла незразумелае пачуцьцё, замешанае на нейкім падсьвядомым містычным страху і адначасова спагадзе і спачуваньні яму. А ён не сунімаўся, то пераходзіў на неразборлівы крык, то трохі збаўляў тон, падбіраючы самыя крыўдныя і абразьлівыя словы, відавочна правакуючы мяне на скандал, а я на злосьць яму працягваў заставацца спакойным і стрыманым. Але праз нейкі час не рэагаваць стала немагчыма, і наколькі яшчэ мог спакойна, прапанаваў яму астудзіцца, супакоіцца, спыніць гэты базарны лямант, а затым ужо пагаварыць сур’ёзна, без абвінавачаньняў, па-сутнасьці, як таго вымушае статус нашай саліднай установы. Паўлаў ажно разгубіўся ад такога майго нахабства...

Поделиться с друзьями: