Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Калі рэзаць праўду-матку,

Дык скажу табе адно:

Ты пячонку да астатку

Пераеў усім даўно.

Адышоў ад апарата.

Палахліва ўцёк ад мас.

За цябе ніякавата

Нават мне было ня раз,

Як стаяў тупою ступай

Перад злоснымі людзьмі,

А народ крычаў і тупаў:

“Шапку, ёлупень, здымі!”

Затыкалі вушы ватай,

Як ты глупства гарадзіў –

“Прагрэсіўны кансерватар”,

Непісьменны брыгадзір.

Замест яго ў лідэры вылучылі кіраўніка сталічнага абкаму партыі Анатоля Малафеева.

Нават на выдратаваным, спустошаным Сьлюньковым і Сакаловым рэспубліканскім кіруючым алімпе Малафееў быў даволі невыразнай і малапрыкметнай фігурай. І ў першым, і ў другім эшалонах усё яшчэ заставаліся куды больш вартыя прэтэндэнты, ня кажучы пра ссыльных Аксёнава, Таразевіча, Барташэвіча, Лявонава. Але Малафееву пратэжаваў у Крамлі Сьлюнькоў, які ў свой час намерваўся зрабіць яго сваім пераемнікам ды дарогу перайшоў Лігачоў з кандыдатурай Сакалова. Зараз, калі Лігачова папрасілі з Крамля, вылучэньне Малафеева засталося справай тэхнікі. Рэспубліканская наменклатурная эліта недалюблівала, мо нават ненавідзела Сьлюнькова, але і аслухацца Палітбюро яшчэ не асмельвалася, супакоіла сябе: усё роўна гэтае ні рыба, ні мяса будзе, як і той Сакалоў, фігурай часовай, кампраміснай, пераходнай, а там відно будзе...

Злыя языкі адразу ж празвалі Малафеева па імені футбольнага цёзкі трэнерам ЦК, ягонае нядоўгае кіраваньне, як і ён сам, было безініцыятыўным, бляклым, малапрадуктыўным і нейкім сонным. Па-праўдзе кажучы, наўрад ці ён і мог што зрабіць, калі ўсё вакол рушылася, абвальвалася. Пры ім бюро ЦК быццам бы падтрымала і адначасова быццам бы не падтрымала ГКЧП, якое абвясьціла сябе ўладай у Маскве. А потым заставалася ў нейкай прастрацыі, летаргічным сьне, глухім і нямым, не заўважаючы, што робіцца наўкол, стварала ўражаньне поўнай разгубленасьці і дэмаралізацыі. Памятаю, ягонае апошняе, можна сказаць гістарычнае пясяджэньне бюро ЦК, на якое быў запрошаны разам з іншымі рэдактарамі партыйных

выданьняў. Праходзіла яно праз колькі дзён пасьля падзеньня ГКЧП, здаецца, за тры дні да забароны партыі. Уся краіна бурліла, як патрывожаны вулей, партыйныя камітэты і пярвічкі чакалі ад свайго рэспубліканскага штабу канкрэтных палітычных ацэнак, рэкамендацый і дзеяньняў. У парадак жа дня было пастаўлена ўсяго толькі... абмеркаваньне жыллёвага кодэксу. Сабраліся выпрацаваць заўвагі і папраўкі, каб праз партгрупу правесьці іх у Вярхоўным Савеце. Сьмех і грэх: ужо дом гарыць, палітычнае ж кіраўніцтва кінулася не тушыць, ратаваць, а дзяліць у ім кватэры. Ня вытрымаў і гучна сказаў гэта з месца. Аднак ніхто не зрэагаваў, нібыта не пачулі ці палічылі нейкім несур’ёзным блюзьнерствам. Затым усё ж нехта заклапочана прапанаваў тэрмінова склікаць пленум, параіцца і вызначыцца ў складанай і няпростай сітуацыі. Аднак Малафееў не падтрымаў: маўляў, пленум мы заўсёды сабраць пасьпеем. Спачатку самім трэба вызначыцца, сур’ёзна падрыхтавацца... Нядаўна ўведзены ў склад бюро Іван Пятровіч Шамякін прапанаваў прыняць зварот да камуністаў, спрабаваў нават зачытаць нешта напісанае ад рукі, але ніяк ня мог ўправіцца са сваім почыркам. Ягоную прапанову прынялі без асаблівага энтузіязму, даручыўшы разам з аддзелам прапаганды дапрацаваць тэкст і надрукаваць у прэсе. Не пасьпелі ні склікаць пленум, ні нават дапрацаваць і надрукаваць тэкст звароту... Праз тры дні сесія Вярхоўнага Савету забараніла кампартыю, рэквізаваўшы ўсю ейную маёмасьць. За гэта прагаласавала і амаль уся партгрупа, у якую ўваходзіла амаль 80 адсоткаў дэпутацкага корпусу. А Малафееву наканавана было стаць апошнім першым сакратаром ЦК, які выконваў першую ролю ў дзяржаве...

Затое ён змог праявіцца трохі пазьней, стаўшы адным з нямногіх прыкметных кіраўнікоў былога вышэйшага эшалону, хто натхнёна і самааддана кінуўся служыць і прыслугоўваць новай уладзе. Яго зрабілі дэпутатам, даверылі пасаду сьпікера, даручыўшы прыручаць так званую палатку, трымаць пад строгім і няўсыпным кантролем, каб барані Бог раптам не праявіліся ў ёй бунтарскія гены Вярхоўнага Савету 12 і 13-га скліканьняў. Малафееў добрасумненна выканаў так і хочацца сказаць адказнае заданьне партыі і ўрада. Але, мусіць, заўсёды: маўр зрабіў сваю справу – маўр павінен адыйсьці. Яму пашчасьціла: у адрозьненьне ад іншых ягоныя паслугі ацанілі належным чынам, не пакрыўдзілі, ня выкінулі, як адпрацаваную і непатрэбную рэч. Знайшлі іншую, ціхую і спакойную сінекуру...

А ўвогуле, падобна на нейкую боскую кару, нейкае насланьнё, што ў самы адказны лёсавызначальны для Беларусі момант і час ля яе дзяржаўнага стырна аказаліся людзі кшталту Сьлюнькова, Сакалова, Малафеева, па сваім інтэлекце, маштабу мысьлення, поўнай адсутнасьці нацыянальнай самасьвядомасьці, няздольныя ўзьняцца на ўзровень нацыянальных лідэраў, як гэта сталася ледзь ці не ва ўсіх саюзных рэспубліках. Канечне ж, гісторыя ня мае ўмоўнага ладу. Можна толькі строіць здагадкі і меркаваньні, што магло б быць, куды павярнуцца, каб на той момант ля дзяржаўнага руля аказаўся Аксёнаў ці Таразевіч, Барташэвіч ці Лявонаў. А мо Аляксей Камай? У кіруючы сінкліт ён патрапіў дзякуючы сваім дзелавым якасьцям, інтэлекту, простай чалавечай абаяльнасьці, аднак быў тут... ну, трохі залішне прыстойны, сумленны, дысцыплінаваны, і мусіць, праз гэта яму, на жаль, не хапіла рашучасьці адмежавацца ад маскоўскіх і менскіх мастадонтаў, існую цану якім ён добра ведаў, пераступіць мяжу карпаратыўнай падпарадкаванасьці і салідарнасьці, каб пачаць самастойную гульню. Хоць яны і напрамую, і ўскосна як маглі падмачвалі яму рэпутацыю ня столькі за ягоныя, колькі за чужыя, а найперш за свае грахі, асабліва напачатку чарнобыльскай бяды. І сёньня не магу зразумець, чаму ён маўчаў, чаму ня грукнуў кулаком, калі ў яго кідалі і па сёньняшні дзень шпурляюць каменьні хоць бы за тое, што вывеў людзей на першамайскую дэманстрацыю. А чыя ініцыятыва, чый загад быў выводзіць, каб ня сеяць панікі? Дзе ў рэшце рэшт быў першы сакратар абкаму: разам з людзьмі на плошчы ці хаваўся ў бомбасховішчы? Калі сітуацыя на ЧАЭС дайшла да крытычнай рысы, чакаўся ядзерны ўзрыў, які мог сьцерці з твару зямлі Гомель, яму, першаму сакратару Гомельскага абкаму, пазваніў з Масквы Лігачоў і строга папярэдзіў, каб прынялі ўсе меры для захаваньня і выратаваньня партыйных дакументаў. Ратаваць не людзей, нават не партыйныя кадры, а ў першую чаргу нікчэмныя паперкі было найпершым клопатам фактычна другой асобы ў дзяржаве... Пра гэты верх цынізму з прыкрасьцю і горыччу ў голасе пад вялікім сакрэтам расказаў мне Камай, калі пасьля дзесяцідзённага знаходжаньня ў Хойніках зайшоў да яго ў абкам партыі падзяліцца ўражаньнямі. Думаю, сёньня з таго ўжо няма ніякага сакрэту, і Аляксей Сьцяпанавіч даруе мне. Потым ён запрасіў мяне дадому ў звычайную гарадскую кватэру. Зайшлі, а гаспадыня перабірае грыбы... Зараз ужо каторы год Надзея Іосіфаўна адчайна змагаецца за жыцьцё, згасае на Аляксеевых руках. Я не зьбіраюся ва ўсім бараніць і апраўдваць Камая – хапала і ў яго грахоў, але не магу ня выказаць абурэньня, што кідалі і працягваюць кідаць у яго каменьні найперш тыя, хто сам і носу не паказваў у чарнобыльскую зону альбо быў наездам, налётам, у лепшым выпадку з начлегам у Гомелі. Камай з паплечнікамі з ранку да ночы калясілі, глытаючы радыяцыю, па пыльных дарогах бяды, ратуючы людзей... Адны з іх, як другі сакратар абкаму Віктар Санчукоўскі, згарэў ад радыяцыі імгненна ў яшчэ зусім маладая гады, іншыя пазьней, дый Аляксей са сваім колісь магутным здароўем ходзіць з ужыўленым стымулятарам сэрца, жменямі глытае лекі...

І яшчэ іншы раз думаю: а як бы разьвіваліся тады падзеі, каб мог яшчэ быць жывы Машэраў? (...) Адно несумненна: падзеі разьвіваліся б інакш, без гэтакіх палітычных катаклізмаў, гэтакіх упушчаных магчымасьцяў, марна патрачаных фізічных і духоўных сілаў народу, бяздарна растранжыранага часу. Як несумненна, што з гэтакім памяркоўным і працавітым народам, гэтакім інтэлектуальным і духоўным патэнцыялам, гэткім на той час узроўнем індустрыі і сельскай гаспадаркі, гэтакім геаграфічным становішчам у цэнтры кантыненту, гэтакімі разьвітымі транспартнымі камунікацыямі і транзітнымі шляхамі Беларусь была б сёньня не сусьветным ізгоем, а адной з найбольш эканамічна разьвітых, цывілізаваных і аўтарытэтных дзяржаваў у еўрапейскай сям’і народаў...

Н-е-е, гэта насамрэч нейкая боская кара... Прыгадваю... Ужо апошняму дурню ясна, што сітуацыя памянялася. Вярхоўным Саветам скасаваны сёмы пункт Канстытуцыі аб кіруючай і накіроўваючай ролі партыі, а значыць цэнтр улады ў поўнай адпаведнасьці з тою ж Савецкай канстытуцыяй хочаш-ня-хочаш, а перамесьціцца ў наноў абраны ў цэлым на дэмакратычнай, альтэрнатыўнай аснове лігітымны Вярхоўны Савет. Але ў Канстытуцыі яшчэ заставалася палажэньне аб партгрупе, а значыць, у ЦК застаецца права правесьці сваю кандыдатуру на надзвычай важную пасаду Старшыні Вярхоўнага Савету – ужо не намінальную, а фактычную вышэйшую службовую асобу, галаву рэспублікі. Канечне ж, Сакалоў і бюро не маглі не пакарыстацца гэтым правам, і... вылучылі сакратара ЦК па сельскай гаспадарцы Дземянцея. Чалавека сімпатычнага, ў нечым па-сялянскаму мудрага, мо і прыдатнага для канцылярскай работы і афіцыйных прыёмаў, але ніякага аратара і палітыка, да ўсяго – страшэнна коснаязыкага. Яго цяжка, амаль немагчыма было ўявіць у ролі вядучага бурнай, часта нярвовай, з каласальным выкідам эмоцыяў сесіі, ды яшчэ ў прамым тэле і радыёэфіры. Партыйныя і савецкія кадры вышэйшых эшалонаў улады, якія па загадзе ЦК пагалоўна кінуліся змагацца за дэпутацкія мандаты, пацярпелі адчувальнае паражэньне, панесьлі непапраўныя страты, але ж не настолькі, каб не знайсьці больш прыдатную для гэтай пасады кандыдатуру, хоць бы ў сэнсе лепш падвязанага языка, уменьня больш-менш граматна выказваць свае думкі, упраўляцца з вялікай аўдыторыяй. У склад дэпутацкага корпусу на альтэрнатыўнай аснове, з некалькімі і ня надта, і вельмі сур’ёзнымі супернікамі прайшлі, напрыклад, аўтарытэтныя ў рэспубліцы першыя сакратары абкамаў Шабашоў, Лявонаў, Камай, некаторыя старшыні аблвыканкамаў і іншыя, хто мог з куды большым посьпехам выконваць абавязкі сьпікера. Тым ня менш... Было сорамна і брыдка, адначасова да болю шкада падстаўленага дабрэйшага Мікалая Іванавіча, калі з ягонай коснаязыкай рыторыкі, няўменьня абыхо­дзіцца ні з беларускай, ні з рускай мовамі рагатала-пацяшалася ўся рэспубліка. І сёньня не магу зразумець: ці то хітраваты па-свойму Сакалоў надумаў яхідна прадэманстраваць, што ёсьць на высокай дзяржаўнай пасадзе куды коснаязычнейшы грамацей, чым ён? Ці то, як і многія тады, не даваў веры ў рэальнасьць пераходу ўлады ад ЦК да Вярхоўнага Савету, спадзяваўся: во толькі пагоняць Гарбачова – і ўсё ўвойдзе ў сваё звыклае рэчышча? Ці то зьмікіціў, што слабы коснаязыкі Дземянцей ня здольны на самастойную гульню, будзе спраўна выконваць указаньні ЦК, а значыць, ягоную, Сакалова, волю, служыць простай марыянеткай? Але хутчэй за ўсё пад рукой у яго не было больш надзейнага чалавека...

Моцныя і мудрыя кіраўнікі заўсёды трымалі ў сваім атачэньні людзей разумных, таленавітых, сьмелых, яршыстых, ініцыятыўных. Яны зусім не баяліся падавацца на іхнім фоне ня надта самастойнымі і яркімі. Слабыя і недалёкія розумам акружаюць сябе яшчэ слабейшымі і дурнейшымі. Іх кожны дзень гняце, раўніва сочаць: як бы хто ў людскіх вачах не падаваўся разумнейшым, ня кідаў тым самым цень на яго, першакіраўніка, на ягоны аўтарытэт, не надумаў стаць з ім на адну дошку, а там, глядзіш, і пасквапіўся на ягонае крэсла. Магчымых пратэндэнтаў яны “адстрэльваюць” яшчэ на падлёце, трымаюць як мага далей ад кіраўнічага стырна... Сьлюнькоўска-сакалоўска-малафееўскі партыйны арэапаг за адносна нядоўгі час настолькі здрабнеў, зьмізарнеў, вырадзіўся, што калі наступіла гадзі­на “Ч” – усьлед за Масквой наш Вярхоўны Савет, у якім яшчэ ледзь ці ня восемдзясят адсоткаў дэпутацкага корпусу складалі партфункцыянеры рознага ўзроўню і члены партыі, прадубляваў і заканадаўча аформіў забарону КПСС з рэквізацыяй

усёй ейнай маёмасьці. І ніхто – ні абраны на зьезьдзе першы сакратар ЦК Малафееў, ні нехта з кіруючага сінкліту не рашыўся ўзяць на сябе ініцыятыву і адказнасьць. Альбо ўсё яшчэ аглядваліся на Малафеева, баяліся пераступіць цераз яго, альбо перасталі верыць... Сьмелых і ініцыятыўных не знайшлося ня толькі ў першым, але і ў другім абкамаўскага ўзроўню партэшалоне... Тым часам, бачачы поўную бездапаможнасьць і бяздзейнасьць вярхоў, у трэцім і чацьвёртым эшалонах знайшліся людзі, якія ўзялі на сябе ініцыятыву па ратаваньні астаткаў дэмаралізаванай і разгромленай партыі. Сакратар па ідэалогіі сталічнага гаркаму, артадокс і сталініст Чыкін пачаў зьбіраць пад свае сьцягі закасьцянелую, кансерватыўную частку, а першы сакратар сталічнага Савецкага райкаму Калякін – інтэлектуальную, рэфарматарскую, схільную да сацыял-дэмакратычных каштоўнасьцяў. Уласна кажучы, адбылося тое, што павінна было адбыцца, калі ўсім стала ясна: няма, як пэўна, і ніколі не было адзінай і маналітнай партыі, трэба глянуць праўдзе ў вочы, прызнацца ў відавочным, рэфармавацца, адмежавацца ад дагматычнай мерцьвякоўшчыны і крочыць наперад. Аднак партыя настолькі закасьцянела ў догмах, што ўжо была няздольная на хоць якія рэформы і нестандартныя дзеяньні, а таму і асуджаная на такі фінал...

З закатам партыі закацілася і палітычная зорка Мікалая Іванавіча Дземянцея. Па ініцыятыве БНФ яго бесцырымонна папрасілі з пасады за беспрынцыповую пазіцыю і шашні з гэкэчэпістамі. Пачаўся новы, цяжкі, складаны і супярэчлівы пошук нацыянальнага лідэра. (...)

Добрую, калі не большую палову дэпутатцкага корпусу я ведаў альбо па партыйнай, альбо ўжо журналісцкай рабоце, а са многімі пазнаёміўся ці мяне пазнаёмілі ў кулуарах сесій, дзе я меў акрэдытацыю і любіў бываць, калі дазвалялі рэдакцыйныя клопаты. Цікава было ня толькі паназіраць “ужывую” (тэлекамера, не кажучы пра радыйны мікрафон, ня ў стане паказаць усе ньюансы, рэакцыю ў зале) за бурным абмеркаваньнем, але і патусавацца з дэпутамі, калегамі-журналіс­тамі ці то ў прасторным вестыбюлі, ці ля стойкі альбо за столікам у буфеце, ці ў прэс-цэнтры, уведаць апошнія і тыя, што павінны адбыцца, навіны, розныя меркаваньні, здагадкі, кулуарныя інтрыжкі. Была ў тых тусоўках і практычная патрэба: прааналізаваць бачанае і пачутае, падзяліцца назіраннямі, навінамі з Гена­дзем Бураўкіным, які нудзіўся, пакутаваў у Нью-Ёрку ад настальгіі, а больш дык ад недахопу інфармацыі з дому, якая па ягоным прызнаньні, па-ранейшаму даходзіла да яго, Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН, толькі як слабое і адрэагаванае ў кабінетах МЗС водгульле палітычных і іншых падзеяў, а ён ні на дзень не хацеў адрываць сваю душу ад рэальнасьцяў Радзімы. Ледзь ці ня ў кожным сваім пісьме з-за акіяну ён дзякаваў “за інфармацыю, якая была для яго ўнікальнай і без якой ня меў бы ўяўленьня пра многае што адбылося і адбываецца дома”, настойліва прасіў штодня, як хроніку, запісваць падрабязна пра ўсё, што дзеецца, паколькі “зразумеў адно: акіян, які раздзяляе нас, – павелічальнае шкло, і тое, што дробнае дома, выглядае тут значным, а тое, што значнае тут, можа здавацца дробным дома”. І пры кожнай аказіі ў Нью-Ёрк, а яны надараліся тады даволі часта, разам з дыпламатычнай поштай ці нейкімі візіцёрамі перасякалі акіян і мае, Міколы Матукоскага пакеты. Я дык адпраўляў доўгія, часам на старонак 15-20 лісты, а Матукоўскі больш сачыў і выразаў з розных выданьняў публікацыі, якія зацікавяць Генадзя. З тымі ж “паштарамі” з Нью-Ёрка прыходзілі Генадзевы лісты з падзякай, ягонымі развагамі і пытаньнямі, просьбай новай порцыі інфармавацыі з першай жа аказіяй, часам дакладна паведамляў, калі і хто будзе ехаць. А як доўга не надаралася аказіі, адпраўляў пісьмы поштай, але гэта была вельмі ненадзейная сувязь: пасланьні даходзілі праз тыдні два, а то і месяц, а часам і бясьсьледна зьнікалі.

Апроч усяго мяне вельмі займалі, часам забаўлялі паводзіны, зьмены ў псіхалогіі людзей, якія сталі адчуваць, уваходзіць у смак казытлівай слодычы рэальнай Вярхоўнай дзяржаўнай улады, сваёй далучанасьці да яе, сваёй дзяржаўнай значнасьці. У шмат каго аж дых займала ад усьведамленьня, што мае права ў любы час прапаноўваць і патрабаваць неадкладна паставіць на абмеркаваньне і галасаваньне любую прапанову, нават калі яна супярэчыць Канстытуцыі і раней прынятым законам, сабраць канстытуцыйную большасьць і памяняць любое канстытуцыйнае палажэньне, націскам кнопкі ўхваліць ці заблакаваць любое рашэнне. Наменклатуршчыкаў і дэмакратаў можна было адрозьніць адразу. Для першых нават непараўнальна поўная і рэальная дэмакратычная ўлада была ў прынцыпе рэч даволі звыклая, мусіць, таму паводзілі сябе пачціва, сьціпла і дэмакратычна. Тыя ж (пераважна з так званага дэмакратычнага лагеру), хто ўпершыню паспрабаваў яе ап’яняльную слодыч, ненатуральна важнічалі, надзімалі шчокі, асобныя дык перастававалі заўважаць і пазнаваць знаёмых, здароўкаліся, быццам робяць табе вялікую ласку. У адных гэта з часам прайшло, у іншых так і засталося, што ў рэшце рэшт і загубіла іх... Погляды, палітычная арыентацыя народных абраньнікаў розьніліся, часам дыяметральна, несумяшчальна, аднадушна галасавалі толькі за прамую трансьляцыю з залы, ніколечкі не клапоцячыся, у якую капеечку гэта вылятае. Многія пасяджэньні насамрэч нагадвалі захапляльнае шоў. На трыбуну, да мікрафонаў у зале выстройваліся чэргі, як за самымі дэфіцытнымі дэфіцытамі, сёй-той увачавідкі рваўся зусім ня дзеля таго, каб сказаць нешта разумнае, а проста лішні раз засьвяціцца на ўсю рэспубліку. Многіх нават у радыёэфіры ўжо сталі пазнаваць па галасах, найперш – маладых юрыстаў Ганчара і Булахава, гаваркіх бэнэфаўцаў Голубева, Грыбанава, Сямдзянаву, нашага вожыкаўца Сяргея Навумчыка, для каго само месца працы ў папулярным сатырычным выданьні паспрыяла ў заваяваньні дэпутацкага мандату. Пазнавалі і Пазьняка, а найбольш дык шклоўскага дырэктара саўгаса Лукашэнку з характэрным і запамінальным хрыплавата-эмацыянальным голасам, які часам па дзесяць-пятнаццаць раз на дзень прарываўся да мікрафону, важка і ўпэўнена выказваўся ледзь ці не па ўсіх пастаўленых на абмеркаваньне пытаньнях, праўда, іншы раз цяжка было зразумець, што ён хоча сказаць па сутнасьці, і, здаецца, яго ўсур’ёз не прымалі. А ў перапынках на дзіва мірна і прыязна вялі гаворку непрымірымыя ідэйныя праціўнікі, якія толькі што з трыбуны ці ад мікрафонаў палівалі адзін аднаго апошнімі словамі. У кулуарах пастаянна вяліся перамовы, гандаль, складваліся і распадаліся самыя нечаканыя і неверагодныя альянсы і кааліцыі. Групы, плыні, клубы, аб’яднаньні распадаліся, дзяліліся, ледзь ці не штодня ўзьнікалі новыя. Уласна кажучы, нараджаўся, праходзіў станаўленьне звычайны, нармальны, цывілізаваны парламентарызм. Спроба наладзіць сярод дэпутатаў нейкі парадак і дысцыпліну ўвядзеньнем строгага тэрытарыяльна-абласнога рэгуляваньня, дзе за лідэра выступала вызначаная высокая службовая асоба, не давала належнага выніку. Абласныя лідэры ў час галасаваньня хто ўмоўнымі сігналамі, хто сакавітым басам, як галасісты магілёўскі Грынёў, падавалі каманды, што чутно было ледзь ці не на ўсю залу, але дэпутаты ўжо разбрыліся па розных апазіцыйных, напаўапазіцыйных групах, клубах, фракцыях, не ўсе слухалі строгія каманды, галасавалі, як лічылі патрэбным. Пасьля забароны партыі часам цяжка было зразумець, хто каму апазіцыя. Неразмытасьцю сваіх пазіцый вылучалася толькі групка цьвёрдакаменных артадоксаў з ліку ветэранскіх і інвалідскіх арганізацыяў, абраных па асобных квотах, ды БНФ.

Сацыялагічныя замеры між тым засьведчвалі, што рэйтынг БНФ у буйных гарадах падбіраўся, а то часам і перавальваў за пяцьдзесят адсоткаў, і для дэмаралізаванай, разгубленай наменклатуры гэта быў яшчэ адзін званочак, яшчэ адна прычына для галаўнога болю, сігнал арганізоўвацца, дзейнічаць. І для не пазбаўленага тонкай інтуіцыі палітыка Пазьняка гэта таксама быў сігнал да яшчэ больш рашучых дзеяньняў – куй жалеза, пакуль гарачае, ці як справядліва заўважыў вялікі стратэг і тактык «промедление смерти подобно”. Ён ня раз у авальнай зале агучваў прапанову аб датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савету і прызначэньні новых выбараў, але яна ўсур’ёз не прымалася, расцэньвалася як альбо папулісцкая, альбо экстрэмісцкая. Цяпер, калі расстаноўка палітычных сілаў у грамадстве стала прынцыпова іншая і БНФ займеў гэтакую салідную электаральную падтрымку, можна дзейнічаць энергічней, напорысьцей, з пазіцыі сілы. Пазьняк двойчы выходзіў з прапановай аб рэферэндуме па роспуску парламенту і двойчы яе дружна правальвалі. У тым ліку і галасамі многіх старых і новых дэмакратаў, саюзьнікаў БНФ. Але Пазьняк з таварышамі не здаваліся – мабілізавалі сваіх прыхільнікаў і за кароткі час сабралі больш за 450 тысячаў подпісаў за правядзеньне рэферэндуму, і ў адпаведнасьці з нядаўна прынятым законам Вярхоўны Савет абавязаны аўтаматычна прызначыць ягоную дату. Наменклатурную бальшыню ахапіў панічны страх, і тут на выручку ёй прыйшоў Шушкевіч. Са свайго сьпікерскага крэсла ён ня толькі выступіў супраць рэферэндуму, але і з вясны да позьняй восені, на паўгода абвясьціў перапынак у рабоце сесійных пасяджэньняў. За гэты час, адыйшоўшы ад шоку, арганізаваўшыся і кансалідаваўшыся, наменклатура пасьпела шмат што зрабіць па дыскрыдацыі і нейтралізацыі БНФ. Словам, да восені шмат вады сьцякло, а калі ў канцы кастрычніка сабраліся на сесію, то ўжо не асабліва цырымонячыся пахавалі ідэю рэферэндуму, праігнараваўшы думку і патрабаваньне амаль паўмільёна грамадзянаў, груба парушыўшы іхняе права і самімі ж прыняты закон, на якім яшчэ і не пасьпелі высахнуць чарнілы. Здаецца, толькі 30 ці 35 чалавек прагаласавала за рэферэндум па роспуску парламенту. Ня думаю, што тут нейкая палітыка – проста кожны хваляваўся за сваю шкуру: дзе гарантыя, што зноў выбяруць?.. І яшчэ дэталька: усьлед за Булахавым найбольш апантана выступаў супраць рэферэндуму дэпутат Лукашэнка. Канечне ж, ужо тады ў яго былі свае з далёкім прыцэлам напалеонаўскія планы. Як, дарэчы, і ў Шушкевіча, які па наіўнасьці сваёй спадзяваўся, што антынезалежніцкая, антыбеларуская па сваёй сутнасьці наменклатура належным чынам ацэніць ягоную памяркоўнасьць, паразуменьне, згаворлівасьць, дэ-юрэ і дэ-факта прызнае яго сваім законным лідэрам, для чаго ён быў гатовы ледзь ці не на любыя кампрамісы, нават зрабіць сваім першым намесьнікам Кузьняцова, які і сесіі ня мог па-людску весьці... Але ў сваёй бальшыні дэнацыялізаваная наменклатура ўжо вызначылася – паставіла на блізкага і зразумелага свайго гадаванца, энергічнага гаспадарніка з трывалымі сувязямі ў Маскве прэм’ер-міністра Кебіча. Чужак з сумніўнымі нацыянальнымі прынцыпамі Шушкевіч ёй патрэбен быў чыста па тактычных меркаваньнях – супакоіць грамадскую думку, не даць кансалідавацца апазіцыі, спыніць Пазьняка, а калі стане праяўляць залішнюю самастойнасьць і непаслушэнства, ці “адыграе сваю ролю”, можна будзе лёгка і без праблемаў пазбавіцца, як ад баласту. Так яно ў рэшце рэшт і сталася...

Поделиться с друзьями: