Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке)
Шрифт:

– Так, адразу ў Наджылiму, - сказаў Джанатан.
– Як толькi мы прызямлiмся, мы ўбачым сцяжынку ў Яблыневую Далiну якраз перад намi. Грым i Ф'ялар будуць чакаць нас там. Нам застанецца толькi сесцi на iх i ехаць.

– I ты не будзеш паралiзаваны?
– усё не верыў я.

– Не, я буду свабодны ад варажбiцтва i

шчаслiвы, як нiхто на свеце. I ты, Сухарык, ты таксама будзеш шчаслiвы. Сцяжынка ў Яблыневую Далiну вядзе праз лес. Уяўляеш, як будзе здорава ехаць праз лес у промнях ранiшняга сонца?

– Добра, - я зноў засмяяўся.

– I мы не будзем спяшацца, - працягваў Джанатан.
– Мы зможам пакупацца ў якiм-небудзь маленькiм возеры, калi захочам. Але ўсё-такi мы трапiм да Мацiяса к таму часу, як ён згатуе суп.

– Як рады ён будзе, што мы з'явiмся, - сказаў я. Але раптам мне як ударыла ў галаву. Грым i Ф'ялар - як мог падумаць Джанатан, што мы зможам узяць iх з сабой у Наджылiму!

– Чаму ты гаворыш, што яны нас чакаюць? Яны ж спяць тут?

– Яны не спяць, Сухарык. Яны мёртвыя. Ад агню Катлы. А тое, што ты бачыш тут, гэта толькi iх абалонкi. Павер мне, Грым i Ф'ялар ужо ўнiзе на сцяжынцы ў Наджылiме i чакаюць нас.

– Тады давай спяшацца, - сказаў я.
– Каб яны не чакалi так доўга...

Але Джанатан паглядзеў на мяне i ўсмiхнуўся.

– Я зусiм не магу спяшацца, - сказаў ён.
– Я ж не магу зрушыцца з месца.

I тады я зразумеў, што я павiнен зрабiць.

– Джанатан, - сказаў я.
– Я пасаджу цябе на спiну. Калiсьцi ты гэта рабiў для мяне, цяпер я гэта зраблю для цябе. Гэта будзе справядлiва!

– Так, гэта справядлiва, - згадзiўся Джанатан.
– Але цi хопiць у цябе смеласцi, Сухарык Львiнае Сэрца?

Я падышоў да краю стромы i паглядзеў унiз. Было ўжо вельмi цёмна, i я ледзь-ледзь разгледзеў лужок. Ён быў

так далёка, што ў мяне перахапiла дыханне. Калi мы скочым туды, то мы дакладна трапiм у Наджылiму - абодва. Нiкому не трэба будзе заставацца тут, каб тужыць, плакаць i баяцца ўсяго.

Але гэта не нам трэба было скакаць. Скакаць трэба было мне. Джанатан гаварыў, што ў Наджылiму цяжка трапiць. Як я адважуся, як я пераадолею свой страх?

"Калi я не асмелюся зараз, - падумаў я, - я проста маленькая дрэнь, i я заўсёды не буду нiчым, акрамя як маленькая дрэнь, убоства".

– Я гатовы, - сказаў я Джанатану.

– Смялей, маленькi Сухарык, - падбадзёрыў мяне ён.
– Што ж, давай паспрабуем.

– Давай, толькi яшчэ крыху пасядзiм тут з табой, - прапанаваў я яму.

– Толькi нядоўга, - згадзiўся Джанатан.

– Пакуль не стане зусiм цёмна, каб я нiчога не бачыў, - сказаў я.

I так я сядзеў побач з iм, трымаючы яго руку, i адчуваў, якi ён дужы i добры i што нiчога страшнага не будзе, пакуль ён побач са мной.

Потым ноч i непраглядная цемра апусцiлiся на Наджыялу, на горы, схавалi раку i зямлю, а я стаяў на краю цяснiны з Джанатанам, якi моцна абняў мяне за шыю, i адчуваў, як ён дыхае мне ў вуха. Ён дыхаў зусiм спакойна, ён не быў падобны на мяне... Джанатан, мой брат, чаму я не такi смелы, як ты?

Унiзе ўжо нiчога не было вiдно, але я ведаў - што там; мне неабходна было зрабiць адзiн толькi крок у цемру, i ўсё скончыцца. Усё скончыцца вельмi хутка.

– Сухарык Львiнае Сэрца, - загаварыў Джанатан.
– Ты баiшся?

– Не... Так, я баюся. Але я гэта зраблю, Джанатан. Я скочу зараз... зараз... Я нiколi не буду баяцца. Нiколi не буду ба...

О Наджылiма! Так, Джанатан, так, я бачу святло! Я бачу святло!

Поделиться с друзьями: