Бяздонне
Шрифт:
"Больш i глыбей увайсцi ва ўнiверсiтэт", - думае Алёша i бяжыць i бяжыць па шумнай вулiцы.
I тая ж самая радасць ужо калоцiцца ў iм самiм. Яна вялiкая, як iмкненне маладосцi.
I так кожны вечар па дарозе ва ўнiверсiтэт.
III
Процi кватэры Алёшы, побач з домам, дзе жывуць рабочыя, на тым самым двары, у чысценькiм зялёным домiку, у асобным пакоi жыў студэнт трэцяга курса Андрэй Стронiн.
У блiжэйшым павятовым горадзе жылi яго бацькi - быўшыя багатыя мяшчане, брат жа яго, уласнiк вялiкага мануфактурнага магазiна ў адным з паўднёвых гарадоў, прысылаў яму многа грошай; затым Андрэй Стронiн не хадзiў на станцыю, як Алёша,
Як Алёша выходзiў ранiцаю на станцыю, Андрэй Стронiн яшчэ спаў, заўсёды тады Алёша бачыў шчыльна завешанымi вокны яго пакоя.
Уставаў Андрэй Стронiн а гадзiне адзiнаццатай i хадзiў па пакоi з кутка ў куток.
У яго былi свае думкi: яны не былi настойнымi i ўпартымi, яны былi нейкiмi вялiкiмi. I, можа, гэта затым, што не прывык ён з маленства сур'ёзна думаць, што не бачыў ён у жыццi нiякiх пакутных здарэнняў, над якiмi трэба было б доўга думаць, наогул не прыходзiлася яму нiчым глыбока, густа канцэнтраваць вакол чаго-небудзь думкi свае.
Дзяцiнства яго i першая маладосць прайшлi бесклапотна ў багатых бацькоў. I цяпер, ва ўнiверсiтэце, ён акуратна атрымлiваў ад брата кожны месяц пэўную суму грошай i мог увесь час аддаць навуцы. Ды толькi не было гэтага ў яго.
Замест гэтага было ў яго часта ў пачуццях i думках, хоць i там i тут неглыбока, нешта такое, што прымушала яго перажываць вялiкую разачараванасць ва ўсiм. У такiя, частыя, хвiлiны ён лажыўся, накрываў голаў падушкаю i стараўся заснуць. Пасля ж гэты настрой рабiўся менш вострым i цягнуўся раўней. Ён адчыняў акно i глядзеў на двор.
I здавалася яму тады, што людскiя галасы, якiя ён чуе на двары i па-за сценамi сваёй кватэры, шчырая вясёласць рабочых, радасны твар Алёшы, нават крык вераб'ёў каля пыльнага зелля пры сценах на двары - усё гэта ад яго далёка. Яно не праходзiць скрозь яго iстоту, не знаходзiць там нiчога сабе падобнага. Яно з'яўляецца як бы другiм светам.
Ён i сам не мог сказаць - добра гэта для яго цi кепска, патрэбна яму цi непатрэбна. Больш усяго было да гэтага ў яго абыякасцi.
А калi ўжо абыякасць для чалавека ўжо ва ўсiм тым, што на кожным кроку ў жыццi, калi не чапае яно iстоты, калi не здавальняе чалавека хоць бы тымi думкамi, калi не пачуццямi, у якiх прыходзiцца над iм бiцца, - то няма таму чалавеку радасцi непасрэдна ад жыцця, а загэтым i жыццё не ёсць жыццё.
Вось што было ў Андрэя Стронiна.
Падазваў ён раз да сябе к акну Алёшу, як той iшоў са станцыi. Глядзеў Стронiн на Алёшу звысоку, як стары студэнт, i зразу запытаў, сур'ёзна i панура:
– Чаго вы так рады заўсёды?
– А чаго я рад?
– таксама запытаў у непаразуменнi Алёша.
– А мне здаецца, што вы заўсёды як бы ў нейкай вясёласцi.
– Здаецца, не. Я заўсёды так, як звычайна для мяне.
– Не... Вы нiколi не думалi аб гэтым... Што вы бачыце перад сабою светлае?.. Што вы будзеце рабiць, скончыўшы ўнiверсiтэт?
– Як што? Жыць, працаваць.
– А ў чым жа, па-вашаму, жыццё?
Алёша маўчаў.
I тады абодвум стала нялоўка. Алёша пастаяў i моўчкi пайшоў у сваю кватэру. I было ў яго пачуццё таго, што ўсё ў жыццi добра: вось скончыць некалi ён унiверсiтэт, тады, як асаблiва ясна за апошнiя днi зразумеў ён, пашлюць яго з запасам ведаў на працу, i ён будзе рабiць вялiкую справу, патрэбную для ўсiх.
I тут жа набеглi думкi аб тым, што дома, там, дзе бацька быў заплакаў, калi ён ад'язджаў у гэты горад, - там людзi як бы не прабавалi той
радасцi, якая вакол iх захована, ды не ўзнята яшчэ для жыцця ўся; што не бачылi там людзi яшчэ той шырынi, якая ў жыццi i якую ўжо адчуў ён, Алёша, на студэнцкiх сходах i лекцыях..."Вось там я прылажу сваю працу", - радасна падумаў Алёша i, вясёлы, скрыпнуў дзвярыма.
А Андрэй Стронiн думаў:
"Што ў жыццi радаснага? Вось скончу я ўнiверсiтэт; буду служыць. Але што з гэтага? Буду днём займацца справамi, ноччу спаць, але што з гэтага? Яно ўсё будзе iсцi, заплятаючыся за службу, за нейкiя абавязкi перад гэтым самым жыццём, але ў чым яго радасць? Што мне з таго, што я вось цяпер стаю тут пры акне? Дзе тая глыбiня, якая напоўнiла б мяне сабою, страсянула б усю маю iстоту нечым тым настаяшчым, штоб я ўрос для хваляванняў жыцця?"
I тады прыпомнiлася Андрэю Стронiну, як адзiн раз, у перарыў мiж лекцыямi, адзiн яго блiзкi сябар запытаў:
– Цi бачыш ты перад сабою калi што-небудзь для сябе светлае ў жыццi?
У Стронiна была ў руках тоўстая кнiга. Ён прыставiў яе к вачам i сказаў:
– Вось як бачу свет скрозь гэтую кнiгу.
* * *
Радасць у Алёшы была шырокаю, яна была як бы адчуванне самога факта iснавання. Тут як бы выяўлялiся ў Алёшы нейкiя пласты вялiкай жыццяздольнасцi, нязжытыя, нячэпаныя. Яны парадзiлi ў iм крынiцу сiлы.
Яно, усё гэта, ахвацiла ўсю iстоту яго маладою лёгкасцю, выявiлася як захапленне жыццём, самымi яго звычайнымi, дробнымi, кожнадзённымi здарэннямi.
I вельмi часта, у часы студэнцкiх сходаў, было ў Алёшы прагнае жаданне крыкнуць на ўсю залу, мора маладых студэнцкiх галоў аб тым, што так захапiла яго. А на лекцыях адчуваў ён сябе проста шчаслiвым тым, што кожны новы дзень прыносiць яму новую шырыню ў светапоглядзе.
Было ў яго непаразуменне, калi часта бачыў ён на гэтых самых сходах i лекцыях Андрэя Стронiна з сумным бляскам вачэй, панурым. Здавалася, што Андрэй Стронiн сярод мора молада радасных людзей адзiн, як сярод страшнай пустынi.
Тады ўжо сам, некалькi разоў, хацеў Алёша пайсцi к Стронiну i распытаць яго аб усiм, даведацца, аб чым думае гэты чалавек.
I не ведаў яшчэ Алёша, што нiколi не зразумее ён гэтага чалавека, Стронiн жыў адзiн, Алёша жыў з людзьмi...
IV
Прывезлi раз ва ўнiверсiтэцкi анатамiчны тэатр мерцвяка для практыкi студэнтаў. Iшлi тады з працы рабочыя, суседзi Алёшы i Стронiна, мiма ўнiверсiтэта i зайшлi на двор глянуць...
Мярцвяк быў страшна худы, высахшы за нейкую доўгую хваробу. На мяккiх месцах цела абвiсла скура на iм фалдамi i змаршчакамi; яны, жоўта-гразныя, выяўлялi сабою вялiкую агiднасць чалавека пасля яго смерцi, у працэсе распаду матэрыi. Вострыя рэбры тырчалi пад скурай, а твар ужо мала што выяўляў - мусiць, доўга i паволi ўмiраў гэты чалавек. Калi што было на твары гэтага быўшага чалавека, дык гэта слабы адбiтак нейкага як бы непаразумення перад тым, што з iм рабiлася. Але вiдаць - гэта ўнутранае, несвядомае, бяспамятнае.
Як знiмалi яго з воза, галава яго абвiсла ўнiз, i толькi ў тую хвiлiну з'явiлася ў мерцвяку нешта такое ў яго земляной постацi, што, перавёўшы на жывога чалавека, сказала б:
– Вось надышло нешта надзвычайнае, вялiкае, як увесь свет, як усё разам, што iснуе. Яно здарылася са мною адным, прымусiла людзей нешта рабiць са мною, а я павiнен маўчаць...
I тады сярод жывых было тут вось што.
Рабочыя затаiлi на тварах выраз дзелавых людзей, перамешаны з пачуццём як бы нейкай ненармальнасцi вакол iх.