Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)
Шрифт:
– Гэта неверагодна, - сказаў Кас, - неверагодна. Але факт той, што я бачыў... так, так, я заглянуў у рукаў...
– Але вы ўпэўнены... цi праўда, што вы ўбачылi?.. Можа, тут было люстэрка... Выклiкаць жа галюцынацыю вельмi лёгка. Я не ведаю, цi бачылi вы калi-небудзь сапраўднага добрага фокуснiка?
– Не будзем спрачацца, - сказаў Кас.
– Мы ж ужо пра ўсё гэта гаварылi. Звернемся да кнiг... Ага, вось гэта, па-мойму, напiсана па-грэчаску. Ну, вядома, гэта грэчаскiя лiтары.
Ён паказаў на сярэдзiну старонкi. Мiстэр Банцiнг злёгку пачырванеў i прыблiзiў свой твар да кнiгi: з яго акулярамi, вiдавочна, зноў штосьцi здарылася. Яго веды ў грэчаскай мове былi вельмi слабыя, але ён думаў, што ўсе прыхаджане лiчаць яго знаўцам грэчаскай i
Ён адчуваў незразумелы цяжар, нiбы чыясьцi моцная рука прыгiнала яго ўнiз, так што падбародак дакрануўся да стала.
– Не варушыцеся, шаноўнейшыя, - пачуўся шэпт над яго вухам, - iнакш я размажджэру вам абодвум галовы.
Ён зiрнуў у твар Каса, якi блiзка прыгнуўся да яго, i ўбачыў на iм адлюстраванне свайго асабiстага спалоху i бязмежнага здзiўлення.
– Вельмi шкадую, што даводзiцца прымаць крутыя меры, - сказаў Голас, але гэта непазбежна. Калi гэта вы навучылiся заглядаць у прыватныя запiсы даследчыкаў?
– сказаў Голас, i два падбародкi адначасова стукнулiся аб стол, i дзве пары скiвiцаў адначасова шчоўкнулi.
– Калi гэта вы навучылiся ўрывацца ў дом чалавека, якi апынуўся ў бядзе?
– I зноў удар па стале i шчоўканне зубоў.
– Куды падзелi маю вопратку? Цяпер слухайце, - сказаў Голас.
– Вокны зачынены, а з дзвярнога замка я выняў ключ. Чалавек я вельмi моцны, i пад рукой у мяне качарга, не гаворачы ўжо пра тое, што я нябачны. Несумненна, калi б я толькi захацеў, я без усялякiх намаганняў забiў бы вас абодвух i спакойна знiк. Зразумела? Дык вось. Цi абяцаеце вы не рабiць глупстваў i выконваць усё, што я вам загадаю, калi я вас памiлую?..
Вiкарый i доктар паглядзелi адзiн на аднаго, i доктар скурчыў грымасу.
– Абяцаем, - сказаў вiкарый.
– Абяцаем, - сказаў доктар.
Тады Невiдзiмка выпусцiў iх, i яны выпрасталiся. Твары ў абодвух былi вельмi чырвоныя, i яны ўзмоцнена круцiлi галовамi.
– Прашу вас заставацца на сваiх месцах, - сказаў Невiдзiмка.
– Бачыце, вось качарга. Калi я ўвайшоў у гэты пакой, - працягваў ён, па чарзе падносячы качаргу да носа абодвух сваiх субяседнiкаў, - я не чакаў сустрэць тут людзей. I, мiж iншым, я спадзяваўся знайсцi акрамя сваiх кнiг, яшчэ i вопратку. Дзе яна? Не, не, не ўставайце. Я бачу - яе тут няма. Хаця днi цяпер стаяць дастаткова цёплыя для таго, каб Невiдзiмка мог хадзiць голы, але ўсё ж па вечарах даволi прахладна. Пагэтаму я маю патрэбу ў вопратцы i некаторых iншых рэчах. Акрамя таго, мне патрэбны гэтыя тры кнiгi.
Раздзел XII
НЕВIДЗIМКА ШАЛЕЕ
Тут неабходна зноў перапынiць расказ, з прычыны вельмi цяжкай акалiчнасцi, якая зараз высветлiцца. Пакуль у гасцiнай адбывалася ўсё апiсанае вышэй i пакуль мiстэр Хакстэрс назiраў за мiстэрам Марвелам, якi курыў люльку каля варот, воддаль, ярдах у дванаццацi, стаялi мiстэр Хол i Тэдзi Хенфры i, азадачаныя i збянтэжаныя, абмяркоўвалi адзiную айпiнгскую злобу дня.
Раптам пачуўся моцны ўдар у дзверы гасцiнай, адтуль даляцеў пранiзлiвы крык, i затым усё зацiхла.
– Эй!
– вымавiў Тэдзi Хенфры.
– Эй!
– пачулася ў распiвачнай.
Мiстэр Хол усведамляў усё, што адбывалася, павольна, але правiльна.
– Там штосьцi няладнае, - сказаў ён, выходзячы з-за стойкi i накiроўваючыся да дзвярэй гасцiнай.
Ён i Тэдзi разам падышлi да дзвярэй з напружанай увагай на тварах. Позiркi ў iх былi задумлiвыя.
– Штосьцi нядобра, - сказаў Хол, i Хенфры кiўнуў у знак згоды. На iх дыхнула цяжкiм пахам хiмiкалiяў, а з пакоя пачулася прыглушаная размова, вельмi хуткая i цiхая.
– Што ў вас там?
– спытаўся Хол, пастукаўшы ў дзверы.
Прыглушаная размова крута абарвалася, на хвiлiну наступiла маўчанне, затым зноў пачуўся гучны шэпт, пасля чаго раздаўся крык: "Не, не, не трэба!" Затым усчалася валтузня,
пачуўся стук крэсла, якое ўпала на падлогу, i шум кароткай схваткi. I зноў цiшыня.– Што за чорт!
– усклiкнуў Хенфры напаўголасу.
– Што ў вас там?
– зноў спытаўся мiстэр Хол.
Вiкарый адказаў нейкiм дзiўным дрыготкiм голасам:
– Усё ў парадку. Калi ласка, не перашкаджайце.
– Дзiўна!
– сказаў Хенфры.
– Дзiўна!
– сказаў мiстэр Хол.
– Просяць не перашкаджаць, - сказаў Хенфры.
– Чуў, - сказаў Хол.
– I хтосьцi фыркнуў, - сказаў Хенфры.
Яны працягвалi стаяць каля дзвярэй, прыслухоўваючыся. Размова ў гасцiнай аднавiлася, такая ж прыглушаная i хуткая.
– Я не магу, - пачуўся голас мiстэра Банцiнга.
– Кажу вам, судар, я не хачу!
– Што такое?
– спытаўся Хенфры.
– Кажа, што не хоча, - сказаў Хол.
– Каму гэта ён - нам, цi што?
– Абуральна!
– пачуўся голас мiстэра Банцiнга.
– "Абуральна!" - паўтарыў мiстэр Хенфры.
– Я гэта ясна чуў.
– А хто цяпер гаворыць?
– спытаўся Хенфры.
– Напэўна, мiстэр Кас, - сказаў Хол.
– Вы што-небудзь разбiраеце?
Яны памаўчалi. Размова за дзвярыма станавiлася ўсё больш незразумелай i загадкавай.
– Здаецца, абрус здзiраюць са стала, - сказаў Хол.
За стойкай з'явiлася гаспадыня. Хол стаў знакамi ўгаворваць яе, каб яна не шумела i падышла да iх. Гэта адразу ж абудзiла ў яго жонкi дух супярэчлiвасцi.
– Чаго гэта ты стаiш i слухаеш?
– спыталася яна.
– Iншай справы ў цябе няма, ды яшчэ ў святочны дзень?
Хол спрабаваў растлумачыць жэстамi i мiмiкай, але мiсiс Хол не пажадала зразумець i ўпарта павышала голас. Тады Хол i Хенфры, вельмi збянтэжаныя, на дыбачках вярнулiся да стойкi i растлумачылi ёй, у чым справа.
Спачатку яна ўвогуле адмовiлася прызнаць што-небудзь незвычайнае ў тым, што яны ёй паведамiлi. Потым запатрабавала, каб Хол замоўк i гаварыў адзiн Хенфры. Яна была схiльна лiчыць усё гэта глупствам, можа, яны проста перасоўвалi мэблю.
– Я чуў, як ён сказаў "абуральна", ясна чуў, - паўтарыў Хенфры.
– Так гэта цi не...
– пачала мiсiс Хол.
– Шш...
– перапынiў яе мiстэр Тэдзi Хенфры.
– Чуеце - акно?
– Якое акно?
– спыталася мiсiс Хол.
– У гасцiнай, - адказаў Хенфры.
Усе замоўклi, напружана прыслухоўваючыся. Невiдушчы позiрк мiсiс Хол быў скiраваны на светлы прамавугольнiк дзвярэй карчмы, на белую дарогу i фасад крамы Хакстэрса, асветлены чэрвеньскiм сонцам. Раптам дзверы крамы расчынiлiся, i з'явiўся сам Хакстэрс з вылупленымi ад хвалявання вачыма.
– Трымай злодзея!
– крыкнуў ён, кiнуўся бегчы наўскасяк да варот карчмы i знiк з поля зроку.
У тую ж секунду з гасцiнай данёсся гучны шум i бразганне акна, якое зачынялася.
Хол, Хенфры i ўсе людзi, што сядзелi ў распiвачнай, гурмой выбеглi на вулiцу. Яны ўбачылi, як хтосьцi хутка завярнуў за вугал, у напрамку да дарогi, што вяла ў поле, i як мiстэр Хакстэрс, падскочыў, перакулiўся ў паветры i ўпаў нiцма. Натоўп застыў у здзiўленнi, некалькi чалавек падбеглi да яго.
Мiстэр Хакстэрс быў без прытомнасцi, як пераканаўся нахiлiўшыся над iм Хенфры. Хол жа з двума работнiкамi з карчмы дабеглi да вугла, выкрыкваючы штосьцi незразумелае, i ўбачылi, як мiстэр Марвел знiк за вуглом царкоўнай агарожы. Яны, мусiць, вырашылi, што гэта i ёсць Невiдзiмка, якi раптоўна зрабiўся бачным, i кiнуўся наўздагон. Але не паспеў Хол прабегчы i дзесяцi ярдаў, як, гучна ўсклiкнуўшы ад здзiўлення, адляцеў убок i, ухапiўшыся за аднаго з работнiкаў, паляцеў разам з iм на зямлю. Ён быў збiты з ног, зусiм як у гарачай схватцы на футбольным полi збiваюць з ног iгракоў. Другi работнiк абярнуўся i, падумаўшы, што Хол проста, спатыкнуўся, працягваў гнацца адзiн; але тут i ён спатыкнуўся таксама, як Хакстэрс. У гэты час першы работнiк, якi паспеў падняцца на ногi, атрымаў збоку такi ўдар, якiм можна было б звалiць быка.