Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)
Шрифт:

– Ах ты, жывёлiна гэтакая!
– вылаяўся Фiрэнсайд, злазячы з павозкi з бiзуном у руцэ, у той час як сабака пiльна сачыў за iм з-за колаў.
– Iдзi сюды!
– крыкнуў ён.
– Iнакш будзе горш.

Хол стаяў, разiнуўшы рот, у поўнай разгубленасцi.

– Ён укусiў яго, - загаварыў Хол.
– Пайду пагляджу, што з iм.
– I закрочыў следам за незнаёмцам. У калiдоры ён сустрэў жонку i сказаў ёй: Пастаяльца пакусаў сабака Фiрэнсайда.

Ён падняўся па лесвiцы; дзверы незнаёмца былi прыадчынены, Хол расчынiў iх i ўвайшоў у пакой без асаблiвых цырымонiй, каб хутчэй выказаць сваё спачуванне.

Штора была апушчана, i

ў пакоi стаяў паўзмрок. Хол паспеў заўважыць штосьцi надзвычай дзiўнае, падобнае на руку без кiсцi, занесеную над iм, i твар, якi складаўся з трох вялiкiх расплывiстых плям на белым фоне, вельмi падобны на бледную кветку браткоў. Потым моцны штуршок у грудзi адкiнуў яго ў калiдор, дзеры зачынiлiся з трэскам перад самым яго носам, i ён пачуў, як шчоўкнуў ключ у замку. Усё гэта адбылося так хутка, што Хол не паспеў нiчога ўцямiць. Мiльгаценне нейкiх цьмяных ценяў, штуршок i боль у грудзях. I вось ён стаiць на цёмнай пляцоўцы перад дзвярыма, пытаючыся ў сябе, што ж гэта такое ён бачыў.

Крыху пазней ён далучыўся да кучкi людзей, што сабралiся на вулiцы перад карчмой. Тут быў i Фiрэнсайд, якi ўжо ў другi раз расказваў усю гiсторыю з самга пачатку; i мiсiс Хол, якая паўтарала, што яго сабака не мае нiякага права кусаць яе пастаяльцаў; тут быў i Хакстэрс, уладальнiк лаўкi насупраць, таксама моцна зацiкаўлены здарэннем, i Сэндзi Ўоджэрс з кузнi, якi слухаў Фiрэнсайда з глыбакадумным выглядам; збеглiся жанчыны i дзецi, i кожны выказваў якое-небудзь глупства, накшталт: "Паспрабаваў бы ён мяне ўкусiць", "Нельга трымаць такiх сабак", "А чаму ён яго ўкусiў?" i так далей.

Мiстэр Хол глядзеў на iх з ганка, прыслухоўваўся да размовы, i яму пачало ўжо здавацца, што нiчога незвычайнага ён наверсе ўбачыць не мог, напэўна, гэта проста здалося. Ды яму i слоў не хапiла б, каб перадаць свае ўражаннi.

– Ён сказаў, што яму нiчога не патрэбна, - толькi i адказаў ён на пытанне жонкi.
– Я думаю, трэба занесцi багаж.

– Трэба адразу прыпячы, - сказаў мiстэр Хакстэрс, - асаблiва калi атрымалася запаленне.

– Я прыстрэлiла б гэтага сабаку, - сказала адна з жанчын.

Раптам сабака зноў загыркаў.

– Давайце рэчы, - пачуўся сярдзiты голас, i на парозе з'явiўся незнаёмец, захутаны, з паднятым каўняром i апушчанымi палямi капелюша.
– Чым хутчэй вы ўнясеце мае рэчы, тым лепш, - працягваў ён. Па сведчаннi аднаго з вiдавочцаў, ён паспеў перамянiць пальчаткi i штаны.

– Моцна ён вас пакусаў, спадар?
– спытаўся Фiрэнсайд.
– Мне вельмi непрыемна, што мой сабака...

– Дробязi, - адказаў незнаёмец, - нават не абадраў. Паспяшайцеся лепш з рэчамi.

Тут ён, па сцвярджэннi мiстэра Хола, вылаяўся сам сабе.

Як толькi першую карзiну ўнеслi па яго ўказаннi ў гасцiную, незнаёмец нецярплiва пачаў яе распакоўваць, бесцырымонна раскiдваючы салому па дыване мiсiс Хол. Ён пачаў выцягваць з карзiны бутэлькi - маленькiя пузатыя бутэлечкi з парашкамi, невялiкiя, вузкiя бутэлькi з пафарбаванай у розныя колеры або празрыстай, як вада, вадкасцю, выгнутыя пляшкi з надпiсам "яд", круглыя бутэлькi з тонкiмi рыльцамi, вялiкiя бутэлькi з зялёнага i белага шкла, бутэлькi з шклянымi коркамi, з вытраўленымi на iх надпiсамi, з прыцертымi коркамi, бутэлькi з затычкамi, бутэлькi з-пад вiна i праванскага масла. Усе гэтыя бутэлькi ён расставiў радамi на куфры, на камiннай дошцы, на стале, на падаконнiку, на падлозе, на этажэрцы - усюды. У брэмблхерсцкай аптэцы

не набралася б i палавiны такой колькасцi бутэлек. Вось гэта было вiдовiшча! Ён распакоўваў карзiну за карзiнай, i ва ўсiх былi бутэлькi. Нарэшце ўсе шэсць карзiн апусцелi, а на стале вырасла гара саломы; акрамя бутэлек, у карзiнах знаходзiлася яшчэ нямала прабiрак, а таксама старанна ўпакаваныя вагi.

Незнаёмец распакаваў карзiны, адышоў да акна i адразу ж узяўся за работу, не звяртаючы ўвагi на кучу саломы, на патухлы камiн, на скрынку з кнiгамi, што засталiся на вулiцы, на чамаданы i астатнi багаж, якi быў ужо занесены наверх.

Калi мiсiс Хол падала абед, незнаёмец быў поўнасцю заняты сваёй работай: ён улiваў па кроплях вадкасць з бутэлек у прабiркi, i нават не заўважыў, як яна ўвайшла; толькi калi яна прыбрала салому i паставiла паднос на стол, можа, некалькi больш шумна, чым звычайна, таму што яе ўсхваляваў непрыглядны выгляд дывана, ён мелькам зiрнуў у яе бок i тут жа адвярнуўся. Яна паспела заўважыць, што незнаёмец быў без акуляраў; яны ляжалi каля яго на стале, i ёй здалося, што яго вачнiцы незвычайна глыбокiя. Ён адзеў акуляры, павярнуўся i паглядзеў ёй у твар. Яна збiралася ўжо выказаць сваю незадаволенасць неахайнасцю пастаяльца, але ён апярэдзiў яе.

– Я папрасiў бы вас спачатку пастукаць у дзверы, а ўжо потым заходзiць у пакой, - сказаў ён з незвычайным раздражненнем, якое, вiдаць, iмгненна ўспыхвала ў iм з любой прычыны.

– Я пастукалася, але, магчыма...

– Можа, вы i стукалi. Але ў час маiх даследаванняў, - даследаванняў надзвычай важных i неабходных, - самае нязначнае... нават рыпенне дзвярэй... Я папрасiў бы вас...

– Вядома, судар. Калi вы жадаеце, вы можаце замыкаць дзверы на ключ. У любы час.

– Вельмi ўдачная думка!
– сказаў незнаёмец.

– Вось толькi гэтая салома, судар. Асмелюся заўважыць...

– Не трэба! Калi салома вас турбуе, запiшыце яе на мой рахунак.
– I ён прамармытаў сам сабе штосьцi вельмi падобнае на лаянку.

Ён стаяў перад гаспадыняй з ваяўнiчым i раздражнёным выглядам, трымаючы ў адной руцэ бутэльку, а ў другой прабiрку, i ўсё яго аблiчча было такое дзiўнае, што мiсiс Хол збянтэжылася. Але яна была асоба рашучая.

У такiм выпадку, - заявiла яна, - я хацела б ведаць, колькi вы мяркуеце...

– Шылiнг, пастаўце шылiнг. Я думаю, гэтага дастаткова?

– Добра, няхай так i будзе, - сказала мiсiс Хол, распачынаючы накрываць на стол.
– Канечне, калi вы згодны...

Незнаёмец павярнуўся i сеў спiной да яе. Увесь пасляабедзенны час ён працаваў, замкнуўшыся на ключ i, як сцвярджае мiсiс Хол, амаль у поўнай цiшынi. Толькi адзiн раз прагучаў трэск i звон шкла, як быццам хтосьцi штурхнуў стол i з размаху шпурнуў на падлогу бутэльку, а потым пачулiся паспешлiвыя крокi па дыване. Асцерагаючыся, што адбываецца нешта няладнае, гаспадыня падышла да дзвярэй i, затаiўшыся, пачала прыслухоўвацца.

– Нiчога не выйдзе!
– крычаў ён раз'юшана.
– Не выйдзе! Трыста тысяч, чатырыста тысяч! Гэта неверагодна! Абмануты! Усё жыццё пойдзе на гэта!... Цярпенне! Лёгка сказаць!.. Дурань, дурань!

Тут хтосьцi ўвайшоў у карчму, загрукалi цяжкiя боты па плiтках падлогi, i мiсiс Хол павiнна была, хочаш не хочаш, адступiць ад дзвярэй не даслухаўшы.

Калi яна вярнулася, у пакоi зноў было зусiм цiха, калi не лiчыць слабога скрыпу крэсла i пабразгвання бутэлькi. Вiдавочна, незнаёмец зноў прыняўся за работу.

Поделиться с друзьями: