Чалавек з брыльянтавым сэрцам
Шрифт:
Чытаючы старыя манускрыпты, не са здзiўленнем, а з цiхiм шкадаваннем адзначаў Гай Дубровiч усемагутную веру сваiх далёкiх папярэднiкаў у несакрушальную бязмежную сiлу тэхнiкi i навукi. Людзi калiсьцi марылi аб птушыных крылах i змайстравалi самалёт, а потым ракету i зоркалёт. Людзi навучылiся глядзець праз метал i камень, пасялiлiся на акiянскiм дне, перамаглi рак, пачалi ажыўляць мёртвых (праўда, толькi дзяцей), нарабiлi камп'ютэраў, акружылi сябе полчышчамi паслухмяных звышпрацавiтых робатаў, накiравалi космадэсантнiкаў на Марс i Венеру. Але ўсяго гэтага iм было мала. Людзям здавалася, што яшчэ адзiн крок, адно кароткае, як узмах веек, iмгненне - i рухнуць сцены апошнiх, такiх зманлiвых таямнiц, рассыплюцца на каменьчыкi гранiтныя горныя хрыбты, знiкнуць iнерцыя, вага, можна будзе лёгка i крылата пайсцi па вадзе, па самым лютым агнi; можна растапырыць пальцы рукi, з усяго маху ўдарыць iмi ў камень - i пальцы не зломяцца, а ўвойдуць у яго,
Лозунгу "Назад - у пячоры!", вядома, не было, але Партыя Новых Лудзiтаў каменнымi сякерамi на дробныя кавалачкi разбiла каля Дома Народаў звышдакладны станок-робат. Адбылося некалькi жорсткiх сутычак з робатамi, прычым з абодвух бакоў выкарыстоўвалiся агнямёты. Затым у Германii ўспыхнула Першае паўстанне робатаў. Яго кiраўнiк робат Х-29342 назваў сябе Спартаком i загадаў усiх iнжынераў i тэхнiкаў, што апынулiся ў руках паўстанцаў, распяць на металiчных крыжах. Ледзьве ўдалося пранiкнуць у лагер мяцежнiкаў i абясточыць усiх. Тады ж Вялiкi Рэферэндум прыняў амаль адзiнагалосную пастанову, якую дасцiпныя журналiсты ахрысцiлi Сiнiм Тормазам. Гэты Сiнi (ад колеру дыму лучын i вогнiшчаў) Тормаз уводзiў на ўсёй планеце Трохгодкi Навуковых Адкрыццяў. Згодна пастановы, грамадскi час дзялiўся на трохгодкi, на працягу якiх навуковыя iнстытуты, вучоныя, даследчыкi, рацыяналiзатары (былi i такiя), вядома ж, працавалi, але не мелi права абнародаваць свае адкрыццi, абавязаны былi трымаць iх пад сакрэтам. Толькi ў апошнiм снежнi трохгодкi iм дазвалялася праз часопiсы i газеты, праз радыё i тэлебачанне азнаёмiць насельнiцтва планеты з трыма самымi значнымi, на iх погляд, адкрыццямi. "Мазгавiкоў" (так у прастамоўi называлi вучоных) гэта вельмi крыўдзiла i прыгнечвала. На пачатку першай трохгодкi семнаццаць вучоных (сярод якiх было пяць жанчын) у знак пратэсту пакончылi жыццё самагубствам. З вялiкiмi ўрачыстасцямi iх пахавала ўся планета, але трохгодак не адмянiлi. Сiнi Тормаз падтрымалi 83 працэнты дарослых зямлян: усе фермеры i бiёлагi, амаль усе паэты i шахцёры, болыыасць аўтамабiлiстаў, верталётчыкаў, хiмiкаў... Толькi Саюз космадэсантнiкаў, Лiга барацьбы супраць мутантаў i Аб'яднанне беласкурых прастытутак не згадзiлiся з вынiкамi Вялiкага Рэферэндуму ды вымушаны былi падпарадкавацца Ўсепланетнай Дысцыплiне.
На дзвярах хатняй бiблiятэкi, у якой у глыбокiм одуме i разгубленасцi гартаў "Усеагульную Гiсторыю Чалавецтва" Гай Дубровiч, раптам успыхнуў ярка-жоўты кружок - нехта прасiў дазволу ўвайсцi.
– Уваходзьце, - сказаў Дубровiч.
I адразу на дзвярах загарэўся кружок зялёнага колеру.
У бiблiятэку рашуча ўвайшла ягоная жонка Бярозка Дубровiч, прыгожая, смуглявая. Учора, як помнiцца, яна была ў адзеннi ангельскай лэдзi вiктарыянскай эпохi, сёння ж перад Дубровiчам стаяла антычная афiнянка - у белай падоўжанай тунiцы, з блiскучым, цi не срэбным, вяночкам на чорных валасах.
– Якi ў цябе крывяны цiск i што ты бачыў у апошнiм сне, Адзiны? прывiтала яна мужа, пяшчотна пацалаваўшы яго ў скроню.
Вялiкая Эра Плюралiзму (або ВЭП, як любiлi гаварыць сябры Гая Дубровiча - маладыя энергiчныя фiзiкi) зрабiла адносiны памiж мужчынам i жанчынай больш гнуткiмi, болып рухомымi i нестандартнымi. Той, хто хацеў, меў адну жонку i адпаведна аднаго мужа. Такiх сем'яў (прынамсi, у Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi) была большасць. Але мелiся i так званыя пашыраныя сем'i, дзе разам, у шчасцi i ў поўнай згодзе, жылi тры мужчыны i тры жанчыны. Мужы i жонкi ў пашыраных сем'ях звярталiся адно да аднаго са словамi: "Каханая", "Каханы". Гай Дубровiч i Бярозка Дубровiч былi адналюбамi, вось чаму Бярозка сказала, пяшчотна i мiлагучна: "Адзiны".
Гай пацалаваў жонку. Яна ўважлiва паглядзела на яго, пацёрлася шчакой аб ягоны плячук, потым твар спахмурнеў.
– Ведаеш, Гай, не вельмi добрыя навiны...
– Зноў нехта бачыў мяне ў iдыёцкiм сне?
– не даў ёй дагаварыць Гай.
– Так. Тэлефанавала Вера Хрысцiнюк... Голас у Бярозкi быў нясмелы, прыдаўлены.
– I што ж?
– Казала, што прыснiлася ёй ядзерная катастрофа. Казала, што ўсе мы паспелi забегчы ў сховiшча, нават таўстун Каласоўскi, а ты чамусьцi не ўскочыў за бранiрованыя дзверы. Не змог. I разам з табой там, пад ядзерным выбухам, застаўся ксёндз Баляслаў.
– Ксёндз?
– здзiвiўся
– Але. Ксяндза цяжка паранiла. Нейкая цяжкая стальная бэлька ўпала на грудзi. Ён сваёй крывёю намаляваў на зямлi крыж, пацалаваў яго i памёр. А ты... Вера Хрысцiнюк бачыла, як ты стаў на каленi, горка плакаў i прасiў, каб цябе ўпусцiлi ў бамбасховiшча. Ды нiхто не адчынiў дзверы. А ты ўсё стаяў на каленях i прасiў, прасiў...
– Перастань, - рэзка сказаў Гай Дубровiч.
– Ты ж бачыш, што мне непрыемна слухаць.
– Прабач, Адзiны, - пачырванела Бярозка.
– Я не хацела... Але ж такi сон... Прашу цябе - будзь асцярожны... Пастарайся гэтымi днямi нiкуды не выходзiць з дому, пасядзi над сваiмi рукапiсамi, пагуляй з Чарлi ў шахматы...
Чарлi быў хатнiм робатам Дубровiчаў - вялiкае металiчнае цела, чырвоныя пранiзлiвыя вочы, хрыплы, як прастуджаны, голас.
– Гуляць з гэтай бляшанкай?
– Гай крыва ўсмiхнуўся.
– Робата мы маем права замянiць толькi праз чатыры месяцы, - напомнiла Бярозка, радуючыся, што размова аддаляецца ад злашчаснага сну.
Ды, вiдно па ўсiм, у галаве ў Гая моцна засела навiна, прынесеная жонкай. Ён пстрыкнуў пальцамi, што рабiў у хвiлiны душэўнага ўзрушэння, спытаў:
– Скажы, Адзiная, а якi я быў там, за дзвярыма сховiшча?
– Як - якi?
– не зразумела Бярозка.
– Ну, твая дарагая сябровачка Хрысцiнюк, вядома ж, не прамiнула ўбачыць у сваiм iдыёцкiм сне, што я стаяў на каленях, лiў слёзы, як бабёр. I, пэўна ж, кулакамi грукаў у бранiрованыя дзверы. I густы дым наплываў... I ўся зямля гарэла... I ў мяне была скрыўленая ад жаху фiзiяномiя... Чарлi ў параўнаннi са мной здаўся б пераможцам усепланетнага конкурсу прыгажуноў.
– Не трэба, - цiха папрасiла Бярозка.
– Але ж я павiнен быў быць там голы, - не пачуў яе Гай.
– Разумееш? На мне б спалiла ўсё адзенне, да апошняй нiткi... Усе валасы... Разумееш? I зямлю б вакол мяне выпалiла ўшчэнт... Голы чалавек на голай зямлi! Здорава! Чым не апакалiпсiс?
– Навошта толькi я табе сказала?
– сумна ўздыхнула жонка.
– А ты абавязана была сказаць. Хiба ты забылася пра восьмае правiла Штодзённага Этыкету? "Зрабi ўсё магчымае i, калi можаш, немагчымае, каб пазбавiць свайго блiжняга i кожнага жыхара планеты ад няшчасця, ад трывогi i дэпрэсii, ад суму". Ты, Адзiная, зрабiла абсалютна правiльна, - Гай пацалаваў жонку ў шчаку.
– Значыць, да мяне можа прыйсцi Вялiкi Жах, а ён прыходзiць толькi ўначы. Так-так... I нiчога не кажы, ты ж ведаеш... Ён можа прыйсцi. А я i думаю - чаму гэта сёння ранiцой, калi я толькi прачнуўся i яшчэ ляжаў у ложку, мне проста на твар упаў чорны павук? Ясна - Вялiкi Жах папярэджвае.
– Павук?
– пабялела жонка.
– Якое мярзоцце! А куды ж глядзiць Чарлi? Ён жа, як кожны хатнi робат, абавязаны прыбiраць кватэру. Абiбок! Зноў, пэўна, у шахматы пачаў гуляць з суседскiмi робатамi. Вось не дам яму пахучай змазкi цэлы месяц, хай паскрыгоча нязмазанымi шарнiрамi.
– Змазку трэба даць, - спалохаўся Гай, успомнiўшы непрыемны рэзкi скрыгат, якi ляцеў ва ўсе бакi ад вялiзнага робата, калi канчалася, высыхала змазка.
– Я ўсё роўна паскарджуся на яго ва Ўпраўленне Хатнiх Робатаў, - цвёрда прамовiла Бярозка.
– Няхай нават яго ад нас забяруць. Чатыры месяцы здолеем абысцiся i без робата. Але дамовiмся, Адзiны, што гэтыя днi мы будзем толькi дома. Добра? Жывi, як калiсьцi казалi нашы продкi, дамаседна.
Яе вочы глядзелi на Гая з каханнем, з цеплынёй i пранiклiвасцю. Яе вочы, здавалася, хацелi нырнуць у самую глыбiню ягоных вачэй. Шаснаццаць год прайшло, як яны ўзялi шлюб, як цела ад цела агнём занялося, а Гай Дубровiч i сёння ў час кароткiх цi доўгiх разлук (а ён часта ездзiў i лётаў у навуковыя камандзiроўкi) з трапятаннем, быццам зялёны юнак, чакаў сустрэчы з жонкай. Бярозка таксама кахала яго, i ў iх нарадзiўся сын Клён, Клён Дубровiч.
Тут самы час даць адно тлумачэнне. Вялiкая Эра Плюралiзму вызвалiла людзей духоўна, Чалавек мог рабiць усё, што лiчыў патрэбным, чалавечным, што не ўцiскала волю суседа або цэлай грамады. Такое, вядома, далося няпроста, бо ў геннай памяцi зямлян заставалiся не толькi любоў, спагада, але i нянавiсць, зло, прага чужых слёз i крывi. З экстрэмiстамi-забойцамi, напрыклад, чалавецтва развiталася жорстка, хоць i згодна iхняму пажаданню у адноўленым Калiзеi ў Рыме некалькi дзён iшлi гладыятарскiя баi. Тыя, каму нецiкава было жыць на мiрнай планеце, нецiкава было памiраць сваёй смерцю, выйшлi на арэну. Iхнiмi працiўнiкамi былi мутанты, гiганцкiя ваўкi i сабакi, што пладзiлiся непадалёку ад Чарнобыльскага саркафага. Дык вось адной з праяў духоўнага вызвалення была магчымасць кожнага, хто пажадае абраць сабе i сваiм нашчадкам новае iмя i прозвiшча. Не ўсе зрабiлi такое, але Гаеў прапрапрадзед, якi жыў i працаваў у лесе, назваўся Дубровiчам i iмя адпаведна прыдумаў "лясное" - Ясень. З таго часу i вядуцца iмёны Гай, Пушча, Бярозка, Шыпшына, Клён. Праўда, разам з гэтым кожнае немаўля роду Дубровiчаў атрымлiвае i хрысцiянскае iмя.