Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чалавек з брыльянтавым сэрцам
Шрифт:

– Хачу, каб мы ўсе былi шчаслiвыя: наша мама, ты i я, - пранiкнёна сказаў Гай Дубровiч.

Вялiкая Эра Плюралiзму навучыла зямлян мудрай i, як усё мудрае, простай iсцiне: шчасце грамадства пачынаецца са шчасця кожнага, узятага паасобку, чалавека. I яшчэ: не можа быць шчаслiвай i вялiкай краiна, у якой жыве ў няшчасцi маленькi чалавек.

– А ты аб чым падумаў?
– у сваю чаргу, спытаў бацька ў сына.

– Я вельмi хачу, каб да цябе не прыйшоў Вялiкi Жах, - адказаў Клён, i вочы ўспыхнулi.

– Вось ты пра што, - узняўся з крэсла Гай.
– А я нават забыўся пра вiзiт гэтага спадара. Хаця не, не забыўся, памятаў, але не першай памяццю. Не хвалюйся, сынок. Гэтакае бывае ў кожнага мужчыны. I ў цябе некалi будзе. А хiба разумна баяцца непазбежнага? Хваляванне, вядома, ёсць. Прыкладна так людзi даўнейшых стагоддзяў хвалявалiся, заходзячы ў кабiнет да стаматолага. Былi ўрачы такой спецыяльнасцi, якiя лячылi людзям зубы i нават вырывалi iх спецыяльнымi абцугамi. Зараз, дзякуй Богу i навуцы, мы не ведаем, што такое зубны боль. А раней - ого-го!

Ён зморшчыўся, надзьмуў шчаку,

схапiўся за яе рукою, застагнаў, i Клён не вытрымаў, засмяяўся. Не верылася, што такая дробязь, як зуб, мог калiсьцi прыносiць чалавецтву столькi пакутаў.

Камiн патух. Толькi на прашчуры ярка блiскаў маленькi вугольчык. Святло не запальвалi, i ў цемры, што пакрысе наплывала з усiх бакоў, гэты зiхоткi вугольчык здаваўся мудрым пранiзлiвым вокам, якое праз вечнасць пiльна пазiрае на iх, бацьку i сына. Хацелася размаўляць шэптам, i яны так i рабiлi.

Потым паглядзелi вячэрнi выпуск тэленавiнаў. Вярнулася шматгадовая касмiчная экспедыцыя з ваколiц зоркi Праксiма Кентаўра, што з усiх зорак сама блiжэй размешчана да Сонца. Касмадэсантнiкi, i памiж iх тры жанчыны, усе ў белым, выходзiлi з карабля, махалi рукамi, смяялiся i, сышоўшы па трапу, станавiлiся на каленi, цалавалi зямлю... У Бiскайскiм залiве бушаваў жорсткi шторм. Вадзяныя касматыя горы атакавалi маленькую рыбалоўную шхуну. Адтуль неслася "SОS"... Выступаў кiраўнiк Мiжнароднага Ўпраўлення па барацьбе з мухай цэ-цэ, дзябёлы шыракалобы мужчына. Трэба было нешта гаварыць, а думак i слоў малавата, i ён цягнуў штохвiлiнна: "Э-э-э...", толькi каб не маўчаць.

– Кожнае слова ватай абкладвае, - сказаў, зморшчыўшыся, Гай сыну. Выключы. А ў Бiблii ж напiсана: "Словы мудрых - як iголкi i як увабiтыя цвiкi".

– Зараз не будзе нi iголак, нi цвiкоў, - весела прамовiў Клён i выключыў тэлевiзар.

Насоўвалася ноч. Было чутно, як на двары, вакол дома, трывожна бегае вецер. Бацька з сынам сцiшылiся. Яны думалi, кожны, вядома, па-свойму, аб адным. Яны думалi аб Вялiкiм Жаху.

Няма i не было чалавека, якi б не ведаў, што такое страх. Самы найхрабрэйшы з герояў мог кiдацца на коп'i, амбразуры з кулямётамi, са святою песняй узыходзiць на вогнiшча, смеючыся iсцi па канаце, нацягнутым мiж высачэзнымi небаскробамi, i ўздрыгваць, нiбы заяц, ад слабага гуку, якi ў глухiм лесе раптоўна раздаваўся за ягонай спiной. Летучы з дрэва, ударалася аб зямлю яловая спелая шышка, а ў чалавека ад неспадзеўкi падкошвалiся ногi i цямнела ўваччу. Колькi на планеце людзей, столькi й страхаў. Ды, несумненна, значна больш. Самы галоўны для ўсiх жывых - страх смерцi, магiлы. А ёсць жа страх болю i хваробы, страх цемры i вышынi, страх беднасцi i здрады... Адзiн баiцца патаўсцець, палысець, кашлянуць пад час сiмфанiчнага канцэрта, калi натхнёна i светла салiруе скрыпка. Другi баiцца глянуць у вочы начальству. Кожнага, як кажуць, свая пiла пiлуе. За тысячагоддзi зямной гiсторыi столькi набралася страхаў, дэпрэсiй i стрэсаў, столькi енкаў i крыкаў, што ўсё гэта, у рэшце рэшт, не магло не аб'яднацца, не злiцца ў адну субстанцыю, iмя якой - Вялiкi Жах. Людзi Вялiкай Эры Плюралiзму ўпершыню, твар у твар, сутыкнулiся з iм гадоў сто назад, калi ён пачаў атакаваць Зямлю з Дальняга Космасу. Размовы аб д'яблах, аб начных прывiдах i злых духах, аб палтэргейсце, у час якога самi сабою лёталi цяжкiя хатнiя рэчы, выстрэльвалiся, як кулi, са сваiх гнёздаў электрычныя пробкi i пагрозлiва крычалi сцены, зрабiлiся, на жаль, суровай рэальнасцю. Калi ўдумацца, унiкнуць глыбей, то нiчога асаблiва ненатуральнага ва ўсiм гэтым няма. Ёсць усеагульны закон захавання матэрыi i руху, закон захавання энергii. Нiшто не знiкае, у тым лiку i жыццё. Што робiцца з фiзiчнай сiлай, з духам тых людзей, якiя памiраюць? Яны адлятаюць да верхнiх рубяжоў Дальняга Космасу, там канцэнтрыруюцца, перагрупоўваюцца, каб у выглядзе розных вiдаў энергii (маланак, сонечнага ветру) зноў вярнуцца на Зямлю. Адсюль, з гэтага вызваленага палёту, пачынаюцца ўсе рэлiгii, вера ва ўзнясенне пасля смерцi на нябёсы. I таксама адсюль "труба", якую бачаць, праз якую са страшэннай iмклiвасцю iмчацца тыя, хто пераступае парог клiнiчнай смерцi. Ведаючы пра закон захавання энергii, няцяжка перакiнуць масток да закону захавання эмоцый, як станоўчых, так i адмоўных. Яны не знiкаюць, а зноў жа назапашваюцца каля верхнiх рубяжоў Дальняга Космасу, прычым адмоўныя трымаюцца ў раёне чорных дзiрак. Нездарма чалавецтва яшчэ ў дагамераўскiя часы было ўпэўнена ў iснаваннi Светлых i Цёмных Сiл, якiя кiруюць лёсам людзей. Грэчаскiя, а за iмi нямецкiя фiлосафы спачатку асцярожна, а потым усё настойлiвей пачалi падмяняць паняцце Бог паняццем Абсалютнага Розуму. Але толькi навуковая думка Вялiкай Эры Плюралiзму прыйшла да цвёрдай высновы, што ўвесь бачны i нябачны Сусвет ёсць не што iншае, як... Адзiны Мозг. Наша Галактыка, у якой дробненькiм зярняткам згубiлася планета Зямля, клетка гэтага Мозгу i знаходзiцца ў ягоным левым паўшар'i. Чалавечы мозг - зменшаная копiя Адзiнага Мозгу. Плямы i ўспышкi на Сонцы, каметы i метэарытныя дажджы, паўночныя ззяннi i нечуваныя ўраганы усё гэта паверхневыя праяўленнi эмацыянальнай дзейнасцi Адзiнага Мозгу. У глыбiню, у самы патаемны асяродак гэтай дзейнасцi чалавецтва не пранiкла i, бадай, нiколi не пранiкне, бо мозг не можа зразумець самога сябе, няма люстэрка, у якiм бы ён убачыў сябе збоку.

Бацька i сын Дубровiчы, прыслухоўваючыся да шуму начнога ветру, гаварылi напаўголас аб усiм гэтым i чакалi прыходу Вялiкага Жаху. Такое магло здарыцца сёння, заўтра, у любую хвiлiну. Вялiкi Жах, калi б можна было ў дачыненнi да яго карыстацца чалавечымi ацэнкамi, быў даволi выхаваным i тактоўным. Свайго чарговага працiўнiка (не будзем казаць - ахвяру) ён загадзя папярэджваў (успомнiм крылаты выраз князя Святаслава: "Iду на Вы").

Некалькi папярэджванняў атрымаў i Гай Дубровiч - трывожныя сны блiзкiх людзей i добрых знаёмых, падзенне балкона, чорны павук на твары... Такiмi, здавалася б, малазначнымi штрышкамi, iмгненнымi фехтавальнымi выпадамi Жах, мяркуючы па ўсiм, хацеў яшчэ да свайго прыходу падавiць чалавечую волю. Прырода Вялiкага Жаху i дагэтуль вельмi слаба вывучана. Можна меркаваць, што ён наведваў людзей ужо ў каменным веку, бо праводзячы таемныя iнiцыяцыi, у час якiх дзецi станавiлiся паўналетнiмi, маленькiх хлопчыкаў запiралi на ноч у цёмных пячорах, секлi дубцамi, выбiвалi iм зубы. Дзiцячую душу такiм жорсткiм чынам рыхтавалi да спаткання ў далейшым жыццi з нейкай бязлiтаснай грознай сiлай. Што ж такое Вялiкi Жах i дзеля чаго ён зноў пачаў атакаваць планету? Адказаць няпроста. На Зямлi ўжо былi перыяды актыўнага накаплення адмоўна зараджанай жывой энергii - iнквiзiцыя, фашызм, сталiнiзм. Рашуча адмовiўшыся ад iх, пракляўшы iх, чалавецтва ўступiла ў Вялiкую Эру Плюралiзму. Нейкую разгадку, хоць далёка няпоўную, дае выслоўе святара i мыслiцеля Аўгусцiна Вялiкага: "Зло iснуе для таго, каб падкрэслiць сiлу дабра". У падтрымку святара можна прывесцi думку, што дабро заўсёды мае сэнс, а зло часта iснуе бессэнсоўна.

Прайшла ноч. Ранiцой у акно кабiнета, дзе пiсаў Гай Дубровiч, рэзка стукнуўся лясны голуб i разбiўся насмерць. Клён збег унiз, пашукаў яго ў гародчыку, у густой траве ўздоўж сцежкi, толькi ўсё дарэмна. Можна было нават падумаць, што нiякай птушкi не было, але ж на шыбiне выразна бачылiся яркiя плямы крывi i шэрае тонкае пёрка, якое прыклеiлася адным сваiм канцом да шкла i лiхаманкава трапятала пад парывамi ветру.

– Бацька, ты возьмеш мяне на Астэроiд?
– спытаў Клён.

– Падумаю, - адказаў Гай, але ўбачыўшы, што вочы ў сына адразу зрабiлiся сумнымi, дадаў: - Абавязкова паляцiш са мной.

– А колькi ён кiламетраў у папярочнiку?
– не адставаў, чапiўся Клён.

– У дыяметры, - паправiў Гай, але раптам зразумеў, што сын гаворыць абы толькi гаварыць, абы не маўчаць.

– Ты што?
– схапiў ён сына за плечы.

– Баюся, - шчыра прызнаўся Клён.
– Давай сядзем у верталёт i паляцiм з Чорнага Хутара дадому. Там - мама. Давай паляцiм, бо хутка зноў надыдзе ноч.

– Напрасiўся мяне ад страху ратаваць, а сам баiшся?
– засмяяўся Гай. З намi ж самы бясстрашны робат па iменi Дулеб. У нас дзве аўчаркi, нямецкая i шатландская, цэлы арсенал зброi, пачынаючы ад кухоннага нажа i канчаючы газавым пiсталетам. Ды мы з табой, сын...

– Выпрабаванне будзе вельмi суровае. Дзевятай катэгорыi, - прагучаў раптам цiхi, але надта выразны, як бы металiчны голас.

Бацька з сынам анямела паглядзелi адзiн на аднаго.

– ...Мы з табой, сын, тут стогадовую асаду-аблогу можам вытрымаць, усёткi скончыў сваю фразу разгублены Гай i спытаў у сына: - Хто гэта сказаў? Можа, Дулеб жартуе?

Але сам жа з вышынi другога паверха ўбачыў, як робат, не спяшаючыся, нязграбна падцягваючы левую нагу, iдзе па садовай дарожцы. "Трэба шарнiры праверыць на левым калене", - мiжволi падумаў Гай. Робат раптам звярнуў з дарожкi на лужок, па якiм яму хадзiць было катэгарычна забаронена, пайшоў, жалезнымi нагамi збiваючы кветкi. Гэта вельмi ўразiла Гая. Дулеб заўсёды быў дысцыплiнаваным, Упраўленне Хатнiх Робатаў нават аднойчы ўзнагародзiла яго прэстыжным касмабiлетам на Астэроiд.

– Што гэта?
– пабялеўшы, запытальна зiрнуў на бацьку Клён.

– Голас, - адказаў Гай.

– Але чый голас?

– Давай прысядзем, - прапанаваў Гай. Яны селi на тахту, прычым сын доўгiмi нагамi цiснуўся да бацькавых каленяў - баяўся.

– Прагучаў голас, i мы абодва пачулi яго, - гледзячы ў вочы сыну, стараючыся надаць яму бадзёрасцi, загаварыў Гай Дубровiч.
– Калектыўныя галюцынацыi здараюцца дужа рэдка, i, значыць, гэта была не галюцынацыя. Карацей кажучы, нас папярэдзiў Вялiкi Жах. Тыя, хто з iм сустракаўся, расказвалi, што ён майстар на такiя штучкi.

– Але што яму трэба?
– не сунiмаўся Клён.
– I наогул што гэта ўсё такое?

– Ты мяне пытаеш, як быццам я, самае меншае, стрыечны брат гэтаму Жаху. Ды пастараюся што-кольвечы растлумачыць. Яшчэ некалькi дзесяцiгоддзяў назад вучоныя-уфолагi (ты ведаеш, так называюцца спецыялiсты па ўсiх гэтых "талерках" па КЛА) правялi цэлую серыю фатаграфаванняў у нябачнай частцы светлавога спектру. Фатаграфii (а iх былi сотнi) пацвердзiлi iснаванне тонкай небялковай формы разумнага жыцця, якая, мяркуючы па ўсiм, намнога старэй за нашу цывiлiзацыю. КЛА ёсць не што iншае, як засцерагальныя ўмяшчальнi элементаў гэтага "разумнага эфiру". Яны ствараюцца на нейкi час, а потым знiкаюць, i нечым падобныя на звычайныя мыльныя бурбалкi.

– Я пра ўсё гэта чытаў, - нецярплiва i не вельмi тактоўна перарваў бацьку сын.
– Я ведаю, што жыццё на нашай планеце стварылi бялкi i нуклеiнавыя кiслоты. I што прынцыпы генетычнага кадавання, бiясiнтэзу бялкоў i нуклеiнавых кiслот адзiныя для ўсяго жывога. Значыць, калi гэты Вялiкi Жах нешта жывое, ён створаны не на бялковай, а на нейкай iншай аснове?

– Атрымлiваецца, што так, - адказаў бацька.
– Прырода - найвялiкшы камбiнатар. I наогул мы ведаем пра свет, у якiм жывём мiльёны гадоў, нейкую нiкчэмную долю таго, што неабходна ведаць. Возьмем той жа Вялiкi Жах. Яўна агрэсiўная грубая сiла, якая ўжо не першы год тэрарызуе чалавецтва. Ён атакуе не грамадства ў цэлым, а паасобку кожны iндывiдуум, лагiчна мяркуючы, што так лягчэй запалохаць, паставiць на каленi, цi што там яшчэ яму трэба ад людзей. Ён як быццам помсцiць за нешта, або не хоча некуды, у нейкiя запаветныя дзверы ўпусцiць. Ды цi iснуе ён наогул? Вось у чым загвоздка. У рэшце рэшт, не выключана, што на базе чалавечага мозгу можа iснаваць некалькi асобiн, якiя звязаны памiж сабой толькi целам. Адна з асобiн можа жадаць смерцi целу.

Поделиться с друзьями: