Чарадзейныя казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
Давялося такi старэйшай дачцэ iсцi, хоць яна ўвесь час незадаволена бурчала. А з сабой яна ўзяла найлепшы срэбраны збанок, якi быў у хаце. I вось, ледзь яна паспела падысцi да крынiцы, як убачыла, што з лесу выйшла раскошна апранутая панi. Гэта была тая самая чараўнiца, якая раней гутарыла з яе сястрой, а цяпер абярнулася прынцэсай, каб пабачыць, наколькi гэтая дзяўчына можа быць несумленная. Яна падышла да старэйшай сястры i папрасiла ў яе напiцца.
– Яшчэ чаго!
– груба крыкнула чараўнiцы фанабэрыстая дзяўчына.
– Што я сюды прыйшла вам ваду падаваць?! Цi вы думаеце, я прынесла гэты срэбраны збанок, каб
– Вы вельмi няветлiвая, - адказала чараўнiца, але на твары ў яе не выявiлася нiякага гневу.
– Ну што ж, калi вы такая грубая, я надзялю вас дарам: пры кожным слове, якое вы скажаце, з рота ў вас будзе выскокваць гадзiна цi рапуха.
Яшчэ здалёк заўважыўшы сваю любую дачушку, мацi закрычала:
– Ну што, дачушка мая?
– А нiчога, мая матухна.., - адказала грубiянка, i з рота ў яе выскачылi дзве рапухi i дзве гадзiны.
– О неба!
– крыкнула мацi.
– Што я бачу? Усё гэта з-за тваёй сястрыцы! Ну, яна ўжо мне заплацiць!
I яна пабегла па малодшую дачку, каб яе набiць. Але бедная дзяўчына ўцякла i схавалася ў лесе.
Там яе i спаткаў сын караля, якi вяртаўся з палявання. Ён заўважыў, якая яна прыгожая, i спытаўся, чаму яна тут адна i чаго плача.
– О, пане!
– адказала дзяўчына.
– Мацi выгнала мяне з хаты.
Убачыўшы, што з рота ў яе выпалi шэсць перлаў i столькi ж дыяментаў, сын караля вельмi здзiвiўся i спытаў, як у яе гэта выходзiць. I дзяўчына расказала гiсторыю, якая з ёй здарылася. Пачуўшы гэта, сын караля вельмi ў яе закахаўся i падумаў, што такi дар варты ўсяго, што могуць даць у пасаг за любой прынцэсай. Ён прывёз дзяўчыну ў палац да свайго бацькi-караля, i там яны пажанiлiся.
Што ж да яе сястры, дык тая хутка ўжо так усiм абрыдла, што родная мацi не вытрывала ды выгнала яе з хаты. Нябога доўга тулялася сям i там, але так i не знайшла нiкога, хто б яе прытулiў. Так яна i памерла адна ў нейкiм глухiм лясным закутку.
Мараль
Дыяменты i аздобы
Вабяць моцна ўсiх людзей,
Але ветлiвыя словы
Больш маюць сiлы i каштуюць даражэй.
Другая мараль
Няпроста дагаджаць усiм
I далiкатным быць заўсёды,
Ды ўрэшце ўсё вянчае ўзнагарода
Якраз тады, як пра яе не думаеш зусiм.
ПАПЯЛУШКА ЦI КРЫШТАЛЁВЫ ПАНТОФЛIК
Жыў сабе адзiн удавец, i вырашыў ён ажанiцца другi раз. Ды ўзяў сабе ў жонкi сама ганарыстую i сама фанабэрыстую кабету ў свеце. Ад першага мужа былi ў той кабеты дзве дачкi, i мелi яны такi самы дрэнны характар, як i iхняя мацi. А ў чалавека таксама была дачка, але характару добрага, ласкавага такога, што i параўнаць няма з чым. Яна пераняла яго ад мацi-нябожчыцы, найдабрэйшай жанчыны, якую толькi можна сабе ўявiць.
I вось, не паспелi яшчэ згуляць вяселле, як мачаха пачала аказваць свой злы нораў: яна трываць не магла сваёй добрай падчаркi, побач з якой яе дочкi здавалiся яшчэ болей агiднымi. Яна прымусiла бедную дзяўчыну рабiць сама чорную работу ў хаце. Падчарка павiнна была мыць падлогу i посуд, прыбiраць у спальнях у мачахi i ў яе дачок, а сама спала ў маленькiм пакойчыку на гарышчы, дзе ложкам ён быў мулкi сяннiк. У сёстрыных пакоях падлога была тафлёваная, стаялi модныя ложкi i вiселi вялiкiя люстры, у якiх можна было агледзець сябе з галавы да ног. Але бедная дзяўчына моўчкi
цярпела такую несправядлiвасць i не адважвалася паскардзiцца бацьку, якi за гэта толькi насварыўся б на яе, бо ва ўсiм патрафляў новай жонцы.Калi дзяўчына ўпраўлялася з працай, яна цiхутка сядала каля агменя ў закутку, у якi звычайна змяталi попел. I таму ў хаце яе празвалi Папялдупкай. Праўда, малодшая сястра была не такая шкодная, як старэйшая, i звала яе проста Папялушкай. Але нават у беднай вопратцы Папялушка была ў сто разоў прыгажэйшая за сваiх раскошна прыбраных сястранак.
Аднойчы сын тамтэйшага караля даваў баль i запрасiў на яго ўсiх знакамiтых асоб. Дзвюм нашым паненкам таксама прыйшло запрашэнне, бо ў тых краях iх род належаў да высокага свету. Вось ужо яны ўзрадвалiся! Кiнулiся адразу выбiраць найлепшыя гарнiтуры, прыдумляць прычоскi, каб выглядаць прыгажэйшымi. Але больш за ўсё клопату выпала зноў Папялушцы: яна прасавала сёстрам бялiзну, крухмалiла каўнерыкi i манжэты. А тыя толькi i гаманiлi, як ды ўва што прыбяруцца.
– Я, - сказала старэйшая, - надзену чырвоную аксамiтную сукенку i накiдку з карункамi.
– А я, - сказала малодшая, - буду ў звычайнай сукенцы, але наверх надзену манто з залатымi кветкамi i закалю ў валасы дыяментавую шпiльку.
Каб завiць паненкам дробныя кудзеркi, паслалi па найлепшую цырульнiцу, у найлепшай краме купiлi iм банты. Нарэшце паклiкалi спытаць парады i Папялушку, бо густ у яе быў вельмi добры. Папялушка агледзела сястрыц, шчыра параiла iм, як ды што дзе паправiць лепей, i нават сама ўзялася iх прычасаць, на што сёстры адразу згадзiлiся.
Пакуль Папялушка прычэсвала iх, сёстры ў яе пыталiся:
– Папялушка, скажы, а ты была б радая, каб i цябе запрасiлi на баль?
– Што вы, паненкi, усё кпiце з мяне. Хiба ж мне туды можна?
– I то праўда. Вось бы пасмяялiся ўсе, каб убачылi, як Папялдупка на баль сунецца!
За такiя кпiны iншая наўмысна прычасала б iх дрэнна, але ў Папялушкi было добрае сэрца, i яна пастаралася зрабiць сёстрам сама прыгожыя прычоскi. А сёстры так ужо радавалiся, так радавалiся, што два днi амаль нiчога не елi. Ды ўсё роўна, зацягваючы гарсэты, парвалi цэлы тузiн шнуроў, пакуль iм удалося надаць трошкi зграбнасцi сваiм станам. Увесь час яны толькi i круцiлiся перад люстрам.
Нарэшце радасны дзень настаў, i сёстры выправiлiся на баль. Папялушка доўга, як магла, праводзiла iх вачыма, а калi карэта знiкла за павароткай, горка заплакала. Хросная ўбачыла, што дзяўчына плача, i спыталася, што здарылася?
– Мне так хацелася б... мне так хацелася б...
Але Папялушка плакала так горка, што не здолела дагаварыць.
Тады хросная, якая была чараўнiца, сказала:
– Ты, напэўна, вельмi хочаш на баль?
– Але! Вельмi хачу, - адказала Папялушка i сумна ўздыхнула.
– Ну што ж, калi ты будзеш паслухмяная дзяўчынка, - паабяцала хросная, то я зраблю, каб ты туды трапiла.
Яна завяла яе ў свой пакой i сказала:
– Iдзi ў сад ды прынясi мне гарбуз.
Папялушка адразу пабегла ў сад, выбрала там найлепшы гарбуз i прынесла яго хроснай. Але яна нiяк не магла зразумець, як гэты гарбуз можа дапамагчы ёй трапiць на баль? Хросная тым часам вычысцiла гарбуз, пакiнуўшы адну лупiну, дакранулася да яго чарадзейнаю палачкай, i гарбуз адразу ператварыўся ў чароўную залачоную карэту.